epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Дра-птах

Жыў-быў так сабе адзін багаты чалавек. І было ў яго тры сыны: старшы быў разумны, сярэдні так сабе — ні туды, ні сюды, а меншы быў дурачок — Іван-дурачок. Быў у гэтага багатыра сад прабалшэнны-вялікі, а ў саду яблынка стаяла — яблычка залатое, яблычка сярэбранае. Скора казка кажацца, ды не скора дзела дзеецца: унадзіўся ў гэты сад нейкі злодзя, кожныя ночы ў садзе бываець, залатыя і сярэбраныя яблычкі аббіваець, сучча абламуець. Стаў дзед радзіцца з сынамі, як бы гэтага злодзю ўлавіць. І парадзіліся так, што трэба ім гэтыя ябланкі пілнаваць: уперад пойдзець большы сын, за большым сярэдні, а меншаму хоць ісці после ўсіх, а хоць саўсім не ісці. Ну, пайшоў на першую ноч злодзю пілнаваць большы сын, разумны-та. Хадзіў, хадзіў ён па саду. Як пад поўнач — захацелася яму спаць. Ён і заснуў. Назаўтрага рана прыходзіць бацька ў сад, бачыць — яблыкі абкляваны, сучча аббіты, а вартаўшчык нічога не чуў, не бачыў. Стаў ён сварыцца на сына, што ён нікога не ўпілнаваў, ды дзелаць ужо нечага. На другую ноч ісці ў сад сярэдняму сыну пілнаваць злодзю. Тэй пайшоў, хадзіў, хадзіў па саду, богу маліўся, а як пад поўнач — і заснуў. Прыходзіць рана бацька — узнова яблыкі пакляваны, сучча аббіты, а сын нічога не чуў, не відзеў. Пасварыўся ён на яго ды й пайшоў. Даў бог змярканне, прыходзіцца чарада Івану-дурачку ісці злодзю пілнаваць. Ён просіцца ісці, а бацька кажаць:

— Куды табе, дураку, ісці! Калі разумныя хадзілі, не ўлавілі, а табе ўжо ўлавіць!

Але-тку як-ніяк ды ўпрасіўся. Пайшоў ён у сад, богу памаліўся, узлез на яблыну, сеў на вілачках і сядзіць. Сядзеў, сядзеў — нікога няма. Аж у самую поўнач ляціць Дра-птах — асвяціла ўвесь сад, ды як затарарахаець! Стала яна сучча аббіваць, яблыкі кляваць, а ён меціўся, меціўся ды як хапіць Дра-птаха за хвост. Ён ірвануўся і паляцеў, толькі пяро асталася ў Івана-дурачка. Даў бог дзень, прыходзіць бацька ў сад, відзіць — і яблыкі цэлы і сучча не [а]ббіты.

— Ну,— каець,— нікога не было, затым і цэлы!

І не даў веры Івану-дурачку, што ён бачыў Дра-птаха. Прыходзіць Іван-дурачок у хату, вынуў пяро Дра-птаха з-за пазухі, так усю хату і асвяціла, аж ззяець. Як толькі бацька ўвідзеў пяро, захацелась яму як-ніяк улавіць Дра-птаха. Вот ён насушыў сухароў і распусціў сваіх сыноў па ўсіх старанах. Большаму даў сухароў большы:

— Табе,— кажаць,— трэба за ўсіх большы ісці!

Сярэдняму даў сухароў сярэдне:

— Табе трэба ісці сярэдня!

А Івану-дурачку даў за ўсіх менш.

— Табе трэба за ўсіх менш ісці!

Пайшлі ўсе тры браты ў дарогу. Ішлі, ішлі, патаміліся і есці захацелі. Большы сеў ля возера, есць сухары, вадой запіваець. Аж прыбягаець воўк:

— Чалавечак, дай мне хлебца хоць разоў з пяток укусіць!

А тэй кажаць:

— Ах ты, ваўчышча-дурнішча, ты ідзе быў, туды й ідзі! А мне дарога яшчэ вялікая, мне самому трэба.

— Дай,— каець,— на злую гадзіну і я табе знадабен буду!

— О, знадабнік найшоўся! Ідзі сабе, убірайся!

Воўк пабег дальшы. Бяжыць, бяжыць, бачыць — сярэдні брат ля ракі сухары есць, вадой запіваець. Прыбег к яму:

— Добры дзень табе, чалавечак!

— На здароўе!

— Дай мне, чалавечак, хоць разкі на тры ўкусіць хлеба!

— Ах ты, ваўчышча-дурнішча! Ты ідзе быў, туды й ідзі, а мне дарога яшчэ вялікая, мне самому трэба.

— Дай,— каець,— чалавечак: на злую гадзіну я табе знадабен буду!

— Убірайся ты, гэткі знадабнік! Ты во пад’ясі ды й пойдзеш сабе, куды захочаш, а мне трэба во ісці шукаць Дра-птаха!

