epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Чавалай

Жыў сабе дзед да баба. І быў у іх сын Іван. Жылі яны дужа бедна. Сам чалавек быў бальшы п’яніца, прапіў сваё ўсё, усякую худобу: і кароў, і коней, і авец, і свіней — усё. І нечым яму ўжо пахмяліцца. От ён і кажа:

— От, калі б хто мне паставіў гарнец гарэлкі, я б яму заставіў свайго сына Іваньку!

Быў там адзін хазяін, жалка яму стала хлопца.

— Аддай ты,— кажа,— яго мне. На табе пяць карбованцаў!

Узяў хазяін Іваньку к сабе. Пабыў там Іванька чатыры гады, увабраўся гадоў у пятнаццаць. От той хазяін і кажа:

— Ну што, Іван П’янішнін сын, ці паняўся ты чаго-небудзь?

Ён кажа:

— Слава богу, знаю ўжо, што мне трэба!

— Ну, калі знаеш, дык ідзі з богам!

Расшчытаўся хазяін, даў яму грошай на дарогу. Іванька падзякаваў і пайшоў. Ішоў, ішоў і сустракае якогась чалавека, нібыццам купца. От той купец і гавора:

— Здароў, хлопчык!

— Здароў, дзедка!

— Адкуль і куды цябе бог нясе?

— Адтуль і адтуль. Іду, ці не найме мяне хто.

— А ты наймаешся?

— Наймаюся!

— Ну, дык наймісь ка мне!

— Ну, дык чаму — можна!

Угаварыліся яны там за колькі і на якое ўрэмя. Харашо! Наняўся ён к яму і стаў служыць. Служыў, служыў — скора казка кажацца, да няскора дзела дзелаецца; скора бабка блінцы пячэ да апару ставе, так і гэта. Праслужыў ён шэсць гадоў. А гэты яго хазяін быў бальшы чараўнік — змей, да шчэ і крывы. От як прайшло шэсць гадоў, хазяін і пытае:

— Ну, што ты, Іван П'янішнін сын, ці паняўся ты чаго-небудзь?

— А цяпер я луч цябе ўжо знаю!

— Ну, калі знаеш луч мяне, дык ідзі сабе шукай другога хазяіна!

Адправіў яго і даў яму, уклаў у торбу бальшую кнігу.

— Глядзі ж,— кажа,— не разгартувай кнігі, а то я там січас буду і з'ем цябе!

А гэтай кнігай ён ды запрасціў яму дарогу. Ну, Іванька падзякаваў яму і пайшоў, куды вочы глядзелі. Ішоў ён, ішоў, ішоў, ішоў — увайшоў у лес. Ходзе ён па тым па лясу, ходзе то туды, то адтуда — усё па адным месту кружыцца. І дужа ён прытаміўся. Хоча есці — есць нечага, хоча піць — піць нечага. Кружыўся ён, кружыўся і прыблудзіўся ён к рацэ. Сеў ён аддыхаць. І раздумаўся, што ёсць у яго кніжка.

— Ах,— кажа,— гэта ж у мяне дзесь кніга ё! Дай-ка пагляджу, што гэта за кніга такая, што ён казаў у яе не глядзець.

От і разгарнуў ён тую кнігу. Толькі разгарнуў — аж як пайшоў скот, як пайшоў скот! Так і валіць! Там і каровы, там і авечкі, там і свінні, і разны скот! І наваліла яго столькі, што і пералічыць нельга. От ён і сам не рады, што разгарнуў тую кнігу.

— Ну,— думае,— што тут дзелаць з гэтым скатом?

Думаў, думаў, нічога не прыдумаў.

— Ну, што ж? Хоць як-небудзь буду жывы: вада ё, а скот буду рэзаць да есці!

Толькі ён гэта сказаў, а тут яго хазяін здзелаўся крывым воўкам і скача.

— Ну, што ж, Іванька П'янішнін сын! Нашто гэта ты кнігу разгарнуў? Я ж табе прыказваў, штоб ты не разгартуваў. А цяпер я цябе з’ем!

