epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Хітрая навука

Быў сабе адзін чалавек, імеў ён многа дзяцей. Так прыйшоў адзін вельмі научны пан, але ён быў надта здалек, так кажа яму:

— Дай мне аднаго тваега сынка на службу, так я яго да ўсяго выучу.

— Добра! — кажа.

Узяў ён яго, пасадзіў да карэты і павёз шасцю коньмі, завёз ён яго ў свой бок і выўчыў яго пераварачывацца ў разныя звяры і пташкі. Так пайшоў яго бацька іскаці, аж знайшоў у первым месце і кажа:

— Глядзі ты, татку, як ты прыдзеш да майго пана, то ён кажа мне, каб я ўпярод перавярнуўся ў голуба, і скажа ён табе: «Калі адгадаеш, каторы твой сын, то я аддам табе, а калі нет, не дам табе сына». А нас усіх галубей будзе дзвенаццаць, то ў мяне будзе на шыі беленькая нітачка.

— Добра.

Прыйшоў ён да гэтага пана і кажа:

— Я прыйшоў па свайго сына.

— Добра,— кажа,— калі пазнаеш, каторы твой, вазьмі сабе, а калі не твой — мой будзе.

Вывеў ён і паказаў дзвенаццаць галубей; паглядзеў ён і пазнаў:

— Гэта,— кажа,— мой сын!

Потым гэты пан казаў пер[а]вярнуцца ім у петухі, але яму ўпярод казаў сын, што я буду петухом і мяне будуць шчыпаці ўсе.

— Добра.

Вывеў дзвенаццаць пар ён і сказаў:

— Каторы твой сын?

Ён бачыць, што адзінаццаць петухоў шчыплюць дзвенаццатага, і сказаў:

— Гэта мой сын!

Потым пан сказаў:

— Перавярніцеся вы ўсе за людзей! — і ўсе ўдруг сталі людзьмі; але сын яму ўпярод сказаў, што ў мяне будзе на шыі беленькая хусціначка — і пазнаў яго бацька:

— Гэта мой сын!

— Добра,— кажа,— вазьмі яго сабе.

Ідуць яны сабе дарогаю і прыйшлі да первага места, дзе быў торг, так сын бацьку сказаў:

— Татку! Я перакінуся за каня, а ты мяне прадай, але, глядзі, абруць вазьмі сабе.

І бачаць людзі, што чалавек продае каня стаеннага, і купіў яго адзін пан, даў яму сто рублёў, а абруць узяў сабе назад. Але ён як прыйшоў дахаты і бачыць, сын ужо дома. Потым сын кажа:

— Татку! Я перавярнуся за вала, і ты зноў прадай мяне.

Перавярнуўся ён за вала, і бацька павёў яго прадаваці, аж пазнаў яго той самы пан, дзе ён быў, і кажа:

— Чалавечку, прадай мне гэтага вала.

— Купі, пан.

Папрасіў ён шэсцьдзесят рублей. Пан от слова даў, але татка не хацеў даці валавода, так ён кажа:

— На так другія шэсцьдзесят рублёў, аддай мне валавод.

Ён і даў яму. Тагды гэты пан надта начаў мучыці гэтага вала. Мучыў, мучыў, а потым павёў да каваля і хацеў падкаваці, але ён як быў прывязаны да кузні, так перабіў кузню, і вол гэты ўцёк і перавярнуўся за зайца, а пан забачыў і перавярнуўся за хорта і пабег за ім. Бег, бег — не дагнаў, і потым заяц дабег да вялікай рэчкі і перавярнуўся за рыбу. Дагнаў пан і перавярнуўся за вялікую рыбу. Так гэты мелкая рыба перавярнулася ў жуковінку, і выйшаў на бераг. Але йшла паненка адна, вельмі пракрасна, і найшла гэту жуковіну і налажыла на свой палец. Пан гэты пазнаў яго і сказаў паненцы:

— Аддай мне гэту жуковінку.

Але паненка не аддала яму, і гэта жуковінка шапнула на ўха паненцы:

— Тагды аддай яму, як ён усенкі стол наложыць грошай.

Яна гэдак і сказала. Так гэты пан насыпаў поўны стол грошай, то яна ўпярод узяла ўсе грошы, панесла да шапы, захавала, як ёй было сказана ўпярод, а потым начала здымаць жуковінку з пальца, і жуковінка ўпала з рук, рассыпалася на дзесяць зёран макавых — і пяць у адзін бок, пяць у другі. Калі адныя пяць зёран паненка нагой затаптала, то тагды гэты пан за петуха і пяць зёран маку з'еў, а як паненка паднесла нагу сваю, то з другіх пяці зрабіўся велькі птак, і гэты птак узяў ды і з'еў петуха. Тагды ён узяў перавярнуўся зноў у чалавека і з гэтаю паненкаю ажаніўся.

І там на вяселлі быў, мёд, віно і гарэлку піў, па барадзе цякло, у рот не папала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 422-424
Крыніца: скан