epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Доля

Было два брата: адзін багаты, а другей бедны. У багатага ж рож зарадзіў густэй, а ў беднага плахей. Тады бедны асматрэў — яго копы расцягваюцца, жыта, снапы, а багатага яшчэ паўнеець: то густа было на паласе, а то яшчэ паўнеець. Тады бедны пайшоў сцярэч. Ну, і сматрыць — кот з яго капы сноп цягнець і нясець у капу багатага. Улавіў бедны ката і давай біць яго, нашто снапы цягаець, гаворыць:

— Ён і без маіх снапоў багат, а ты яшчэ мае паследнія цягаеш!

А ён адказаець:

— Я абвязан яму цягаць: я яго Доля!

А ён б'ець гэтага ката ды гаворыць:

— Што ж такое? Ты яго Доля, а йдзе ж мая Доля?

А ён атвяшчаець:

— Твая Доля пад лесам, на камені спіць, мохам зарасла!

Тады бедны гэты чалавек узяў добрую дубіну і пайшоў будзіць сваю Долю. Падышоў к ёй ды дубінай поверху:

— Уставай! Чужэя долі харашо стараюцца, а ты мне ніяк не стараешся!

Яна яму адказала:

— Мне тут няльзя табе старацца! Прадавай усё сваё імушаства і выязджай у другей горад! Тады я табе ў другім горадзе буду служыць харашо!

Ён прыйшоў і сказаў сваёй жане:

— Прададзім вот сваё імушаства і выедзем у другей горад?

Жана сказала:

— Ну й прададзім і выедзем у другей горад, няхай тут усё астаецца — усё роўна няма ні ў чом шчасця!

Яна гэтаму рада. Тады яны прадалі ўсё, сабраліся і пайшлі. І не ўзялі з сабой ніякога судна. Ну, тады ішлі каля пруду, па грэблі, і захацелі піць. Было ў іх тры малых мальчышкі, дык тэя піць захацелі. І асталося ў іх дома два судны. Тады жонка пасылаець яго ў двор за судзянцом:

— Схадзі,— гаворыць,— вазьмі біклагу!

Вараціўся ён, пайшоў дома, за судзянцом сваім, біклагаю. Прыходзіць ён дома, пішчаць у яго доме, плачуць. Ён гаворыць:

— Хто тут плачаць?

— Мы, Злыдні твае!

— Чаго ж вы плачаце?

— Нашто ж ты нас адных пакінуў? Што мы тут адны будзем дзелаць? Бяры і нас з сабою! — Злыдні ўжо гавораць на гэтага мужыка.

А ён адказаў ім:

— Вас жа многа ёс[ц]ь, усіх я вас адзін не забяру! А калі хочаце, лезьце ў біклагу, я й панясу!

Яны тады паскідалісь мурашкамі і палезлі ў гэту біклагу. Тады ён заткнуў іх там і пайшоў. Сабе думаець:

— Дос жа вам уродаваць!

Прынёс на грэблю і закапаў іх там пад вярбою. Прыходзіць к жане і кажаць:

— Забыўся ўзяць судна!

А жана і не знаець, што ён злыдняў закапаў.

— Ну, пойдзем так! — яна ўжо гаворыць.

Тады, чуць яны грэблю перайшлі, так січас аявіўся ім сабачка маленькі. Тады меншы мальчык іх узяў гэтага сабачку на бярэма і рад яму:

— Тат,— гаворыць, — дай яму хлеба!

Потым яны хлеба яму далі, і ён з'еў і пабег наперад іх. А яны ўслед за ім. Захацелі, ідучы, аддыхаць сесць. Удруг сабачка адвярнуўся на бок ад іх і нясець ім партаманец грошай у зубах. Яны грошы ўзялі і рады сталі. І апяць наперад за іх пабег сабачка, а яны ўслед за ім, да самага горада.

Прыходзіць сабачка і к крайняму двару і астанаўляецца. І яны ўслед за ім. Увідзеў яўрэй у вакошка, што яны стаяць, і выходзіць к ім, гаворыць:

— Куды вы ідзяцё, людзі? Найміцеся ў мяне пограб рыць!

Яны січас наняліся рыць у яго пограб. Рыўшы гэты пограб, найшлі кацельчык золата: начала Доля старацца сваім парадкам! Тады яны, прыкончыўшы гэту работу, расчыталіся з яўрэем, яўрэй ім заплаціў за труды. Ну, яны, прайшоўшы дальша на горад, абабралі сабе каменны дом і лаўку і адкупілі за гэта золата. Тады сталі жыць.

І разжыўся гэты бедны багачэй таго ўжо багатага. Што купяць — з пользаю, што прададуць — з пользаю. І прыязджаець у гэты горад дзядзька таго беднага, што купцом стаў. Тады ён і давай распрашаваць:

— Як там мой брат пражываець? Скажыце яму, пажалуста, няхай ён у госці ка мне прыедзець!

Ну, а гэты ўжо адказуець:

— Ну, а як вы тут пражываеце?

