epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Чэрці і падчарка

Была ў мачыхі падчарка і родная дачка. Адзін раз, у сыботу, мыліся яны ў лазні. Прыйшоўшы дамоў, мачыха паслала падчарку ў прымыльнік прынесці квасу — пасля лазні напіцца. А ў лазні, вядома, кажан раз пасля людзей чэрці мыюцца. Вот падчарка толькі стала чэрпаць квас, аж чэрці і выскакуюць і к ёй і гавораць:

— Скажы нам, дзеўка, ідзе нам дастаць бялёвага халста на сарочкі, з лазні адзецца?

— А што ж вы мне дасцё за тое, што я вам і скажу?

Тады яны прыняслі ёй многа золата, серабра. Яна ўзяла і гаворыць:

— На бялёвы холст многа трэба! Трэба знайсці дужа слаўную аблогу. Тады яе трэба драць, драць... Тады скародзіць, скародзіць... Тады мяшаць, мяшаць... Тады трэба дужа слаўнага семя... Тады трэба яго сеіць, сеіць... Тады пахаць, пахаць... Запахаўшы, яно будзець усходзіць... Тады расці, расці... Тады цвісць, цвісць... Адцвіўшы, будзець спець, спець... Як паспеець, яго трэба браць, браць... Выбраўшы, трэба малаціць, малаціць... Абмалаціўшы, трэба мачыць, мачыць... Як вымякнець, трэба цягаць, цягаць... Выцягнуўшы, стлаць, стлаць... Як выляжыцца, трэба паднімаць, паднімаць... Падняўшы, трэба сушыць, сушыць... Як высахнець, трэба мяць, мяць... Памяўшы, трэба трапаць, трапаць... Патрапаўшы, трэба часаць, часаць... А там астанецца кужаль... Яго трэба прасці, прасці... Тады ткаць, ткаць... Тады бяліць, бяліць... Выбеліўшы, і будзець бялёвы холст!

Толькі яна сказала гэта, а певень і запеў. Чэрці й уцяклі.

Тады яна ўзяла тое золата, серабро, што надавалі ёй чэрці, і пайшла дамоў. Прыйшла дамоў, а мачыха ўжо спіць, рада, што няма падчаркі. Назаўтрага ўстала мачыха, палядзіць — ажны падчарка ляжыць у золаце, у серабрэ.

У другую сыботу паслала мачыха сваю дачку. Чэрці сама ж так выскачылі і к ёй і гавораць:

— Скажы нам, дзеўка, ідзе дастаць бялёвага халста?

— А, на яго ж многа трэба! Трэба пасеяць, выбраць, памачыць, выняць, паслаць, вылежыцца — падняць, памяць, папрасці, выткаць, выбеліць — і будзець бялёвы холст!

Тады чэрці ўхвацілі яе і задушылі, і кінулі на печку.

Матка ждала, ждала дачкі, не спала ўсю ноч — не даждалася. Назаўтрага чуць дзень пабегла ў лазню. Прыбягаець, аж яе дачка задушаная ляжыць на печцы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 251-252
Крыніца: скан