epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Дзікі Бурма

Быў сабою хазяін багаты. Што ў яго была дочар вельмі прыгожая. І яна, замуж не выйшаўшы, забрэменела. Нарадзіла яна сабе сына і сама сабою яна, па-нашаму, баіцца ўжо бацькі. Нарадзёмшы яна сына, нікому яна не аб'яўляла і січас гэтага рабёшачка ўвярнула ў палу і пайшла. І знала яна недалёка ад сябе пушчу непрахадзімую, што па ёй мала хто хадзіў. Вот яна ўзяла гэтага рабёшачка і занясла туды і кінула ў лес. Снягі былі бальшыя. Цяпер, яна прарэзала яму жывацёнка, штоб выпусціць яму кішкі, каб ён акончыў січас. Ну, па гэтым дзеле пайшла яна дамоў, адправілась. Ацец той пытаецца ў яе:

— Адзе ты прабывала, урэмя прадаўжала доўга?

— А была ў таварышкі свае, гуляла так, сама сабою. За мной дзел няма ніякіх, дак я гуляла!

І даў так бог, што кругом гэтага рабёшачка растаў снег на дзесяціну, жывот яго стаў зусім як нада быць, кішкі гэтыя назад увайшлі і жывацёнка яго зросся, што яна прарэзала. Так стала, што як зверх дзесяціны ад яго, дак марозы пякуць такія, што няможна духу к сабе прыгарнуць, а кала самаго красачкі цвітуць, і ён то за тую красачку хапаець, то за тую, гукаець, забаўляецца сам з сабою. Дзеўчыне ж здалося, што яна яго занясла бог знама куды сярод пушчы, а таго не знаець, што ля дарогі ў пяць шагоў бросіла.

Гэтаму ўрэмю нямнога дзеецца, прабыў рабёнак шэсць часоў у лясу, і едзець купец Іван Іванавіч за таварам з сваім з ізвошчыкам. І чуець ён — у лясу гу-гу, гу-гу, гу-гу! гукаець нешта, толькі нязвесна што. Вялеў ён свайму звошчыку прыдзержыць коней і ісці ўзнаць гэтага дзела. Гэты звошчык пайшоў к гэтаму рабёнку, дак па такім снягу! Нагу ўсодзіць, нагу вынець, нагу ўсодзіць, нагу вынець! А падходзіць к рабёнку — кала яго краскі цвітуць. Прыходзіць назад к купцу. Купец спрашуець:

— Што, брат, ты там бачыў такое?

Ён адказуець:

— Вот што, гаспадзін купец, бог знаець, што такое: сядзіць рабёшачак і няма ля яго ні снегу і нічога, толькі краскі цвітуць і ён з імі гуляець.

Купец злез із свае паязды і пайшоў сам. Прыходзіць к рабёнку, і дух яго разгарэўся, каб узяць гэтага рабёнка. Угарнуў яго ў палу, каб яму было цёпла, і прынёс да свае паязды. Сеў на паязду і вяліць свайму звошчыку завярнуць коней і не ехаць за таварам, а завесць гэтага рабёшачка к сабе дамоў. Прывёз к сабе дамоў і січас сабраў кумоў. Прыняслі к папу ксціць яго. Бярэць поп вангелію і падымаець кнігу станавіць гэтаму рабёшачку імення. Паўтара часа глядзеў у вангелію, каб паставіць яму імення якое,— не выпадаець яму імення ніякага, як Дзікі Бурма. Ну, аксцілі яго, і стаў ён у купца гадавацца. Купец наняў яму мамку, і ён расцець не гадамі, а часамі. Пайшлі гэтаму купцу даходы такія, што, бывала, утаргуець у тры гады, дак цяпер утаргуець у тры нядзелі тое самае. І трох год ён аддаў яго ў школу, да сямі год ён выйшаў із школы і як ёсць на свеце якая грамата, так ён усё паняў. Прабыў ён у купца дванаццаць год, і пайшлі купцу, значыцца, сілныя даходы. Тады купцы суседскія праміжды собкі думаюць: «За што яму такія даходы? За чужога рабёшачка даў бог шчасце! Адпісаць к цару, пушчай лучшы служыць цару, чымся яму!» Узялі напісалі к цару на бумазе гербавай і адаслалі, што «вот так і так, у такога-то купца жывець знайдзён, малец такі вумны, такі разумны, што ён будзець гадзіцца вам у сынод. Празваніе яго Дзікі Бурма». Цар палучыў бумагу, прачытаў і рад стаў:

— Ну, мне гэтакія людзі і нада вумныя!