Спужаўся Іванька, як Чавалай сказаў: «Я цябе з'ем!»

— Не,— кажа,— не еш мяне, воўча-крывалячча!

— Не, з’ем!

— Не,— кажа,— з’еш лепш маю самую луччую скаціну!

— Не, я цябе з’ем!

— Ну, з’еш,— кажа,— па самай луччай скаціне ўсякага скоту!

Тады Чавалай кажа:

— Ну, вот што. Я цябе не буду есці, калі ты не будзеш жаніцца!

— Ну, як жа мне нежанатаму быць?

— Ну, дык з’ем!

— Ну,— кажа Іванька,— не буду жаніцца!

— Ну, аднача, глядзі: як ногды1 станеш жаніцца, я тады цябе небеспраменна з’ем!

Тады Чавалай зайшоў скату наперад ды як хыркне, дак той скот увесь у кнігу. Згарнуў Іван кнігу і пайшлі. Вывеў яго Чавалай на дарогу і пайшлі: той сабе, а той сабе.

Ішоў, ішоў Іванька і прыйшоў дамоў, к сваім бацькам. Бача, жывуць яны дужа бедна: ні хляўка, ні гуменца. От ён і кажа:

— Ну-тка, тат, ідзі наймай у людзей хлявы да гумны.

Пайшоў бацька, панаймаў колькі там хлявоў ды гумнаў.

Тады Іванька разгарнуў тую кнігу. От скот з яе і пайшоў, і пайшоў: сам поіцца, сам даглядаецца, сам у хлеў ідзе — каровы з каровамі, воўцы з воўцамі, свінні са свіннямі — і так увесь скот. І вот сталі людзі той скот купляць. Яны купляюць, а ён размножуецца. І так гады за тры стаў ён такім багатыром, што о-ё-ёй! Прачуліся людзі, сталі ўжо яго сватаць к сабе. От раз прыехалі к яму сватаць яго, а Іванька кажа:

— Не, не пайду!

Троху пагадзя едуць другія і сватаюць яго. Ён ім кажа:

— Не, не пайду. Мне прыказаў Чавалай, штоб не жаніўся. «А то,— кажа,— я цябе з’ем!»

— О, не,— кажуць сваты,— ё ў нас такія два стралцы, што скрозь іх ні вужака не прапаўзе, ні муха не праляціць, нішто. Не бойся!

— Не, баюсь, не пайду!

— Ну, не пойдзеш, дак не пойдзеш!

Адказаўся ён ад гэтых сватоў, аж чэраз малое ўрэмя прыязджаюць трэція:

— Пайдзі за нас!

— Не, не пайду: Чавалай мяне з’есць.

— Ой, ты гэтага баішся?

— Баюсь,— кажа.

— Ну, не бойся: ё ў мяне два хартовых сабакі — яны не прапусцяць нікога.

— Ну, калі так, пайду!

— Ну, вот, даўней ба ты так. Калі ж вянчацца?

— Ну, будзем у сераду!

Паехалі сваты, а Іванька стаў дажыдаць серады. Даў бог сераду, ён сеў і паехаў к нявесце. А там ужо сабралісь як следуе, схадзілі к папу, дагаварылісь. Запраглі тройку коней, селі на павозку. Толькі хацелі ехаць, аж тут, адкуль ні ўзяўся, бяжыць Чавалай.

— Ну,— кажа,— от цяпер я цябе з’ем!

Толькі хацеў яго есці, а Іванька саскочыў з павозкі да ворчыкавага каня тапаром па гужах! Да ўскочыў на яго, да як пусціцца ён на тым кані. Ехаў, ехаў, ехаў, ехаў, а Чавалай за ім бяжыць назіркам! Беглі, беглі — ён не ўцячэ, а ён не дагоне! Ехаў, ехаў Іванька да й каня ўжо перагнаў. Той конь зваліўся і лопнуў. Саскочыў ён з каня, заплакаў і пабег.

