epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Дзедава дачка і бабіна дачка ў хатцы на курынай ножцы

Быў дзед і баба, былі ў іх дзве дачкі: у дзеда была дачка і ў бабы была дачка. Жылі яны, жылі. Ну, абрыдзела мачасе ўжо дзедава дачка. Тады што яна, мачаха, сказала:

— Звязі ты гэту сваю дачку, дзед, каб яна не была. Так ужо яна мне надаела.

Праўда, дзеду ж запяклося на сэрцы, дзе ж ён яе рад везці. Ну, але што ж рабіць? Так уела добра, што мусіў. Узяў саначкі, пасадзіў яе.

— Паедзем, дачушка, у лес, будзем там дроўцы збіраць.

Вот гэта дзяўчынка сабралася, узяла хлеба кусочак нейкі.

Ну, прыехалі. Прыехалі яны ў той лес. На курынай ножцы стаіць хатка. Ён яе ўсадзіў у гэтую хатку:

— Сядзі,— каець,— дачушка, і жджы, а я пайду дроўцы сеч.

Узяў прывязаў дошчачку такую, венічак прывязаў, гэта ўжо будзець ужо трашчэць, там стукаць, будзець ёй нешта выдавацца такое, што як бы гэта бацька работаець. Жджэць яна, пажджэць, гэта дзяўчынка, да нету бацькі. Чуець яна: стук-стук калодачка з венічкам, да венічак шась-шась. Так яна:

— Калодачка — брась, а венічак — шась, мой татулька дроўцы сячэць.

А тады шастала-шастала, стукала-стукала, ды ніхто не йдзець. Стала ёй страшна. Узяла выйшла на парог і стала, і кажаць:

 

— Хто ў лесе,

Хто ў бару?

Прыйдзі, прыйдзі

Ноч начаваць,

Ноч каратаць.

 

 

Тады адзываецца:

 

— Я ў лесе,

Я ў бару.

Прыйду к табе

Ноч начаваць,

Ноч каратаць.

 

 

Гэта быў мядзведзь. Яна адказала:

 

— Не хачу цябе,

Не люблю цябе,

Ты не мой татка,

Не мая мамка.

 

Гэты мядзведзь не паслухаўся. Так і прысунуўся да гэтай хаткі. І стукае:

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, адчыніся!

Вот яна ўзяла і адчыніла хату. Адчыніла, тады кажаць ён да яе:

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, перастаў мне ножкі!

Узяла яна і пераставіла. Тады:

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, звары мне есці!

— А мой панок, а мой медзвядзёк, з чаго ж гэта табе звару? Я сама не маю чаго есці.

Гэтакая была пакорная яна. Ён тады кажаць:

— Улезь у маё вуха правае, а з левага вылезь, там знойдзеш усяго.

Тут гэтая дзяўчына ўзяла гэтак і зрабіла: улезла ў правае, вылезла з левага. Праўда, знайшла мукі там, сала, бульбы набрала — усяго. Ён жа сказаў ёй:

— Вазьмі мне, дзеўка-дзявіца, руса касіца, пасцялі пасцель.

— А мой панок, а мой медзвядзёк, дзе ж я, з чаго табе пасцялю?

— Нічога. Рад палення, рад камення, ступу жалезную пад галаву, а бараной накрыцца.

Вось так. Ну, яна яму і паслала. Паслала. Лёг гэты мядзведзь, на печ ужо забраўся. А ёй даў званочак.

— Звані, каб мне весялей спаць было.

І яна ўзяла, ежу гэту наварыла.

Ляжыць гэты мядзведзь. Як наварыць ежы, тады будзець званіць, каб яму весялей спаць. Таўчэць яна кашу. Падляцела мышка:

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, дай мне кашкі.

Яна кцель ёй гэтай кашкі кінець. Мышка з'ела. А ён:

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, з кім ты там гаворыш?

— А ні з кім. Тут мышка прыляцела.

— Дай мышцы па лабышцы.