Прыпісаў у гэту губерню, штоб ён у чатыры часы быў прыстаўлен. Ну, яго ў чатыры часы прыставілі. Патрэбаваў яго цар к сабе, спрасіў у яго акзамінтаў із разных языкоў. Ён яму аддаў акзамінты на дванаццаці языках до**разу. Зняўшы з яго гэтыя акзамінты, сычас яго перавялі ў сынод. І што ў сынодзе ён скажаць, не можаць ніхто перамяніць — ні цар, ні хто. Прабыў ён ў сынодзе дзевяць гадоў. Гэта з роду яму знаходзілась дваццаць адзін год. Думаець ён так сабе, як ба ўжо і жаніцца. Наканец гэтаму, цар не вялеў яму браць ні'ткудава, а хаціць аддаць сваю дочар, каб ён палуччы стараўся ў сынодзе, каб яму вочы не дралі, што ён — ліба які старац — ля гасудара, што супраціў яго няможна ніякімі судзьбамі. І аддаў дочар за яго. І што ён уславіўся ў цара па ўсём царстве, што цар за ім пастаянна спакоен — усё ён распараджаецца.

Цяпер, на прыдзевятым царстве, на прыдзесятай зямлі памёр цар. Асталося ад яго кастыль і панахвіда і царская каруна. Дакладаюць гэтыя санодчыкі і найпача гэтыя пабольшыя начальнікі цару:

— Калі ў вас Дзікі Бурма веран, няхай ён вам даставіць ад такога-та цара кастыль і панахвіду і царскую каруну.

Дзікі Бурма прыходзіць на 'бед, цар і пытаецца ў яго:

— Ну што, Дзікі Бурма? Знаеш?

— А што, ацец?

— Я хочу паслаць цябе ў дарогу!

— У якую?

— А вот на прыдзевятым царстве, на прыдзевятай зямлі памёр цар, дак засталося ад яго кастыль і панахвіда і царская каруна. Як ба ты даставіў яе?

А ён атвяшчаець:

— Я даставіць-то гэта магу, калі ж той пойдзець са мною, хто гэта вам нараіў!

Ну, па царскаму прыказанню трэба тым начальнікам іціць. А самі-то яны і не хацелі б. Бярэць ён з сабою дужа многа салдатаў, цэлную, можа, берагату, і начальнікаў гэтых усіх, што нараілі цару, і капэлію з сабою, музыку і паехалі. Ехалі яны нескалькі ўрэмя, можа паўгода,— цераз дзесяць царстваў перабрацца не малое расстаяніе! Пад'ехалі яны к таму царству. Не даязджаючы таго царства вярсту, а можа і дзве, стаіць хатка. Гэты Дзікі Бурма вялеў коней адпрэч ля гэтае хаткі, а сам заходзіць у хатку ў гэту. Там жывець старушка адна і яна гэтай царыцы-ўдаве не із радні, а значыцца, знакомая гэтай царыцы, і яна ёй можаць паверыць абы-што, не зматала яна. Гэты Дзікі Бурма здзелаў гуль: сталі піць, гуляць, музыка граець. Гоніць пастух з поля, дак усе скачуць: каровы сабе, воўцы сабе, козы мудраней усіх скачуць! І Дзікі Бурма давай прасіць гэту старушку, каб яна прасіла царыцу сюды выйсці, каб як-як яе выманіць. Гэта старушка напісала царыцы: «Прашу вас к сабе ў госці, не так у госці, як паглядзець дзіва». Гэта царыца сама не едзець і не йдзець, а шлець сваіх самых верных слуг і прыказуець слугам:

— Калі яны харашо ўгасцяць вас і прывецяць, дак і вы к сабе завіце іх.

Слугі тыя прагулялі гэдак суткі і завуць іх з сабою прама туды, усю гэту сілу, усю капэлію. А старуха адправілась уперадзі к ёй, ёй расталкавала, які чалавек, што, куды. Прыехалі яны, музыка зайграла, сама царыца выйшла, прыняла іх да чэсці. Дзікі Бурма атвяшчаець:

— Вот што, рабяты! Піце, гуляйце, сколькі вам нравіцца, ну, толькі вума не прапівайце нікалі!

