epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Дзед і баба

Жыў дзед з бабай, бяздзетныя. І былі яны зрадзіўшысь не ўміраць адзін без другога, а калі ўмрэць адзін, дык каб і другі лез у труну. Жылі яны, жылі, і ўмёрла ўперадзі баба. Тады дзед сказаў, каб труну здзелалі гэтай бабе такую, каб у яе двое лезла. Усе людзі дзівяцца з таго дзеда, што ён гэткую труну сказаў дзелаць. Ну, але здзелалі труну шырокую — як двом легчы. Палажылі бабу ў труну і вязуць на могільнік. І дзед пайшоў. Поп адправіў што трэба, спусцілі бабу ў ямку, і дзед лезець лажыцца кала бабы. Усе людзі кажуць яму:

— Што ты, дурак, лезеш жывы ў яму?

А ён кажаць:

— А калі мы так угаварыліся: як яна умрэць, я палезу жывы, а як умру — яна палезець!

Поп тады кажаць:

— Ну, не трогайце яго, хай паляжыць да заўтрага; не трэба закапываць!

Ну, кінулі яго там і разышліся. Ляжаў дзед, ляжаў, бачыць — пад поўнач лезець у труну змяя. Улезла туды і стала дзяцей ражаць; і нарадзіла іх няжывых. Тады яна пайшла і прынясла травінку: аднаго памазала — ён аджыў, другога памазала — і тэй аджыў. І так усіх па'джыўляла. Тады дзед у гэтай змяі ўхваціў гэту травінку і памазаў бабу. Баба і аджыла. Пайшлі яны тады дамоў і сталі ўзнова жыць. Жылі яны, жылі, тады дзед уздумаў што: дай паспробую, ці ляжаць баба ў труне! Ды ўзяў і прыкінуўся нібытта ўмёр. Баба плачаць, бядуець, як ёй жывой лезці ў труну. Але сабе думаець: «А можа ён не саўсім умёр! Дай я ліну яму вару на вочы!» Толькі яна паднясла к яму вар, а ён і ўскочыў. І давай яе біць:

— А ці я табе ліў вар на вочы?

Біў, біў, але после памірыліся і сталі жыць. І цяпер, мусіць, жывуць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 222
Крыніца: скан