epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Дзедава дачка і бабіна

Жылі-былі дзед і з бабай. Была ў дзеда дачка і ў бабы дачка. Баба дзедаву дачку не любіла, не жалела, ненавідзела яе. Вот яна дасць кудзелю: сваёй дачцэ харошыя кудзелі, маленькую здзелаць, а дзедавай дачцэ большую з атрэп'ем. Пойдуць яны на супраткі. Дзедава ж дачка баіцца, дык яна прадзець, сядзіць прадзець, прадзець. А бабіна лянцяйка. Яна гуляіць, то спаць ляжыць, то на печ пагрэцца ўзлезіць. Ну, тады ідуць разам ужо з супратак дадому. Бабіна дачка возьміць у дзедавай паадбіраіць яе рукувяткі, паадбіраіць, дамоў прыходзіць.

— Во, мамка, паглядзі, як я напрала столькі. А гэтая ж лянцяйка дык толькі спала ды ляжала, не прала.

Баба ў злосць.

— Нашто яна мне, гэткая лянцяйка, дзявай яе дзе хочаш! Яна мне не нада, дармаедка гэта.

Дзед думаіць:

— А божа мой, што ж мне дзелаць са сваім дзіцяцем?

Ну, гаворыць:

— Мая дачушка, паедзем у лес па дровы.

Ну, надзелася дзевачка, гэтая сірацінка, абула лапці і паехала са сваім таткам у дровы ў лес. Прыехалі да лесу, ёй бацька гаворыць:

— Пасядзі тут, мая дачушка, а я пайду-тка, пагляджу луччых дроў.

Яна села, сядзіць. А ён ад'ехаўся далей, узяў палена такое бальшое, палажыў ды тады бярозу сагнуў, на вярхушку прывязаў палку. А быў вецярок, палка гэтая ляпаіць: ляп-ляп-ляп. Дзевачка сядзіць, кажыць:

— Во мой татка дровы сячэць, во мой татка дровы сячэць!

Сядзіць, сядзіць, ажыдаіць, ажыдаіць. Татка не йдзець.

Прыходзіць яна на тое месца. Німа таткі. Палка ляпаіць толькі гэта. Як загалосіць дзяўчына:

— А божа мой! А што ж мне дзелаць, а куды мне ісці, дарогі не знаю!

Вот яна ідзець, ідзець, ідзець, ідзець. Выйшла на бераг. Ну, ажны дарога тут блізка. Вот яна дарогаю ідзець, ідзець, ідзець, ідзець. А тут ужо троху і вечарэіць. Яна тады відзіць — хатка небальшэнькая стаіць. Зайшла яна ў хатку. Нікога німа. Яна села на печ і сядзіць. Ажны прыходзіць мядзведзь.

— Хто тут ёсць, русы косы пахнуць?

Яна кажыць:

— Я.

— Тапі печ, вары мне кашу!

Яна злезла печ тапіць, кашу варыць. Зварылася каша. Стала таўчы. Ажны мышка бяжыць.

— Дзеўка-дзявіца, дай мне ком кашы, я табе буду знадобна.

— Хто з табой там гаворыць?

— Мышка кашы просіць.

— По лбу ёй там!

Яна ёй кашы дала, мышка з'ела. А яна стук-стук па загнету ложкай. Мышка запішчэла, пабегла. Ну, пад'еў мядзведзь кашы.

— Сцялі мне пасцелю!

— А што слаць?

— Рад камення, рад палення, ступу пад галаву, дзвярамі накрыцца.

Ну, яна паслала.

— На ключыкі, звані, каб мне было смачней спаць!

Ходзіць яна па хаце, звоніць. Ажны мышка праходзіць.

— Дзеўка-дзявіца, давай ключыкі. Я буду званіць, а ты лезь на печ.

Яна ўзлезла ціхенька на печ, а мышка звоніць. А мядзведзь пачуў, дзе ключы звіняць. Ён туды бабух каменнем.

— Ці жыва ты?

Яна кажыць:

— Жыва.

Тады паленнем як кінець тожа.

— Ці жыва ты?

— Жыва не жыва, клёк невялікі.

Як кінуў ступай! А яна ўжо не аказалася.

— Ну, ладна. Хай-тка віднеіць, я з табой разбяруся.

А мышка прыбегла, ключыкі кінула, гаворыць:

— Як стане звіднець, уцякай скарэй.

Не спіцца ж дзеўцы, баіцца, сядзіць. Стала трошку віднець. Яна скоранька ціхенька дзверы адкрыла ды з хаты на дарогу выбегла. Бяжыць, бяжыць, бяжыць, бяжыць. Ажно едуць нейкія на пара коні. Купец які-то. Дагнаў гэтую дзевачку.

— Куды ж ты, дзевачка, бяжыш? Хадзі падвязём.

Ну, узялі яны яе. Вязуць. Вот яна стала расказваць. Так і так, як ёй жылося ў мачыхі дрэнна, бацька яе ў лес завёз.

