epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Цар Васіль

У некаторым царстве, некаторым-та гасударстве жыў-быў цар Васіль. І нарадзіўся ў яго наследнік Васіль Васільевіч. Ён так не рос па гадах, як па часах, і стаў сільны, магушчы багатыр. Чэраз некалькі лет захацеў ён чыста поле ізведаць. Пайшоў ён на стайню, выбраў сабе добрага лошадзя-багатыра і спрашваець у ватца:

— Пазволь мне чыста поле ізведаць!

— Не, сынку. Ты яшчэ млад — лошадзь уб'ець.

Прайшло некалькі ўрэмя, спрашваець ён у другі раз пазвалення ў ватца. І пазволіў яму айцец. Тады ўзяў ён меч-самасеч і шчыт і паехаў у чыста поле. Выехаў ён у чыста поле і ўвідзеў лакары1. І не ўвазнаў ён свайго войска і думаў ён, што гэта якія мухі. Ён узяў і палажыў чыста ўсё тое войска сваё: туды едзе — па правай руцэ, а адтуль едзе — па левай. Прыязджаець ён тады дамой к айцу. Айцец спрашваець:

— Дзе ты, мой дзетка, быў?

А ён адказваець:

— Выехаў я ў чыста поле, віджу — нейкія мухі ў будках сядзяць, дык я пабіў іх: туды едзе — па правай руцэ, а адтуль — па левай!

Выйшаў айцец на высокі балхон, узяў па[д]зорную трубу, пасматрэў у чыста поле і гаворыць:

— Сынку мой, сынку! Што гэта ты здзелаў? Пабіў войска маё і сваё!

Было ў гэтага цара тры дачары, і гавораць яны айцу:

— Айцец! Нашто ты пускаў гэтага дурня ў чыста поле? Разве гэта багатыр? Вот ёсць сільны багатыр — Васіль-паляк Войстры каўпак на трыдзесятым царстве, на трыдзевятай зямліцы!

Тады Васіль Васільевіч рассярчаў на сваіх сясцёр і хацеў іх паўбіваць. А айцец не пазволіў:

— Як ты можаш, сынку, убіць дачарэй маіх, а сваіх сясцёр?

Тады ён гаворыць:

— Айцец, пазволь мне па свету паязджаць і свету павідаць, увідзець Васіля-паляка Войстрага каўпака, што ён за багатыр такі, што мне сёстры колюць ім вочы?

А айцец гаворыць:

— Сынку мой, сынку, як я табе пазволю? Я табе не пазволю: адзін ты ў мяне, а я стар— мяне прочыя цары магуць абідзець!

А ён гаворыць:

— Дзе я ні буду, а як пачую, што майго айца забіждаюць прочыя цары, дык я наеду, стапчу і саб’ю!

Тады айцец багаславіў яго:

— Толькі, дзетка мой, дзетка, не забывай мяне: што маё царства, то й тваё!

Ён гаворыць:

— Айцец мой, я цябе не забуду!

І ўзяў ён добрага каня-багатыра, кабяля, харта і сакала, пабагаславіўся ў ватца і паехаў у чыста поле, прама ў свет.

Прыязджаець ён у Васіля-палякова царства і відзіць: стаіць у яго на прывязі кабель у кабельні. Васіль Васільевіч гаворыць:

— Калі мой кабель выганіць кабяля із кабельні і станець на яго места, то я Васіля-паляка ўб'ю!

Кабель выгнаў і стаў на яго места. Тады прыязджаець к хартоўні, а хорт у хартоўні есць муку замешаную.

— Калі мой хорт выганіць яго харта із хартоўні і станець на яго места, то я Васіля-паляка ўб'ю!

І хорт выгнаў харта Васіля-паляка і стаў на яго места. Тады ён прыязджаець к сакольні, а сокал сядзіць у сакольні.

— Калі мой сокал выганіць сакала із сакольні і сядзець на яго места, то я Васіля-паляка ўб'ю!

І сокал выгнаў і сеў на яго места. Прыязджаець ён к канюшні, аж яго лошадзь стаіць у канюшні і есць яру пшаніцу.

— Калі мой лошадзь выганіць яго із канюшні, то я Васіля-паляка Войстрага каўпака ўб’ю!

Тады лошадзь Васіля Васільевіча выгнаў лошадзь Васіля-паляка Войстрага каўпака із канюшні і стаў есць сам яру пшаніцу. Тады Васіль Васільевіч пайшоў к Васілю-паляку Войстраму каўпаку ў палацы, а ён, багатыр, спіць трое сутак. Тады Васіль Васільевіч узяў свой меч багатырскі і хацеў яму зняць галаву. Пасля таго сам сабе абдумаўся:

— Які я багатыр, што я соннага чалавека, усё роўна што мёртвага, уб’ю?

Узяў і лёг на другой койцы аддыхаць. Як лёг, так і ўснуў багатырскім сном.

Сёстры ж Васіля Васільевіча прыляцелі ўпярод к Васілю-паляку Войстраму каўпаку і абвясцілі яму, што наш брат Васіль Васільевіч хочаць паспрабаваць тваіх сільных плеч!

А Васіль Васільевіч гэтага не знаў. Тады Васіль-паляк Войстры каўпак праснуўся і глядзіць, што ляжыць ён на другім ложку, і ўзяў меч-самасеч і хацеў зняць Васілю Васільевічу галаву, а тады абдумаўся:

— Што мне ўбіць яго ў маім доме, як зайца ў сіле? Ён жа, малады юнаш, не ўбіў мяне соннага, і я не магу яго ўбіць!

Тады ён пайшоў паглядзеў свайго кабяля, аж ляжыць кабель чужы, ды не яго. Тады ён пайшоў у хартоўню, аж чужы хорт есць з карытца, ды не яго. Пайшоў ён к сакольні — сядзіць сокал у сакольні, ды чужы, а не яго. Пайшоў ён тады ў канюшню, аж чужы конь есць яру пшаніцу, ды не яго. Уходзіць ён у палацы, ажно Васіль Васільевіч устаў.

