epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Царква васковая

Жыў сабе дзед і з бабай, і яны былі дужа багатыя. Мелі яны дванаццаць пар валоў, дванаццаць пар канёў, на сябе і на людзей па шэсць пар. Быў у іх адзін сын. Ажанілі яны яго і жывуць так, і жывуць. Стаў бацька ўміраць і стаў ён прыказваць сыну:

— Глядзі ж, сынок, як я дзелаў, так штоб і ты дзелаў!

Памерлі бацька з маткай, стаў жыць сын на том хадзяйстве.

Жыў ён так, як і ацец, памагаў бедным. Вот раз прыйшло к яму пад вакно і гавора:

— Ці ты луч будзеш гараваць за моладасцю, ці перад старасць?

Думаў ён сабе, думаў, ніяк не прыдумае. І спрашуе ў жонкі:

— Як мне казаць?

— Кажы: луч за моладасцю гараваць!

Ён так і сказаў. І стаў ён з тых пор бяднець, і чараз колькі ўрэмя не стала ў яго нічога: ні грошай, ні хлеба, ні скаціны.

Жыў ён, жыў, дажыўся да таго, што есці нечага. Было ў іх двое дзяцей. Вот яны сабралісь і пайшлі ў свет за прапітаніем — по** міру пайшлі.

Ішлі яны, ішлі, прыйшлі ў лес. І саўсім яны прымарылісь. Жонка кажа:

— Дай аддыхном!

Селі яны аддыхаць. Стала ў яго жонка вошай шукаць, і заснулі. А дзеці пабеглі шукаць цвятоў. Той убача харошы цвяток, а той яшчэ луччы — і адбеглі ад іх далёка ў лес, і заблудзілі. Бегаюць яны па лясу, плачуць! Бегалі-бегалі і ўзбеглі на дарогу. Аж едуць той дарогай цары. Убачылі гэтых хлопчыкаў і гавораць на кучароў:

— Ідзіце вазьміце іх у карэту.

Узялі іх і з сабой, падзялілі і павезлі. Прашнулісь бацька і матка — няма дзяцей. Шукалі яны, шукалі іх і не найшлі. Плакалі, плакалі і пайшлі адны. Ішлі, ішлі, прыйшлі к дарозе. Аж едзе па дарозе цар. Прыехаў к ім, убачыў жонку,— а яна была дужа прыгожая — і спрашуе:

— Ці гэта твая жонка?

Ён кажа:

— Мая!

— Аддай мне яе, я дам табе злата-серабра за яе!

— Не хачу я ні злата, ні серабра, не 'ддам я яе ні за што!

Цар тады кажа на кучара і на лакея:

— Вазьміце яе ў карэту!

Тыя злезлі, узялі яе за рукі і пасадзілі ў карэту, а яму ўзялі разаслалі платок, насыпалі повен золата, кінулі й паехалі. Астаўся ён адзін у лесе і стаў плакаць. Плакаў, плакаў, узяў тыя грошы, паклаў на пень, сам лёг спаць пад кусцікам і спіць. Ляцеў арол, убачыў белы платок і думаў, што гусь, да за яго!

Ухапіў і панёс. Узнёс на дуба, палядзеў — няма нічога. Ён і кінуў грошы на дубе. А ён прашнуўсь, бача — няма нічога: ні сыноў, ні жонкі, ні грошай. Зноў заплакаў і пайшоў.

Ішоў, ішоў, звёўся з яды. Ідзе ён — бяжыць мыш. Ён узяў і прыціс яе кастылём і кажа:

— Мышка, мышка, я хоць цябе з'ем!

А яна гавора:

— Не еш мяне, чалавеча! Ты мной не паядаеш, толькі душу напаганіш. Буду я табе ў вялікай прыгодзе!

Ён падумаў і гавора:

— Можа гэта й праўда!

