epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Два у кораб арэшкі

Жыў-быў старык са старухай. Было ў іх тры дачкі. Гэтыя дочкі ўсё пралі ўтрох. Раз пралі яны ў лазні, а ехаў цар з фурманам. Едзець і кажаць:

— Што такое? Ніколі агню не было ў гэтай лазні, а цяпер аганёк гарыць. Пайдзі паглядзі.

Зайшоў гэты фурман у лазню. Глядзіць: тры дзеўкі прадуць. Пастаяў ён пад дзвярмі. Пастаяў ён пад дзвярмі, чуець, адна кажаць:

— Го, каб я за цара пайшла, нічога б не хацела, увесь бы свет абаткала б я ўжо.

А другая кажаць:

— А каб я зайшла за цара, так бы аднэй ба нітачкай увесь бы свет адзела.

А трэцяя кажаць:

— А я каб зайшла за цара, за пана круля, дык ба двух сынкоў прывяла: аднаго з-пад мясёнца, окала гвяздачкі, а другога з-пад слонца, слонца б свяціла. На адным слонца, на другім месяц і звёзды свяцілі.

Гэты фурман пазваў караля. Падышоў гэты кароль, паслухаў, паслухаў.

— Ну,— кажаць,— як гэтак, паедзем дамоў.

Паехалі яны дамоў. Прыязджаець назаўтра кароль да іх у сваты. Прыехаў гэты ўжо кароль у сваты і кажаць:

— Дзе тая, каторая казала, што двух сыноў прывядзець: аднаго з-пад мясёнца, окала гвяздачкі, а другога з-пад слонца.

Гэта была самая меншая. Ну, і ўзяў ён ажаніўся ўжо, гэты кароль. Ажаніўся ён, кароль гэты, ну і жывець з ёй. Жывець. Прыходзіць яму аб'яўленне на вайну ехаць. Паехаў ён на вайну, а ў яе яшчэ не было гэтых сыноў. Прыйшлі ейныя дзве сястрыцы, старэйшых яна забрала к сабе гэтых абедзвюх, каб яны ўжо жылі і ёй весялей было. Нарадзіліся ў яе два сыночкі. Адзін — у лобе месяц свеціць і звёзды, а ў другога слонца над галавой. Як ён ідзець, так слонца свеціць, дзе ні йдзець, усюды слонца свеціць. Толькі як шапкі надзенуць — тады нічога не відаць. Як шапачкі здзенуць — тады ў іх відаць.

Не панаравілася гэтым сёстрам, што яна маладзейшая, а яна царыцай, а мы старэйшыя і мы нічым.

Напісала яна пісьмо ўжо цару гэтаму, каралю. Напісала яна пісьмо каралю, што ў яе два сыны нарадзіліся, што адзін ужо з-пад слонца, другі з-пад мясёнца. Паслала. Гэтыя сёстры ўзялі пісьмо, слуга ж нёс, яны яго перанялі, напаілі ў хаце там недзека. Узялі пісьмо, перапісалі ягонае і напісалі, што яна двух шчанючкоў прывяла, два шчанюкі ёсць у яе. Ну што ж. Прачытаў цар гэта пісьмо, ну і ўсё роўна, што ні ёсць, пускай будзець. «Да майго прыезду нічога штоб не дзелалі. Няхай яны гадуюцца, гэтыя самыя шчанючкі». Яны ўзноў перанялі яго, прачыталі пісьмо, зноў напісалі, каб нямедленна выкідалі яе вон, вывезлі саўсём, дажа ў лес, штоб яе нагі не стала ў хаце. Ну што, узялі гэтыя слугі ўсе сабраліся, мусяць жа ж прыказ цара слухаць. Узялі яе, адзежу ейну царскую здзелі з яе ўсю, дзяцей гэтых саўсём павыкідвалі голенькіх на двор, не было нічога ў яе, што надзець. Тады яна нейкіх там анучак знайшла рваных, паўкручвала гэтых рабятак ужо і пайшла ў свет. Торбамі абчапілася на плечы і пайшла ўжо жабраваць.