Тады Васіль-паляк Войстры каўпак гаворыць на Васіля Васільевіча:

— Які ты разбойнік уехаў!

А Васіль Васільевіч гаворыць яму:

— Я не разбойнік, а толькі мне за табой не можна праехаць па свету, што ты ўсім у прымеце. Не толькі каму, дык і дзевушкам. Дык я прыехаў сільных, магушчых плеч багатырскіх адведаць!

А Васіль-паляк Войстры каўпак гаворыць:

— Як жа ты мог майго кабяля выгнаць з кабельні?

— А я сказаў: калі мой кабель выганіць твайго кабяля із кабельні, то я цябе ўб’ю!

— Як жа ты мог выгнаць майго харта з хартоўні?

— А я сказаў: калі мой хорт выганіць твайго харта з хартоўні, то я цябе ўб'ю!

— Быў я ля сакольні, ажно сядзіць сокал чужы, ды не мой! Як жа ты мог майго сакала выгнаць?

— А я сказаў: калі мой сокал выганіць твайго сакала з сакольні, то я цябе ўб’ю!

— Тады я пайшоў у канюшню, ажно чужы конь есць яру пшаніцу, ды не мой. Як жа ты мог майго каня выгнаць?

— А я сказаў: калі мой лошадзь выганіць твайго лошадзя з канюшні, то я цябе ўб’ю. Ён і выгнаў. Паедзем-ка ў чыста поле сільных магушчых плеч узнаваць!

Тады січас падвялі ім добрых каней багатырскіх к высокаму балхону. Садзяцца яны на сваіх добрых лашадзей, не сматра ні варот, нічаго — чэраз зялезны тын і выехалі ў чыста поле. Васіля Васільевіча конь радучай рыссю едзець, а Васіля-паляка Войстрага каўпака на ўсю прыць лашадзіную. Раз'ехаліся яны ў чыстым полі, выставілі адзін к аднаму тупым канцом кап'і і ўдарылі адзін аднаго ў рацівыя сэрцы. Васіль-паляк Войстры каўпак зваліўся з свайго каня добрага, як сноп аўсяны! Тады Васіль Васільевіч спрашваець у Васіля-паляка Войстрага каўпака:

— Што табе — ці прыдаць смерці, ці жывата?

— Брат Васіль Васільевіч! Не прыдай смерці, а прыдай жывата — зачту я цябе за большага брата!

Тады Васіль Васільевіч узяў Васіля-паляка Войстрага каўпака за праву руку, падняў яго і пацалаваліся. І гаворыць Васіль Васільевіч Васілю-паляку Войстраму каўпаку:

— Будзь ты младшы брат! Не хвастувай, што ты храбры і сільны воін, а то я цябе другім разам уб’ю!

Тады прыязджаюць яны ў дом Васіля-паляка Войстрага каўпака, папілі, пагулялі і кладуцца аддыхаць. І гаворыць Васіль-паляк Войстры каўпак:

— Заўтрашні дзень на нас нячыстая сіла — Баба Юга Зялезная нага на ступе едзець і зялезным таўкачом паганяець — нашлець войска!

— Э, брат Васіль-паляк Войстры каўпак! Маліся богу ды лажыся спаць. Я буду біць, прыкалачываць, а ты на бок з дарогі звалачываць!

Тады яны ляглі спаць.

Назаўтрага ўсталі раненька, умыліся бяленька, выйшаў Васіль Васільевіч на высокі балхон і глянуў на чыста поле — ажна ўсё роўна як цёмны лес, стаіць войска.

— Ну, брат Васіль-лаляк Войстры каўпак, умывайся ды будзем есць. Наша ўсё поле занята: стаіць усё войска чужое, ды не наша!

Тады ўстаў Васіль-паляк Войстры каўпак, умыўся. Садзяцца на сваіх добрых лашадзей, узялі свае мячы і шчыты і паехалі ў чыста поле. Січас Васіль Васільевіч як ехаў, так і стаў біць: б'ець, прыкалачываець, а Васіль-паляк на бок з дарогі звалачываець. Пабіў, скалаціў Васіль Васільевіч усё войска, а Васіль-паляк на бок з дарогі звалачыў, а сама Баба Юга Зялезная нага пад зе**мелле ўвайшла.

Прыязджаюць яны дамоў: папілі, пагулялі і кладуцца яны спаць. Васіль-паляк Войстры каўпак гаворыць:

— Сянні сілнае войска была, а заўтра будзець двойнае!

А Васіль Васільевіч гаворыць:

— Васіль-паляк Войстры каўпак, маліся богу, кладзіся спаць!

Памаліліся яны богу і ляглі аддыхаць. Назаўтра Васіль Васільевіч устаець параньша, узяў па[д]зорную трубу і выходзіць на высокі балхон і відзіць ён, што найшло войскі ўдвое больш. Ён тады гаворыць:

— Эй, брат Васіль младшы! Уставай, а то нас забяруць сонных, калі мы будзем позна спаць!

Устаў Васіль-паляк Войстры каўпак, умыўся, богу памаліўся, пакушалі яны і паехалі ў чыста поле. Васіль Васільевіч б’ець, прыкалачываець, а Васіль-паляк на бок з дарогі звалачываець. Збілі, скалацілі, на бок з дарогі звалачылі і паехалі дамоў. Папілі, пагулялі, у карты пайгралі, і гаворыць Васіль Васільевіч меншаму брату Васілю-паляку Войстраму каўпаку:

— Што гэта, калі ўсякі дзень гэтак біцца нам? Гэтак мы з сілы выб’емся. Ці не ёсць у цябе камянная страла?

— Ёсць.

— Ну,— гаворыць старшы брат Васіль Васільевіч меншаму брату Васілю-паляку, — січас закамандуй сваім аквітантам2, хай прыставяць камянну стралу!