Пабег воўк дальшы, аж відзіць — сядзіць меншы брат, Іван-дурачок, над вадой, есць хлеб і вадой запіваець. Прыбег ён к яму:

— Добры дзень табе, Іванька!

— На здароўе!

— Ці не даў бы ты мне сколькі-небудзь хлебца ўкусіць?

— Зачым? Можна, садзісь во ды й еш, до будзець!

Сеў воўк і еў, сколькі хацеў. Пад’елі, тады воўк кажаць на Івана-дурачка:

— Садзісь на мяне, Іванька, ды паедзем, куды табе трэба!

— Ды бог з табой, ідзі сабе, куды йшоў; я й пешкі пайду.

Стаў адгаварвацца. Воўк узнова гаворыць:

— Садзісь, Іванька! Ты толькі сядзі ды дзяржысь, я сам цябе дастаўлю, куды трэба!

Сеў Іванька на ваўка і паехаў, як птушка ляціць. Ехалі, ехалі, прыехалі ў іншае царства. Стаў воўк пад плотам і гаворыць Іваньку:

— Ты ідзі цяпер к цару ў двор. Там будзець склеп на дванаццацера дзвярэй, на дванаццацера замкоў, на дванаццацера старажоў: у тым склепе Дра-птах сядзіць. Зараз будуць гнаць царскіх коней на ваду паіць. Я свісну, сабяруцца мае брацці і пагоняць тых коней. Слугі прыбягуць іх адбараніваць, і старажы тыя прабягуць, ты й ідзі проста ў склеп: табе ўсе дзверы расчыняцца, усе замкі адамкнуцца. Толькі глядзі: Дра-птах прыгож, а клетка яшчэ прыгажэй; ты Дра-птаха вазьмі, а клеткі не бяры, а то сычас як толькі возьмешся за клетку, так усе дзверы пазачыняцца, усе замкі замкнуцца!

Пайшоў Іванька к царскаму двару, ажно тут гоняць царскіх каней. Воўк свіснуў, сабраліся яго брацці і пагналі тых каней. Усе пабеглі з двара іх адбараніваць, а Іван тым часам у склеп. Яму ўсе дзверы адчыніліся і ўсе замкі адамкнуліся. Увайшоў ён туды, так яго ўсяго і асіяла: Дра-птах прыгож, а клетка яшчэ прыгажэйша! «Як яе пакінуць? Вазьму!» І цап за клетку. А тут усе дзверы хляп-хляп — пазачыніліся, усе замкі замкнуліся. Прыбеглі старажы і ўзялі Івана. Білі яго, дралі яго і цару даставілі. Цар яго судзіў тры дні, а тады на волю адпусціў. Прыйшоў Іван к ваўку і плачаць, і жаліцца на сваё бесталанне.

— А я ж табе казаў, не руш клеткі! Ну, але не плач, ідзі другім разам за Дра-птахам; зараз узнова будуць коней гнаць!

Пайшоў Іванька з плачам у другі раз за Дра-птахам. Ды ўжо не хватаўся за клетку і прынёс Дра-птаха к ваўку.

— Ну,— кажаць воўк,— паедзем дальшы! Садзісь паскарэй ды дзяржысь пакрапчэй!

Сеў Іванька на ваўка і паехалі. Ехалі, ехалі і прыехалі ў трэцяе царства. Стаў воўк у алешнічку і гаворыць Іваньку:

— Тут во ёсць крыніца. Ідзі ты к крыніцы, і будзець ісці туды за вадой царская дачка, а за ёй вёдры будуць каціцца. Ты рукаў знімі ды ўсё кланяйся, і як будзець яна ля цябе ісці, ты яе рукавом захваці, а рукамі, хронь божа, не хватай! Ды галаву завярні ад яе, а то яна цябе вачамі з’есць!

Пайшоў Іванька к крыніцы, бачыць: ідзець царская дачка, а за ёю вёдры коцяцца; от ён стаў кланяцца, рукаў наставіўшы. Яна гаворыць:

— Што ты да мяне маеш, Іванька?

А ён кланяўся, кланяўся ды як хваціць яе рукамі... Яна яго ўзяла на рукі, як малага дзяцёнка, ды й аднесла к цару. Цар яго наказаў ды й пусціў:

— Глядзі, Іванька, другі раз не пападайся!

Прыйшоў Іванька к ваўку і плачаць, і жаліцца, што яго цар набіў. А воўк кажаць:

— А ты мяне не слухаеш, так табе й трэба. Ну, але дось плакаць, ідзі ў другі раз к крыніцы ды глядзі ж, рукамі не хватай яе і галаву завярні, а то яна цябе вачамі з’есць!

Пайшоў Іванька к крыніцы, убачыў царскую доч, захваціў яе рукавом і прынёс к ваўку.

— Ну, садзісь на мяне, Йванька, паскарэй ды дзяржысь пакрапчэй, паедзем дальшы!

