epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Дуб Дарахвей

Жыў дзед ды й баба. Было ў іх тры дачкі. Баба, узрасціўшы дачок, узяла ды й памёрла, а дзед жаніўся на другей, маладэй княгіні. Як мачыха не родная мамка, дык яна неўзлюбіла сваіх падчарак і кажаць дзеду:

— Вязі сваіх дачок ліба ў лес, ліба ў ваду, ліба ў чыстае поле, а не то я сама сябе звяду со** свету!

Жалка дзеду дачок, жонкі ж яшчэ горшы жальчэй. І паслухаўся ён яе — не ўзяў свайго розума; і кажаць ён дачкам:

— Ну, дачушкі, вазьміце вы карзінкі, а я тапор, і пойдзем мы ў балота!

Як прыйшлі яны ў балота, ён ім гаворыць:

— Вы, дочары мае любімыя, бярыце ягадкі на гэтай баравінке, а я пайду на тую баравінку лучыначку сеч!

Вот ён адышоў ад іх так, штоб ім не было відна; тады ўзяў сасновую досачку ды прывязаў к белай бярэзінке, а сам скарэй на каня ды й паехаў дамой, штоб серца горшы не ныла па родным дачушкам, ды штоб яны яго не заспелі. Досачка ж тая лясь ды лясь! па бярэзінкі, а яны кажуць:

— Во, наш татулька ўсё лучыначку сякець!

Ды бяруць, бяруць ягадкі. Бралі яны, бралі, пакуліцька спасцігла іх цёмная ночка. Тады большая сястра кажаць:

— Пойдзем, сястрычкі, к таткі: знаць, ён пра нас забыўся!

Прыйшлі яны к таму месту, дзе ляскала досачка, аж там нікога нетуці! Заплакалі, заліліся яны гаручымі слязам[і]. А большая сястра гаворыць:

— Ну, прыйшла наша смяротка! Неўзлюбіла нас ліхая мачыха: заставіла яна нашага татку са свету нас зжыць. А ён сам не захацеў на вум нас настаўляць ды прывёз у гэты лес!

Сярэдняя ж кажаць:

— Пойдзем лепшы пад зялёную сосенку, з'ядзім хлебца, што ў нас у мяшочку, тады пойдзем далей — авось куды-ліба прыдзем.

Найшлі яны бальшую сосенку, селі пад ёй і сядзяць. Як стала ім дужа [абідна] на радзімага татку, што ён паслухаўся злэй мачыхі і звёз іх, родных дачок сваіх, на згібель у цёмны бор, як заплакалі, як залілісь яны буйным[і] гаручым[і] слязам[і]! Плакалі яны, плакалі, пакуліцька ад іх буйных чыстых слёз пайшлі рэкі на ўсе чатыры стараны.

І дайшла адна рака да царскага-гасударскага дома. Устаець у тое вутра цар раненька, умываецца бяленька, моліцца богу шчырэнька і выходзіць на балхвон. І відзіць ён раку, што ўчора і слухом было не слыхаць, і відом не відаць. Цар ні здзівуецца на гэту раку. І захацеў ён узнаць, адкуліцька яна цякець. Сазываець ён сваіх верных слуг і прыказываець ім:

— Слугі мае верныя, слугі мае добрыя! Ідзіце вы па беражку гэтай ракі да самага тога места, адкуліцька яна цякець,— і хто там ёс[ц]ь — ці пень, ці калода, ці чалавек, ці пташка, ці звер, ці букашка,— вядзіце сюды ка мне!

Ішлі тыя слугі ці многа, ці мала, ці доўга, ці каротка, а дайшлі да сасёнкі. І ўвідзелі пад ёй трох красных дзявіц, трох родных сястрыц.

— Ну,— кажуць,— дзявіцы-красавіцы, мы возьмем вас у царскі дом! Так нам цар прыказаў!

Дзявіцы ім спакарыліся. Прыйшоўшы к цару, нізенька пакланіліся. Цар іх пытаець:

— Якога вы роду, якога вы племені?