Хадзіла яна доўга, жабравала, гэтыя сынкі падраслі, па пяць, па шэсць гадоў ім ужо. Выраслі яны і ходзяць па свету ўсё і жабруюць. Вярнуўся гэты цар з вайны і жывець. Яму сказалі яны, што яна сама кінула ўсё і ўшла затое, што гэтыя шчаняты прывяла яму. Шчаняты ў яе. Ну, што ж ён будзець рабіць. І жывуць гэтыя сёстры, жывуць у яго, і ён жывець, гэты цар.

Тады яна ўжо раз ідзець каля возера. Прыйшла ўжо ў возера. Цяжка хадзіць, трудна жабраваць, і кажаць:

— Мае вы дзеткі, я ўжо вас падгадавала, а я вазьму і ўтаплюсь ужо ў гэта возера.

Яны сталі плакаць:

— Мама, не тапіся, мы падрасцём, будзем жыць, тады неяк мы табе ўжо выгадаем. Мы выгадуемся самі і цябе будзем глядзець. Пойдзем да таты да нашага, да цара свайго, пойдзем туды.

А там баль, сільна залажыў баль вялікую цар гэты. Ай, неперанасіма гасцей сазваў са ўсяго свету, якія толькі былі госці, усіх гасцей паззываў ён туды на гэта ўжо, на баль. Ну, прыйшлі, прыйшлі яны ў кухню, у служанкі просяцца:

— Можа вы пусцілі б нас нанач?

Дык яна:

— Ой, у нас нідзе месца няма сягоння — гэтулькі многа людзей, не магу нідзе вас пусціць.

Дык яны:

— Ну, хоць мы пад краваццю, хоць дзе, пазвольце вы нам ужо хоць дзе-небудзь схавацца, ноч на двары.

Ну, служанка кажаць:

— Толькі схавайцеся пад краваццю і ціханька сядзіце, каб ніхто вас не ўвідзеў, бо, барані бог, хто ўвідзіць, дык і мяне выганяць вон за вас.

Ну, тады гэдак ужо схаваліся яны і ляжаць пад ложкам. А ў цара балявалі, пілі, гулялі, тады цар прынёс цэлы кораб арэхаў і кажаць:

— Хто разгадаець гэты кораб арэхаў, таму апішу палавіну свайго царства.

Усе разгадвалі, усе разгадвалі — ніхто не разгадаў. Тады гэтыя хлопчыкі просяцца:

— Мама, мы папросімся ў служанкі, мы разгадаем гэты кораб арэхаў.

Яна кажаць:

— Дурачкі, ён вас не прымець абадраных, гэтакіх страшных.

— Не, мы разгадаем.

І вот яны прасіліся, прасіліся, служанка гаворыць:

— Ну, я схаджу, я схаджу, папрашу ў цара гэтага, ці прымець ён вас.

Пайшла, спыталася:

— У мяне жабрачка начуець, двое ў іх мальчыкаў, яны просяцца, што разгадаюць ужо гэты кораб арэхаў.

— Ну, няхай ідуць.

Прыйшлі яны і сталі разгадваць абодва, адзін і другі. Вот ён бярэць пару арэшкаў і кладзець у другі кораб арэхаў, у парожны кораб. І кажуць:

— Два ў кораб арэшкі, быў стары, два ў кораб арэшкі, былі ў яго тры дачкі, два ў кораб арэшкі, яны пралі, два ў кораб арэшкі, яны гаварылі, два ў кораб арэшкі: «Каб мы зайшлі за пана круля», два ў кораб арэшкі. Адна казала, два ў кораб арэшкі: «Я б аднэй ба нітачкай увесь свет бы абвяла», два ў кораб арэшкі. Другая казала, два ў кораб арэшкі: «Каб я выйшла за пана круля, два ў кораб арэшкі, я ўсім ба кросны ткала, два ў кораб арэшкі, я ўсіх ба аднэй ба адзежкай адзела», два ў кораб арэшкі. А трэцяя кажаць, самая меншая, два ў кораб арэшкі: «Я каб зайшла за пана круля, два ў кораб арэшкі, я б двух бы сынкоў прывяла, два ў кораб арэшкі, аднаго з-пад мясёнка каля гвяздачкі, два ў кораб арэшкі, а другога з-пад слонца», два ў кораб арэшкі.

