epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Булат — добры моладзец

Іван Іванавіч — рускі царэвіч быў прабальшы ахотнік у крэглі гуляць з хлопцамі. От ён раз, значыць, палкамі швыраў у крэглі, а йдзе жэншчына, бабка. Тая палка адскочыла да той бабцы па назе. Яна азірнулась назад, хто гэта швырнуў, ажно Іван Іванавіч — рускі царэвіч. Тады йна гавора:

— Іван Іванавіч, не са мною табе гуляць, а ёсць у цара Кірбіта царэўна Кірбітаўна, от з той табе пагуляць!

Ён сабе задумаўся: «І дзе ж мне разыскаць яе?» Сабе так думае. Прыйшоў дамоў, сабраўся ў дарогу і паехаў. От ён ехаў, ехаў колькі дней, сутак, і сам не знае, куды едзе.

— Што ж,— кажа,— ехаў я, ехаў, колькі дней, сутак ехаў, нічога не бачыў!

Паехаў дальшы і на трэція суткі прыязджае ў лес. Прыязджае гэта ён у лес, ажно стаіць хатка. Ён пад’язджае к хаце і гавора на лакея:

— Падзі, лакей, значыць, спрасі, дзе царэўна Кірбітаўна жыве!»

Пайшоў лакей спрашываць; ён, не [а]жыдая лакея, сам саскочыў спрасіць. Уходзе ў тую хатку — там бабка.

— Здрастуй, бабка!

— Здрастуй, здрастуй, Іван Іванавіч — рускі царэвіч! Куды едзеш, Іван Іванавіч?

Ён гавора:

— Еду я к цару Кірбіту! Хачу доч пасватаць!

— Што ж ты,— гавора,— едзеш? Заязджай ка мне на хвацеру, я цябе наўчу, як дастаць яе! Ёсць,— гавора,— у цара Кірбіта Булат — добры моладзец. Ён яго хоча, Булат — добры моладзец, скасаваць, значыць, цара Кірбіта; хоча яго збіць, зламаць і па коллю мяса патыркаць. Дак цар Кірбіт будзе прадаваць Булата — добрага молайца. Дак ты ідзі,— кажа,— на базар і як ты ўбачыш, хто будзе ў зялеззі акаван, дак таго і купляй!

Ён выйшаў на базар; хадзіў, хадзіў па народу — усё простанароддзе такое: вот хто як ба ў світцы, той у чакмяню, той у сюртуку, а з зялеззем не найдзе ніяк. Тады ён ужо хацеў дамоў іціць, аж тут на яго і натрапіў: водзяць яго, у зялеззі ўкованы весь. Вот то, значыць, самы і Булат — добры моладзец. Цяпер ён, цар Кірбіт, яго прадае за то, што ён хоча яго збіць і зламаць, па коллю мяса патыркаць. Тады ён пайшоў на базар і ўбачыў, што цар Кірбіт водзе Булата — добрага молайца, у зялеззі акаван увесь, і прадае яго. Тады ён к цару Кірбіту падходзе і гавора:

— Здрастуй, цар Кірбіт! Прадаеш ты добрага молайца?

— Прадаю!

— Што ты за яго просіш?

— Сто рублей!

Яму падалося, што гэта дорага. Прыходзе ён з ярмалкі не купіўшы дамоў, і к бабцы на хвацеру. Бабка й гавора:

— Што ж ты, купіў Булата — добрага молайца?

— Не, бабушка, не купіў.

— Пачаму ты не купіў?

— Да падалося мне дорага!

— Як гэта ты? — кажа.— Што ён прасіў, тое ты даўжон заплаціць! Ну, павячэрай да лажысь спаць, а бог бацька!

Назаўтрага рана наставіла яму самавар, напаіла яго, накарміла.{накар-

міла.}

— Ступай жа ты,— кажа,— на базар і ўбачыш цара Кірбіта, і глядзі ж, штоб ты беспрыменна купіў Булата — добрага молайца. Што ён будзе прасіць за яго, дак ты даўжон даваць!