Дык яна стук па лаве там, быдта гэта яна мышцы дала. І мышка гэтая падляціць ужо, і ізноў яна ёй дасць паесці. І гэдак яна абвадзіла мядзведзя. Тады:

— Дзеўка-дзявіца, звані мне!

Ну, дак мышка ўжо падляцела:

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, дай мне гэтыя званочкі, а ты сама схавайся.

Яна, гэта дзяўчына, узяла і схавалася. А мышка то ў адным кутку зазвоніць, то ў другім. Як зазвоніць, дык ён туды і пусціць бараной адразу. І тады пытаецца:

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, ці жыва?

Дык яна:

— Жыва, жыва, ды ня дужа,— адазвалася.

Тады зноў: «Дзілін, дзілін, дзілін» — у другім кутку, ён у гэты куток. І так ён смаліў, смаліў, гэты мядзведзь, усе куткі і выкідаў усё з печы. Ну, што ж. Папытаўся:

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, ці жыва?

Адказала ўжо быдта слабым галаском, але і жыва. Тады злез:

— Ну, дзеўка-дзявіца, руса касіца, будзем ужо ж есці.

Пад'елі.

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, ці хочаш ты да бацькі ў госці?

— Чаму ж бы я, мой панок, мой галубок, не хацела?

— Ну дык вот, едзь, калі хочаш. Ты мне служыла добра — я цябе адпраўлю.

Ну вот. Яна:

— Дык я ж не маю ні коней, ні ў што ўбрацца; якая ж я буду госця там, бедная?

— Нічога, лезь у маё вуха правае, вылазь з левага!

Як палезла ж яна — яна і каня ж выцягнула, яна і карэту, сукенкі і там багацтва ўсялякага цэлы сундук, паставіла ў карэту, села і едзець. А ў гэтага бацькі і ў мачахі была сучачка. Вот яна і едзець ужо. Едзець. Пад'язджаець, не надта ўжо далёка яна, а сучачка так і зачала пяяць:

 

Цяў-цяў-цяў,

Дзедава дочка

Цяў-цяў-цяў,

Недалёчка,

Цяў-цяў-цяў,

За гарою,

Цяў-цяў-цяў,

За другою,

Цяў-цяў-цяў,

Колы бражджаць,

Цяў-цяў-цяў,

Сукні ляшчаць.

 

— А бадай цябе воўк,— мачаха ўжо.

Кідзель ёй хлеба з маслам, каб яна ўжо не пяяла, гэта сучка. Тады ўзновака пяець гэтую самую песню, ужо і бліжэй. А як набліжылася, запяяла ізноў:

 

Цяў-цяў-цяў,

Дзедава дочка

Цяў-цяў-цяў,

Недалёчка.

Цяў-цяў-цяў,

За гарою,

Цяў-цяў-цяў,

Ужо ў дварышчы.

 

Глядзіць: аж засвяціла там проста ад яе. Уязджаець гэта дочка. Ну што ж, бацька выйшаў з хаты. Матка:

— Ай-яй-яй. Во як во... Куды ты яе завёз, недзе ўжо да нейкіх мо паноў?

— Дзе там. Ну, калі хочаш, дык і тваю завязу.

— Во, да няўжо ж не завязеш? Яшчэ чаго. Скарэй сабірайся — паедзем.

Дзедава дачка каець:

— Не, мая мамка, не ўслужыць яна там, не ўбудзець, лепей няхай не едзе.

— Вот, ты толькі работніца. Нічога, патрафіць, калі ты ужо ўбыла, то і яна зможа.

Ну вот, узяла яна сабралася, і павёз дзед. Павёз бацька і таксама пасадзіў:

— Сядзі, дачушка, пайду дровы сеч, а ты тут сядзі.

Вот яна жджэць, жджэць гэтага бацькі, да і няма яго, ужо нярвуецца. Праўда, чуець: стук-стук калодачка з дошчачкай да венічак шась-шась. Так яна:

— Калодачка — брась, а венічак — шась, мой татулька дроўцы сячэць,— кажаць.

