epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Цудоўная дудка

Жыў сабе дзед ды баба. Было ў іх тры сыны: два разумных, а трэці дурак. Вот, як бацька састарыўся, сабраў ён сваіх сынаўёў к сабе і кажыць ім:

— Вот, дзеткі, я стар ужо. Калі я памру, дык хто на маёй магілцы пераначуіць, тэй уловіць залатога вапярка!

А гэты вапярок царскі сад рыў, і цар абяшчаў таму вялікую награду, хто гэтага вапярка ўловіць. Вот памёр іх бацька. Тады яны схавалі яго на могільніку ў магілцы і сталі хадзіць пачародна на магілку начаваць. Пайшоў перва большы сын начаваць. Прыйшоў ён на могільнік і сеў пад бярозкай. Сядзеў ён, сядзеў — у самую поўнач закалацілася зямля. Ён спужаўся і пабег у двор. Прыбег у двор, і пытаецца яго жонка:

— Ці пераначаваў?

— Не!

— А што?

— Ды зямля закалацілася, я чуць уцёк адтуль!

На другую ноч пайшоў сярэдні сын. І сярэдні сын так жа: зямля закалацілася, ён не ўце**рпеў і ўцёк у двор. На трэцюю ноч пайшоў дурачок начаваць. Узяў ён з сабой мяшок і пайшоў. Прыходзіць на могільнік, абабраў сабе места пад бярозай і сеў пад бярозкай начаваць. А гэтая бяроза стаяла над бацькінай магілкай. Сядзеў ён, сядзеў, у самую поўнач закалацілася зямля. Відзіць ён — бяжыць вапярок, залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка. Вот ён бяжыць, гэты вапярок, прама к дурачку. А ён расставіў мяшок ды як дас[ц]ь вапярку даўбешкай, вот ён і ўскочыў у мяшок. Ён завязаў мяшок і панёс у двор. Нёс ён, нёс, ідзець яму наўстрэчу большы брат.

— Што ты нясеш, дурак? — пытаецца ў яго.

— А якое табе дзела, разумны? Вапярка нясу!..

Тады большы брат адабраў у яго даўбешку і забіў яго, выкапаў ямку і захаваў. А вапярка панёс к цару. Прынёс і кажаць:

— Здраствійце!

— Здароў, што скажаш?

— А прынёс я вам звярка таго, што ў тваім садзе рыў!

Цар рад, засадзіў яго за стол, пачаставаў яго, даў яму сколькі до грошай — наградзіў яго. Пайшоў разумны дамоў, рад ён. Прыходзіць дамоў, расказуець, як цар яго наградзіў — і жонка рада, і дзеці рады. І сталі жыць. Так яму тое і мінулася; аб дурака і забылісь.

Сколькі ўрэмя прайшло, прыгналі пастухі статак на тое места, ідзе дурак схаван. А на том месце, ідзе дурак ляжаў, турасцінка. Пастухі зрэзалі яе і здзелалі пасвірэль і сталі іграць. Ігралі яны, ігралі, чуюць голас із пасвірэлі:

— Іграйце, іграйце, мае пастушкі! Мяне брат тут забіў за залатога вапярка!

Дзівяцца пастухі, што гэта ёс[ц]ь? Ідзець падарожнік. Пастухі далі і яму пайграць. Іграў, ён іграў, і яму тое кажаць. Дзівяцца яны, аж ідзець цар. Далі яны цару пайграць. Стаў ён іграць і чуець голас з пасвірэля:

— Іграй, мой паночак, іграй! Мяне брат тут забіў за залатога вапярка!

Дагадаўся цар, што яго абманіў тэй большы брат. Сычас яго вялеў узяць, і прэдалі яго смерці.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 438-440
Крыніца: скан