Ну, ён пайшоў, напаў яго на базары і гавора:

— Здрастуй, цар Кірбіт!

— Здрастуй, Іван Іванавіч — рускі царэвіч!

— Цар Кірбіт, прадаеш ты Булата — добрага молайца?

— Прадаю!

— Што ты за яго хочаш?

— Дзвесце рублей!

Іван Іванавіч пасумліўся, не купіў — дорага, значыць. Прыходзе дамоў на хвацеру, бабка спрашуе:

— Іван Іванавіч — рускі царэвіч! Купіў ты Булата — добрага молайца?

Ён кажа:

— Не купіў!

— А зачым ты не купіў?

— Дорага спрашуе, зато, бабка, я і не купіў!

— Ах, ты,— гавора,— такі ты, сякі, глупы! Што я табе гаварыла, дак ты даўжон мяне слухаць!

Дала яму павячэраць, ён і лёг спаць. Ведама, із ярмалку ж позна прыязджаюць. Павутру яна яго ўзбудзіла, накарміла яго і напаіла.

— Ступай жа ты,— гавора,— на базар, Іван Іванавіч — рускі царэвіч! Будзе ён зноў яго вадзіць і што будзе спрашываць, тое даўжон плаціць! А калі ты яго не купіш, дак яго меч, а твая галава далоў з плеч! Ты заехаў не ў сваё ўжо царства. Што спрашуе, якія дзеньгі, даўжон плаціць!

Ён выходзе на базар:

— Здрастуй, цар Кірбіт!

— Здрастуй, Іван Іванавіч — рускі царэвіч!

— Прадаеш Булата — добрага молайца?

— Прадаю!

— Што ты за яго просіш?

— Трыста рублей!

Падымае вышай. Ён узяў трыста рублей і аддаў за яго, за Булата — добрага молайца. Тады ён узяў яго і павёў на хвацеру. Як ён быў, значыцца, акаван, дак ён узяў яго за цэп да як страхнуў, дак усё гэта аб’ехала. Тады ён прыходзе на хвацеру і прыводзе Булата — добрага молайца. Ён ідзе ўпярод, а Булат — добры моладзец ззаду. Тады бабка спрашуе:

— Ну, купіў ты Булата — добрага молайца?

— Купіў, бабка!

Тады Булат — добры моладзец спрашуе:

— Як ты, Іван Іванавіч — рускі царэвіч, хочаш дастаць царэўну Кірбітаўну?

Тады рускі царэвіч Іван Іванавіч і гавора:

— Булат — добры моладзец! Я не магу знаць, як яе дастаць!

— Цяпер,— гавора,— рад цар Кірбіт, што мяне прадаў! Ё ў яго сямікрылная лошадзь за дванаццацьмі вартамі. Калі ты сямікрылную лошадзь дастанеш, дак і царэўну Кірбітаўну дастанеш!

— Як жа,— гавора,— Булат — добры моладзец, мне яе дастаць?

— Ты гавары,— гавора,— «Ішоў цар Кірбіт у канюшню і мне вялеў»,— дак цябе тады прапусцяць!

Ён, значыцца, і ідзе ў канюшню. І гавора вартаўшчыкам:

— Здрастуйце, рабятушкі!

А яны гавораць:

— Здрастуй, Іван Іванавіч — рускі царэвіч! Зачым ты сюды ідзеш?

— Да ішоў,— гавора,— цар Кірбіт і мне вялеў!

Тады яны гавораць:

— Не, ён не йшоў!

А ён гавора:

— Не, ішоў і мне вялеў!

Ну, друг другу расказуюць каторыя вартаўшчыкі: «Я быў у ватлучцы, а ты заснуў; верна, цар Кірбіт ішоў і яму вялеў!»

Прапусцілі яго. Ну, яму первую было трудна прайсці, а тыя як па ганках ішоў. Прыходзе ён к паследней варце:

— Здрастуй, рабятушкі!

— Здрастуй! Зачым ты сюды йдзеш?

— А йшоў цар Кірбіт і мне вялеў!