Бег ён, бег, бег, бег — ну, што дзелаць? Убег ён у чароты, у балоты, у такія, што ні сцежачкі, ні дарожачкі, у цямрэць у бальшую. А Чавалай усё за ім бяжыць. От Іванька бег, бег тым чаротам, бача — стаіць хатка. Ён к ёй. Толькі хоча ўвайсці ў яе, а яна і перакружыцца — к яму задам, а к чароту перадам. Ён зайдзе на той бок, а яна зноў перакружыцца к яму задам. Тут ён кажа:

— Хатка, хатка, перакружысь ка мне перадам, а туды задам!

Яна і стала так, як ён сказаў. Увайшоў ён у тую хатку, а там на печцы ляжыць Баба Яга да стогне.

— Зарастуй, бабулька! — кажа Іванька.

— Ох, ох, ох, ох! Здароў, Іван П’янішнін сын! Па гэтых пор тут яшчэ і рускага духу не было. Як гэта цябе бог занёс?

— Да вот, бабулька, такое і такое дзела: за мной пагон — Чавалай гоніцца!

— Ну,— кажа,— не журысь, Іван П’янішнін сын! Я тваё дзела папраўлю. Лажысь,— кажа,— спаць: ё ў мяне такі сабачка, што ў дзевяць вёрст звера пачуе.

— Не, бабулька, я есці хочу!

От яна з печкі злезла, п...ла, стол паддзернула, дала яму піцяння, ядзяння, разнага кушання. Ён харашэнька паядаў і лёг спаць. Спаў, спаў, тут січас сабака і забрахаў. От баба яго і будзе:

— Уставай, Іван П’янішнін сын! За табой пагон бяжыць.

Ужо Чавалай блізка, за дзевяць вёрст!

Устаў Іванька, умыўся; дала яна яму акрайчык хлеба і кажа:

— Толькі не еш гэтага акрайчыка, хоць як будзе хацецца. Бяжы ж ты тудой і тудой: там далей будзе другая мая сястра!

Пабег Іванушка; бег, бег — аж стаіць хатка. Ён к ёй, а яна круціцца. От ён і кажа:

— Хатка, хатка, стань ка мне перадам, туды задам!

Яна стала. Увайшоў Іванька ў хатку — ляжыць на печцы Баба Яга да стогне.

— Здароў, бабка!

— Здароў, Іван П'янішнін сын! Што цябе сюды загнала?

— Так і так, бабка, гоніцца за мной Чавалай!

— Ну, я табе гэту бяду папраўлю. Лажысь спаць: ё ў мяне такі сабачка, што ў шэсць вёрст звера пачуе!

— Ох, не, бабка. Я выбегаўся, дужа есць хочу!

От яна з печкі злезла, п...ла, стол паддзернула, дала яму піцяння, ядзяння, разнага кушання. Ён паядаў і лёг спаць. Спаў, спаў, тут сабака і забрахаў. Яна яго і будзе:

— Уставай, Іванька П’янішнін сын: ужо Чавалай за шэсць вёрст!

Ён устаў, умыўся. Дала яна яму акрайчык хлеба і прыказуе, штоб ён не еў гэтага акрайчыка, хоць як есці будзе хацецца.

І направіла яго да трэцяе сястры. Ён пайшоў. Ішоў, ішоў, прыходзе к трэцяй хаце. Увайшоў ён у яе так жа сама, як у тыя ўходзіў, і знайшоў і там Бабу Ягу.

— Здрастуй, бабулька!

— Ох, ох, ох, ох! Здароў, Іванька П’янішнін сын! Што цябе сюды занясло?

— Такое і такое, бабулька, дзела: гоніцца за мной Чавалай!

— Ну, я цябе навяду на пуць! Лажысь-ка спаць: ё у мяне такі сабачка, што ў тры вярсты звера ўчуе!

— Ох, не, бабулька, я дужа есць хочу!

