epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Доля аратага і купца

Вот сабе былі два браты. Падзяліліся яны. Адзін дужа багаты быў, а другі бедны. Багаты мені робіць, да багата жывець. Доля служыць, а бедны робіць, робіць і нічога не маець. Ну, раз была ў багача талака: жалі жыта, складалі снапы. А беднякова стаіць не жата. Назаўтрага бядняк выйшаў на поле, сцярэч свайго жыта, рана, дужа рана — зарою. Сматрыць — ходзіць па багачовай ніве чалавек то які, сабіраець калосся і кладзець у снапы. Ён падышоў, бедны той, да й ухапіў яго за каўнер:

— Хто ты такі?

Ён гаворыць:

— Я братняя Доля!

— А мая дзе?

Яна гаворыць:

— Ляжыць твая Доля пад ябланькай у паповым садзе, у красным жупане. Калі,— гаворыць,— яблачка пападзець у рот, дак яна з'есць, а не пападзець, дак і так жывець!

— А што мне дзелаць з ёй? — гаворыць.

— А вазьмі бізун, ідзі ў папоў сад, спаймай яе да й задай ёй бізуном харашэнька. Дак яна табе скажаць, з чаго жыць!

Ён узяў бізун, пайшоў. Ляжыць яна пад ябланькай дагары. Ён падышоў к ёй паціхоньку, паймаў яе, як задаў ёй бізуном харашэнька, разы тры ці пяць даў, гаворыць:

— Братняя Доля на ніве ходзіць, калосся сабіраець, а ты што?

— Я так не хачу!

— А як жа ты хочаш?

А йна атвячаець:

— Я не хачу пахатай, а хачу занімацца купцом! Ідзі на торг, купі лык хоць на тры капейкі і пляці лапці — будзем купчуваць!

Цяпер паплёў ён тыя лапці. Прадаў лапці,— што аддаў тры капейкі, то ўзяў злот. Гэта Доля памагаець яму. Цяпер апяць купіў за злот лык; тыя паплёў — прадаў за палцінніка.

Цяпер яна гаворыць яму:

— Зрандуй лаўку і таргуй-ка вот луццямі.

Вот ён што купіць за пятак, прадасць за грывенік — і стаў багаты-разбагаты купец, і цяпер купчуець.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 454-455
Крыніца: скан