epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Царэўна-лягушка

У некаторым царстве, у некаторым гасударстве жыў-быў цар. Было ў яго тры сыны: два разумныя, а трэці — Іван дурны. Калі сыны павырасталі, бацька даў ім па луку і страле і сказаў:

— Выйдзіце, сыны, з хаты і пусціце свае стрэлы. Куды паляціць страла, там і шукайце сабе жонак.

Сыны ўзялі стрэлы і пусцілі. Страла старэйшага сына паляцела і ўпала перад домам князя. Старэйшы сын пайшоў за стралой і ажаніўся з князевай дачкой. Сярэдняга сына страла ўпала перад домам цара. Сярэдні сын пайшоў за стралой і ажаніўся з царскай дачкой.

Страла меншага сына Івана паляцела прама на балота. Заплакаў меншы сын, але нічога не зробіш: раз бацька сказаў, то трэба тое і рабіць. Пайшоў меншы сын на балота, а балота такое вялікае, што ні канца, ні краю не відаць. Ідзець ён, ідзець, а балота нідзе не канчаецца. Ну,— думае Ванька,— не быць мне жанатым. Толькі раптам ён убачыў на купіне лягушку. Вось яна яго і пытае:

— Куды ты, Ванька, ідзеш і чаго шукаеш?

Ванька расказаў пра сваю бяду. Вось лягушка і кажа:

— Калі так, то я твая жонка. Твая страла прыляцела прама да мяне.

Тут Ванька як заплакаў ды і кажа:

— Што ж я буду рабіць з такой жонкай? Мяне ж усе людзі засмяюць.

Але лягушка гавора:

— Не бядуй, Ванька, не ўнывай. Я буду не горш за жонак тваіх братоў.

Прыйшлі ўсе сыны дамоў і пачалі хваліцца сваімі жонкамі. А Ванька сядзіць і нічога не гавора. Вось бацька яго і пытае:

— Ну, Ванька, што ж ты не хвалішся сваёй жонкай?

Расказаў Ванька пра сваю жонку, а браты пачалі смяяцца з яго. Неяк бацька загадаў сынам прынесці ад сваіх жонак па ручніку. Вось старэйшы сын прывёз ад сваёй жонкі такі прыгожы ручнік, што проста вачэй не адвесці. Сярэдні сын прывёз яшчэ харашэйшы ручнік.

І зноў яны смяюцца з Івана:

— Ну, Іван, калі ж ты прывязеш ручнік ад сваёй лягушкі?

Вось ідзе Іван па балоце і думае:

— Што ж я прывязу дамоў? Ці ж лягушка вытча мне ручнік?

Увідзела яго лягушка і пытае:

— Чаго ты такі пахмурны, Ванька?

Ванька расказаў ёй пра загад бацькі. Лягушка сказала яму:

— Не бядуй, Ванька, будзе табе ручнік, толькі трошкі пачакай.

Пакуль Ванька туды-сюды аглянуўся, прыносіць яму лягушка ручнік, ды такі прыгожы, што ні ў казцы расказаць, ні пяром апісаць. Прыносіць ён дамоў ручнік. Бацька як увідзеў, дык дзіву даўся: «Як магла лягушка такі ручнік выткаць?»

Вось бацька загадвае зноў прынесці ад сваіх нявестак па пірагу. Старэйшы сын прыносіць пірог, ды такі смачны, што нельга і расказаць. Сярэдні сын прыносіць пірог яшчэ смачнейшы. Ванька таксама пайшоў да сваёй лягушкі. Ідзе ён па балоце і думае: «Дзе ж мая лягушка спячэ пірог?» Але нічога не зробіш. Раз бацька сказаў, значыць, трэба выканаць. Увідзела яго лягушка і пытае:

— Чаго ты тужыш, Ванька, можа зноў што бацька загадаў?

Сказаў ёй Ванька. Лягушка і кажа:

— Пачакай трохі, будзе табе такі пірог, да якога не даставіцца ні адзін пірог жонкі тваіх братоў. Ты не бядуй, што я лягушка.

Вось скора яна яму прынесла такі слаўны пірог, што Ванька не мог нарадавацца. Прыходзіць ён дадому, а тут яго ўжо даўно чакаюць бацька і браты. Як убачылі яны пірог, то не маглі яны на яго наглядзецца. А як пакаштавалі, то не маглі надзівіцца. «Як гэта магла лягушка такі пірог спячы?»

Праз некаторы час бацька паклікаў сваіх сыноў і кажа:

— Знаеце што, сыны. Хачу я ўбачыць вашых жонак. Прывядзіце мне іх сягоння.

Паехалі сыны па сваіх жонак, а Ванька ідзе па балоце і думае: «Падаркі-то яна прыгожыя давала, але як я яе пакажу свайму бацьку? Браты прывязуць сваіх жонак у карэтах, а мне прыйдзецца ў начоўках цягнуць. Як я яе пакажу на свет?»

Сустракае яго лягушка і пытае:

— Чаго ты, Ванька, бядуеш?

Ванька расказаў пра загад бацькі. Вось яна яму і гавора:

— Не бядуй, Ванька, ідзі дадому, а праз некаторы час я прыеду адна. Вы мяне сустракайце.

Прыйшоў ён дадому, а старэйшыя браты папрывозілі сабе жонак, ды такіх прыгожых. Старэйшыя браты пачалі з яго насміхацца:

— Ну, чаму ж ты не прынёс у кішэні сваю лягушку? Ці можа згубіў на дарозе?

Маўчыць Ванька. Ну што ён можа адказаць братам? Праз некаторы час чуюць яны нейкі шум. Выскачылі на двор, аж бачаць — едзе карэта, запрэжаная дзевяццю коньмі. А карэта — уся залатая. Пад'ехала карэта да двара. Выходзіць адтуль царэўна, ды такая прыгожая — ні пяром апісаць, ні ў казцы расказаць. Дзе дзелася яе жаб'е аблічча!

Пайшлі ўсе ў хату. Тут пачаўся вясёлы пір. А царэўна-лягушка не піла, а вылівала ў правае рукаво, а костачкі клала ў левае рукаво. Тут пайшлі танцаваць. Царэўна-лягушка як махнула правай рукой — сіне возера, як махнула левым рукавом — лебедзі плаваюць на возеры.

Убачыўшы гэта, Ванька хуценька пабег на балота, забег у яе каморы, знайшоў там скуру лягушкі і спаліў яе, бо гэта скура была яе закляццем.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 98-100
Крыніца: скан