— Хадзі, дзевачка, паедзем з намі, будзеш ты ў нас служыць. Мы цябе будзем адзяваць, карміць, і будзеш ты ў нас жыць.

Паехала дзевачка. Жыве там. Ажно ў купца гэтага быў сын. Панравілася гэтая дзевачка, яна была красівая. І пажаніліся яны. Вот жылі яны, жылі. Тады надумалася, кажыць:

— З'ездзім ужо к бацьку ў госці к майму.

Ён запрог коні ў карэту — багаты ж быў. От едуць ужо ў госці.

Баба бліны пячэць. Пячэць бліны, а сучка ў хаце была. Дак сучка:

— Цяў, цяў, цяў! Дзедава дачка ў карэце едзе. Цяў цяў, цяў!

— Вот каб цябе воўк з'еў! Дачкі дзедавай ужо і касцей німа на свеце!

А яна яшчэ:

— Цяў, цяў, цяў! Дзедава дачка ў карэце едзе!

— Ах, каб цябе воўк з'еў! На блін, толькі не брашы!

Глядзь у вакно. А божа мой, спужалася. На двор уз'язджаіць у карэце пара коней запрэжаныя, ой, злязаіць, а ўбрана харашо, уходзіць у хату. Дзед рад, а баба спужалася. А дзед узрадаваўся, гэта ж яго дачка. Ну, пагасцілі яны, пагасцілі і паехалі.

Баба ліха-ліхам на дзеда:

— Вязі і маю дачку, дзе ты сваю завёз куды!

Дзед узяў і павёз. Ну, таксама здзелаў, як і сваёй дачцэ. Пасадзіў яе, каб пасядзела, а тады сам паехаў ужо. Так жа ж палку прывязаў, каб яна ляпала, падумала, што гэта бацька дровы сячэць. Яна сядзела, сядзела, не йдзець бацька.

— Пайду пашукаю, ці скора бацька дроў насячэць.

Прыйшла, няма бацькі тожа. Ну, як загалосіць яна!

— А божа мой, дзе ж падзецца?

Выйшла на дарогу, ідзець, ідзець. Якраз яна ў тую хатку папала. Зайшла, села, ціхенька сядзіць! Тожа мядзведзь прыходзіць.

— Хто тут ёсць, русы косы пахнуць?

— Я.

— Тапі печ, вары мне кашу!

Яна затапіла печ, зварыла, таўчэць кашку. Мышка тожа прыходзіць.

— Дзеўка-дзявіца, дай мне ком кашы.

— А хто там з табой гаворыць?

— Мышка кашы просіць.

— По лбу ёй!

Яна стук ёй па лбу, кашы не дала. Мышка запішчэла і пабегла.

— Ну, сцялі мне пасцелю,— як пад'еў кашы мядзведзь.

— А што слаць?

— Рад палення, рад камення, ступу пад галаву, дзвярамі накрыцца!

Яна паслала.

— На ключыкі, звані, каб мне было смачней спаць!

Яна ходзіць, звоніць. А ён як кінець паленнем.

— Ці жыва ты?

— Жыва.

Тады як кінець каменнем.

— Ці жыва ты?

— Жыва не жыва, клёк невялікі.

Як кінуў ступу — і забіў.

— Ну, я разбяруся з табой, хай-тка павіднеіць.

Сам спіць, храпець. Выспаўся, відна ўжо, устаў. Дзеўка ляжыць сярод хаты забіта. Ён давай яе косці абгладаў, мяса абгладаў, косці ўзяў у кашалёк павесіў.

Вот, а дома ўжо... А баба жджэць, дачка ў карэце будзіць ехаць. Пячэць бліны. Печ топіць, бліны пячэць. А сучка:

— Цяў, цяў, цяў! Бабіна дачка ў кашальку костачкі. Цяў, цяў, цяў!

— Ах, каб цябе воўк з'еў! Мая дачка ў карэце будзіць ехаць! На блін, толькі так не брашы!

А яна яшчэ:

— Цяў, цяў, цяў! Бабіна дачка ў кашальку костачкі.

— А божа мой, што яна так гэта нядобра брэшыць, гэтая сучка. Дзед, запрагай каня, з'ездзі ты ў лес. Што такое случылася?

Паехаў дзед. Прыязджаіць. А мядзведзь жа ж пайшоў на паляванне. Гэта ж днём ён паехаў. Ажно і праўда, у парозе ў карзіне костачкі вісяць гэтыя. Ён прывёз, цераз парог бабе — шусць!

— На табе тваю дачку.

— Ой, які ж ты! — Як напала яна ж на дзеда.— А гэткі ж ты! А што ж ты здзелаў, а ты ні туды ж завёз маю дачку! А ты яе й не там падзеў, дзе сваю!

Ліха-ліхім на дзеда. Ну, а дзед маўчыць ціхенька. Маўчаў, маўчаў.

— Ну, мусіць так тваёй дачцэ і нада.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 243-247
Крыніца: скан