А тады шастала-шастала, стукала-стукала, ды ніхто не йдзець. Ужо стала яна баяцца, выйшла і таксама запяяла:

 

— Хто ў лесе,

Хто ў бару?

Прыйдзі, прыйдзі ка мне

Ноч начаваць.

Ноч каратаць.

 

 

Адпяець мядзведзь:

 

— Я ў лесе,

Я ў бару.

Прыйду к табе Ноч начаваць,

Ноч каратаць.

 

 

А яна:

 

— Не хачу цябе,

Не люблю цябе,

Ты не мой татка,

Не мая мамка.

 

 

Не паслухаў, прысунуўся мядзведзь. Стукнуў лапай:

— Адчыніся, дзеўка-дзявіца, руса касіца.

— Не вялікі пан, можаш і сам!

Узяў адчыніў гэты пан, калі ён гэтакі невялікі.

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, перастаў мне ножкі!

— Не вялікі пан, можаш і сам!

Тожа пераставіў. Тады ўзноў:

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, сцялі мне пасцельку!

— З чаго я пасцялю?

— Пасцялі мне рад палення, рад камення, барану накрыцца, ступу пад галаву за падушку. Ну, і сама есці вары.

— А з чаго я табе звару?

— Улезь у правае вуха, а ў левае вылезь, вось тады і зварыш.

Яна, праўда, гэтак улезла, узяла зварыла гэтае кашы.

— Ну, тады будзеш званіць мне.

Вот яна варыць таксама, усё таўчэць там, усё прыскварваець смашна.

Падляцела мышка:

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, дай кашкі, хоць мёнтачку аблізаць.

А тады мядзведзь:

— З кім там гаворыш?

— А во мышка прыляцела, палабыжка, і просіць кашкі.

— Дай мышцы па лабыжцы.

Лясь гэтай мышцы! Гэта мышка запішчала і ножкі ўверх задрала. Вот. Ну што ж.

— Дзеўка-дзявіца, руса касіца, бяры званочак, звані.

І яна тут узялась за работу. У адным кутку як зазвінела, як трахнуў мядзведзь бараной — ужо чуць не мёртвая. У другі раз як даў ступай — нідзе ні духу, ні слуху. Злез, наеўся мядзведзь гэты, да яшчэ костачкі яе аблізаў, з'еў яе, сасмактаў і ляжыць. А дома ждуць-ждуць, ждуць-ждуць яе, да няма.

Выправіла мачаха дзеда па сваю дачку.

— Што ж гэта ты не йдзеш? Пэўна, яна ўжо там заслужылася, будзець ужо служыць, служыць, што і на дом забылася.

Вот сабраўся дзед ісці шукаць яе туды. Куды ён завёў, да якога пана. Прыйшоў дзед у гэту хатку, глядзіць — ляжаць косці чалавечыя. Сабраў гэтыя костачкі ў торбу, звязаў, за плечы залажыў. Нада ж несці дамоў. Ідзець дзед, а сучачка кажаць:

 

Цяў-цяў-цяў,

Бабіна дочка

Цяў-цяў-цяў,

Недалёчка.

Цяў-цяў-цяў,

За гарою,

Цяў-цяў-цяў,

За другою.

Цяў-цяў-цяў,

У торбачцы,

Цяў-цяў-цяў,

Зложаны костачкі.

 

Як трахнець гэтай сучцы таўкачом па назе і адбіла.

— Як ты брэшаш, як ты маеш адвагу так?

Ну што ж, заякала сучачка, пакацілася і ўзноў гэтак сама. Яна ёй і адну нагу адбіла, і другую, і ўсе ножкі паадбівала. Уходзіць дзед у дварышча з торбачкай. Глядзіць баба:

— Ай-ей, а што ж гэта такое, што ж ты тут нясеш?

— Во якая твая дачка, во як яна ўслужыла, во як яна зарабіла!

Божа мой, што таго крыку, што плачу бабе!

— Ну, ты не туды, пэўна, завёз.

— Ну што ж, куды б я ні завёз, не ўслужыла, не вярнулася.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 237-243
Крыніца: скан