epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Хорткі

Жыў цар і царыца. І было ў іх сын і дачка. Памёр цар і царыца, а дзеці засталісь. Пажылі яны, пажылі, а тады і пайшлі ў свет. Ідзі, ідзі — стаіць хатка на курыных ножках. У тэй хатцы жыла Баба Юга, зялезная нага. Папрасілісь яны начуваць. Назаўтрага Баба Юга сказала дзеўцы кросны ткаць, а мальцу дровы сеч, ды сама і пайшла, а кату звялела іх сцерагчы. Паходзіць, паходзіць, ды падойдзець пад вакно і пытаецца:

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца! Ці тчэш ты?

— Тку, бабунька, тку!

Яна і пайшла. Пачалі яны тады даваць кату мяса, пачалі прасіць, каб ён іх аслабаніў. Кот даў ім клубочак і хустку і пусціў іх, а сам сеў за кросны. Падыходзіць Баба Юга пад вакно:

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца! Ці тчэш ты?

А кот кажаць:

— Тку, бабунька, тку!

Убегла яна ў хату:

— Нашто ты пусціў іх?

— А! Ты хазяйка, ды мяне так не накарміла, як яны мяне накармілі!..

Уссела яна на ступу, качаргой паганяець, памялом след замятаець. А брат і сястра як выйшлі з хаты, пусцілі клубочак: куды ён коціцца, туды яны йдуць. Ідзі, ідзі — прыйшлі к агнянному мору. Махнулі хусткай — стаў мост. Перайшлі яны па ім чэраз мора, узнова махнулі — мост прапаў. Прыбегла Баба Юга к мору — і не змагла пераехаць. А брат з сястрой пайшлі далей. Ідзі, ідзі — стаіць хатка. Увайшлі яны ў хатку — няма нікога. І сталі яны ў тэй хатцы жыць. Вось раз брат пайшоў на ахвоту, а сястра засталась дома. Аж прыходзіць і к ёй Кашчэй Бяссмертны. Дзеўка спужалася, а ён кажаць:

— Ідзі за мяне замуж, а то заб'ю!

Яна сагласілася. Тады Кашчэй Бяссмертны кажаць:

— Забі свайго брата!

— Як жа мне забіць: ён дужа сільны?

— Як прыдзець ён з ахвоты, дык ты захварэй. Станець ён пытацца: чаго ты? А ты скажы, каб ён прынёс табе звярынага малака. Ён пойдзець і не вернецца!

Вот прыходзіць брат з ахвоты, а яна ляжыць.

— Чаго ты, сястрыца?

— Захварэла, брацец. Вот каб ты прынёс мне, брацец, зайчага малака!..

Пайшоў ён даставаць зайчага малака. Ішоў, ішоў — ажны бяжыць зайчыха з зайчанятамі. Толькі ён злажыўся, хацеў забіць, а яна гаворыць:

— Іван Царэвіч, не бі мяне! Я табе дам малака і зайчанёначка!

Узяў ён малака і хортка. Зайчыха кажаць хортку:

— Што ён табе скажаць, тое й дзелай!

Пайшоў ён дамоў, і харток бяжыць за ім. Аддаў сястры малако, а яна яго за плечы выліла ды кажаць:

— Схадзі ты, брацец, прынясі мне малака лісіччага!

Ён узяў ружжо і пайшоў. Ішоў, ішоў — ажны бяжыць лісіца з лісянятамі. Толькі ён злажыўся страляць, а лісіца гаворыць:

— Іван Царэвіч, не бі мяне: я табе дам малака і дзяцёначка!

Дала яму малака і хортка і прыказала хортку:

— Дзелай тое, што ён скажаць!

Панёс ён тое малако дамоў, і хорткі за ім бягуць. Сястра выліла за плечы і гэтае малако і сказала, каб ён прынёс воўчага малака. Ён узяў ружжо і пайшоў. Ішоў, ішоў, відзіць — ідзець ваўчыха з ваўчанятамі. Ён злажыўся і хацеў у яе стрэльнуць. А яна кажаць:

— Іван Царэвіч! Не бі мяне: я табе дам малака і ваўчанёначка!

Узяў ён малака і хортка. Ваўчыха прыказала хортку яго слухацца. Пайшоў Іван Царэвіч дамоў, аддаў тое малако сястрэ. Сястра выліла яго за плечы і кажаць:

— Прынясі мне, брацец, мядзведжага малака!

Ён пайшоў узноў. Ішоў, ішоў, відзіць — ідзець мядзведзіха з медзведзянятамі. Ён злажыўся і хацеў у яе страляць, а яна кажаць:

— Іван Царэвіч, не страляй у мяне: я табе дам малака і медзведзянёначка!

Дала яна яму малака і хортка і хортку прыказала:

— Дзелай тое, што ён скажаць!

Панёс тады Іван Царэвіч медзвядзінае малако ў двор і аддаў сястрэ. Яна і гэта заліла за плечы ды кажаць:

— Схадзі ты мне прынясі ласінага малака!