Яны тады гавораць яму:

— Простага мы роду і племені! Неўзлюбіла нас ліхая мачыха і заставіла яна нашага роднага татку звясці нас у цёмны бор. А мы тамацька дужа прыбядзніліся, расплакаліся, растужыліся, і пайшлі ад нашых буйных слёз рэкі на ўсе чатыры стараны!

Па[г]лядзеў на іх цар, а тыя дзявіцы такія прыгожыя, што ні ў сказцы сказаць, ні пяром напісаць. Цар і кажаць:

— Вы дзявіцы, а я холаст: якая із вас праварней, тую і замуж вазьму!

Большая на гэта яму атвячаець:

— А калі дасі мне, цар-гасудар, адно пшанішнае зярэшка, дык я ўсё тваё царства пракармлю!

Сярэдняя ж гаворыць:

— Я аднэй ніткай усё царства шаўковай адзёжай надзену!

Пасля за ўсіх пытаець цар у малэй:

— А ты ж чым праворна і разумна?

Яна яму атвячаець:

— Цар наш найяснейшы, айцец наш наймілейшы! Я й не вумна і не дурна: а калі возьмеш мяне замуж, дык я дванаццаць сыноў спараджу — голас у голас, волас у волас, пахводка ў пахводку, гаворка ў гаворку, ліцом як адзін; па калена ў золаце, па пояс у серабрэ, ва лбу ясён месяц, у патыліцы дробны звёздачкі, па віскам красна солнышка!

Цар стаў думаць-гадаць ды савет з князям[і] дзяржаць. І парашыў ён жаніцца на малэй. А тых надзяліў зямлёй і ўсякім багацтвам.

Жылі яны ні многа, ні мала, а знаць тры гада. Царыца стала бярэменна. У гэту ж пору-ўрэмечка спанадабілась цару іці вайной у чужыя далёкія землі. Паехаў ён, а царыца тутацька радзіла дванаццаць сыноў: голас у голас, волас у волас, пахводка ў пахводку, гаворка ў гаворку, ліцом як адзін; па калена ў золаце, па пояс у серабрэ, ва лбу ясен месяц, у патыліцы дробны звёздачкі, па віскам красна солнышка. Большыя сёстры ўздумалі тады іх з маткай страціць. Падкупілі яны на гэта бабку-пупарэзніцу. Ды слугі царскія не дапусцілі тую бабку, а царыцу з сынам[і] бераглі, як свой глаз ва лбу. І паслалі яны к цару ганца з пісьмом, што бог даў гэдакую радас[ц]ь. Ішоў гэты ганец цэлы дзень, пакуль не спасцігла яго цёмная ночка. Тады стаў ён нашлегу сабе іскаць і папаў к большай сястры. Яна ўзнала, хто ён такей, і стала казаць:

— Начуй у нас, мілы гос[ц]ь! Ды ці не вытапіць табе лазню; ты б з дарогі папарыўся!