От яна злезла з печы, п...ла, стол паддзернула, дала яму піцяння, ядзяння, усякага кушання. Ён паядаў і лёг спаць. Толькі задрамаў, аж тут і сабака брэша. От яна і будзе яго:

— Уставай, Іван П'янішнін сын, за табой пагон ідзе, Чавалай ужо за тры вярсты. Да як можна скарэй!

Ён устаў, умыўся. Яна дала яму трэці акрайчык хлеба і хусту.

— Ну, што,— кажа,— бяжы ты сюдой і сюдой, там табе будзе мора. Ты хустай махні, і здзелаецца табе мост. Ты па ім і пяройдзеш на той бок. Тады, як толькі пяройдзеш, махні хустай назад. І мост апяць пабурыцца. Тады як ты ляжаш спаць, пакладзі ўсе гэтыя акрайчыкі на хустку: адзін у канцы галавы, а тыя з абодвых бакоў.

Ён пабег. Бег, бег, відзе — мора. От ён шчэ здалёка махае хустай. І здзелаўся яму мост. Ён чэраз мост і пабег. А Чавалай зусім яго даганяе: ужо сажнях у ста ад яго. Тут Іванька перабег чэраз той мост і махнуў хустай назад. Мост пабурыўся, Чавалай і ўпаў у мора.

Дужа змарыўся Іванька, захацеў ён спаць. От ён разаслаў хусту, паклаў тыя акрайчыкі — адзін у галавах, а два другія з абодвых бакоў — і лёг спаць. Як спаць, дык спаць, праспаў ажна дванаццаць сутак! Прачынаецца, аж стаяць над ім тры бальшыя сабакі.

— Ой, госпадзі, што гэта такое?

Ён думаў, што гэта Чавалай пераплыў чэраз мора. А сабакі кажуць:

— Не бойся, мы не крывы воўк, а мы твае слугі!

— Калі вы мае слугі, дак скажыце, як вас завуць?

Адзін кажа:

— Мяне завуць Вярнігор!

А другі кажа:

— А мяне — Ламікамень!

Трэці кажа:

— А мяне — Ламізялеза! Мы з тых акрайчыкаў, што табе далі тыя Бабы Ягі!

— Ну, калі так, дык пойдзем умесце!

І пайшлі яны ўчацвярых. Ішлі, ішлі, прыйшлі ў адно царства; аж там няма людзей, ні [а]дные душы. Яны ў другое — і там няма нікога, толькі царская сям’я адна. А гэта ўнадзіўся туды змей і павыеў тыя два царствы. Дабраўся ён да самога цара: хоць сам цар ідзі, хоць дачку вядзі. Прыходзе Іван, аж яны прыбіраюць царскую дочар весць туды ў нару змею. Ну, што тут дзелаць? Зжаліўся Івана кажа:

— Ці не можна мне ісці памерацца з ім?

— Не,— кажуць,— з’есць і цябе!

— Ну,— кажа,— з’есць не з’есць, а пайду памераюсь!

От пайшла тая дзеўка туды к нары, сабраўшыся, як на смерць. А Іванька ўслед. Прыходзіць к нары, а там стаяў ля нары слуга. Як ногды хто прыйдзе к нары, дак ён возьме і шыбне ў нару к змею. Убачыў ён, што царэўна ідзе не [а]дна, і ўцёк за гару. Прыйшлі яны к нары. Змей пачуў і крычыць:

— Ну, падавай,— кажа,— рускае гавядла!

А Іван кажа:

— Не, пессяе мяса! Ад’еўся ты, цяпер падавішся!

— Ці гэта ты, Іван П'янішнін сын?

— Я,— кажа,— пессяе мяса. Выходзь сюды!