Січас была камянна страла, і прыставілі яе к высокаму балхону. Тады Васіль Васільевіч, старшы брат, і гаворыць меншаму брату:

— Ну, Васіль-паляк Войстры каўпак, маліся богу, лажыся спаць, заўтра каб павутру каб параньша ўставаць!

Памалілісь богу і ляглі аддыхаць.

Назаўтра Васіль Васільевіч устаець раненька, мыецца бяленька, памаліўся богу, узяў па[д]зорную трубу і выходзіць на высокі балхон. Глянуў у па[д]зорную трубу, ажна войскі наслана, як цёмная хмара, у сколькі рэдзей пабольш таго. Уходзіць ён тады ў дом і будзіць меншага брата, Васіля-паляка:

— Уставай, брат, а то нас забяруць сонных, калі мы будзем позна спаць!

Устаў Васіль-паляк Войстры каўпак, умыўся, богу памаліўся, паснедалі, пакушалі. Бярэць Васіль Васільевіч камянную стралу, усселі яны на добрых сваіх лашадзей і паехалі ў чыста поле ваяваць. Васіль Васільевіч зарадзіў камянную стралу, захацеў ён Бабу Югу Зялезную нагу ўбіць. Як ударыў ён яе ў рот, дык уніз выскачыла! Войска ж збіў, скалаціў, а Васіль-паляк на бок з дарогі звалачыў. Тады гаворыць Васіль Васільевіч меншаму брату, Васілю-паляку:

— Паедзем глядзець, адкуль войска выходзіць і куды Баба Юга правалілася скрозь донна. Агледзелі яны, што ёсць пячурка, адкуль войска выходзіць; туды і Баба Юга Зялезная нага правалілась. Тады яны паехалі ў палацы, папілі, паелі, у карты пагулялі. І гаворыць Васіль Васільевіч меншаму брату, Васілю-паляку Войстраму каўпаку, каб сырамаці накроіць і сшыць пас такі, адкуль войска выходзіць. Тады Васіль-паляк гукнуў свайго аквітанта і прыказаў, каб сырамаці накроена было і нашыта пасоў і прывезена к яго царскаму дому. Тады яны памалілісь богу і ляглі спаць.

Назаўтра Васіль Васільевіч, старшы брат, устаець раненька і будзіць меншага брата, Васіля-паляка. Умылісь, богу памалілісь, паснедалі, і гаворыць Васіль Васільевіч меншаму брату, Васілю-паляку:

— Пойдзем пяшком, а нашы добрыя лошадзі няхай астаюцца, няхай ядуць яру пшаніцу.

Узялі яны січас і пайшлі, а за імі на конях сыраматны пас павязлі к тэй пячурцы, адкуль войска выходзіла і куды Баба Юга Зялезная нага правалілась. Січас і гаворыць Васіль Васільевіч меншаму брату, Васілю-паляку:

— Палязай туды, адкуль войска выходзіла і куды Баба Юга Зялезная нага правалілась!

А Васіль-паляк Войстры каўпак гаворыць:

— Васіль Васільевіч! Ты за мяне сільней і вумней, і табе палязаць туды і найці, адкуль войска выходзіла і куды Баба Юга Зялезная нага правалілась!

Тады Васіль Васільевіч падвязаў каля сябе сыраматны пас, узяў меч-самасеч і сказаў Васілю-паляку Войстраму каўпаку:

— Глядзі, брат, не зрадзь мяне. Калі калану рэмнем, каб выташчылі мяне вон!

Спусцілі тады Васіля Васільевіча пад земелле. Як спусціўся ён, дык і пайшоў. Прыходзіць ён на крыжавую дарогу: адна ўправа, другая прама, трэцця ўлева. Ён думаў, думаў, якой дарогай іці:

— Пайду правай дарогай! Калі па правай старане пайду, можа праў я буду!

Ідзі, ідзі, прыходзіць ён к кузніцы. Стаіць кузня — удоль тры вярсты, папярок паўтары. Улязаець ён у кузніцу, ажно там кавалёў няшчотна! Што раз стукнець малатком аб кувадла, то салдат, што стукнець, то салдат. Ён у іх спрашваець:

— Хто вас ставіў, нячыстая сіла?

А яны адказваюць:

— Не ты нас паставіў, не ты нас і знімеш!

Тады ён узяў свой меч-самасеч, збіў, скалаціў усіх чыста, кузніцу спаліў і попел здуў.

Пайшоў ён дарогай тэй самай, аж стаіць дом — удоль тры вярсты, упапярок паўтары, а ў тым доме швачкі шыюць: што раз кальнець к сабе ды ад сябе, то салдат з канём. Васіль Васільевіч і гаворыць:

— Хто вас пастнавіў, нячыстая сіла?

А яны кажуць:

— Не ты нас пастнавіў, не ты й знімаць будзеш!

Тады ён узяў збіў, скалаціў, пасек, парубіў, дом спаліў і попел здуў.

Узяў тады і пайшоў далі тэй самай дарогай. Сколькі ўрэмя йшоў, прыходзіць — стаіць хатка. І толькі там у тэй хатцы адна барышная. Ён гаворыць:

— Што ты тут адна жывеш? Я цябе ўб’ю!

А яна адказваець:

— Я такая самая царэўна, як і ты, толькі я забранка. Я сіл не маю такіх, як ты. Калі ты ўб’еш мяне, то і сам не разжывешся. А луччы набярысь у мяне розуму. Ты будзь мой муж, ая твая жана, і навучу я цябе розуму.

Тады січас ён і адказваець:

— Я, кажысь, сілен і разумен.

Тады яна яму гаворыць:

— Ты разумен і сілен на зямлі, а не пад зямлёй. Пад зямлёй нячыстая сіла разумней цябе!

Ну, памянялісь яны тады перснямі. Васіль Васільевіч і кажаць:

— Калі ты мая жана, дак наўчы мяне розуму!