Старык сагласіўся. Палажыў пісьмо за бажніцу, а сам пайшоў у лазню. Вот, як пайшоў ён у лазню, яна ўзяла, прачытала тое пісьмо і напісала к сярэдняй: «Сястрычка родная! Спарадзіла наша мілая сястра, як гаварыла! А мы напішам цару, што радзіўся ў яго ні жук, ні жаба, ні паўзучая лягуха; ні йдзець, ні паўзець, ні сквярэцца, ні пяець! Тады ён вяліць яе страціць і жэніцца на якей-ліба з нас!» Прыйшоў ганец з бані, павячэраў і лёг спаць. Пераначаваў, а назаўтра ўстаў раненька, умыўся бяленька, памаліўся богу шчырэнька і пайшоў апяць у пуць-дарожаньку. Ішоў ён да самай цёмнай ночанькі; а як спасцігла яго ноч, ён і заначаваў у сярэдняй сястры. Гэта так, як і большая, распытала яго пра ўсё і затапіла лазню. Ён пайшоў у лазню; яна ж тым часам прачытала пісьмо сястры, сажгла тое, што пісалі к цару, а заместа яго напісала, як казала ёй большая сястра. І яшчэ прыбавіла: «Такую сквер твая жонка радзіла, што ні ў басні збаіць, ні ў сказкі сказаць, ні людзём паказаць!» Заклеіла яна гэта пісьмо і палажыла за бажніцу. Прыйшоўшы з бані, ганец павячэраў і лёг спаць. Пераначаваў, а назаўтра, устаўшы раненька, умыўшысь бяленька, памаліўшысь богу шчырэнька, апяць адправіўся ў дальні пуць. [І]шоў ён, [і]шоў, дайшоў да цара і падаў яму пісьмо. Цар прачытаў і зжахнуўся: «Божа мой, божа! Як гаварылася, а як спарадзілася!» Думаў ён, гадаў ён і напісаў: «Хто там урадзіўся — ці жук, ці жаба, ці сквер якая — аставіць да майго прыхода, да майго прыезда!» Пайшоў ганец з гэтым прыказам узад і прыходзіць ён на ноч к сярэдняй сястры. Яна, як і першы раз, вялела вытапіць яму баню. Ён пайшоў туды, палажыў царскі прыказ у бажніцу. А яна ўзяла, прачытала ды сажгла, а на тое места напісала, штоб іх, добрых маладцоў, січас сказнілі. Прыйшоў ганец з бані, павячэраў і лёг спаць. На другей дзень апяць пайшоў далей. [І]шоў ён да позняй ночанькі і заначаваў у большай сястры. І ў ёй стапілі яму баню. Пайшоў ён у баню, дык яна прачытала тое пісьмо ды й прыбавіла: штоб адзінаццаць сыноў зашылі ў кожаны мех, а царыцу з малым сынам засадзілі ў смаляную бочку і спусцілі ўсіх на сінё мора.

Прыйшоў ганец з гэтым прыказам у царскі горад. А горад так і сіяець ад іх, добрых маладцоў! І князі, і баяры на іх не ўзлюбуюцца і царскаму прыказу не здзівуюцца! Ды дзелаць нечага: воля царская — воля божая: спаўняць яе нада! Узялі яны адзінаццаць сыноў зашылі ў кожаны мех, а малага з маткай усадзілі ў бочку, засмалілі і спусцілі ўсіх на сінё мора.

Ды змілаваўся над ім[і] бог і паслаў павецер'я: той мех не тонець, а плывець. І прыплыў ён у трыдзевятую зямлю, у трыдзесятае царства. У гэтым царстве быў дуб Дарахвей на дванаццаць караклей, на самым беражку сіняга мора. І ёс[ц]ь у таго дуба бальшое дупло.

Вот старшы брат кажаць:

— Братцы мае мілыя, братцы радзімыя! Даець нам бог гуляння-аддыхання: разарвём мы мех і выйдзем на волюшку!

Яны ж яму атвячаюць:

— Не разарваць нам, брацітка, гэтага мяха!

— А,— кажаць,— нас маць спарадзіла — на шчасце благаславіла,— благаславім жа і мы адзін другога!

Благаславілі яны друг дружку раз, другей ды й трэці. І як панатужылісь, панасілілісь яны за трэцім разам, дык разляцеўся той мех на дробныя кусочкі! Выйшлі яны, добрыя маладцы, на крутэй беражок, увідзелі дуб Дарахвей на дванаццаць караклей і залезлі ў яго дупло.

Царыца ж з малым сынам плавала па мору тры дня і тры ночы. На чацвёрты дзень сын кажаць:

— Ну, радзімая мамка, чую я, што мы к востраву прыбіліся: як бы нам з бочкі выбрацца?

— Не, дзіцятухна,— гаворыць царыца,— дзе нам разбіць гэдакую бочку?

— І, маць мая родная! Ты мяне спарадзіла — на шчасце благаславіла,— благаславі ж і цяпер!

— Бог благаславіць, і я благаслаўлю!

— Благаславіла ж раз — благаславі і другей!

Яна і другей благаславіла.

— Благаславіла другей — благаславі і трэці!

І трэці благаславіла. За трэцім разам ён панатужыўся, як ударыць кулаком па бочцы, дык яна і разляцелась на ўсе стораны. Тады выйшлі яны на вастроў Будай, і пастроіў ён тут горад Кітай. Як зажыліся яны тут, ён і пытаець у маткі:

— Дзе б нам, мамухна, сыскаць адзінаццаць родных братцаў?