А яны яго не пускаць; гэта, значыць, да лошадзі не дапускаюць. А ён гавора:

— Калі я прайшоў первую, што ён мне вялеў, і другую прайшоў, і ўсе, услед за ім!

Тады яны й гавораць друг другу:

— Верна, цар Кірбіт прайшоў, што ён ідзе. Калі первыя яго прапусцілі, дак нам ужо трэба прапусціць яго!

Ну, ён, цяперака, усе варты прайшоў і зайшоў у канюшню. Зайшоў у канюшню, повад адвязаў, сеў у стрэмя і паехаў. Значыцца, увараваў лошадзь. Прыязджае к бабцы к той. Бабка тая спрашуе:

— Дастаў лошадзь?

Гавора:

— Дастаў!

— Ну, калі ты лошадзь сямікрылную дастаў, дак і царэўну дастанеш!

— Як жа мне яе дастаць?

— А цар Кірбіт будзе імшу, па-нашаму — службу, правіць, што прадаў Булата — добрага молайца. Дак ён выйдзе ў касцёл богу маліцца, і ты йдзі ў касцёл. Тады ты ўбачыш царэўну Кірбітаўну, сваю нявесту!

Ну, імша адпраўляецца — значыцца, канчаецца служба. Усе павыходзілі, а Іван Іванавіч — рускі царэвіч астаецца ў касцеле. Тады яна яго ўвідзела, і яна асталась. Тады ён і гавора, Іван Іванавіч:

— Здрастуй, царэўна Кірбітаўна! Пойдзеш ты за мяне замуж?

— Для мілейшага друга з дзесятае іта**жы па палаценцу іспушчусь!

Прыходзе ён дамоў, Булат — добры моладзец яго і спрашуе:

— Відаў ты царэўну Кірбітаўну?

— Відаў,— гавора,— Булат — добры моладзец!

— Што яна табе аб’ясніла?

— Для мілейшага друга па палаценцу к табе іспушчусь!

— Ну, садзісь жа,— гавора,— пад’язджай к ёй!

Ён сеў і паехаў. Зраўняўся з гэтым вакошкам; яна пачула, што ён зраўняўся з яе вакошкам — штось дзелала там,— то яна ўзяла палаценца за шчыбелку зашчапіла і спусцілась к яму на стрэмя. Селі і паехалі. Ехаць дак ехаць, тады абнімае іх ноч. Булат — добры моладзец кацёл разбіў, іх накарміў і спаць палажыў. Чуе ён топ конскі і посвіст чалавечацкі. Чуе ён гэта дзела, ён сваю бронь узяў і на часах стаў. Шле цар Кірбіт роту салдатаў:

— Дзе нападзеце Івана Іванавіча — рускага царэвіча, штоб яго збілі, зламалі, па коллю мяса паторкалі, а царэўну да двара ўзялі!

Тады Булат — добры моладзец сустракае іх.

— Здрастуй, брат! Ці не відзеў ты Івана Іванавіча — рускага царэвіча і царэўны Кірбітаўны?

— А я,— гавора Булат — добры маладзец,— з імі еду! Шатнуў сваёй броняй направа-налева, усіх ізбіў, аставіў усяго пяць чалавек і гавора ім:

— Ступайце, скажыце свайму цару Кірбіту, с... сыну, штоб ён болей не слаў, людзей не цяраў, а то ўсім гэта будзе!

А сам вярнуўся назад, іх пабудзіў, кацёл разбіў, накарміў, напаіў і на сямікрылнага каня ўссадзіў. Селі і паехалі. Ехаць дак ехаць, абнімае цёмная ноч. Ён узяў кацёл разбіў, накарміў іх, напаіў і спаць палажыў. Сваю броню ўзяў і на часах стаў. Чуе топ конскі і посвіст чалавечацкі — значыць, ідуць і свішчуць. Шле цар Кірбіт два палкі салдатаў.

— Дзе нападзеце Івана Іванавіча — рускага царэвіча, штоб яго збілі, зламалі, па коллю мяса паторкалі!

Ён іх сустракае.

