epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Да чаго зайздрасць давяла

Быў сабе дзед удавец ды й то меў адзінютку дачку, да то ажаніўшыся, узяў старую ўдаву з дачкою. Дзедава была вельмі пекна, а бабіна надта брыдка. Так яна аднаго разу настала, канешне, на дзеда, каб ён сваю дачку страціў дзеля таго, каб дзедава ўпярож замуж не пайшла.

Плакаў дзед па том, плакаў, але з бабаю нішто зробіш, так то ўзяў сваю дачку за руку ды й павёў у цёмны лес. Асёж у том лесе стаяла старэнька хатка, так увёў ён яе ў тую хатку, асёж там сядзіць певень пад печчу ды й кошка на пячы. Так то ўвёўшы яе, стаў умаўляць:

— Будзь ты, донько, тудака, а я пайду дрова сеч, а як насяку, то пойдзем тады дахаты.

Так то пайшоў у лес ды й то прырабіў такую доўбню да пня, так яна ўсё ляпала ды й ляпала: донька думае, што дрова сячэ, а ён ужэ даўно дома. Жджэ, пажджэ бацька, ужэ ёй і есці захацелася, асёж знайшла яна на паліцы ў лапіне некіхсьці за жменю грэцкіх круп, так наварыла кашы ды й пачала есці, асёж певень пад печчу:

— Кукарэкуу! Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, дай ложачку кашы, я табе стану ў прыгодзе!

Так яна, зачарпаўшы, кінула. Асёж зноў кот на пячы:

— Мяў, мяў, дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, дай і мне ложачку кашы, я табе стану ў прыгодзе!

Дала яна і таму. Асёж бяжыць мышка па прывалку:

— Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, дай і мне ложачку кашы, я табе стану ў прыгодзе!

Яна і ёй дала. Як павячэралі, давай яе каток з мышкаю навучаць:

— Зачыняй жа ж ты цяпер добра дзверы, бо зараз прыйдзе сюды мядзведзь, а то будзе злы дух, то помні, як пачне клікаць, каб ты яму а(д)чыніла дзверы і пайшла з ім скакаць, так ты яму дзвярэй не а(д)чыняй, анно скажы так: «Я па ігрышчах не хаджу, не маю ў чом скакаць, прынясі мне чаравікі, панчохі, подвязкі, засцяжкі, то сёе, то тое», анно ж не кажы яму ўсё за раз, да кожну рэч з асабліва.

Як яны навучылі, так то дзеўка і зрабіла. Пасылала яна мядзведзя па ўсялякія ўборы, асёж ужэ як прынёс ёй апошнюю рэч, та(г)ды певень: кукарэкуу! — мядзведзь знік, а дзеўка з усею адзежаю засталася.

Ну, так то як развіднела, яна то ўбраўшыся ў тое ўсё, пайшла дахаты. Так то баба, угледзеўшы дзедаву дачку, пазавідавала надта ды й давай прасіць дзеда, каб на другую ноч яе дачку туда завёў. Ну, так ён і завёў. Яна, выпраўляючы, дала ёй з сабою круп, скаромнага, солі, усяго чыста. Прыйшоўшы да тае хаты, дзеўка наварыла кашы, сама села ды й есць, асёж певень пад печчу лоп! лоп! крыламі:

— Кукарэкуу! Дзеўко-дзявіцо, дай ложачку кашы!

А яна:

— А каб цябе каршак заеў! Якраз гэта я для цябе і наварыла гэтакае смачнае кашы!

Так зноў кот на пячы:

— Мяў! Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, дай ложачку кашы!

— Трасцу табе ў бок,— кажа,— я і сама з'ем!

Так зноў бяжыць мышка па прывалку:

— Дзеўко-дзявіцо,— просіць,— русо касіцо, дай ложачку кашы. Я табе стану ў прыгодзе!

— Не дажджэш,— кажа,— каб я табе давала, я не зьля це наварыла!

А сама ўсё тую кашу аплятае.

Павячэрала яна, легла спаць, асёж прыходзіць мядзведзь у глухую поўнач:

— Дзеўко-дзявіцо,— кажа,— а(д)чыні дзверы, пойдзем з табою танцаваць!

А яна яму на тое:

— Я не маю ў чом танцаваць, я не маю ўбораў! — ды й расказала яму ўсё за раз, што ён мае прынясці.

Ён як бачыш пайшоў, усё папрыносіў. Яна ўжэ такая рада, увабралася ды й то пайшла з ім у танец, а мядзведзь як яе завінуў кала се, так і косці рассыпаліся.

Баба ўжо рана пячэ бліны, дачкі ждучы, асёж сучка, седзячы на прызбе:

— Дзяў, дзяў! Дзедава дачка ў сукнях ходзіць, бабінай дачкі косці параскіданыя ляжаць!

А баба, прыслухаўшы тое, як пусціць на сучку блінам, так і ножку перабіла. Сучка зноў сваё пачынае, так яна зноў другім, так трэцім і ўсе тры ножкі паперабівала. Баба ўхожку ўхадзіла, а дачкі як німа, так німа. Ну, німа што, пайшла ўжэ сама (г)лядзець. Прыходзіць да тае хаткі, асёж праўда! Так тыя косці ў кашэль ды й ідзе плачучы назад дахаты, ды й то ўзяўшы тыя косці, павесіла з кашалём на дубе.

Покуль яна вярнулася дахаты, ехаў неякісь пан, застанавіўся перад дзедаваю хаткаю ды й просіць вады. Ну, так то дзедава дачка вынесла яму кубачкам воду, падае, а ён як глянуў, што яна такая харошая, за руку яе да ў залаты коч, да ў коні, да ў коні!

Ідзе ўжэ баба, рукі згарнуўшы, дахаты, а сучка села на прызбе ды й брэша:

— Дзяў! Дзяў! Бабіна дачка ў кашале вісіць, а дзедава з панам у кочы ездзіць!



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 252-254
Крыніца: скан