epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Чортавая маць

Жыло сабе так два браты: адзін быў багаты, а другі бедны, ён яго і за брата не счытаў. Вот і злучылася ў багатага вяселле. Пазваў ён і яго на вяселле; толькі счот тэй, што пазваў!

Ну, бедны, як ні стараўся, выстараўся хлебец і пайшоў к яму на вяселле. Прыйшоў да й стаіць у парозе, а багатыр частуець гасцей і не глядзіць на брата. Бедны падышоў, пацалаваў яму ў руку і гаворыць:

— Прымі, брацец, мой хлебец!

А ён гаворыць:

— Ідзі к чортавай мацеры!

Ён заплакаў і пайшоў дамоў к бабе і гаворыць:

— Паслаў мяне брат чортавы мацеры іскаць!

Узяў ён тэй самы хлебец і пайшоў. Ішоў, ішоў, прыйшоў у лес. А там стаіць хатка. Ён прыйшоў у хатку, а там баба.

— Чаго ты прыйшоў сюды?

— А чаго ж? Паслаў мяне брат чортавы мацеры іскаць!

Яна кажаць:

— А я сама ёсць чортавая маць!

Аддаў ён ёй хлебец, яна яму і гаворыць:

— Ну, ідзі ж к мору, а там абярнутых тры лодкі. Ты падлезь пад лодку і слухай, хто што будзець гаварыць!

Ён пайшоў, падлез пад лодку і сядзіць. Ідуць тры пары чарцей. Первая пара гавораць:

— Вот я сянні здзелаў штуку: у царскія дачкі жаба!

— А як бы гэта направіць?

— А вот як: узяць падняць у мосце доску, масніцу, а там лягушка караватая. Узяць яе, раздзерці і вымазаць язык. Яна і паправіцца!

А другая пара гавораць:

— А я здзелаў штуку: пруд малоў на сем камянёў, а цяпер стаў і не мелець.

— А як яго направіць?

— А вот як: узяць кол асінавы і ўдарыць аб камень, і пойдзець малоць!

А трэцяя пара гавораць:

— А я штуку здзелаў: вада, дзе была — у рэчках, вазярах, у балотах — усюдах перасохла!

— А як яе направіць?

— А там на полі стаіць куст лазовы. Узяць за віхор яго калануць, і пойдзець вада!

Даў бог дзень, вылез ён з-пад лодкі і ідзець. А тут за дахтарамі ездзяць, шукаюць, хто б вылечыў царэўну. Ён і гаворыць:

— Я дам рады!

Тут яго сыйчас узялі, прыставілі к цару. Ён падняў масніцу, там сядзіць лягушка караватая. Ён узяў яе, раздзёр і вымазаў язык. Яна і паправілась. Далі яму платы, сколькі яго змога, і запраглі тройку лашадзей і вязуць яго. А тут ходзяць, плачуць...

— Чаго вы тужыце?

— Да во пруд малоў на сем камянёў, а цяпер стаў.

— Ну, я напраўлю!

Узяў кол асінавы, як даў па камяню, і пайшло малоцца. Заплацілі яму і тут харашо. Едзець ён дальшы, а тут уміраюць без вады.

— Ну,— кажаць,— пастой, я напраўлю!

Пайшоў на поле, а там стаіць куст лазовы. Ён узяў яго за віхор, як калануў — і пайшла ўсюдах вада. Яму й там заплацілі добра. Прыехаў ён дамоў і стаў багаты.

А тэй жа багатыр пазавідаваў яму і так жа сама пайшоў к мору і падлез пад лодку. Прыляцелі чэрці і гавораць:

— Вот, братцы, мы што паддзелалі, нехта й пааддзелаваў. Ці не быў хто тут?

Адвярнулі лодку, а там багатыр ляжыць. Яны яго й расцярзалі на частачкі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 445-447
Крыніца: скан