— Здрастуй, брацец! Ці не відаў ты Івана Іванавіча — рускага царэвіча і царэўны Кірбітаўны?

— А я,— гавора Булат — добры моладзец,— з імі еду!

Ён сваёй броняй шатнуў направа-налева, усім голавы адкасіў, аставіў сколькі і кажа:

— Ідзіце скажыце свайму цару Кірбіту, с... сыну, штоб ён не слаў, людзей не цяраў — усім гэта будзе!

Сам назад вярнуўся, іх пабудзіў, кацёл разбіў, накарміў, напаіў, на каня ўссадзіў. Селі й паехалі. Ехаць дак ехаць, абнімае ноч. Сталі і заначавалі. Ён кацёл разбіў, накарміў іх, напаіў і спаць улажыў. Сам сваю броню ўзяў і на часах стаў. Чуе ён топ конскі і посвіст чалавечацкі. Шле цар Кірбіт тры палкі салдатаў, штоб яго збіць і зламаць, Івана Іванавіча — рускага царэвіча, і па коллю мяса паторкаць, а царэўну да двара ўзяць. Ну, ён іх сустракае. Яны гавораць:

— Здрастуй, брацец! Ці не відаў ты Івана Іванавіча — рускага царэвіча і царэўны Кірбітаўны?

{Кірбігаўны?

}— А я,— гавора Булат — добры моладзец,— з імі еду! Сваёй броней шатнуў направа-налева, усім голавы адкасіў, аставіў толькі на [а]твет пяць чалавек:

— Ідзіце,— гавора,— к свайму цару Кірбіту, с... сыну, скажыце, няхай не шле, людзей не цярае — усім гэта будзе!

Вярнуўся назад, іх пабудзіў, кацёл разбіў, накарміў, напаіў, на каня ўссадзіў. Селі і паехалі. Ехаць дак ехаць, абнімае іх ноч. Іван Іванавіч — рускі царэвіч:

— Тут начаваць.

А Булат — добры моладзец:

— Праедам дальшы!

Той, значыцца, дальшы ехаць, а Іван Іванавіч — тут начаваць! Булат — добры моладзец рассердзіўся, узяў кацёл разбіў, накарміў, напаіў і спаць іх улажыў. А сам рассердзіўся, пайшоў на дарогу з голымі рукамі, як стаіць, не ўзяў броні. Чуе топ конскі, посвіст чалавечацкі. Сустракае іх — шэсць палкоў шле цар Кірбіт:

— Дзе нападзеце, яго збіце, зламайце, па коллю мяса паторкайце, а царэўну да двара!

Яны гавораць:

— Здрастуй, брацец! Ці не відаў ты Івана Іванавіча — рускага царэвіча і царэўну Кірбітаўну, і Булата — добрага молайца?

— Здрастуйце, здрастуйце! Я сам,— гавора,— Булат — добры моладзец!

Вот яны сталі яго ваяваць мятламі там, прочымі, а Булат — добры моладзец як хваціў дуба ў чатыры ўхваты за вяршыну да як пакаціў па іх, дак усіх чыста падушыў, пабіў, аж юшка з іх пацякла. Толькі аставіў дзесяць чалавек атвет цару даць:

— Ступайце і скажыце свайму цару Кірбіту, с... сыну, штоб болей не пасылаў, людзей не цяраў, а то ўсім гэта будзе!

Вярнуўся сам назад, іх узбудзіў, кацёл разбіў, накарміў-напаіў, на каня ўссадзіў. Селі і паехалі. Ехаць дак ехаць, абнімае ноч. Іван Іванавіч гавора тут начаваць, а Булат гавора дальшай ехаць. А Іван Іванавіч — тут начаваць! Ён узяў рассердзіўся: начаваць дак начаваць! Кацёл разбіў, накарміў, напаіў і спаць улажыў. А сам з голымі рукамі на дарогу пайшоў. Чуе топ конскі, посвіст чалавечацкі. Шле цар Кірбіт дзевяць палкоў салдатаў, штоб яго збіць, зламаць, мяса па коллю паторкаць, а царэўну да двара. Ён ідзе к ім без усякай броні, з голымі рукамі.