— А вот пойдзем з табой у падвал. Там стаяць віны ў бочках. Па правай старане стаяць віны, што вып’еш — пасілнееш, а па левай — паплашэеш і падурнееш!

Тады пайшлі яны ў падвал і перакацілі бочкі з правай стараны на левую, а з левай на правую.

— Ступай жа цяперацькі па гэтай самай дарозе і сустрэнеш ты Бабу Югу Зялезную нагу ў зялезнай ступе. І скажаш ёй: «Здароў, бабка!» А йна скажаць: «Здароў, машэльнік!» — і станець з табой біцца. Ты ж глядзі на тое віно, што мы налева перадзвінулі!

Пайшоў ён тэй дарогай і сустрачаець Бабу Югу Зялезную нагу ў зялезнай ступе.

— Здароў, бабка!

— А, здароў, машэльнік. Вайскі мае пабіў?

— Пабіў, бабка!

— Мяне забіць хацеў?

— Хацеў, бабка!

— Кузняцоў маіх пабіў?

— Пабіў, бабка!

— Кузню спаліў?

— Спаліў, бабка!

— Попел здуў?

— Здуў, бабка!

— Швальню маю спаліў?

— Спаліў, бабка!

— Швачак маіх пабіў?

— Пабіў, бабка!

— І попел здуў?

— Здуў, бабка!

— Ну, вот жа цяпер табе смерць, машэльнік!

— А не, бабка, як удасца!

— Ну, будзем жа біцца!

Ухапіла яна таўкач і пусціла па Васілю Васільевічу і хацела яго забіць. А ён прыгнуўся к зямлі, і таўкач пераляцеў. Тады яна пусціла ў яго ступу. І ступа пераляцела. Схапіліся тады яны біцца, і ўбіў ён яе па повяс3 у землю. А яна, вядома, нячыстая сіла, дык аджываець. Біліся, біліся, тады яна гаворыць:

— Цары-каралі б’юцца — пардон маюць, а мы з табой удваіх. Пойдзем вінца пап’ём!

І пайшлі яны ў падвал. Січас яна пабегла на правую старану, а яму кажаць па левай старане. Яна ж думала, што вып’ець — пасілнеець, а ён паплашэець, ажно яна паплашэла, а ён пасілнеў. Тады Васіль Васільевіч гаворыць:

— Ну, пойдзем, бабка, біцца!

— Пойдзем, машэльнік! Ты мае вайскі пабіў?

— Пабіў, бабка!

— Мяне забіць хацеў?

— Хацеў, бабка!

— Кузню спаліў?

— Спаліў, бабка!

— Попел здуў?

— Здуў, бабка!

— Швальню спаліў?

— Спаліў, бабка!

— Швачак пабіў?

— Пабіў, бабка!

— Попел здуў?

— Здуў, бабка!

— Ну, пойдзем, машэльнік, біцца!

Білісь, білісь, Васіль Васільевіч збіў Бабу Югу Зялезную нагу, скалаціў, у землю ўбіў. А яна, вядома, нячыстая сіла, аджыла і пардону просіць:

— Ай, Васіль Васільевіч, цары-каралі б’юцца — пардон маюць. Пойдзем і мы з табой вінца пап’ём, памяркуемся!

А Васіль Васільевіч гаворыць:

— Пойдзем!

І пайшлі яны ў падвал. Яна на праву сторану, а ён на леву; ён быў сілен — пасілнеў, яна была плаха — яшчэ паплашэла. Выходзяць яны з падвалу і сталі біцца. Дык Васіль Васільевіч збіў Бабу Югу Зялезную нагу, скалаціў у попел і попел здуў. Тады ён вярнуўся к яе служэбцы і гаворыць:

— Пойдзем, супруга мая, на наш свет! Благадарым цябе, што ты мяне наўчыла: я сілны, а можа б я й галаву палажыў!

Тады яны січас і пайшлі тэй самай дарогай, якой ён ішоў, к такавому месту, дзе ён спускаўся на рамянях. Калануў ён за тэй пас, а там часавыя стаяць як дзень, так і ноч, ждуць яго, Васіля Васільевіча. Тады ён гаворыць:

— Садзіся ў тыя рамення, цябе выцягнуць на тэй свет!

А яна кажаць:

— Садзіся ты, каб не зрадзіў Васіль-паляк Войстры каўпак!

А ён кажаць:

— Ён пакляўся не зрадзіць мне. А то, барані божа, ты тут астанешся, а наскочыць нячыстая сіла, дык яна цябе забярэць!

Тады яна села, яе і выцягнулі. Січас, як выцягнулі яе, Васіль-паляк Войстры каўпак паглядзеў на яе і не хацеў рамення назад спускаць. Яна, як замеціла гэта, і гаворыць часавым:

— Сколькі ён сілы палажыў за вас, сколькі крыві праліў, а вы не хочаце яго выцягнуць! Я не магу без яго жыць!

Дык часавыя спусцілі рамення па яе прыказу, і толькі б яго сюды выцягнуць, а Васіль-паляк Войстры каўпак узяў меч і перасек рамення.

Васіль Васільевіч зваліўся пад земелле і чуць не ўбіўся ўсмерць. І думаець: што ежалі б мяне ўпярод выцягнулі, то я б яе не кінуў. А то яна кінула мяне — па ахвоце ці па няволі.

Пайшоў ён тады на ростанкі, узяў жалеечку і стаў іграць, сам сабе жуду разводзіць. Думаець сабе:

— Якой тут дарогай іці?

І пайшоў ён сярэдняй дарогай. Ідзі, ідзі, прыходзіць ён к ізбушцы. Аж каля тэй ізбушкі засеяна яра пшаніца. Уходзіць ён тады ў тую ізбушку, аж там аддыхаець старына.

— Здрастуй, старына!

— Здрастуй, бацькаў сын! Хто ты ёсць?

— А я ёсць Васіль Васільевіч Царскі сын!

— Як ты ішоў, яру пшаніцу не паламаў?

