epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Чарадзейная дудка

Жыў сабе дзед да баба. І было ў іх дзве дачкі, а трэці сын Кірылка. Пайшлі яны ў лес па ягады. Дак дзеўкі не бяруць ягад да гуляюць, а Кірылка ягадак глячок набраў. Тады сёстры ягады ў яго адабралі, ножыкам яго зарэзалі, пад калодачку падкацілі, карынкай вочкі накрылі і пайшлі дамоў. І сказалі дома, што Кірылка згубіўся.

Вырас на Кірылку дубчык залаты і сярэбраны. Вот ехалі там купцы, убачылі той дубец, выразалі яго і здзелалі дудачку. Зайграў купец на дудачцы, а яна выігравае:

 

Не йграй, купчык, не йграй:

Мае раны не ўразь.

Мая рана вялікая:

Мяне сёстры зарэзалі,

Пад калодку падкацілі,

Карынкай вочкі накрылі!

 

— А, брат,— кажа купец,— дзіўная якая дудка!

Падзівілісь, падзівілісь і паехалі. Заязджаюць яны ў сяло.

А хатка дзедава стаяла край сяла. Купцы і заехалі к ім на ноч. Разгаварыліся і сталі казаць пра сваю дудачку.

— Вот,— кажаць,— у нас якая дзіўная дудка! На-тка, дзед, пайграй-ка!

Стаў дзед іграць, а яна выігравае:

 

Не йграй, татачка, не йграй:

Мае раны не ўразь.

Мая рана вялікая:

Мяне сёстры зарэзалі,

Пад калодку падкацілі,

Карынкай вочкі накрылі!

 

— На-тка ты, бабка, пайграй! Што гэта за дудка?

Стала бабка йграць, а дудачка кажа:

 

Не йграй, мамачка, не йграй:

Мае раны не ўразь.

Мая рана вялікая:

Мяне сёстры зарэзалі,

Пад калодку падкацілі,

Карынкай вочкі накрылі!

 

— А божа ж мой! Ці не пра Кірылку яна пяе? Наце-тка вы, сёстры, пайграйце!

Стала адна іграць, а дудачка выігравае:

 

Не йграй, канарэзная душа, не йграй:

Мае раны не ўразь.

Мая рана вялікая:

Вы мяне зарэзалі,

Пад калодку падкацілі,

Карынкай вочкі накрылі!

 

Тады на другую сястру кажаць:

— Ну-тка ты пайграй!

Яна зайграла, а дудачка кажа:

 

Не йграй, канарэзная душа, не йграй:

Мае раны не ўразь.

Мая рана вялікая:

Вы мяне зарэзалі,

Пад калодку падкацілі,

Карынкай вочкі накрылі!

 

Дзед і баба дазналісь, што дочкі зарэзалі Кірылку — сына, і вельмі заплакалі. І прагналі тых дачок ад сябе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 429-431
Крыніца: скан