А Дзікага Бурму прыняла яна асобенна да чэсці. І праміж собку ўдаліся ў разгаворы: што, куды, як? А ён гэтых рэчаў ёй вытаўкавацца не хочаць, а загаварыець ёй зубы другімі рачамі. Было ў яго разныя напіткі, ён кое-як з ёй паладзіў, загасціўся і сваіх напітак, і падабраўся к ёй. І здзелалась яна хмелная. Былі ў яго кала боку січас жа сонныя каплі. Як-то ён даў ёй панюхаць — там яна і заснула на том месце. Гэта старушка січас за кастыль, за панахвіду, за царскую каруну, да Дзікаму Бурму ў рукі:

— Да і адпраўляйся-ка ты з гэтым, адзе быў!

Гэты Дзікі Бурма на рабят і кажа:

— Каторыя паўпіліся, тыя няхай сабе астаюцца, а каторыя не, дак запрагайце коней і паедзем. Да паскарэй!

Яны коней тых запраглі і паехалі. А царыца гэта спала шэсцера сутак пасля гэтага. Праехалі яны чатыры царствы, уз'ехалі на луг на харошы, так Дзікі Бурма і кажаць:

— Во што, рабяты, коней мы папазбілі і цяпер, слава богу, паўдарогі ўехалі. Адпрагайце вы, коней папасём і самі аддыхнём!

Яны сталі коней адпрагаць, а ён злез з паязды да на лугу перакінуўся. Як перакінуўся, так січас і заснуў. А яны коней не 'дпрагаючы марш па конях — і паехалі, і ўсё тое павязлі. А ён праспаў трое сутак. Тады ўстаў, богу пераксціўся — няма нічога пры ім! І есць хочацца, і негдзі купіць, і грошай няма пры ім, і саўсім голы. Так сабе думаець: «Э, што бог дасць, да дасць: пайду гэтай дарогай, куды-небудзь да выйду!» Прайшоў ён сутак трое, бачыць ён — стаіць дом, без канца агромны, вісокі, такі, што... Баіцца ён у гэты дом заходзіць! І трэба зайсці, і баіцца, і есць хочацца. А тады думаець, што бог дасць, дак дасць — пайду! Заходзіць ён у гэты дом. Сядзіць баба 'дна за сталом. Ён каець:

— Добры дзень!

— Добрага здаровіка! Ну што, Дзікі Бурма? Ад мае сястры ўкраў кастыль, панахвіду і царскую каруну? Ад яе ўцёк, думаеш, што і ад мяне ўцячэш — не!

— Ах, божа, божа наш міласэрны! У нашай-то старане, ці б'юць, ці вешаюць, дак сытага, а не галоднага!

— І я табе за піцяннё, за едзяннё не стаю! Садзісь, пі і еш, колькі тваёй душы ўгодна!

Ён сеў за стол, можа там разоў пяць-шэсць укусіў, сам сабе пад нос і гаворыць:

— Божа, божа наш міласэрны! Як я ў сваім царстве быў і верна служыў і не выслужыў нічога. А як ба тут, кажацца, сваю галаву б палажыў, так ба верна служыў, стараўся!

— Калі ты, Дзікі Бурма, па праўдзе гаворыш і будзеш жыць са мною верна, то я цябе губіць не буду!

І прысягнуў ён ёй так, што «буду служыць верна, луччы як у сваём царстве буду вераваць. Ты будзеш мне жана, а я твой муж!»

Тое ж начальства вешчы гэты даставіла і сказала на Бурму, што Бурма сп'янстваваўся, збуяніўсь, ні навошта. Ну, а Бурма пражыў із ёю год, прыжылі яны сабе дзяўчоначку. Пражылі другі — апяць меюць хлопчыка. І па гэтым боку яны жывуць, а па другім мора, заняло яго, куды яму іціць у пуць. Падгаварыець ён яе:

— Што ты, душачка, знаеш? Жывём мы на свеце, не бачым ні бога, ні людзей — нікаго, званія! Ці ў нас няма грошай, ці чаго? Запраглі б мы коней, паехалі б у царкву — ці ў рускую, ці ў польскую...

