epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Чароўная скрыпка

Былі ў бабы дзве дачкі, а ў дзеда была адна. Дзедава звалася Леначка, а бабіна была адна Зоська, другая Малгоська. І гэта баба сабралася ісці з імі ў ягады.

— Пойдзем,— кажа,— дзеткі, у ягады.

Пайшлі яны ў ягады. Сваім дочкам яна дала маленькія вядзёрачкі, скарэй ужо ж назбіраць ягад, а дзедавай дачцэ дала вялікае вядро, што ваду насіць. Гэта дзяўчына кажаць:

— Божа ж мой, чаму ж гэта ім такія малыя вядзёркі, а мне вялікае?

— Ну нічога, назбірай,— кажаць мачыха,— не назбіраеш, дамоў не прывядзём, астанешся ў лесе.

Дзед кажаць на сваю Леначку:

— Ты глядзі, не аставайся ад іх, дзе яны як адойдуць, дык і ты за імі, гукай іх, гукай.

Яны ўсё ўцякаюць, па лесе лётаюць, хаваюцца ўсё ад яе, а яна ўсё ходзіць за імі ззаду:

— Зоська, гу-у! Малгоська, гу-у! Адзавіцеся, адклікніцеся, не пакідайце мяне ў лесе адну!

Матка на іх кажаць:

— Паляцім, паляцім па лесе, схаваемся.

Лятала, лятала яна за імі. Што ж, у іх вядзёрачкі маленькія, а ў яе вялікае, нада ж назбіраць, дык яна знайшла палянку ягад, чырвона-чырвона на палянцы. Дык яна кажаць:

— А што ж я буду за імі лётаць, у іх вядзёркі маленькія, яны скора назбіраюць, а я ж буду збіраць тут, што бог ні дасць, заблуджу дык заблуджу, а можа ж і дамоў прыду неяк.

І збіраець яна, збіраець, збіраець. Назбірала поўнае вядро ягад. А тыя ляталі-ляталі — пустыя ж вёдры ў іх. У іх маленькія пустыя, а гэта вялікае назбірала поўнае вядро, дзедава дачка. Што тады бабе рабіць? Стыдна ж. І думаець баба, што зрабіць, каб гэтыя ў яе ягады забраць. Кажаць баба:

— Хадзі, Леначка, пасядзім пад кустком, аддыхнём.

— Да не, пойдзем дамоў, вечар ужо на двары, нада ж нешта і дома парабіць.

Усё дома рабіла яна: і ваду насіла, і дровы насіла ім, і бульбу скрабала. Гэткая дзяўчына была загнаная. Ей толькі дадуць бульбы з шалупінкамі і капусты сырой, яна з'есць, а работа ж была цяжкая. Ну, яна рупіцца дамоў, каб работу тую парабіць. Тады гэта баба кажаць:

— Хадзі, аддыхнём трошкі, хадзі аддыхнём.

Ну, гэта дзяўчынка не хацела, але ж села. Тады яе ўзялі ейныя дочкі за рукі прыцягнулі, пасадзілі.

— Хадзі,— кажаць мачыха,— я табе ў галоўцы пагляджу.

Яна не хацела, але ж ужо падалася, дзе ж дзенешся. Баялася мачыхі. Села і пяець гэта мачыха:

 

Засні, засні, адно вочка,

Засні, засні і другое.

Засні, засні, адно вочка,

Засні, засні і другое.

 

Узяла гэта Леначка і задрамала. Тады яны яе і зарэзалі. Зарэзалі і палажылі пад кустом, закрылі яе лісцем, закапалі. Гэтыя ягадкі яе ўзялі і панеслі дамоў. Панасыпалі свае малыя вядзёрачкі, прыйшлі дамоў. А дзед пытаецца:

— А дзе ж мая Леначка?

Яны кажуць:

— Там яшчэ. Збіраець. Найшла многа, а вядро ў яе вялікае, не можаць назбіраць.

Дзед чакаець, чакаець — няма яе, чакаець, чакаець — няма яе. Прыходзіць, пытаецца:

— Дзе мая Ленка, можа вы яе дзе згубілі, утапілі?

— Не, прыдзець яна зараз.

Чакаець, чакаець дзед, чакаець, чакаець — няма яе. Сядзіць дзед і бядуець, што гэта будзець.

Тады ідзець музыкант, скрыпач ідзець ужо вяселле іграць, падходзіць, а ў яго зламаўся смык, тады ён з гэтага кустка стаў выразаць палачку, каб іграць. Выразаў палачку, смык гэты, і стаў іграць. Яна тады, дзяўчынка гэта:

 

Іграй, іграй, мой музыканцік,

Мяне мачыха загубіла,

Пад кусцікам палажыла

За мае ягадкі.

 

Музыкант думае, што гэта такое ёсць, нешта ж тут не гэтак, чаму гэта яна так іграець. Прыйшоў дахаты, да той вёскі, адкуль дзяўчынка, даець іграць другому музыканту. Другі стаў іграць, нейкі Альфон ці хто. Дык яна:

 

Іграй, іграй, мой Альфонька,

Мяне мачыха загубіла,

Пад кусцікам палажыла

І хварасточкам накрыла,

А мае ягадкі забрала.

 

Гэты кажа, што такое можа быць, не йграецца ні полька, ні вальца, ні мазурка, во гэтак іграецца. У вяселлі ж нада іграць усялякія танцы.

Тады бацька дзяўчынкі кажаць:

— Дай жа мне скрыпку, я пайграю.

Узяў ён іграць, а яна тады:

 

Іграй, іграй, мой татулька,

Мяне шлюбніцы загубілі,

Пад кусцікам палажылі

І хварасточкам накрылі,

Мае ягадкі забралі.

 

Тады бацька кажаць музыкантам:

— Давай заплачу колькі хочаш за гэту скрыпку, давай скрыпку разаб'ём, што гэта тут будзець?

Тады бацька ўзяў скрыпку, музыкант аддаў, як кінуў гэту скрыпку, яна разбілася — стаіць дзяўчынка жывая.

Тады гэта баба як спужалася, дзед як пачаў лупцаваць гэту бабу, як пачаў лупцаваць і Зосю, і Малгосю, збіў, збіў іх. А гэта дзяўчынка і сягоння жывець, а тыя пахварэлі, паўміралі, закапалі іх у ямкі. Няма іх.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 431-433
Крыніца: скан