І пусціў яе. Пайшоў дальшы. Ішоў, ішоў — хочацца есці. Ідзе ён лесам, і ляжыць у лесе мураўя. Ён узяў, раскопнуў кучу мураўі, узяў мурашачку і гавора:

— Мурашачка, хоць я цябе з'ем!

А мурашачка яму адказуе:

— Не еш мяне, чалавеча! Ты мной не паядаеш, а сваю душу напаганіш. Пусці мяне, я табе буду ў вялікай прыгодзе!

Ён узяў і пусціў. Пайшоў дальшы. Ішоў, ішоў лесам, бача — лятаюць пчолкі. Ён паймаў адну пчолку і кажа:

— Ну, хоць гэту пчолку раздаўлю да з'ем, іх дзеці ловяць да ядзяць! Пчолка, пчолка, я цябе з'ем!

— Не еш мяне, чалавеча! Мной не паядаеш, толькі душу напаганіш. Пусці мяне, буду я табе ў вялікай прыгодзе!

Пусціў ён пчолку і пайшоў дальшы.

Ішоў, ішоў, відзен горад. Увайшоў ён у горад і гавора:

— Што гэта за горад?

— А гэта горад, дзе сам цар жыве!

От ён і пайшоў к цару. Прыходзе к цару:

— Ваша вялічаство анпяратарство! Прыміце мяне, чужастраннага чалавека, хоць за кусок хлеба!

Цар даў яму паядаць і паставіў яго на канюшню. Стаў ён карміць лашадзей, стаў іх даглядаць — сталі яны палуч тых, што цар праязджае. От, прыходзе к яму цар, убачыў коней і кажа:

— Маладзец, страннік!

Тады пайшоў і к кучарам:

— Э,— кажа,— вашы коні хужы за тых, што страннік даглядае. Я не буду вашых коней браць, а буду страннікавых коней браць на праезд!

Вот сталі тыя на яго се**рдзіцца, хочуць яго ўжэ страбіць. Думалі, думалі, што на яго сказаць цару. Адзін кажа:

— Я знаю, што вам сказаць. Скажыце цару, што казаў ваш страннік, што калі б ён тут царам быў, то б увесь хлеб, колькі яго ё ў цара, за ноч перамалаціў і зноў у скірты склаў!

Яны сказалі цару. Вот цар выйшаў на крылцо і гукае:

— Эй ты, нішчы! Ідзі суды! Ці казаў ты так і так?

— Не, ваша вялічаство гасударство, я так не казаў!

А цар гавора:

— [Г]лядзі ж, калі ты гэтага не здзелаеш, то мой меч — табе заўтра ўранні галава з плеч!

Пайшоў ён і заплакаў. Плакаў, плакаў, а тады ўспомніў.

— Вот,— ка [ж] а,— дзе б тая мышка была да суды прыбыла!

А мышка і тут:

— Ідзі,— ка[ж]а,— чалавеча, спрасі, дзе жыта сыпаць?

Пайшоў ён к цару і спрашуе:

— Дзе ж жыта сыпаць?

Цар сказаў:

— У гамазею, а не ўлезе ў гамазею, дак кала гамазеі сып!

Сказаў страннік мышцы, а яна кажа:

— Ідзі ж, чалавеча, ляж спаць, а заўтра ўранні прыхадзі за мятлой, кала гамазеі замятай!

От ён устаў назаўтрага раненька, прыйшоў к гамазеі, ходзе з мятлой да зярняты замятае. Прыйшоў цар, бача — усё чысценька жыта перамалочана і салома зноў у скірты зложана!

— Ну, маладзец,— кажа,— ступай на места коней карміць!

Стаў ён апяць даглядаць коней. Прыходзе цар глядзець коней, яго коні зноў луч ад усіх. Ён тады гавора на кучароў:

— Не буду я браць вашых коней, а буду браць страннікавых коней на праезд!

Вот яны зноў хочуць страбіць яго. Пайшлі і сказалі цару:

— Казаў ваш страннік, што калі б ён у гэтым дзеле царам быў, то б ён усю гэту салому перамяў на палову і апяць у кучу склаў!