Ён узяў ружжо і пайшоў. Ідзі, ідзі — аж бяжыць ласіца з ласянятамі. Ён злажыўся і хацеў у яе стрэльнуць. Тады яна гаворыць:

— Не страляй у мяне, Іван Царэвіч: я табе дам малака і дзяцёначка!

Ён узяў малака і хортка. Ласіца прыказала хортку:

— Што ён скажаць, тое дзелай!

Панёс ён ласінае малако ў двор, а сястра і яго так жа сама выліла за шыю.

— Ідзі,— кажаць,— брацец, прынясі мне малака лявінага!

Пайшоў ён, відзіць — бяжыць лявіца. Толькі хацеў ён яе забіць, а яна кажаць:

— Іван Царэвіч! Не бі мяне: я табе дам малака і дзяцёначка!

Узяў ён малака і хортка і пайшоў у двор. Узяла сястра лявінае малако і пасылаець яго за смаляковым малаком. Ён узяў ружжо і пайшоў. Ідзі, ідзі — аж бяжыць смалячыха. Ён хацеў яе забіць, а яна кажаць:

— Не бі мяне, Іван Царэвіч; я табе дам малака і дзяцёначка!

Дала яму малака і дзяцёначка, прыказала, каб ён дзелаў усё, што скажаць Іван Царэвіч.

Стала цяпер у яго семяро хорткаў, і яны яго слухалісь і ўсюдых за ім хадзілі. Як прынёс ён ад смалячыхі малака, сястра відзіць тады, што звяры нічога яму не здзелаюць. І паслала яна яго ў такі пруд, што чэрці мелюць на дванаццаць камянёў, набраць за паследнім каменем ілу. Узяў Іван Царэвіч сваіх хорткаў і пайшоў. Ідзі, ідзі, ідзі, ідзі — роўна тры гады: сам прагаладаўся і хорткі яго. Пайшоў ён з хорткамі ў пруд за дванаццаць дзвярэй, нагроб за дванаццатым каменем таго ілу і пайшоў. А хорткі яго ліжуць ды ліжуць іл — вядома, галодныя — і не ўбачылі, калі пайшоў іх хазяін. Толькі ён выйшаў, аж усе дванаццаць дзвярэй і зачыніліся, і хорткі яго там асталіся... Паплакаў ён, пагараваў і пайшоў у двор, панёс іл сястрэ. Прыйшоў, аж Кашчэй Бяссмертны з сястрой сядзяць за сталом. Тады Кашчэй кажаць:

— Ну, Іван Царэвіч, пара цябе з'есць!

— Як ты будзеш мяне есці: я за тры гады закапцеў. Лепі вытапі лазню — я памыюся, тады і з'ясі!

— Ну, ідзі, тапі!

Іван Царэвіч пайшоў і затапіў лазню. Аж ляціць крук і крычыць:

— Кру, кру! Іван Царэвіч! Тапі, тапі ды пагась! Твае хорткі з пруду дзяруцца: ужо чацвяро дзвярэй праламілі!

Вот Іван Царэвіч топіць, топіць ды й пагасіць. Толькі адляцеўся крук, а Кашчэй Бяссмертны крычыць:

— Іван Царэвіч! Ці гатова лазня?

— Не, яшчэ камення не садзіў!

— Ну, тапі скарэй!

Тады ляціць другі крук і крычыць:

— Кру, кру! Іван Царэвіч, тапі, тапі ды пагась: твае хорткі яшчэ чацвяро дзвярэй праламілі!

Толькі крук адляцеўся, прыйшоў Кашчэй Бяссмертны:

— Іван Царэвіч! Ці гатова лазня?

— А толькі яшчэ камення ўсадзіў!

— Ну, тапі скарэй!

Іван Царэвіч топіць, топіць ды й пагасіць. Ляціць трэці крук:

— Кру, кру! Іван Царэвіч! Тапі, тапі ды растаплівай: твае хорткі паследнія дзверы ламаюць!

Ён стаў растапліваць: растапіў жарка, аж прыходзіць Кашчэй Бяссмертны:

— Ну, хадзі ў лазню, я ўжо цябе і так доўга жду!

Толькі ўвайшлі ў лазню — аж бягуць хорткі! Іван Царэвіч узрадаваўся:

— Слугі мае верныя! Слугі мае дарагія! Бярыцесь-ка за яго! Ты, воўк, з зайцом ды з лосем старайцеся дроў! А ты, мядзведзь, бяры-ка дубінку-драчун, каці-ка па ім! А ты, лісіца — хітрая маладзіца, старайся ўгаркоў — печ затапіць! А ты, леў, Кашчэя ў трубачку звярці ды ў печ укінь! А ты, смаляк, аддыхай!

Січас дроў пастаралісь, угаркоў пастаралісь, растапілі печку. А дубінка-драчун тым часам каціць па Кашчэю! Як толькі печка добра растапілася, дык леў звярцеў Кашчэя ў трубачку і ў печ укінуў...

