epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Доля і злыдні

Жылі сабе так два браты: большы багаты, а меншы бедны. Раз бедны пайшоў уранні, шчэ да света, у поле паглядзець, ці няма шкоды. Прыходзе да брацкія паласы, чуе — хтось плача. Падышоў ён бліжай, прыгледзеўся, аж гэта маладая дзеўка, прыгожая, зносе снапы, што коні паразбівалі, і складае іх у копы. Мужык думае сабе:

— Што гэта такое? Сянні нядзеля, а яно работае!

Падкраўся к ёй да за плечы:

— Стой! Ты хто такі?

— А я твайго брата Доля!

— А мая дзе Доля?

— А твая Доля ў лесе пад дубам іграе ў балабайку. Ідзі, дак і пабачыш яе!

Пайшоў той мужык у лес, прыходзе к дубу, аж там сядзіць голая дзеўка, прыгожая-прыгожая, сядзіць да й грае ў балабайку. Ён тады выразаў ладны дубец да падкраўся ззадзі на цыпачках да й ну яе жарыць па спіне хлудзінай!

От, яна заплакала да й кажа:

— За што ты мяне б'еш бязвінна?

— А як цябе не біць: братняя Доля снапы носе, работае, а ты гуляеш, у балабайку граеш, а не памагаеш. Я зусім збяднеў.

Яна тады кажа:

— Я ў гэтым дзеле не вінна: твае дзялы мне неспадрушны. От калі б ты пайшоў к пану да ўзяў каршму на 'рэнду, дак ты б тады ўбачыў, тады б я не йграла, а табе памагала. І ты б быў багацей за брата!

Тады мужык прыйшоў дамоў, прадаў хату і ўсё і пайшоў, зарандаваў каршму ў пана. Стаў складаць худобу сваю на воз, пераязджаць, бач, аж чуе — хтось плача пад печкай у яго ў хаце ў старой.

Ён пытае:

— Хто гэта тут плача?

— А гэта мы, твае Злыдні!

— Чаго ж вы плачаце?

— А як жа ж нам не плакаць: колькі год ты карміў, кукобіў нас, а цяпер пакінаеш!

— Ці багата ж вас тут?

— Багата!

— Дак што ж мне з вамі дзелаці?

— А вазьмі нас з сабой!

— Ну, добра! Палязайце ў бачонак!

Адамкнуў ім барылку, яны і палезлі туды.

— Ну, ці ўсе ўлезлі?

— Усе!

Ён тады ўзяў і забіў шпунт. Узяў тую барылку з сабою да едучы і кінуў у ваду, у рэчку:

— Вот вам, праклятыя! Жывіце тут!

Пераехаў у каршму, і не болі як з паўгода прайшло, здзелаўся ён сілна багат, куды багацей за брата. Дачуўся гэта большы брат, што ён стаў багацей за яго:

— Дай,— гавора,— жонка, паедам у госці к брату, паглядзім, што йто за дзіва!

Запраглі каня і паехалі. Прыязджаюць туды, брат той рад крэпка-сілна, што хоць раз яго брат к яму ў госці прыехаў. Пасадзіў яго з жонкай за стол, стаў частаваць; падаў чаю, гарылкі, мёду, віна, піва, усяго-ўсякага: і малака, і масла, і сыру, і каўбас, і пірагоў. Брат той дзівіўся, дзівіўся і гавора:

— Скажы мне, пажалуста, як гэта ты скора так разбагацеў?

Той брат з радасці, што ўбачыўся, расказаў яму ўсё чысценька, усю праўду. Ну, тады папілі, паелі, брат той распрашчаўся і паехаў.

Едучы па дарозе, думае сабе: «Дай я зноў напушчу яго тых Злыдняў!» Паехаў к рэчцы, дастаў барылку і пытае:

— Хто тут?

А яны чуць-нячуць прагавораць:

— Гэта мы, Злыдні твайго брата!

От ён адбіў шпунт:

— Ну, вылазьце! — кажа.

Яны вылазяць, касматыя, не то каты, не то сабакі.

— Ідзіце ж,— кажа,— зноў к майму брату.

— Ой, не, чалавеча,— кажуць,— як мы пойдам к яму? Бач, ён як нас памарыў. Спасіба табе, што ты нас адратаваў, мы луч к табе пойдам, ты чалавек добры!

І пайшлі. Дак што ж ты думаеш: за паўгода з'ехаў багач так, што і кошкі ў дварэ не асталась.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 457-458
Крыніца: скан