А ён гаворыць:

— А пойдзем ка мне ў дом!

Ну, ён прыйшоў к яму ў дом і гаворыць:

— Ну, харашо, брат, разжыўся! Як табе бог памог так скора разжыцца?

Ну, пакушаў там хлеба-солі, паблагадарыў яму і адпраўляецца дома. Прыязджаець к тому брату і гаворыць:

— А твой брат харашо разжыўся! Багачэй цябе! І прасіў вас у госці к сабе!

Ну, ён тады сказаў:

— Я к яму не паеду! Ён лянівы чалавек! Быць не можаць, каб ён там разжыўся! Ён лянівы, ён работаць не можаць!

А таго не знаець, што ён багачэй за яго. Ну, але раздумаўся:

— Вазьму паеду! Разведаю, ці праўда гэта, ці не, што ён багачэй мяне!

Ну, прыязджаець у гэты горад і дапытаўся яго дому. Потым прыязджаець к двару — сабачка ляжыць у варотах гэты самы. Ён зірнуў на гэты дом і спугаўся, што гэты дом тры разы даражэй яго дому. І пазнаў гэтага сабачку, што гэта ён ім жывець, што гэта яго Доля. Гаворыць на брата:

— Брат! Забі ты гэтага сабачку! На чорта ён табе?

А ён атвячаець:

— Ах, брат, у мяне есць хлеба хваціць, няхай есць!

А гэты апяць адказуець:

— Дармо што ў цябе хлеба многа ёсць, але забі яго, нашто ён табе?

Ён захацеў свайго брата ўцешыць і прыказаў батраком забіць гэтага сабачку. Ну, тады яны ўдарылі гэтага сабаку, і ён пабег на гэты сарай, а йдзе каровы стаяць. Трапянуў вухам, і кроў з яго капнула на падцёлку. Гэта цяліца стала ўжо Долею ад крыві, а гэты сабака прапаў. Узнаўшы гэты багач, што цяліца яго Доля, стаў ён слёзна прасіць брата, каб ён зарэзаў і яму сэрца аддаў. Брат тэй гэтага сам не знаець, што гэта цяліца — яго Доля; ён прыказаў яе зарэзаць і выняць із яе сэрца, і зварыць яго, і даць яму пакушаць, і каб ніхто кроме яго не спытываў. Батракі цяліцу зарэзалі, а хазяйка сэрца згатавала. Стала сэрца яму падаваць, а сыны яе падбеглі і сталі прасіць:

— Мама, дай мне! Мама, дай мне! Мама, дай мне! — усе тры.

Яна ім па крошачцы дала. Яны ўсе сталі шчаслівы, долею сталі ім наўсягды. Ну, тады яна яму паднесла сэрца, а ён узнаў, што не ўсё. Тады гаворыць:

— Не, брат, сэрца гэта патронута! Калі б я ўпярод усіх скушаў, я б тваю долю спажыў, а ты б узнова бедны стаў!

Ну, і стаў спрашаваць:

— Адчаго ты, брат, так скора разжыўся?

А ён яму адказыець у непрыятнасці:

— Я разжыўся харашо! Найшоў грошы, да й множаства, і ад гэтага скора разжыўся! Яшчэ,— каець,— у запасе знаю цэлую біклагу грошай, на грэблі, пад вярбою!

А сам думаець: «Пастой жа! Я табе ўкажу, з чаго разжыўся! Разжывешся і ты, пагуляеш!»

Потым ён спешна паехаў дома, багаты гэты. А на яго сказаў:

— Ну, шчасце ж тваё, у цябе ўсе тры сыны шчаслівы будуць, цяпер у цябе шчасця ніхто ня 'тымець ніколі!

Прыязджаець дома і сказаў сваёй жане, што я знаю грошы!

Яна сказала:

— Пайдзём скарэй, адрыем, а то яшчэ хто-небудзь адрыець: ці ён, ці яшчэ хто!

Пайшлі, адрылі, прыняслі дома. Яны думалі — грошы, ажны там Злыдні. Яны ататкнулі гэту біклажку, а яны — спраўна ўсе адтуль; рады, што іх ататкнулі адтуль, і сталі багатага благадарыць. Ён павідзіў, што не грошы, а Злыдні, просіць іх:

— Лезьце назад!

А яны адказуюць:

— Ах, давольна адзін дурак абманіў! А мы ж відзім, што ты добры чалавек! Мы лучча палезем к табе пад печку і будзем жыць памаленьку!

Ну, тады за год, за два зжылі яго, што не меець і куска хлеба. Тады ён паехаў к тому брату свайму хлеба прасіць — ужо зжыўся саўсім. Ну, брат яму не ўгнявіўся, што ён быў яму ліхадзей. А гледзя на яго беднасць, насыпаў яму хлеба і адсылаў яму ў двор. Ну, і так паддзержаў яго да смерці яго. Ну, й на гэтым усё.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 462-466
Крыніца: скан