Яна, баба, на гэта і рот разінула. Раз запраглі, паехалі, і ў другі, хоць і ў трэці. А ў чацвёрты раз ён і кажа:

— Я ж такі хазяін знаходжуся ў сваім добрым — своіць ужо — паязджай ты, душачка, адна, а я тут прыгледжу ў хазяйстве!

Яна вялела запрэч коней і паехала сабе з кучарам адна. А на дварэ сказала:

— Вароты, зачыняйцесь, замкі, замыкайцесь, каб Дзікі Бурма не ўцёк!

Січас вароты хляп! зачынілісь, замкнулісь, а Дзікі Бурма на дварэ астаўсь, хоць галавой біся! Доўга не зяваючы, Дзікі Бурма узяў баркан раскідаў і здзелаў сабе тарок. Сеў сабе на гэты тарок, набраў сабе хлеба, грошай, 'дзежы і паплыў па мору. Уязджаець можа ў палавіна мора — і яна на двор гатова. Як уз'ехала на двор — січас і з ума сыйшла:

— Ага,— кажаць,— Дзікі Бурма, вот вераваеш, дак вераваеш! Луччы ўжо некуды, як вераваеш!

Січас ускочыла ў хату, узяла гэту дзяўчоначку, на 'дну нагу стала, другую ўгору — і разадрала папалам.

— На ж,— кажа,— Дзікі Бурма, і табе палавінку!

Як шыбне, дак гэта палавінка прама на тарок! Дак гэты тарок кулей воб зямлю — у ваду патануў. Гэты Дзікі Бурма бачыць дзела, што патанаець саўсім, узяў яе, як бросіў гэту палавінку ў ваду — січас тарок наверх. Яна ўзяла і другую палавінку так жа! Ён і тую так. Тады ўзяла хлопчыка:

— На ж табе,— кажаць,— сына-хадзяіна на завод.

Як кінула за ногі і ўскінула яму на тарок, вярсты за тры! Гэты тарок шчэ скарэй тонець таго. Ён думаў-думаў, што тут дзелаць? Шарах нагой, да яго ў ваду! Тарок наверх. Во й пераехаў. Стаў на беразе і сабе думаець: слава табе госпадзі — перабраўся! І адпраўляецца іціць у пуць. Ну, ішоў ён, можаць, сутак трое ці чэцвера, з харчою, з гэтаю, што набраў. Прыбраў яе, папаеў, а суткі ўжо ідзець не еўшы. Прыходзіць к і двару на бальшаку. Ён рад быў, думаў, што гэта карчма. А грошы ёсць. «Ну, думаець, вып'ю, закушу!» І баіцца заходзіць, затым што вялік, але сабе думаець, «што бог дасць, то дасць, а пайду!»

Прыходзіць у гэты дом, сядзіць Дзед Шкурапет з адным вокам. Уходзіць ён у хату.

— Добры дзень табе, Дзед Шкурапет!

— А, добрага здаровіка табе, Дзікі Бурма! Хто мне нада, дак мне тэй сам ідзець у рукі! Адну пляменніцу абкраў і ўцёк, кала другой насмяяўся: пару дзяцей прыжыў і ад тые ўцёк. Дак ты думаў, што і ад мяне ўцячэш? Не, ад мяне ўжо не ўцячэш!

— Божа, божа! Дзед Шкурапет, дай-ка ты мне ўкусіць чаго-небудзь! Тады сабе ўжо што хочаш дзелай: ці бі, ці дзяры, ці вешай!

— Во на стале стаіць піцяннё і едзяннё, садзісь, пі і еш, колькі табе ўгодна!

Ён сеў, можа разоў пяць-шэсць укусіў. Дзе ўжо палезець у рот чалавеку, калі смерць над шыей! Падпёрся рукой правай да й кажаць:

— Божа, божа наш міласэрны, святы! Як у сваім царстве быў за дохтура за такога, што ў каго не было нагі, дак ногу прыстанаўліваў, у каго не было рукі, руку прыдзелываў, у каго не было бока, дак бок прыстаўляў!

— А вока ці ўмееш пользаваць?

— Да што, дзедзечка, я табе гэта вока выпальзаваў бы ў тры мінуты, толькі дакладу багата трэба!