Пайшоў тады Іван Царэвіч к сястрэ. А Кашчэй сказаў ёй:

— Калі мяне твой брат заб'ець, дык пайшчы мой клык, ды калі ляжыць ён спаць, ты падлажы яму клык пад голавы. Ён тады памрэць!

Вот, як толькі прыйшоў Іван Царэвіч у двор, яна пабегла ў лазню і ўзяла клык. Узвярнуўшысь, дала брату есці, а тады паслала яму пасцелю і падлажыла пад голавы клык. Іван Царэвіч пад'еў сам, накарміў хорткаў, і ляглі яны спаць. Як лёг Іван Царэвіч на пасцелю, клык нагрэўся і ўвяз у галаву. Ён і памёр. Прачнулася лісіца, аж відзіць: іх хадзяін няжыў. Узбудзіла яна другіх хорткаў і кажаць:

— Вы тут глядзіце яго, а я схаджу вады гаючыя і жывучыя!

Пайшла лісіца, а хорткі сядзяць ды плачуць. Зайчык сеў плакаць ля галавы — і ўвідзеў клык. Стаў ён яго лізаць — клык нагрэўся ды зайцу ў лоб. Іван Царэвіч аджыў — зайчык памёр. Стаў зайца лізаць воўк. Клык нагрэўся ды воўку ў лоб. Зайчык аджыў — воўк памёр. Стаў воўка лізаць мядзведзь — клык нагрэўся ды яму ў лоб і забіў, а воўк аджыў. Стаў лось лізаць мядзведзя — клык яго забіў. Стаў леў лізаць лося — клык сагрэўся ды яму ў лоб: ён памер, а лось аджыў. Аж прыбягаець лісіца. Хорткі к ёй:

— Ну, лісічка — хітрая маладзічка, аджыві цяпер ільва!

Лісіца ўзяла ды стала церці ільва па лобу канцом хваста.

Клык сагрэўся ды лісіцы па хвасту! Ды толькі валосся зачапіў і нічога не здзелаў. А леў аджыў. Тады Іван Царэвіч кажаць:

— Ты, воўк, старайся з зайцом ды з лосем дроў! А ты, лісіца, старайся ўгаркоў! А ты, мядзведзь, бяры-ка дубінку-драчун, каці-ка па ёй! А ты, леў, у трубачку скаці ды ў печ укладзі! А ты, смаляк, аддыхай!

Так ён і спаліў сястру! Пайшоў тады Іван Царэвіч, падпаліў сваю хату, а сам пайшоў у свет. Ідзі, ідзі, ідзі, ідзі — аж відзіць, ідзець ля мора царская дачка Мар'я і дужа плачаць. Тады ён спрасіў:

— Чаго ты плачаш, Мар'я Царэўна?

— Як жа мне не плакаць: улюбіўся ў мяне змей а шасці галавей. Або з ім жаніцца, або на гэтым свеце не жыць!

— Ну, не плач, Мар'я Царэўна: можа я з ім спраўлюсь!

Пайшоў Іван Царэвіч к мору, стаў над морам і жджэць. Аж ляціць змей а шасці галавей. Як толькі ён прыляцеў, Іван Царэвіч кажаць:

— Воўк, старайся дроў! А ты, лісіца, старайся ўгаркоў! А ты, мядзведзь, бяры-ка дубінку-драчун, каці-ка па ім! А ты, смаляк, у трубачку скруці ды ў печ укладзі! А ты, леў, аддыхай!

Січас пастараліся дроў, угаркоў і затапілі печ, а смаляк скруціў змея ў трубачку ды толькі хацеў укінуць у печ, аж увідзелі яны харошы камень. Іван Царэвіч кажаць:

— Ты, леў, падымі камень!

Леў падняў, а смаляк падсадзіў змея пад камень. Тады Мар'я Царэўна пайшла дамоў, а Іван Царэвіч з хорткамі стаў аддыхаць. Выспаўшыся, пайшлі яны к цару. Завёў Іван Царэвіч хорткаў у сад царскі і сказаў, каб яны ляглі пад агрэстам, а сам пайшоў наняўся за садоўнічага. Раз прышлося Мар'і Царэўне гуляць па саду і ўвідзела яна гэтых хорткаў пад агрэстам. Пабегла яна тады і к цару і сказала, што відзела тых самых хорткаў, што адратавалі яе ад змея. Цар січас пазваў усіх садоўнічых і спрашыець:

— Чые гэта хорткі пад агрэстам?

Ніхто не прызнаўся. Тады цар кажаць:

— Ну, калі так, дык я павешу іх!

Пажалеў Іван Царэвіч сваіх хорткаў і прызнаўся, што гэта яго хорткі. Цар тады пажаніў яго з сваёй дачкой Мар'яй Царэўнай. На тым вяселлі і я быў, мёд-віно піў, па вусам цякло, а ў рот не папала. Далі мне чапялу, я пабягу па сялу; далі мне цмык, я пад вароты шмык; далі мне скавароду, я пабег па гароду.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 142-148
Крыніца: скан