— Здрастуй, брацец! Ці не відаў ты Івана Іванавіча і царэўну Кірбітаўну, і Булата — добрага молайца?

— Здрастуйце! Я,— гавора,— Булат — добры моладзец!

Яны сталі яго ваяваць, а ён выхваціў дуб у восем ухватаў да павярнуў направа й налева — усіх іх і адкасіў. Толькі аставіў сляпых да храмых, каторыя не прыступілісь. Толькі тыя і асталісь. Ён ім гавора:

— Ідзіце і скажыце свайму цару Кірбіту, с... сыну, штоб ён болей не слаў, людзей не цяраў, а то ўсім гэта будзе!

А сам назад вярнуўся. Прыходзе, аж сямікрылнаму лошадзю галава проч, Івану Іванавічу — рускаму царэвічу галава проч, а царэўны Кірбітаўны саўсім няма — украдзена. Тады Булат — добры моладзец і гавора:

— Вот, Іван Іванавіч — рускі царэвіч, я казаў дальшай ехаць, а ты мяне не паслухаў! Што мне з вамі дзелаць: табе галава проч, сямікрылнаму лошадзю галава проч, а царэўны Кірбітаўны саўсім няма!

Узяў нож, пуза каню разрэзаў, трыбухі вываліў, сам у рэбры сеў. Ляціць крумкач стары і малады. Адзін гавора:

— Крум!

А другі:

— Сыр!

Малады сеў да клёў таго каня! А Булат — добры моладзец яго за нагу і схваціў! Стары спрашуе:

— Булат — добры моладзец, адпусці ты майго сына!

— А ты, вораня,— гавора,— па свету лятаеш, пабольшай за нас знаеш: ці ё вада гаюшчая і жывушчая?

Гавора:

— Ё! Падвязуй мне гаюшчую бутылачку пад правае крыло, а жывушчую пад левае!

Булат — добры моладзец спрашуе:

— Дзе яна ё?

— А за дванаццацьмі ва**ртамі гаюшчая; тожа так і жывушчая!

Ён падвязаў яму бутылачкі, той воран і паляцеў. Прылятае к той крыніцы, дзе гаюшчая вада, апусціўся нізенька і ляціць. А вартаўшчыкі за ім гоняцца, хочуць паймаць яго. Ён праляцеў усе гэтыя варты і падняўся ўгору; навіс на тую крыніцу і ўзяў гаюшчай вады. Тады прылятае к той крыніцы, дзе жывушчая вада, і яе так жа набраў. Цяпер ён паляцеў назад. Прыляцеў ён туды, таго ворана сына Булат — добры моладзец ўзяў і разадраў напалам яго. Тады зляпіў, памазаў гаюшчай вадой — загаілась, памазаў жывушчай — ажывіўся.

— Ну, ступай,— гавора,— з богам!

Пусціў яго. Тады ўзяў Івана Іванавіча — рускага царэвіча зляпіў, памазаў гаюшчай вадой — загаілась; памазаў жывушчай — ажывіўся. І каня так усё [а]дно. Тады й гавора Івану Іванавічу — рускаму царэвічу:

— Я табе гаварыў дальшай ехаць, а ты казаў тут начаваць. От, як ты мяне не паслухаў, то й сямікрылнай лошадзі галава была проч і табе проч. А дзе твая царэўна?

Ён гавора:

— Не магу знаць!

Ну, тады ён узяў кацёл разбіў, накарміў, напаіў, на сямікрылную лошадзь пасадзіў. Селі і паехалі. Ехаць дак ехаць — стаіць змяіны дом, на дванаццаць паль. Ён так як ехаць, пад'ехаў к цару Ідалу і пайшоў к яму ў горніцу. А царэўна Кірбітаўна ўбачыла яго, дак яна рада яму. Тады выходзе цар Ідал, спрашуе яго:

— Зачым ты сюды прыйшоў?

Ён гавора:

— Якое табе дзела, што я прыйшоў?

