Было ў бацькі тры дачкі; пайшлі на рэчку бялізну мыць. Ехаў каралёў сын.
Адна кажа:
— От, каб я за каралёвага сына пайшла, то б я адной голкай [у]весь двор абшыла.
Другая кажа:
— Каб я за каралёвага сына пайшла, то б я адной булкай [у]весь двор абкарміла.
А трэцяя кажа:
— Каб я за каралёвага сына пайшла, то б два сыны прывяла: на лбе па месяцу, у патыліцы па звёздачцы.
Прыехаў кароль да тае, што казала: «Два сыны прывяла б»!
Дык яны жывуць гадок, другі, стала яна ў ценжы. Паехаў круль і прыказывае мацеры:
— Што бог дасць жонцы, то няхай гадуе.
Ад'ехаў ён міль дваццаць, дак бог даў жонцы дзіця, прывяла яна два сыны: на лбе па месяцу, на патыліцы па звёздачцы. Напісала жонка карту, што бог даў два сыны: на лбе па месяцу, на патыліцы па звёздачцы. Парабак панёс карту да яго і зайшоў да яе сястры начаваць і не ведаў, што яго пані сястра. Лёг ён спаць, дак яна ўзяла да й адкрыла карту, тое скасавала, што было напісана: на лбе па месяцу, на патыліцы па звёздачцы, і напісала, што не уж, не гад — не знаць што прывяла. Той чалавек даганіў круля, падаў ліст. Ён прачытаў.
— Што ёй бог даў, то няхай не трацяць без мяне.
Ужо назад ён ішоў і зайшоў туды зноў начаваці; яна ўзяла зноў лісты, адкрыла і тое скасавала, што ён напісаў, і напісала, пакуль ён вернецца, каб пахаваць тыя сыны.
Як ён прыйшоў, каралева жана перачытала і стала плакаць: ёй жаль было тыя харошыя сынкі пахаваць.
На дварэ выкапала дзве магілкі і пахавала; выраслі два явары — залатая галінка і срэбраная. Прыехаў круль дахаты і адправіў за тое, што пахавалі без яго. Паехаў ён жаніцца да другой, да жонінай сястры. Жывуць яны, дак яна кажа то:
— Мой мужу найяснейшы! Каб мы гэтыя явары ссеклі да зрабілі ложко сабе.
[І стала яна спаць і стаў ёй ценжар рабіцца. Так яна кажа]:
— Ах, мужу мой найяснейшы! Пасячом мы гэта ложко і спалім, а попел на дарогу высыпем.
Гнаў пастух авечкі, адна аўца забегла і попелу ўхваціла, прывяла два бараны: на лбе па месяцу, на патыліцы па звёздачцы. Дак яна знелюбіла тых бараноў, вялела парэзаць і кішкі на уліцу выкінуць. Першая жонка выйшла, кішкі падабрала, зварыла і з'ела і стала ў ценжы і прывяла два сыны: на лбе па месяцу, на патыліцы па звёздачцы.
Дык тыя сыны растуць, дак растуць і шапачкаў не знімаюць. Дак круль захацеў, каб хто [і]шоў байкі баяць, дак там сказалі:
— Ес[ц]ь два браты, яны ўмеюць байкі баяць.
Дак яны прыйшлі байкі баяць. Сталі баяць байку:
— Быў сабе круль з кралеўнаю; прывяла кралеўна два сыны: на лбе па месяцу, на патыліцы па звёздачцы. После круль паехаў на паляванне, і напісала каралеўна карту і паслала. Чалавек зайшоў нанач да сястры; яна ўзяла, адкрыла карту і напісала, што не уж, не гадзіна — не знаць што прывяла кралеўна. Круль, прачытаўшы, адпісаў, што няхай гадуюцца ці уж, ці гадзіна. Чалавек, [і]шоўшы дадому, ізноў туда зайшоў, дзе начаваў. Яна адкрыла і напісала, каб пахавала да майго прыезду. Дак яна (маці) выкапала дзве ямы-магілы і закапала, і выраслі два явары — залатая галінка і срэбненкая. Яна (новая жонка) пацялася, каб пасеч і ложко зрабіць. І стала яна спаць і стаў ёй ценжар рабіцца; яна вялела гэта ложко пасеч і спаліць і на двор попел выкінуць. Пастух авечкі гнаў, адна авечка попелу захваціла і стала котная, прывяла два бараны: на лбе па месяцу, на патыліцы па звёздачцы. Каралеўна вялела тыя бараны парэзаць і кішкі на уліцу выкінуць; яна (першая жонка) выйшла на уліцу, кішкі падабрала, прынесла ў хату, зварыла і з'ела і ў ценжы стала, прывяла два сыны: на лбе па месяцу, на патыліцы па звёздачцы.
Хлопчыкі гэтыя скланіліся да шапачкі знялі, так і засвяцілі [ў]весь пакой.
Другую жонку на жалезную барану расцягалі, а першую круль узяў і сталі жыць.