— А не, старына, цэла пшаніца, не паламаў. А ці няма чаго, старына, у цябе паесць?

— Бяры вячэрай: вунь стаіць на століку. Маліся богу, кладзіся спаць.

Васіль Васільевіч павячэраў, богу памаліўся і лёг спаць.

Назаўтра ўстаў раненька, памыўся бяленька, памаліўся шчырэнька і кажаць:

— Старына, што гэта ў вас валы зямлю паелі? Чаму не гоніце пасвіць?

— А, Васіль Васільевіч, гані іх, толькі каб яру пшаніцу не паламаў!

Ён узяў паспусціў валоў з ланцугоў ды прама ў яру пшаніцу: валоў пасець, у жалеечку іграець. Як ляціць нячыстая сіла — Смок з трыма галавамі: сіпіць па-змяінаму, равець па-звярынаму:

— Што ж ты, Васіль Васільевіч, пусціў валоў у яру пшаніцу? Ты вайскі пабіў?

— Пабіў!

— Кузню спаліў?

— Спаліў!

— Кавалёў пабіў?

— Пабіў!

— Попел здуў?

— Здуў!

— Швальню спаліў?

— Спаліў!

— Швачак пабіў?

— Пабіў!

— Попел здуў?

— Здуў!

— Матку забіў!

— Забіў!

— Ну, цяпер я цябе ўб'ю!

— Не, як удасца!

Цяпер яны січас сталі біцца. Білісь, білісь, дык Васіль Васільевіч збіў, скалаціў Праклятага Смока з трыма галавамі, спаліў і попел здуў. А галовы Праклятага Смока звязаў у кучы і ўскінуў на йзбушку. А старына гаворыць:

— Хто там? Каб ізбушку не заваліў!

— А не, гэта я, старына, надраў лык з лазы ды ўскінуў на [і]збушку.

— Добра, сынку: што летам прыспееш, то зімой купляць не будзеш! Ці загнаў валоў?

— Загнаў!

— Ці паламаў яру пшаніцу?

— А не, дзядуля, не паламаў!

— Ну, садзіся, сынок, вячэрай, маліся богу, кладзіся спаць!

Ён сеў, павячэраў і лёг спаць.

Назаўтра павутру ўстаў раненька, памыўся бяленька, памаліўся шчьірэнька і каркаць:

— Дзядуля, я паганю валоў!

— Гані,— кажаць,— толькі яру пшаніцу не паламай!

— А не, дзядулька, не бось, цэла будзець.

Січас пайшоў, валоў з ланцугоў спусціў ды ў яру пшаніцу: ганяе па пшаніцы ды ў жалеечку йграець. А тут і ляціць нячыстая сіла — Смок з шасцьмі галавамі: сіпіць па-змяінаму, зароў па-звярынаму:

— Што ж ты, Васіль Васільевіч, пшанічку маю паеў?

— Паеў!

— Кузенку спаліў?

— Спаліў!

— Попел здуў?

— Здуў!

— Кавалёў пабіў?

— Пабіў!

— Швальню спаліў?

— Спаліў!

— Попел здуў?

— Здуў!

— Швачак пабіў?

— Пабіў!

— Матку забіў?

— Забіў!

— Брата забіў?

— Забіў!

— Ну, цяпер я цябе ўб’ю!

— Не, як удасца!

Як сталі яны біцца! Біліся, біліся, Васіль Васільевіч яго збіў, скалаціў, галовы яму звараціў, труп яго спаліў і попел здуў, а галовы ўсчапіў на лычка і, прыгнаўшы валоў, ускінуў на йзбушку, аж ізбушка закалацілась. А старына кажаць:

— Хто гэта там? Каб ізбушку не заваліў!

— А не, старына, гэта я троху надраў лычкаў!

— Ну, добра, сынку. Што летам прыспееш, то зімой купляць не будзеш. А волікаў ці прыгнаў?

— Прыгнаў!

— А яру пшаніцу ці не паламаў?

— А не, дзядуля, не паламаў!

— Ну, добра, сынок! Вячэрай ды кладзіся спаць!

Павячэраў ён і лёг спаць.

Назаўтра павутру ўстаў раненька, памыўся бяленька, памаліўся шчырэнька і кажаць:

— Дзядуля, я паганю валоў!

— Гані, сынку, толькі не паламай яры пшаніцы, а то і мне і табе тады места не будзець.

— А не, дзядуля, не бойся!

Пагнаў ён валоў у яру пшаніцу, пасець, у жалеечку заігрываець. Аж ляціць нячыстая сіла — Смок з дванаццацю галавамі: агонь-полымя з наздзёр сыпіць, сіпіць па-змяінаму, равець па-звярынаму.

— Што ты, нячыстая сіла, сіпіш па-змяінаму, равеш па-звярынаму?

— Ну што ж ты, Васіль Васільевіч, кузенку спаліў?

— Спаліў!

— Кавалёў пабіў?

— Пабіў!

— Попел здуў?

— Здуў!

— Швальню спаліў?

— Спаліў!

— Швачак пабіў?

— Пабіў!

— Попел здуў?

— Здуў!

— Матку забіў?

— Забіў!

— Двох братоў забіў?

— Забіў!

— Ну, цяпер я цябе ўб’ю!

— Не, як удасца!

Як сталі яны біцца! Біліся, біліся, Васіль Васільевіч шэсць галоў яму зняў, а ён яго па калені ў землю ўбіў. Тады Васіль Васільевіч гаворыць:

— Што ж ты, нячыстая сіла? Цары-каралі б’юцца і то пардон маюць, а мы з табой удвух б’ёмся і пардону не маем. У цябе дванаццаць галоў як цапоў, а ў мяне адна галоўка яка макоўка!