Вот цар і гукае яго:

— Эй ты, нішчы! Хадзі суды! Ці казаў ты так і так?

— Не, не казаў!

— Ну, дак [г]лядзі ж: калі ты гэтага не здзелаеш, то мой меч — табе заўтра ўранні галава з плеч!

Вот той выйшаў і плача:

— Ах,— ка[ж]а,— мурашачка! Дзе б ты была, да суды прыбыла! Яна ж мне казала, што будзе ў вялікай прыгодзе!

— Не клапачысь, чалавеча, я тут ужэ. Ідзі спрасі, куды салому класць?

Пайшоў ён к цару. Цар кажа:

— Кладзі туды, дзе салома ляжыць, пад строп, а не памесціш, сып на ток!

Тады мурашачка гавора:

— Ідзі ляж спаць, а заўтра ўранні прыхадзі заграбаць!

Вот ён назаўтрага прыйшоў ўранні да й ходзе з граблямі да з мятлой, да перакалачывае. Прыйшоў цар, аж уся чыста салома на палову перамята. Ён ніздзівіўся!

— Ну,— гавора,— маладзец! Ідзі на сваё места!

Ён пайшоў і апяць стаў даглядаць коней. Прыходзе цар — зноў яго коні луч ад усіх.

— Не буду,— кажа,— браць у вас коней на праезд, а буду ў нішчага!

Зноў яны хочуць яго страбіць. Пайшлі і гавораць цару:

— Казаў ваш страннік, што калі б я ў гэтым дзеле царам быў, то б я з воску царкву здзелаў: самі б папы пелі, самі б кніжкі чыталісь, кадэльніцы самі б боўталісь і самі б званы званілі!

Цар апяць выйшаў на крылцо і гукае странніка:

— Эй ты, нішчы, хадзі суды! Ці гаварыў ты так і так?

— Не, не гаварыў!

— Ну, дак вот: калі ты гэтага не здзелаеш, то мой меч — заўтра ўранні табе галава з плеч!

Ён пайшоў і плача:

— Ах, пчолка! Дзе б ты была, да суды прыбыла!

— Не журысь, чалавеча, я ўжэ тут. Ідзі спрасі, дзе строіць?

Ён пайшоў к цару. Цар сказаў:

— Строй ун там, на бугранку!

— Ну,— кажа пчала,— ідзі ляж спаць, а заўтра ўранні прыхадзі з крылцам пыль змятаць!

Назаўтрага ўранні ён прыйшоў з крылцам і змятае пылок на цэркві, і ў званы звоне. Прашнуўся цар, чуе: штось звоняць званы. Выйшаў ён без пояса на крылцо, палядзіць — ходзе страннік вакруг царквы. Пайшоў ён туды, у цэркву, цар. Ён жа думаў, што ён трохі пабыў там, аж ён прахадзіў да поўдня: так усё яму здалось вясёла ў царкве, прыгожа. Сонца прыпякло, царква і растала і цара заліла.

Прыбеглі казакі, енаралы.

— Што такое гэта ты іздзелаў, страннік?

Узялі яго і засадзілі ў цямніцу. А царкву гэту пасукалі на свечы. Пазбіралісь папы, князі, енаралы, казакі.

— Давайце,— кажуць,— з гэтыя царквы свечы падаём усім. У каго ў руках свечка загарыцца, таму й быць царам!

Узялі ўсім падавалі свечкі, і шчэ дзве свечкі высталісь. Яны гавораць:

— Трэба прывесць странніка і таго, што сцеражэ яго адзін, прывесць іх і даць ім свечкі.

Прывялі странніка. Узяў ён свечку, свечка ў яго і загарэлась! Усе крыкнулі на ўра:

— Праздараўляем з новым царам!

А другія крычаць:

— Такому странніку да быць царам?