— А які жа даклад!

— А вот які: трэба медная чарпаха, вядры ў тры, і завесіць кацёл вісучы ў варотах, і натапіць яго повен смалы, і трэба з жэньскага воласу савіць канат, каб ты не варахнуўсь!

— Э, гэта саўсім глупасны даклад! Калі ты мне вока выпальзуеш, дак я цябе дастаўлю ў тваё царства ў тры часы, а даклад усякі магу даставіць адтуль, дзе ты браў кастыль, панахвіду і царскую каруну — у два часы!

Січас, пайшоў ён у клець, выстаўляець вісучы кацёл, судаў у семера, і завесілі яго ў варотах, натапілі яго павнюхтаняк смалы. Палажыў ля катла медную чарпаху ў тры вядры, а самі сталі віць канат із жэньскага воласу. І звілі яны сорак сажняў. Ускіпяцілі смалу жыдка так, як алей. Ён яго паклаў у варотах і ўкруціў яго гэтым канатам усяго.

— Ну-ка, дзедушка, пацісніся!

Дзед тэй паціснуўся, дак канат толькі павыцянуўся!

— Аднача, дзед, ты сілен!

— У мяне, каб у неба ды ў зямлю стоўп быў устаўлен, дак бы я свет абярнуў!

— Ну, дзедзечка, глядзі-тка ты на небяса: як па небу ходзяць болакі швідка, каб тваё вока так хадзіла швідка ўва лбе. Як на небе сонца свеціць жарка, ярка, каб тваё вочачка свяціла ўва лбе жарка і ярка!

Тады зачарэпаець чарпаху смалы да як узаллець на тое на здаровае вока... Як варахнецца Дзед Шкурапет! Аж зямля-матка здрыганулася! Пасыпалісь тыя канаты ўсе чыста, і ён крычыць:

— Эй, вароты, зачыняйцесь, замкі, замыкайцесь, каб Дзікі Бурма не ўцёк нікуды з двара!

Так гэтыя вароты січас хляп-хляп! зачынілісь і замкнуліся! А Дзед Шкурапет за вочы аберуч узяўся:

— Во вылечыў, дак вылечыў! Што ж цяпер рабіць? Во нахваціўся, сукін сын!

Стаіць Бурма і не ведаець, што дзелаць. А тады ўзяў гэтыя канцы сабраў, да й падвязаўся казлу пад пузу, да й вісіць. Дзед Шкурапет поўзаець па двару, шукаець Бурму. Прыпаўзаець к карове, спрашыець:

— Ці тут Дзікі Бурма?

— Не, дзед, няма! Калі б быў, мы б табе на рагах яго вынеслі!

Папоўз ён к коням.

— Коні, ці тут Дзікі Бурма?

— Не, няма, дзедзечка, мы б табе капытамі выкацілі.

А казёл гэты:

— Білль-білль-білль! — гаворыць.— У мяне Дзікі Бурма пад пузам! Бяры яго!

А той гаворкі яго не разбярэць. Тады казёл разагнаўся да яго рагамі пад рабро: во дзе Бурма, бяры яго! А Дзед Шкурапет усердзіўся:

— Мне надаеў Бурма, а тут ты шчэ пад рабро колеш!

Схапіў яго да цераз баркан і перакінуў. А Бурма крычыць:

— Ай, дзедзечка! Ты ж мяне акалечыў!

— Ці ты ўжо там?

— А тут,— кажаць,— аставайсь здароў!

Папоўз ён тады ў хату, узяў сякерку.

— На табе,— кажа,— разбойнік, за твае выгоды, што ты мне вока выпальзаваў! На дарозе дроў насячэш, цяпло накладзеш!

І шыбнуў сякерку. За варотмі стаяла сасонка, гэта сякерка ў сасонку і ўліпла. Ён хацеў яе ўзяць усёй рукой, да пабаяўся, да мезіным — торк! палцам. Палец гэты і прыліп к сякерцы! Дзед Шкурапет крычыць:

— Сякерачка, ці ўзяла?

— Узяла, дзедзечка, да нямножка!

Ён выхваціў ножык з кармана да па палцу! Да й сам пайшоў.

