epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Дзедава дачка і бабіна дачка

Быў дзед з бабаю. Мелі яны сабе па дачцы. Дак так і сама, дзедава дачка і бабіна, дак бабіна дачка з дзедавай глумілася. Яна начала плакаць, дзедава дачка, кажа:

— Татусько, пастаў мяне служыць.

Ён адказвае:

— Не можаш служыць, яшчэ благая.

Даў ёй праснічку і залатое вераценца, павёў яе пад крыніцу і пасадзіў яе там, кажа:

— Прадзі, як упадзе вераценца, так і сама бяжы за ім.

Так як вераценца ўпала, так яна і пабегла за вераценцам. Бяжыць дак бяжыць, аж там стаіць яблынька:

— Дзеўко-дзявіцо, русая касіца, атрасі мяне, сабе яблачка возьмеш і мне пакінеш.

Яна ж атрасла, сабе яблачка ўзяла і яблынцы пакінула. Бяжыць дак бяжыць, стаіць грушка:

— Дзеўко-дзявіцо, русая касіца, атрасі мяне, сабе грушку возьмеш і мне пакінеш.

Так яна атрасла, сабе грушак узяла і грушцы пакінула. Бяжыць дак бяжыць, аж там стаіць дзежка цеста:

— Дзеўко-дзявіцо, русая касіца, замясі мяне і ўсадзі мяне, сабе булачку возьмеш і мне пакінеш.

Замясіла і ўсадзіла, спякла сабе булачку, узяла і дзежцы пакінула.

Бяжыць дак бяжыць, стаіць паршук:

— Дзеўко-дзявіцо, русая касіца, закалі мяне і асмалі мяне, сабе салца возьмеш і мне пакінеш.

Дзеўка ўзяла, закалола і асмаліла, сабе ўзяла сала і там пакінула. Бяжыць дак бяжыць, аж там у лесе стаіць хатка на курачай ножцы. Яна заходзіць туды, у хатку тую, кажа:

— Пахвалёны Езус. Навекі.

— Дзе ты, дзеўко, ходзіш?

— От ішла, зайшла да вас.

— Можа б ты паткала красён?

Яна адказвае:

— Патку.

Яна ўзяла яе павяла ў каморку:

— Усюды хадзі, усюды хадзі, анно там не ідзі, дзе лычам завязана.

Так села дзеўка кросна ткаць. А ведзьма пабрала жалезныя таўкачы, пайшла ў лес. Гэтая дзеўка пайшла там, дзе лычкам было завязана. Развязала, аж там грошы.

Яна ж, гэтых грошы набраўшы мех, давай уцякаць. Так прыбегла да паршука, памінула паршука. Так тая ведзьма ляціць, ужо вецер шуміць. Прыбегла дадому, паглядзела — дзеўкі німа дома ўжо. Паглядзела — і грошай німа. Давай даганяць. Бяжыць дак бяжыць і з жалезнымі таўкачамі. Прыбегла да паршука:

— Паршук, паршук, ці не бачыў тут дзеўкі бегучы, мех грошай несучы?

— Не, не бачыў.

Бяжыць дак бяжыць, стаіць дзежка:

— Дзежко, дзежко, ці не бачыла тут дзеўкі бегучы, мех грошай несучы?

— Не бачыла.

Бяжыць дак бяжыць, стаіць грушка:

— Грушко, грушко, ці не бачыла тут дзеўкі бегучы, мех грошай несучы?

— Не, не бачыла.

Бяжыць дак бяжыць, стаіць яблынка:

— Яблынко, яблынко, ці не бачыла тут дзеўкі бегучы, мех грошай несучы?

— Не, не бачыла.

Тая дзеўка прыйшла дадому, мех грошай прынясла. Дак ужо бабіна дачка просіць:

— Завядзі мяне, дзедку.

Ён ёй даў праснічку і залатое вераценца, пасадзіў яе над крыніцаю:

— Як вераценца ўпадзе, так ты сама бяжы.

Вераценца ўпала, так і яна пабегла. Бяжыць дак бяжыць, стаіць яблынка:

— Дзеўко-дзявіцо, русая касіца, атрасі мяне, сабе яблачка возьмеш і мне пакінеш.

— Німа калі, трэба бегчы.

Бяжыць дак бяжыць, аж там стаіць грушка:

— Дзеўко-дзявіцо, атрасі мяне, сабе грушак возьмеш і мне пакінеш.

— Німа калі, трэба бегчы.

Бяжыць дак бяжыць, аж там стаіць дзежка цеста:

— Дзеўко-дзявіцо, русая касіца, замясі мяне і спячы мяне, сабе булачку возьмеш і мне пакінеш.

— Німа калі, трэба бегчы.

Бяжыць дак бяжыць, аж там стаіць паршук:

— Дзеўко-дзявіцо, русая касіца, закалі мяне, сабе салца возьмеш і мне пакінеш.

— Німа калі, трэба бегчы.

Бяжыць дак бяжыць, аж там стаіць хатка ў лесе на курачай ножцы. Уваходзіць у хату, аж там ведзьма кросна тчэ.

— Пахвалёны Езус. Навекі.

— Дзеўко-дзявіцо, ці не паткала б ты красён?

— А чаму ж, патку.

— Усюды хадзі, усюды хадзі, анно там не хадзі, дзе лычкам завязана. Ты тчы кросна, а я пайду.

Узяла жалезныя таўкачы і пайшла.

А дзеўка гэтая пайшла там набрала грошай і пайшла. Анно ж ведзьма бяжыць за ёю з жалезнымі таўкачамі.

Прыбягае да паршука:

— Паршук, паршук, ці не бачыў тут дзеўкі бегучы, мех грошай несучы?

— А от бяжы, то дагоніш.

Бяжыць дак бяжыць, аж стаіць дзежка цеста.

— Дзежко, дзежко, ці не бачыла тут дзеўкі бегучы і мех грошай несучы?

— А от бяжы, то дагоніш.

Бяжыць дак бяжыць, аж там стаіць грушка:

— Грушко, грушко, ці не бачыла тут дзеўкі бегучы, мех грошай несучы?

— А от бяжы, так дагоніш.

Бяжыць дак бяжыць, аж стаіць яблынка:

— Яблынько, яблынько, ці не бачыла тут дзеўкі бегучы, мех грошай несучы?

— А от бяжы, то і дагоніш.

Дагнала і забіла тую дзеўку жалезнымі таўкачамі за тое, што не паслухала трасці і калоць, і мясіць, дак забіла. Тая баба ўжо ждала, ждала, і прыходзіла шукаць, анно костачкі найшла.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 229-232
Крыніца: скан