Пардон мелі, аддыхнулі і як сталі ўзноў біцца! Біліся, біліся, дык Васіль Васільевіч яму тры галавы зняў, а ён Васіля Васільевіча па повяс у землю ўбіў. Памеўшы ўзноў пардон, січас сталі апяць біцца. Біліся, біліся, Васіль Васільевіч напаследак тры галавы зняў, труп спаліў, галовы на лычка пачапаў, валоў у стадолу загнаў і галовы на ізбушку ўскінуў, аж столя ўвагнулася! А старына як закрычыць:

— Хто там ізбушку ламаець?

— Нябось, старына, гэта я лычкаў надраў.

— Ну добра, сынок, што летам прыспееш, то зімой купляць не будзеш. А валоў загнаў?

— Загнаў, дзядуля!

— А пшаніца ці цэла?

— Не, дзядуля, я ўжо ўсю пшанічку збіў, стаптаў і праклятых смокаў усіх трох забіў, і матку!

— Ну, дзіцятка, мне ўжо тут век векаваць, а ты ідзі гэтай дарогай, і там стаіць дуб на дванаццаць сукоў, і к тым сукам прыкавана Жар-пціца. Ты сарві тэй дуб і ўсе ланцугі парві, і тады Жар-пціца цябе вывезець на тэй свет!

Тады паблагадарыў ён тэй старыне:

— Жыві,— кажаць,— з богам тутацька, а я пайду Жар-пціцу шукаць!

І пайшоў ён тэй самай дарогай прамой. Скора кажацца, не скора дзеецца. Ішоў ён, ішоў і прыйшоў к дубу. І відзіць ён, сядзіць Жар-пціца на дубе, на дванаццаці суках, прыкавана на дванаццаці ланцугах. Ён січас сарваў тыя ланцугі і спусціў Жар-пціцу. І гаворыць яму Жар-пціца:

— Ай, Васіль Васільевіч, што табе надабе за ўслугу?

— А звязі мяне на наш свет!

— Я і сама рада на свой свет вярнуцца! Садзіся лягенька, дзяржыся крапенька, паляцім. А куды ж цябе везць?

— А вязі к Васілю-паляку Войстраму каўпаку!

— А я і сама ў яго садзе радзілася!

Січас ён уссеў на яе лягенька і дзяржыцца крапенька. Яна тады як стала падымацца: падымалась, падымалась і вывезла на гэты свет. Прывозіць у Васіля-паляка Войстрага каўпака царства і спрашваець:

— Ці відзіш Васіля-паляка Войстрага каўпака царства?

— Відзець віджу, ды далёка!

Яна тады як ляцець, дык ляцець, падляцела бліжэй і ўзнова спрашваець у яго:

— Ці відзіш ты Васіля-паляка царства?

— Віджу, што саўсім блізка!

І стала яна апускацца. Пакуль спусцілася, дык яна ўвязла яго ў сад Васіля-паляка Войстрага каўпака.

— Ну, ляці ты сабе з богам! Ну, а куды ж мне іці? Пайду Васіля-паляка Войстрага каўпака ўб’ю і жану адбяру!

І сеў ён пад ягрыстам і відзіць, што яго жана ідзець з Васілём-паляком Войстрым каўпаком прахаджывацца. Тады ён сядзіць, сядзіць там і слухаець, якія яны рэчы будуць гаварыць. Праходзяць яны каля яго, і кажаць яна Васілю-паляку Войстраму каўпаку:

— За што ты яго, небараку, убіў? Ён сколькі трудоў, сілы палажыў! Усю нячыстую сілу збіў! Ці ён-та пагіб, ці жывы? Каб ён дагадаўся ды левай дарогай пайшоў! Ёсць там на левай дарозе гара, а ў тэй гары стаіць багатырская лошадзь трыццаць тры леты. Вот бы тая лошадзь яго вывезла!

Тады Васіль Васільевіч, слыша гэты рэчы, захацеў дастаць каня. Пасядзеў ён там, пакуль яны прайшлі, і пайшоў узноў к тэй яме. Звязаў там рамення і спусціўся на тэй свет. Прыходзіць ён к ростанькам, дзе тры ідзець дарогі: адна ўправа, другая прама, а трэцяя ўлева. І пайшоў ён па левай дарозе. Ішоў, ішоў і прыходзіць ён к гары. Прылажыў ён к сырой зямлі вуха — ажна лошадзь ржэць там, аж зямля-маць трасецца.

Тады ён папаў нейдзе лапатку і давай капаць гару. Раскапаў склеп, разламаў дзверы. І лошадзь яму дужа абрадаваўся і гаворыць:

— Ах, Васіль Васільевіч! Пусці мяне ў чыста поле пакатацца, шаўковай травы пад’есць і крынічных вод напіцца!

Тады ён пусціў каня, а конь прызабавіўся. Васіль Васільевіч заплакаў і гаворыць:

— Абманіў мяне добрая лошадзь! Хто цяпер мяне на тэй свет вывезець?

Конь счуў тое слова, бяжыць, аж зямля-маць дрыжыць, і гаворыць Васілю Васільевічу:

— Чаго ты саскучаў?

— А як жа: хто мяне на тэй свет вывезець? Я цябе дастаў і думаў, што ты мяне пакінуў зусім!

— Не, я цябе ва векі вечныя не пакіну. Я рад, што па сабе седака даждаў. Ну, садзісь лягенька, дзяржыся крапенька!

Сеў Васіль Васільевіч на лошадзя лягенька і стаў дзяржацца крапенька і спрашваець у каня:

— Куды мы паедзем?

— А паедзем чэраз сіняе мора!

Выехалі яны на гэты свет і едуць чэраз сіняе мора. Аж ідзець караб. Васіль Васільевіч спрашваець у каня:

— Які гэта караб ідзець?

А конь гаворыць:

— Ідзець Настася — пракрасна царэўна і тры палкі нянек, і тры палкі лялек!

— Ці няможна яе дастаць?