Прайшоў ён суткі — і там добра не паядаў, і тут нейдзі — есць хочацца. Чуець ён у лясу: хлоп-хлоп! Сабе думаець: «Трэба б было іціць палядзець, што там хлопаець, ды баюся! Э, дай пайду паляджу, што такое?» Прыходзіць ён туды, дак лёў із змеем ваюецца. Як змей лева секанець, дак толькі шэрсць разлягаецца, а як леў секанець змея, дак перасячэць усяго — адна жылка астанецца; а пакуль яшчэ замахнець, дак змей ізноў увесь зрастаецца.

— Добры дзень вам!

— Здароў, Дзікі Бурма! Памажы нам ваявацца — каторы каторага. Каму пасобіш зваяваць, дак даставім ў тваё царства!

Астанавілі яны бойку сваю і далі яму есць удвох, каб памог ім біцца. Ён разы тры ўкусіў і думаець: што гэта такое? Леў такі з храшчоных людзей, а змей — гэта ж нячысты дух!

Леў як секанець змея, дак адна жылка асталася, а ён ножык выняў да па жылцы па гэтай, дак змей і пакаціўся!

— Ну,— кажаць,— дагадаўся, каму пасобіць, даставіў ба я цябе ў тваё царства: назад к Дзеду Шкурапету.

А леў кажаць:

— Садзісь на мяне, прывязвай шапку крэпка, затыкай бавоўнай вушы!

Сеў ён на яго, леў і панёс у яго царства. Прынёс яго к царству і кажаць:

— Божа сахрані пахвалішся, што я цябе прынёс, тады з'ем я цябе!

Прыехаў ён удвору. Тут жонка рада стала без канца, і цесць яго стаў рад. Так яго падгасцілі нямножка і давай спрашваць:

— Як ты суды дастаўся?

Ён не прызнаваўсь, не прызнаваўсь, але прызнаўся:

— Так і так, даставіў мяне леў!

Толькі выходзіць на крылцо, ён і стаіць, рот разінуўшы.

— Ну вот, Дзікі Бурма, варацісь назад к жонцы, папрашчайся, бо ад мяне ўжо не выкруцішся: гэта не царэўны да не Дзед Шкурапет!

Ён вярнуўсь, папрашчаўся, выходзіць ізноў к яму.

— Ну што? Папрашчаўсь?

— Папрашчаўсь, да гэта не я казаў!

— А хто ж?

— Хмель!

— А дзе ён расцець?

— Я табе не пакажу, дзе ён расцець, я табе пакажу сок з хмелю з таго.

— Ну, пакажы!

Вот ён яго ўвёў у склеп, адзе гарэлка стаяла можа паўтараста гадоў, жоўта, як івалга, салодка, як мёд,— піць прыкра. Вот гэты леў пакушаў яе — смашна. Выпіў вядро, выпіў два, і патуль ён піў, пакуль на тым месце і сунуўся. Гэты Дзікі Бурма назбіраў аблычча, паскубак і гэтага лева ўсяго ўкруціў, уматаў у аблычча і паскубкі, да ўзяў дубовы колік, дак як узяў таго лева праць на рабрах! Праспаў ён трое сутак. Тады ўстаў, дак няможна і галавы падняць, ні выплутацца ніякім родам. І спрашыець у Бурмы:

— Як гэта можна, каб з хмелю балелі косці і каб не памятаваць нічога — гэтак я ўплутаўся!

— А вот жа, ты мне не верыў! Так жа і нашчынец: як вып'е, дак нічога не помніць. А ты мяне хацеў з'есці за глупасць.

— Ну, я табе тое прашчаю! Пакажы ты мне, дзе ён расцець! Я яго арашу, і звання яго не будзець на свеце!

А над морам стаяла сасонка. Дак сонца на заходзе, сцень на водзе балшушчы! Дак яго сабіраюць да ў бочкі ллюць. Вот леў як кінецца ў мора, да ваяваў-ваяваў — карэннем, паленнем — узмуціў гэту ваду, не відна сцені стала. Тады вылез. Папрашчаліся, пацалавалісь.

— Ну, ступай з богам, жыві здароў. Не кажы нікому ні ты, хто цябе даставіў, ні я, што са мной было. А хмель цяпер не будзець із роду!

На гэтым астаўся Дзікі Бурма жыць у гэтым царстве. А начальнікаў тых сам цар ужо панаказываў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 381-390
Крыніца: скан