Тут ён як ляціць прама на Івана, хацеў яго пражэрць, а сабакі тыя верхі на яго, ды як узялі яго шкуматаць! Іванька тады давай ме**чам касіць і скасіў яму адзінаццаць галоў. Змей тады ў нару. А Вярнігор павярнуў гару, улезлі яны туды і давай там біць змея. Білі, білі, змей вырваўся і паляцеў у камянную гару. Падбег Ламікамень і разламаў камянную гару. Убеглі яны туды і сталі зноў біць змея. Тут ён у зялезную гару. Падбег Ламізялеза і разламаў зялезную гару. Сталі яны біць змея. Падскочыў тут Іван і зрубіў яму дванаццатую галаву. Змей і прапаў. Толькі здзелаў ён Іваньку тры раны. Зняла царэўна з сябе шаўковую хусту, парвала яе і ўвярцела яму раны. Пайшлі яны дамоў. Прайшоўшы трохі, селі на лугу аддыхнуць, ведама — замардаваліся.

— Ты, Вярнігор, пакуль мы біліся, аддыхаў, цяпер сцеражы. А мы пасля пабою, от цяпер аддыхнём!

Ляглі яны і заснулі. От царэўна і гавора Вярнігору:

— Лажысь і ты, а ўсё роўна я пасцерагу!

Лёг ён і заснулі на дванаццаць сутак. А слуга ж той падмеціў, што яны спяць, і пайшоў к ім. Стала царэўна будзіць Іваньку, будзіла, будзіла — не ўзбудзіла. Падбег слуга і зняў Іваньку галаву. А сам узяў царэўну і павёў дамоў.

— Ну,— кажа,— калі ты не скажаш, што я цябе збавіў ад змея, дак тут табе і смерць.

Спужалась царэўна:

— Добра,— кажа,— скажу!

А чэраз дванаццаць сутак прачнуліся сабакі. Паглядзяць, аж у Іванушкі галавы нямаш. Вот яны і закрычалі на Вярнігору:

— Мы ж астаўлялі цябе сцярэгці! А ты й не ўсцярог!

Той сабака плакаў, плакаў і пабег. Прыбягае к нары, аж паўзе гадзюка, а ўслед гадзючаня. Ён стаў на гадзючанёнка і хацеў яго разадраць. От гадзюка і стала яго прасіць:

— Не руш майго дзяцёнка, я над ім сем год сядзела!

Вярнігор і кажа:

— А дастань мне вады зрастушчыя і жывушчыя!

Яна папаўзла і прынясла вады. Пайшоў Вярнігор к Іваньку. Памазалі яны яго вадой зрастушчаю — галава зраслася з тулавам; памазалі вадой жывушчаю — Іванька ажывіўся.

— Ах,— кажа,— крэпка я заснуў.

— Крэпка,— кажуць яны,— і не ўстаў ба, калі б не мы!

От усталі яны і пайшлі к цару. Прыйшлі ў горад, зайшоў Іванька з сабакамі к аднаму дзеду. Дзед і кажа:

— Заўтра ў цара абед, царэўна ідзе за слугу, што збавіў яе ад змея.

От Іванька даў сабацы кайсцерку і паслаў яго к цару. Як убачыла царэўна сабаку, наклала яму поўну кайсцерку булак. На другі дзень паслаў Іванька другога сабаку, на трэці — трэцяга. Царэўна і ім панакладала поўны кайсцеркі. Тады пайшоў сам Іванька. Прыйшоў і сеў за адзін стол з старцамі. Стала царэўна сталы абыходзіць, прыглядацца — убачыла Іваньку. Стала яна гасцей частаваць: усім па [а]дной чашцы, а яму дзве; усім па [а]дной чарцы паднясе, а Іваньку — дзве. Убачыў гэта слуга, рассердзіўся і стаў цару жаліцца. От царэўна тады і кажа:

— Татка мой родненькі! Гэта ж во хто збавіў мяне ад змея, а не гэты лакей!

І расказала цару ўсё, што там было. Убачыў цар, што і раны ў Івана ўверчаны ў царэўніну хустку, і вялеў ён таму лакею галаву зняць. А Іван жаніўся на царэўне і сталі сабе жыць да пажываць.

1 Ногды – часам, выпадкам.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 233-240
Крыніца: скан