epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Чорт злодзей

Жыў сабе дзед да баба. Жылі яны пры бальшой беднасці. Калі выпрасяць у каго зярнят, змелюць ды папалам з попелам спякуць прасначок — аб тым і жылі. Вот раз пайшоў дзед у поле, узяў з сабой сваю шаўлюгу і пянькі ўзяў. Паехаў і стаў араць. Араў, араў, захацеў ён есці. Тады ён выпраг сваю шаўлюгу, пусціў шаўлюгу на луг, а сам сеў на ўзмежку і стаў з пянькі вяроўкі віць. Віў, віў, ажны прыносіць баба яму прасначок. Палажыў дзед кала сябе прасначок, стаў канчаць вяроўку, ажны выскакуець чорт і схапіў прасначок. Дзед зір — няма прасначка! Палядзіць — аж чорт пабег у балота. Дзед за ім.

Увайшоў ён у палацы ў красівыя, ажны там дужа многа чарцей. Прыйшоў дзед к старшаму чорту і спрашыець:

— Дзе мой прасначок?

А ён кажаць:

— Шукай у маладых чарцянкоў, бо стары гэтым занімацца не будзець!

Дзед кажаць:

— Разявайце раты!

Як разінулі, ён і ўвідзеў свой прасначок у чарцянка ў роце.

— Во,— кажаць,— мой прасначок!

Тады старшы чорт гаворыць таму чарцянку:

— Нашто ты гэта здзелаў? Яны й так бедны! Вазьмі, дзед, яго служыць к сабе, хай адслужыць!

— Куды я яго буду браць? Што ён будзець у мяне дзелаць, мне самому ес[ц]ь нечага!

Ну, але-тку ўзяў — добра, думаець, дроў у лес з'ездзіць!

Прывёў яго дамоў. Дасталі яны сабе жменьку жыта. Ён кажаць:

— Давайце мне малоць!

— А не, мы самі змелем, нам самім нечага дзелаць!

— Не, давайце!

Аддалі яму малоць. Ён малоў, малоў, ужо і хлеб замясілі, а ўсё поўны жорны мукі. Сталі яны яе ў засек сыпаць, сыпалі, сыпалі і насыпалі повен засек. Тады яны думаюць сабе: «Дадзём яму малоць і пшаніцы жменьку!»

Дасталі жменьку пшаніцы ў суседзей, стаў ён яе малоць і намалоў поўны засек пшонныя мукі. Дасталі яны тады жменьку ячменю; ён і з тые жменькі намалоў поўны засек ячменныя мукі. Жывець дзед із бабай ужо ладна!

Сталі яны тады зямлю пахаць. Чарцянок тэй туды-сюды павярнуўся — усё поле і спахаў.

— Што цяпер, дзед, будзем дзелаць? Возьмем у пана іздзельна ляда высеч ды пасеем пшаніцы!

Узялі яны ляда. Ён яго за дзін дзень рассек, узараў і пшаніцу пасеяў. Зарадзілася пшаніца добрая. Сталі дзяліць. Гэты жа чарцянок кажаць дзеду:

— Няхай пан возіць вазамі, а я табе буду насіць ношкамі.

Пан сабе думаець: «Што то воз, а што то ношка! Усё-тку воз большы!» Ну, выслаў ён коней. Пан жа ўзяў з поля дзесяць вазоў, а тэй засіліў усё астальное ды пацёг.

Тады ён гаворыць дзеду:

— Ну, дзед, паедзем у дровы!

Прывёў дзед яго к лазе, а чорт кажаць:

— Не, я гэтых дроў сеч не буду, пакажы мне тоўстых!

Прывёў дзед яго ў бор.

— Ну,— кажыць,— цяпер ідзі сабе ў двор, я й без цябе ўпраўлюсь!

Пайшоў дзед дамоў, а чорт наваліў калод з карэннем, наклаў на шаўлюгу дроў, чуць не пад неба, сеў на воз і вязець, ды так вязець, што і чацверыком не дагоніш! Едзець пан на чацверыку і прыстаюць коні. Ён тады, тэй пан, гаворыць:

— Давай мяняць коней!

Чорт кажаць:

— Давай!

Памянялі яны коней і паехалі. Прыязджаець ён і к дзеду на чацверыку:

— Эй, дзед, адчыняй вароты, вязу дровы!

Адчыніў дзед вароты, бачыць чацвярык коней.

— Што ж ты,— кажаць,— прыехаў на чацверыку — у мяне ж сена няма!

Пайшоў тады чорт ік пану малаціць, сена зарабляць. На біцюк узяў бервяно, на цапілна ўзяў балку і стаў малаціць — сыйчас усё й памалаціў. Пайшоў к пану:

— Паночак, я памалаціў. Калі будзеце ласкавы, дайце мне румку гарэлкі!

Пан узрадаваўся:

— А йдзі, міленькі, у склеп! Там гарэлка стаіць і закусіць ёс [ц] ь чым!

Чорт пайшоў, папіў гарэлку, паеў хлеб, сыр, ветчыну і прыходзіць к пану:

— Дзякуй, паночак, выпіў, закусіў. Ці не далі б мне ношачку сена?

— А вунь там у лесе, за ракой стаіць стог. Ідзі, наскубі сабе ношку.

Чорт прыйшоў, узяў стог абматаў вяроўкамі і панёс, і відзеў войт:

— Ах, паночак, вы казалі ношку наскусць, а ён увесь стог павалок!

— Ах, каб яго! Выпусціце на яго двох быкоў бадлівых, хай яго забадаюць!

Выпусцілі двох валоў, а чорт тых валоў за вушы, ды на стог і панёс!

— Ах, каб яго! Пусціце скарэй двох парсюкоў, хай яму лыткі абарвуць!

Пусцілі парсюкоў. Ён і тых за вушы, да на плечы і панёс. Прыносіць, сена на дварэ пастнавіў, а быкоў і парсюкоў у хлеў загнаў. І стаў дзед жыць па-хадзяйску. Праслужыў чорт год і кажаць:

— Дзядулька, адпраў мяне дамоў!

— А йдзі, маё дзіцятко, з богам!..

Тады чорт апяць кажаць:

— Дзядулька, пусці мяне дамоў!

— Да йдзі ж, маё дзіцятко, з богам!

Чорт тады ўзнова спрашыець:

— Пусці мяне, дзядулька, дамоў!

А дзед як рассердзіцца:

— А йдзі ты,— кажаць,— к чорту!

Ён тады зарагатаў і пабег.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 525-528
Крыніца: скан