Царыца ж яму атвячаець:

— Не сыскаць нам іх, дзіцятухна: згіблі яны на сінім моры!

Ён жа каець:

— Ведаю, мамка: ёс[ц]ь у трыдзевятай зямлі, у трыдзесятым царстве дуб Дарахвей на дванаццаць караклей і ёс[ц]ь там бальшое дупло. Яны і сядзяць у гэтым дупле ды не могуць выйсці, зато што ля дуба ёс[ц]ь такая пціца, што людзей спажыраець. І хочаць яна іх сажраць, ды не ўлезець у дупло; а адтуліцька яны не выходзяць! Спякі ты, родная мамка, з свайго малака дванаццаць просвір і благаславі мяне ў дальні пуць-дарожаньку: пайду я іскаць родных братцаў!

Яна так і здзелала. Пайшоў ён, маладзец-удалец, у трыдзевятую зямлю, у трыдзесятае царства; увідзеў ён там дуб Дарахвей на дванаццаць караклей: вялік дуб, а пціца яшчэ большы!

— А,— кажаць яна яму,— здарова, добры моладзец! Не такіх я відала і то спажырала, а цябе нічога не стоіць з'есць!

Ён атвячаець ёй:

— Ты, пціца-карыпіца, пагадзі спахваляцца: дай-ка мы з табой пабарахваемся!

Схваціў ён яе, як ударыць аб крэпкі дуб,— так з дуба дванаццаць сукоў далой! Ён другей раз ударыў аб сыру зямлю — і тут яна спаконьчалася! Тады ён гаворыць:

— Хто ёс[ц]ь у дупле, выхадзі сюды! Калі стары чалавек — будзь мне бацюшка, калі роўня мне — брацетка!

Выйшла адзінаццаць добрых маладцоў. І сталі яны прасіць у яго чаго-ліба паес[ц]ь. Вынуў ён тых дванаццаць просвір і даў ім па аднэй, а адну сабе ўзяў. Як сталі яны ес[ц]ь просвіры, дык січас распазналі, што яны спечаны з маткінага малака. І дагадаліся яны, што гэта іх брацетка родны. І пайшлі яны ўсе з ім, у яго горад Кітай.

І ехалі чэраз гэты горад купцы-карабельшчыкі ў царства іх бацькі. Малы брат прыляпіўся к іх караблю мухай і прыехаў к цару. Цар стаў пытаць у купцоў, дзе яны бывалі, што відалі. Яны яму кажуць:

— Былі мы ў трыдзевятай зямлі, у трыдзесятым царстве. У гэтым царстве ёс[ц]ь востраў Будай, а на ім горад Кітай. Ён весь так і сіяець, зато што там ходзіць дванаццаць добрых моладцаў — голас у голас, волас у волас, пахводка ў пахводку, гаворка ў гаворку, ліцом як адзін; па калена ў золаце, па пояс у серабрэ, ва лбу ясён месяц, у патыліцы дробны звёздачкі, па віскам красна солнышка!

Цар січас дагадаўся і кажаць:

— Гэта, верна, мае дзеці!

А большая сястра гаворыць:

— Ту, цар, што гэта за дзіва? Не твае гэта дзеці. Вот то-то будуць твае дзеці, хто дастанець у трыдзевятай зямлі, у трыдзесятым царстве ката Валдая. Ёс[ц]ь там дуб Дарахвей на дванаццаць караклей: дык на гэтым дубу жывець кот. Уніз ён ідзець — басні баіць, уверх ідзець — сказкі кажаць!

Царэвіч усё слышыць. Як паехалі купцы ўзад, ён вярнуўся з імі ў свой горад і кажаць братам і царыцы:

— Загадала нам цётка загадку — не ведаю, як яе і разгадаць! Благаславі ты нас на гэта, матушка!

