epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Дурны сын

Адзін цар меў тры сыны: адзін дурны, а двох разумных. Як уміраў іх бацька, казаў ім прыхадзіць па адной ночы каждаму начаваць на магілу. Першую ноч старшаму. Старшы не пайшоў, дурнога паслаў. Прыйшоў дурны на магілу, а бацька пытае:

— Каторы прыйшоў?

А ён кажа:

— Дурны.

Бацька даў яму палачку і казаў:

— Як махнеш гэтай палачкай, што захочаш, тое будзеш мець.

На другую ноч зноў трэба было ісці серадольшаму, а той дурны пайшоў.

Як лёг ён, так бацька пытаецца:

— Каторы прыйшоў?

Так ён кажа:

— Дурны.

На трэцю ноч трэба было дурному ісці. Прыйшоў, лёг на магіле. Бацька пытае:

— Каторы прыйшоў?

Кажа:

— Дурны.

Даў яму трэцю палачку:

— Як махнеш, што захочаш, то будзеш мець.

У другом царстве, у другога караля была дачка. Кароль яе засадзіў на трэця пентра1 і казаў:

— Хто даскочыць на трэця пентра, так палову каралеўства дастане і жаніцца будзе з дачкою.

Кароль выдаў баль і прасіў усіх, каб прыязджалі. Так тыя браты два прыбраліся і паехалі на той баль. Брат іх, той дурны, выйшаў за браму і махнуў палачкай: і яму конь асядланы, і ён убраны. Сеў на каня, даганіў сваіх братоў, па тры разы бізуном даў і сам паехаў напярод. Прыехаў да крулеўны і скачыў на перша пентра з канём. На другі дзень браты зноў коні асядлалі і паехалі Дурны зноў выйшаў за браму, махнуў палачкай: яму конь асядланы, і ён прыбраны. Сеў, паехаў, дагнаў сваіх братоў і зноў па тры разы бізуном ім даў. Прыехаў там і скачыў на другое пентра. А браты абачылі і паехалі назад. Ён дагнаў іх і зноў даў па тры разы бізуном. Дурны пытаецца ў іх, што там чулі. Яны кажуць:

— Дурны, ты не кажы нікому, нас неякі чужастранец як дагнаў, як ні забіў.

На трэці дзень сядлаюць коні і браты едуць. Дурань выйшаў за браму, махнуў палачкай: яму конь асядланы, ён убраны. Сеў, паехаў, даганіў братоў і зноў па тры разы бізуном даў. Прыехаў да крулеўны і даскачыў на трэця пентра. Крулеўна яму прыбіла пячаць на лобе. Пасля кароль выдае баль і просіць усіх на баль, каб найсці таго, катораму крулеўна прыбіла пячаць на лобе. Усюды шукалі і не найшлі. Прыехалі да дурнога, знялі шапку, найшлі пячаць на лобе і пазналі, што той, каторы даскачыў на трэця пентра, і забралі яго, і павязлі да цара. Далі яму кватэру, бо цар не меў часу рабіць вяселле, бо падхадзіў непрыяцель.

Цар мусіў ісці біцца з непрыяцелем, ваяваў. А той дурны выйшаў за браму і махнуў палачкай: і яму конь асядланы, і ён убраны. Паехаў ваяваць. Як махнуў палачкай — забраў у плен непрыяцеляў. На другі дзень пайшоў цар ваяваць.

Дурань выйшаў за браму, махнуў палачкай: яму конь асядланы, ён убраны. Сеў і паехаў. Прыехаў, махнуў палачкай і забраў непрыяцеляў у плен. Гэтага дурнога прасілі на абед. Ён сказаў:

— Не маю часу, з далёкіх старон, трэба ехаць дахаты.

На трэці дзень зноў ваюе цар. Дурань выйшаў за браму, махнуў палачкай: конь асядланы, ён убраны. Сеў і паехаў. Прыехаў, аж караля забіраюць у плен.

Ён як махнуў палачкай, забраў непрыяцеля ў плен. А дурному секануў казак палашом і расцяў ногу. Так цар скінуў хустку з шыі і абвязаў дурному ногу. Прыехаў дурны дахаты і палажыўся ў сваім пакоі. Выдае цар баль. Сабраліся ўсе, і пасылае цар па дурнога на абед. Ён кажа:

— Не магу ісці, бо сёк у жыда дровы і адсёк ногу.

Цар забірае казакоў, ідзе да дурнога клікаць на абед. А ён кажа:

— Не магу ісці, бо адсёк ногу.

Цар пытае:

— А дзе ты адсёк?

— Сёк у жыда дровы і ўсёк ногу.

Цар кажа:

— Пакажы ногу.

Ён паказаў ногу, і царска хусцінка завязана каля нагі. Так цар урадаваўся, яго пацалаваў. Казаў запрагчы коні, прывязці яго на баль і сказаў усім:

— Мой зяць адагнаў непрыяцеляў.

Па гэтым балю цар сказаў:

— Прашу я ўсіх на вяселле: буду жаніць дачку; хоць ён дурны, а не зробіць таго і разумны.

Зрабіў цар вяселле, і ўсе былі на балю. Паблагаславіў іх і здаў крулеўства на дурнога.

1 Пентра – паверх.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 403-405
Крыніца: скан