Сеў Іванька, дзяржыць у руках і царэўну і Дра-птаха, і прыехалі яны ў чацвёртае царства. Стаў воўк пад плотам і гаворыць на Іваньку:

— Ну, Іванька, ты ж ідзі к цару ў двор; там у стайні стаіць конь — залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка і вазок з рыб’ей косці. Зараз пагоняць валоў паіць; я свісну, сабяруцца мае брацці і пагоняць валоў. Слугі ўсе пабягуць са двара валоў адбараніваць, а ты тым урэмям ідзі ў стайню і вазьмі каня і вазок з рыб’ей косці, ды там дужа не заглядывайся, а то ўзнова ўловяць!

Ну, Іван пайшоў, і ўсё так і стала: узяў ён каня — залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка і вазок з рыб’ей косці, сеў на вазок і прыехаў к ваўку.

— Ну,— цяпер,— гаворыць воўк,— паедзем дамоў!

Сеў Іванька з царэўнай у вазочак, Дра-птаха ўзяў і паехалі, і воўк бяжыць. Дарогай памянялісь яны перснямі: царэўна дала яму свой, а ён ёй свой. Даехалі яны да таго места, дзе Іванька хлебам карміў ваўка, воўк і гаворыць на Іваньку:

— Глядзі ж, Іванька! Не давайся, каб яна галаву табе часала, а то як станець яна ў цябе йскаць, ты заснеш, а браты прыйдуць і цябе загубяць!

Папрашчаўся з імі і пабег. Праехаўшы трошку, стала царэўна прасіць:

— Дай я ў цябе пайшчу.

Іванька стаў адказвацца, але-ткі яна яго ўгаварыла. Стала яна йскаць яму, ён і заснуў. Ажно як раз едуць браты. Увідзелі, што ён вязець Дра-птаха і каня — залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка і царскую дачку, і хацелі яго зарэзаць. Тады царэўна стала таўхаць Іваньку пад бок, каб узбудзіць. А браты гавораць:

— Калі ты яго ўзбудзіш, дык наш меч — табе галава з плеч!

Тая саўсім спужалась, а большы брат і адсек Іваньку галаву. Селі яны і паехалі.

А Іванька як ляжаць дык ляжаць — разняслі крукі яго й костачкі па чыстаму полю. Ажно прыбягаець туды, на тое места воўк. Стаў ён збіраць костачкі, адну к адной прыкладваць, стаў збіраць і злажыў усяго ўместа, толькі аднаго мезінага палца не хваціла. Узяў воўк лазінку, выстругаў палачку і прыклаў гэту палачку к руцэ. Тады дыхнуў на косці, Іванька і ўстаў, і палачка тая здзелалась палцам!

— Ах,— кажаць,— як я смашна заснуў!

— Не,— кажаць воўк,— ты не спаў, а цябе большы брат забіў, бо ты мяне-ткі не паслухаў!

Здзелаў тады воўк Іваньку скрыпку з лазінкі і кажаць:

— У цябе ў дварэ вяселле ідзець: большы брат бярэць царскую дачку замуж за сябе. Дык ты йдзі і іграй там у дварэ на гэтай скрыпачцы. Яны стануць зваць цябе, каб ты ішоў на вяселле к ім іграць: будзець зваць сярэдні брат — не йдзі, будзець зваць старшы — не йдзі, ну, пазавець бацька, тады йдзі — бацьку паслухай!

Пайшоў Іванька ў двор у свой, зайшоў у сад і стаў рыпаць, седзя пад яблынкай, рыпаець ды й рыпаець. Пачулі гэта ўсе, што ён рыпаець у садзе, сталі прасіць, каб ён ішоў на вяселле йграць. Уперадзе стаў прасіць сярэдні брат — ён не паслухаў, не пайшоў; тады прыйшоў большы — ён не паслухаў, не пайшоў; пасля ўжо прыходзіць бацька. Ён паслухаў бацькі, пайшоў. Сеў у запечку і стаў рыпаць. Рыпаў, рыпаў, сталі яму паднасіць гарэлку. Паднёс сярэдні брат — ён не бярэць, паднёс большы — не бярэць, паднёс бацька — і ад бацькі не прыняў. Мусіла паднесці яму гарэлкі царская дачка. Ён узяў гарэлку выпіў, а ў чарку палажыў тэй персцень, што яна яму дала. Яна як увідзела свой персцень, і крыкнула:

— Во мой мілы друг! Во гэты,— каець,— дастаў Дра-пгаха, дастаў і мяне, дастаў і каня — залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка, і вазок з рыб’ей косці! Як мы ехалі, дык ён заснуў, а большы брат забіў яго ды сказаў, што гэта ён усё дастаў!

Кінулась к яму на шыю, заплакала. Бацька як пачуў гэта, сычас вялеў прывязаць тых братоў к конскім хвастам, а Іванька жаніўся з царскай дачкой і стаў жыць ды пажываць, ды дабра нажываць, а ліха збываць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 478-482
Крыніца: скан