Тады ўзяў сашкроб цара Ідала, падняў яго за валасы ўгору — сабраў усе косы — і пасадзіў яго на ладоню. Як ударыў ладоняю па ём, здзелаў яго, як... мацу, і кінуў яго за вакно. Як кінуў яго за вакно, расплыўся ён, як г... Тады царэўну за руку і павёў. Прывёў, на сямікрылную лошадзь уссадзіў, селі і паехалі. Абнімае ноч. Ён узяў кацёл разбіў, накарміў, напаіў і спаць палажыў. Сваю броню ўзяў, на часах стаў. Ляцяць пціцы райскія, пяюць песні царскія: «Нагатавала мачыха Івану Іванавічу — рускаму царэвічу абед з атрутаю: як ён із’есць, дак прападзе, а жонка яго будзе ў яе свінней пасць! А хто гэта чуе да адкажа, дак каменем стане!»

Ну, ён назад вараціўся, іх разбудзіў, кацёл разбіў, накарміў, напаіў і на каня ўссадзіў. Селі і паехалі. Ехаць дак ехаць, абнімае ноч.

— Іван Іванавіч, — гавора Булат — добры моладзец.—Тут трэба начаваць!

— Не,— кажа,— недалёка да двара, паедам дамоў!

А Булат гавора:

— Тут начаваць!

А ён не ўсхацеў. Тады царэўна Кірбітаўна гавора Івану Іванавічу — рускаму царэвічу:

— Калі б ён хацеў нас загубіць, дак ба ён упрэд нас загубіў. Ты яго не паслухаў ўпярод, дак і табе галава проч і сямікрылнаму каню галава проч, а я дзе была?

Ну й заначавалі.

Ён кацёл разбіў, накарміў іх, напаіў і спаць улажыў, а сам броню ўзяў, на часах стаў. Ляцяць пціцы райскія, пяюць песні царскія: «Нагатавала мачыха Івану Іванавічу шубу, залатая звязда і сярэбраная, з гадамі з паўзучымі і з лятучымі. Як ён гэту шубу надзене, дак і прападзе, а жонка яго будзе ў яе свінней пасць. А хто гэта чуе да адкажа, дак каменем стане!»

Ён вярнуўся назад, іх узбудзіў, кацёл разбіў, накарміў, напаіў, на каня ўссадзіў. Селі й паехалі.

Цяперака Іван Іванавіч — рускі царэвіч прыязджае ка двару. Выносе мачыха шубу сыну, залатая звязда і сярэбраная, штоб яму пачышчай надзецца і падысці к членам у сынот. Тады Булат — добры моладзец гавора:

— Дай-ка мне памераць прэжда!

Да за тую шубу да ў лес. Там вываліла асінніку цэлую дзесяціну. Ён уклаў у васіннік шубу, тады яго падпаліў. Як сталі ляцець гады лятучыя, паўзучыя. Ён навязаў мяцёл, пазбіваў іх, пазмятаў, усіх папаліў і назад вярнуўся. Нясуць Івану Іванавічу — рускаму царэвічу абедаць яго мачыхі слугі. Ён гавора:

— Я свайму барыну ўгаджаў усю дарогу, дайце я паднясу і абед!

Узяў, панёс, упусціў і разбіў. Адратаваў яго ад дзвёх смярцей. Цяперака ночы даждалісь. Яму адводзяць комлату, Булату — добраму молайцу, штоб не спаць умесці з маладымі. А ён гавора:

— Я тут заначую, каля сваіх маладых!

А Іван Іванавіч — рускі царэвіч гавора:

— Ідзі, брат, табе там спакойна будзе!

— Не, я тут буду начаваць!

Тады царэўна Кірбітаўна гавора Івану Іванавічу — рускаму царэвічу:

— Калі ён тут хоча начаваць, то няхай начуе! Што за клопат, што муж із жаной начуе? Калі б ён хацеў нас страбіць, то б ён і прэджа загубіў!