— Чаму няможна. Спусці сваю пяршчатку на караб і скажы: «Падайце мне маю пяршчатку!» Настася-Пракрася вышлець сваю няньку, а ты скажы: «Не мееш ты права маю пяршчатку падаваць! Даўжна Настася-Пракрася мне маю пяршчатку падаць!»

Тады ты яе бяры за руку і садзі на мяне. Ды толькі не цалуйся, а то ўтонем мы абодвы. У мяне ёсць брат на трыдзевятым царстве, на трыдзесятай зямлі, у гары. Вот на тым ты мог бы яе ўзяць і пацалаваць і чэраз мора праехаць. А я такія сілы не маю!

Пад'язджаюць яны к караблю, і ўраніў Васіль Васільевіч сваю пяршчатку і крычыць:

— Настася-Пракрася! Падай маю пяршчатку!

І яна січас загадала сваю няньку яму пяршчатку падаць.

А ён гаворыць:

— Ідзі проч, даўжна маю пяршчатку сама Настася-Пракрася падняць і ў мае белы рукі падаць!

Тады Настася-Пракрася яго пяршчатку падняла і яму ў белы рукі падала. Як толькі яна яму падала, січас ён яе схапіў і на каня ўссадзіў, і пацалаваліся! Як толькі з карабля далоў, дык конь і ўтануў. Яе ж карабельшчыкі падхапілі, а конь зусім утапіўся, Васіль Васільевіч і паплыў. Плыў, плыў, падплываець пад бераг і відзіць — ляжыць калцо. Ён тое калцо ўзяў, ажно гэта тростка. Нямножка яна весу — трыццаць пудоў. Тады ён выйшаў, добры маладзец, на бераг, перасушыў адзежу і лёг аддыхнуць. Аддыхнуўшы, ён узяў тростку і пайшоў. Ішоў, ішоў, прыходзіць к гораду, а тэй горад увесь у жалобе, увесь чорным сукном усланы. Тады ён прыходзіць к аднаму доміку, паставіў сваю тростку каля доміка, дык ажно домік закалаціўся! Уходзіць ён у тэй домік, ажно там старушка. Ён гаворыць:

— Здрастуй, старушка!

— Здрастуй, бацькаў сын!

— Што гэта ў вас за жалоба, што ўвесь горад засланы чорным сукном?

— Ай, дзіцятка, заўтрашні дзень царскую дачку павязуць на снядзенне Праклятаму Смоку!

Ну, папілі, паелі, богу памаліліся і ляглі спаць.

Назаўтра яны ўсталі раненька, умыліся бяленька, аж і царскую дачку павязлі на снядзенне Праклятаму Смоку. Васіль Васільевіч узяў свой меч-самасеч і тростку і пайшоў к сінему мору. А царская доч сядзіць ля мора і сілна плачаць. Ён падходзіць к ёй і спрашваець:

— Чаго, слішная царэўна, чаго плачаш?

А яна гаворыць:

— Чаму мне не плакаць, калі я Праклятаму Смоку на снядзенне вывязёна. Січас прыляціць і мяне пражраць і цябе са мной. Дык няхай луччы мяне адну пражрэць, а ты ўхадзі!

— Нябось, падавіцца! Не толькі дваіх не пражрэць, дык і цябе адну не пражрэць!

Сядзяць, разгаварваюць. Аж ляціць Пракляты Смок па сінім моры: з наздзёр агонь-полымя свішчаць. Прылятаець к берагу і гаворыць:

— Садзіся, слішная царэўна, ка мне на язык. Я цябе праглычу!

А Васіль Васільевіч гаворыць:

— Не, выхадзі на сухадоль і пражырай мяне перві, тады яе!

Выйшаў ён на сухадоль і гаворыць яму:

— Васіль Васільевіч, дзьмі поле, станаві ток.

А ён кажаць:

— Дзьмі ты первы!

Смок як дунуў — на шэсць вёрст поле здуў і берагі ў моры пазалаціў. А Васіль Васільевіч дунуў — на дзевяць вёрст вычысціў поле, паставіў ток і пазалаціў берагі. Сталі яны біцца. Біліся, біліся, дык Васіль Васільевіч пасек яго, парубіў, на агні спаліў і попел здуў.

Распрашчаўся ён з царэўнай, а яна гаворыць:

— Ступай ка мне ў супружаства. Цяпер паўцарства тваё, а пасля смерці айца ўсё!

А ён гаворыць:

— Адбараніў я цябе ад злой смерці — не спорціў нічога вашаму цару, а твайму айцу. А ў мяне ў самаго ёсць царства!

Тады прыходзіць ён узноў к тэй старушцы і гаворыць:

— Адбараніў я вашу царэўну ад Праклятага Смока. Збіў яго, скалаціў, спаліў і попел здуў!

Прыйшла тая царэўна к айцу і гаворыць:

— Адбараніў мяне чужастранны чалавек, і не ведаю, хто ён такі. І прасіла я яго ў супружаства к сабе, дык ён сказаў, што ў мяне ёсць сваё царства. І спрасіла я ў яго: «Куды ты цяпер пойдзеш?», і ён сказаў: «Няўжлі мне няможна ў вашым горадзе пагуляць?»

Січас, як толькі яна расказала айцу гэтыя рэчы, што тэй чалавек ёсць у горадзе, січас цар паслаў найці яго. І адказваець тая старушка, у каторай ён захвацеравў, што ён у мяне. Тады цар пасылаець за ім парку коней. А ён гаворыць:

— Што, за мной парку толькі прыслалі? За маім кійком шасцёрку лашадзей трэба прыслаць! А за мной няхай прышлець тых коней і тую карэту, што на первы дзень вялікадня ездзяць!

Ну, прыслалі шасцёрку за кійком, а за ім сама царэўна прыехала ў тэй карэце, што цар ездзіць на вялікадні к абедні. Сталі падымаць яго тростку, і ніхто не паднімець. Тады ўзяў ён, сам ўзлажыў сваю тростку, а сам сеў з царэўнай. Прыязджаюць яны ў царскі дом, і цар сабраў бальшы банкет і сам не знаець, што з ім дзелаць. І гаворыць яму цар:

— Ідзі к маёй дочары ў супружаства. Я табе даю цяпер паўцарства, а па смерці ўсё!