Ну, аднача яму бог паказаў быць царам!.. І стаў ён на царах. Праздравілі яго і павялі к царыцы. І трэба яму было спаць лажыцца з царыцай, ну ён саромеўся і не лёг.

Выйшла царыца прагулівацца, і бача — едуці па мору два караблі. Прыехалі к берагу, і злучылісь хадзяіны ўместа і адзін аднаго ўгадалі, і адзін аднаму гавораць:

— Як твой ацец жыў?

— А мой,— ка[ж]а,— ацец жыў з сваім бацькам, а з нашым дзедам. І меў наш дзед дванаццаць пар валоў і дванаццаць пар канёў. Паміраў дзед і нашаму айцу прыказваў: «Як я дзелаў, так і ты дзелай!» От ён памёр, а айцец так і пачаў дзелаць, як ён дзелаў. Раз падыходзе к яму пад вакно і гавора: «Ці ты будзеш перад моладасцю гараваць, ці перад старасцю?» Ён думаў, думаў і не прыдумаў, што яму сказаць. Узбудзіў жонку і кажа: «Як нам казаць?» Яна кажа: «Луч перад моладасцю гараваць, а перад старасцю красавацца!» От ён і адказаў яму, што хоча перад моладасцю гараваць. От ён пабыў колькі там-нібудзь — і грошы ўсе перавялісь, і валоў папраядаў і канёў папраядаў, і пайшлі мы ў свет. Ішлі, ішлі і прымарылісь. Яны леглі аддыхаць, а мы сталі красачак шукаць. Красачка за красачкай, красачка за красачкай — і збеглі мы ад айца і ад мацеры...

От царыца ўвазнала сваіх дзяцей і павалілася. Тут січас прыбеглі, узялі яе і паняслі к цару ў двор і паклалі ў пасцель. А тых забралі і павялі к цару. Ён і спрашуе:

— Што вы там здзелалі царыцы, што яна павалілася?

— Да мы,— кажа,— нічога не здзелалі! Мы брацец братца ўзнаў, і гаварылі, як наш дзед жыў.

— А як ваш дзед жыў?

— Да ён меў дванаццаць пар валоў і дванаццаць пар канёў — на сябе шэсць пар і на людзей шэсць пар. Паміраў наш дзед і прыказаў свайму сыну, нашаму бацьку, так дзелаць, як ён дзелаў. Наш бацька так і дзелаў. Раз падышло к яму пад вакно і гавора: «Ці ты будзеш перад моладасцю гараваць, ці перад старасцю?» Ён сказаў: «Перад моладасцю». Пражылі мы пасля таго колькі-нібудзь, не стала й хлеба ў нас, і грошы папраядалі, і валоў, і канёў, і пайшлі ў свет. Ішлі, ішлі, прымарыліся: селі яны аддыхаць і заснулі, седзючы, а мы, удвох братцы, сталі краскі ірваць: краска за краскай, да й забеглі ў лес. Выбеглі мы на дарогу да і плачам. Ехалі цары, узялі нас, той на сваю павозку, а той на сваю, і вырасцілі нас. А цяпер мы тут стрэлісь, увазналі адзін аднаго!..

Ну, цар угадаў, што гэта яго дзеці, і стаў іх цалаваць:

— Гэта ж,— кажа,— дзеткі, я ваш айцец, а царыца ваша маць.

Ну, выйшла суды і царыца і стала цалаваць дзяцей. От, здзелалі яны бяседу і сталі гуляць. Пасля таго выйшаў цар і з сынамі з сваімі і з жаной прагулівацца. Бачаць, на беразе, на дубу, сядзіць лебедзь. Цар загадаў казакам убіць тую лебедзь Білі, білі яны, не ўбілі. Палезлі на дуба — аж то платок з грашамі.

— А,— кажа цар,— гэта тыя грошы, што мне цар за жану даў. Іх у мяне арол украў!

І сталі яны там жыць-пажываць, гора забываць. Можа й цяпер шчэ там красуюцца пад старасць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 544-550
Крыніца: скан