Пан круль ехаў, два ў кораб арэшкі, пачуў, што гэтак гаварылі тры сястры, два ў кораб арэшкі, пан круль падслухаў пад дзвярмі, два ў кораб арэшкі. Ён ажаніўся з гэтай, два ў кораб арэшкі, каторая гаварыла, два ў кораб арэшкі, што двух сынкоў прывядзе, два ў кораб арэшкі. Пану крулю прыйшлося, два ў кораб арэшкі, ехаць на вайну, два ў кораб арэшкі, а крулёва нарадзіла двух сынкоў, два ў кораб арэшкі: аднаго з-пад мясёнца, два ў кораб арэшкі, а другога з-пад слонца, два ў кораб арэшкі. Напісала пісьмо, два ў кораб арэшкі, пану крулю, каб ён ведаў, два ў кораб арэшкі, што яна прывяла двух сынкоў, два ў кораб арэшкі. Паслала слугу, два ў кораб арэшкі, а слугу сёстры перанялі, два ў кораб арэшкі, пісьмо перапісалі, два ў кораб арэшкі, што прывяла двух шчанюкоў, два ў кораб арэшкі. Ён, цар, сказаў, два ў кораб арэшкі, што толькі ні прывяла, няхай гадуе, два ў кораб арэшкі. І адпісаў пісьмо, два ў кораб арэшкі. Яны перанялі, два ў кораб арэшкі, адпісалі, каб яна вон выхадзіла, два ў кораб арэшкі, вон з дварца саўсём і з сваімі шчанятамі, два ў кораб арэшкі, каб яна скарэй пайшла, каб яе выгналі, два ў кораб арэшкі. Яны выгналі яе з дварца, два ў кораб арэшкі.

Яна пайшла жабраваць, два ў кораб арэшкі. Яна хадзіла, два ў кораб арэшкі, прыйшла да возера, два ў кораб арэшкі, хацела ўтапіцца, два ў кораб арэшкі, а сынкі сталі плакаць, два ў кораб арэшкі: «Не тапіся, мама, мы цябе глядзець будзем», два ў кораб арэшкі. У пана круля быў баль вялікі, два ў кораб арэшкі. Кажуць: «Мама, пойдзем да свайго таты, два ў кораб арэшкі, сходзім, паглядзім, які ён ёсць», два ў кораб арэшкі. І мы прыйшлі, два ў кораб арэшкі, а там служанка не пушчала, два ў кораб арэшкі. Папрасіліся нанач, два ў кораб арэшкі, а яна пусціла, два ў кораб арэшкі. Пад ложкам мы схаваліся, два ў кораб арэшкі. Мы паляжалі, два ў кораб арэшкі. Пан круль прынёс кораб арэшкаў і сказаў, два ў кораб арэшкі, хто разгадае гэты кораб, два ў кораб арэшкі, таму поўцарства, два ў кораб арэшкі. Мы прасіліся ў мамы, два ў кораб арэшкі: «Пусці, мама, нас», два ў кораб арэшкі. Мама не пушчала, два ў кораб арэшкі, мы папрасілі служанку, два ў кораб арэшкі, каб яна, два ў кораб арэшкі, папрасіла нас разгадаць гэты кораб, два ў кораб арэшкі. Пан круль пазволіў, два ў кораб арэшкі.

І яны шапачкі паздымалі: слонца засвяціла ў хаце, месяц, усё. І круль увідзеў і пазнаў сваіх сынкоў.

І тады сёстраў ейных да конскіх хвастоў прывязаў і паганяў, і іх паразрывалі. А тады выцягнулі яе з-пад ложка, прыбралі яе, і яна стала царыцай, і сыны сталі з імі жыць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 319-323
Крыніца: скан