Ён, значыць, заначаваў. Ноччы мачыха прысылае трох ідалаў, штоб Івану Іванавічу — рускаму царэвічу галаву адарваць, а царэўну Кірбітаўну ўзяць. Ідуць яны ў самую поўнач, вакошка выдралі і лезуць у вакошка. А ён сеў пад вакошкам. Ён ухапіў аднаго за галаву, галаву адкруціў! Тыя гавораць:

— Лезь, брат, ты!

Палез другі, ён і таму галаву адкруціў. Палез трэці, ён і трэцяму галаву адкруціў. Пайшоў на двор, вакошка ўставіў і стаўню прычыніў. Уходзе ў горніцу, запаліў свячу, смотра, ці не ўзбрызнула на іх кроў, штоб маім маладым стыда не было! А Іван Іванавіч прашнуўся. Зір: Булат — добры моладзец хацеў страбіць нас! Крыкнуў, гвалтнуў:

— Хацеў мне мечам галаву адсекці!

Загадаў па ўсяму царству кручча накаваць і Булата — добрага молайца ўсяго расцярзаць. Ну, звесна, у яго у час здзелана ўсё, гэта не ў на**шчынца1. Трэба яго ўжо вывесці ў чыстае поле і зачапіць яго і расцярзаць ва ўсе стораны. Тады ён сказуе:

— Дай мне, Іван Іванавіч — рускі царэвіч, богу памаліцца і сторыю расказаць! Вот,— гавора,— як я за вас страждаўся: ляцяць пціцы райскія, пяюць песні царскія: «Нагатавала мачыха Івану Іванавічу — рускаму царэвічу абед з атрутай і шубу — залатая звязда і сярэбраная. Як ён той абед з'есць ці шубу надзене, дак прападзе, а жонка будзе ў мачыхі свінней пасць! А на трэцюю ноч пашле на яго трох ідалаў, штоб яму галаву адарвалі, а жонку ўзялі! А хто чуе да адкажа, дак каменем стане!»

Тады царэўна Кірбітаўна гавора:

— Вот слуга наша верная!

А ён ужо каменем стаў.

Чэраз год нарадзіўся ў іх сын. Тады Івану Іванавічу прыснілася:

— Вот сына страбі, вынь сэрца і памаж мяне, дак я тады стану жывым, і атрача** тваё будзе жыва!

Ён і сказуе царэўне Кірбітаўне, а яна гавора:

— Ну, жаль Булата — добрага молайца, ну свайго чада-дзіцяці шчэ жальней!

— Паязджай ты, царэўна Кірбітаўна, у касцёл і я січас буду!

Цяпер яна адправілась на чацвёрцы ў касцёл, а ён слугам прыказаў: січас палажыць на стале рабёнка і адрубіць яму галаву, тады грудзі ўзрэзаць і ўзяць сэрца і памазаць Булата — добрага молайца тым сэрцам! А ён стаяў як выліты. Ну, як ён яго памазаў тым сэрцам, дак ён ’страхнуўсь і чалавекам стаў, як быў. Тады пайшлі яны ў касцёл. Царэўна Кірбітаўна ўбачыла, што Булат — добры моладзец ідзе: «Дак мае чады няма, стрэбляна»,— так яна ўпала на пол, спужалась. Тады ён гавора:

— Царэўна Кірбітаўна, не пужайся, твой сын які быў, такі і ё— народжан апяць. Вот нясуць тваю чаду нянькі ў касцёл!

Толькі яна яго ўбачыла, стала, значыцца, рада і весела: «Слава богу за ўсё!» А яго, рабёнка, значыцца, спярва страбілі і вынялі з-пад яго з-пад грудзей сэрца, а пасля прылажылі галаву і памазалі гаюшчай вадой — і загаіласяь, а тады жывушчай — ён і аджывіўся. Ну, памалілісь богу і паехалі ка двару і па радасці задалі пір на ўвесь мір.

І я там быў, і мёд-віно піў, і ў роце не было, і па парадзе не цякло.

1 На**шчанец – наш чалавек, такога ж роду, маёмасці, звання.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 354-364
Крыніца: скан