А ён яму адказваець:

— У вас па ўсяму царству няма лошадзя па мне!

Пагулялі, пабанкетавалі і адказваець ён цару:

— Я к вам прыбуду, не магу сказаць, ці надоўга, ці не, а сам пайду лошадзя шукаць!

Распрашчаўся ён з імі, узяў сваю тростку і пайшоў. Узяў па дарозе рыдзель4 пад паху і пайшоў у некаторыя царствы, у некаторыя гасударствы. Прыйшоў ён к тэй гары, дзе быў конь, прыклаў к зямлі правае вуха сваё і чуець, што яго лошадзь іржэць, ажно зямля-маць стогнець. Раскапаў ён гару, і стаіць лошадзь у склепе, чэраз трое дзвярэй замкнута. Тады ён дзверы паразламаў, замкі паразбіваў і адвязаў таго лошадзя. І рад тэй лошадзь, што па сабе седака знайшоў. Вывёў ён каня ў чыста поле пагуляць, шаўковай травы пад’есць і крынічнай вады напіцца. Пусціў яго Васіль Васільевіч, а сам і саскучаў. Як крыкнець маладзецкім посвістам, багатырскім поклікам, лошадзь [той] бяжыць, аж зямля-маць дрыжыць:

— Што ты, Васіль Васільевіч, саскучаў?

— Я думаў, што ты кінуў мяне!

— Я не кіну цябе ва векі вечныя!

Уссеў ён на добрага лошадзя і прыехаў ён у тое царства, ідзе адбараніў царскую доч ад Праклятага Смока. Распрашчаўся ён з імі і паехаў к айцу к свайму.

Тады січас едзець ён к сінему мору і гаворыць ён каню:

— Ці не можам мы дастаць Настасю-Пракрасю ў жану мне?

Ідзець караб, і ён на караб уз’язджаець і ўпусціў сваю пяршчатку і гаворыць:

— Настася-Пракрася, падай мне пяршчатку!

А Настася-Пракрася сказала няньцы падаць яму пяршчатку. А ён гаворыць:

— Не смей ты маёй пяршчаткі падаваць! Даўжна Настася-Пракрася сама мне яе падаць!

Яна прыйшла, пяршчатку падняла і яму ў белы рукі падала. Січас ён яе за белу руку падхваціў і на каня пасадзіў, і з карабля на сіне мора паехаў. Сіне мора пераехаў, і прыходзяць у Васіля-паляка Войстрага каўпака царства.

Толькі ён у яго царства прыехаў, як два багатыры едзець проці яго і хочуць яны яго ўбіць. Гэтыя багатыры — два сыны Васіля-паляка Войстрага каўпака. Тады ён ссадзіў сваю жану, а сам паехаў к ім насустрэчу і як стаў ён іх сцягаць сцяблінай, дык ён чуць не ўбіў іх. Тады яны вярнуліся к айцу к свайму, Васілю-паляку Войстраму каўпаку, і гавораць:

— Ацец наш родны! Напалі мы на такога на багатыра, на разбойніка, што чуць ён нас не ўбіў!

— Дзеткі, верна, гэта вярнуўся мой брат большы! І выганіць ён із царства нашага не толькі вас, а і мяне.

А Васіль Васільевіч узяў жану сваю і прыязджаець у царства Васіля-паляка Войстрага каўпака.

— Здрастуй, мой меншы брат!

— Здрастуй, мой большы брат!

— Ну, што ж, ты хацеў мяне пагубіць і жану маю адабраў у мяне? Я б табе не прасціў, але дзеля жаны твае прашчаю. Яна мяне спасла ад смерці! Цяпер дзе мне аддыхнуць?

А Васіль-паляк Войстры каўпак кажаць:

— Ёсць у мяне караб такі, што як ты ўзыйдзеш на яго ды скажаш: «Ад берага»! — дык ён атойдзець. А калі аддыхнеш, дык скажаш: «К берагу, караб!» — дык ён і прыплывець к берагу.

Узышоў Васіль Васільевіч на караб і гаворыць:

— Ад берага, караб!

Ён і адышоўся ад берага. Пайшоў тады Васіль Васільевіч па караблю хадзіць. Зайшоў у адну каморку, у другую, у трэцюю, і ў кожнай каморцы па тросцы. Прылятаюць на гэты караб яго сёстры: адна ў адну, другая ў другую каморку, а трэцяя ў трэцюю. Тады зайшоў ён к большай сястры, выбіў яе, выбіў і руку адламаў. А яна абярнулась вутачкай і паляцела. Тады прыходзіць ён у другую каморку, к сярэдняй сястры: парыў, парыў яе, адламіў ёй нагу і адправіў дамоў. Абярнулась яна вутачкай і паляцела. Заходзіць у трэцюю каморку, к меншай сястры. Парыў, парыў яе, адарваў ёй вуха. Яна абярнулась вутачкай і паляцела дамоў. Тады ён кажаць:

— К берагу, караб!

Выйшаў, сеў на каня, узяў жану і паехаў к Васілю-паляку Войстраму каўпаку. Гуляў, гуляў у яго, тады забраў у яго войска: тры палкі музыкі, тры палкі конніцы і тры палкі пешаходзі — і паехаў у двор. Прыязджаець к айцу к свайму. Маць і ацец яму сілна вазрадавалісь. Яны яго як з таго свету ждалі.

Адпісаў ацец яму ўсё сваё царства, і ён там царыць. І я там быў, мёд-віно піў, па барадзе цякло, а ў роце не было.

1 Лакары – лагеры (заўвага збіральніка).

2 Аквітант – ад'ютант

3 Повяс – пояс

4 Рыдзель – драўляная акаваная лапата



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - c. 134-152
Крыніца: скан