Яна іх благаславіла, і яны, добрыя моладцы, выйшлі ў чыстае поле, у зялёныя луга, у запаведныя ляса: крыкнулі, гаркнулі багатырскім голасам — і за ноч у іх усё стала! Купцы ж апяць праехалі чэраз іх горад у царства іх бацькі. Малы царэвіч абярнуўся мухай, прыляпіўся к іх караблю і паехаў з імі. Цар апяць пытаець іх, дзе яны бывалі і што відалі. Яны гавораць, што на вастраву Будай, у горадзе Кітай ёс[ц]ь дуб Дарахвей на дванаццаць караклей; па гэтаму дубу ходзіць кот Валдай: ён уніз ідзець — басні баіць, уверх ідзець — сказкі кажаць. Цар на гэта чуда ні здзівуецца і гаворыць, што, верна, гэта яго дзеці дасталі яго.

А большая сястра апяць кажаць:

— Гэта, цар, чуда не чуда! Вот то чуда, што ў трыдзевятай зямлі, у трыдзесятым царстве ёс[ц]ь ябланька сярэбраная, ябланька залатая, яблачка сярэбранае, яблачка залатое, ветачка сярэбраная, ветачка залатая. Хто дастанець гэта чуда, то і будуць твае дзеці!

Царэвіч апяць усё слышаў. Вярнуўся з купцам[і] ў свой горад, расказаў пра ўсё маткі і братам. Царыца ім кажаць:

— Не, дзіцятухны! Не дастаць нам гэтага дзіва і не вярнуць вам свайго бацюшкі!

Яны ж папрасілі яе, штоб яна іх благаславіла. Выйшлі апяць у чыстае поле, у зялёныя луга, у запаведныя ляса: крыкнулі, гаркнулі багатырскім голасам — і за ноч вырасла ім ябланька сярэбраная, ябланька залатая, ветачка сярэбраная, ветачка залатая, яблачка сярэбранае, яблачка залатое.

Апяць жа купцы-карабельшчыкі праехалі чэраз іх горад к цару на паклон. З ім[і], абярнуўшысь мухай, прыехаў і малы царэвіч. Стаў цар апяць пытаць іх, якое яны відзелі чуда. Яны расказалі, што на вастраву Будаю, у горадзе Кітаі відзелі адну ябланьку сярэбраную, адну залатую, ветачку сярэбраную, ветачку залатую, яблачка сярэбранае, яблачка залатое. Цар гэтаму дзіву ні здзівіцца і кажаць:

— Гэта, верна, мае дзеткі дасталі!

Большая ж сястра апяць гаворыць:

— Ну дзе, цар, той аджывець, хто ўтапіўся! Вот то твае дзеці, хто дастанець у трыдзевятай зямлі, у трыдзесятым царстве мост, што адна маснічынка сярэбраная, адна залатая, а як едзеш па ім, дык упярод ёс[ц]ь, а ззадзі нетуці!

Царэвіч вярнуўся з карабельшчыкам[і] дамой і расказаў братам і мацеры, якую ім цётка загадала загадку. Царыца ім кажаць:

— Не, дзіцятухны, не разгадаць вам гэтай загадкі — не вярнуць вам свайго бацюшкі!

Малы сын атвячаець:

— Благаславі ты нас, як благаслаўляла ўпярод!

Яна благаславіла. Яны апяць пайшлі ў чыстае поле, у зялёныя луга, у запаведныя ляса: крыкнулі, гаркнулі багатырскім голасам — і за ноч явіўся мост. Вось, як расказалі купцы-карабельшчыкі пра гэта чуда цару, ён і кажаць:

— Гэта ўжо мае дзеткі дасталі яго! Паеду я к ім!

Большая сястра нічога не найшла сказаць. Ён і паехаў. Яна ж за ім услед. Як пад'ехалі к таму мосту,— яму мост ёс[ц]ь, а ей нет! Яму мост ёс[ц]ь, а ей нет! І прыехаў цар на вастроў Будай, у горад Кітай. А ён увесь так і сіяець ад яго сыноў. Увідзеў там цар царыцу і січас узняў яе. Яна ж паказала яму дванаццаць сыноў — голас у голас, волас у волас, пахводка ў пахводку, гаворка ў гаворку, ліцом як адзін; па калена ў золаце, па пояс у серабрэ, ва лбу ясён месяц, у патыліцы дробны звёздачкі, па віскам красна солнышка. На радасці яны задалі пір на ўвесь мір. А большых сясцёр цар вялеў прывязаць к конскім хвастам і пусціў у чыстае поле.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 296-302
Крыніца: скан