epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Гора і бяда

Быў у ваднаго кроля сын, а да таго кроля не было дня, каб людзі не прыходзілі бядуючы: то ў таго каня няма, у таго вала няма, а ў таго зноў хлеба. Так то гэта нараканне вельмі расцекавіла кралевіча, да й то замануў, канешне, бяду да гора пазнаць.

Аднаго разу стаў ён пытаць бацька:

— Што то, татку, за бяда значыць?

Так кроль яму стаў расказваць, але ён гэтага не зразумеў да й кажа:

— Пусцеце хіба мяне, татку, у свет, то мо яе надыбаю.

Так кроль кажа:

— То няма што, ідзі, сынку, палядзі, што за яна,— і, даўшы яму грошай, выправіў у свет.

Ідзе ён, так ідзе, ажно спатыкаецца з некім старым чалавекам.

— А вы,— ка[жа],— куды ідзеце?

— Іду ў свет,— ка[жа],— шукаць бяды! А мо ты, старэнькі, знаеш бяду, то пакажы, я табе што хочаш за то дам.

— Добра,— ка[жа],— хадзеце, то я вас завяду.

І пайшлі. Ідуць, так ідуць, аж прыйшлі да рэкі, а пасе**рад яе выспа. Тады то той стары кажа:

— Ну, калі хочаце бяду да гора ўгледзець, то даплывеце туды.

Так то кралевіч хутчэй з се адзетак да грошы, а сам, як маці радзіла, паплыў туды. Як ужэ адплыўся ковал ад берагу, так той стары то за адзетак да сам драла ў лес. Да й думае сабе: «От цяпер то пазнаеш гора да бяду!» Так кралевіч злез на выспу да стаў шукаць тае бяды — ажно няма! Потым аглянуўся на бераг, ажно ляньцеся, няма ні чалавека, ні адзетку!

— Тут,— кажа,— мне гора і бяда! Тут я пазнаў, што гэта такое!

Дрыжыць з холаду да з голаду, ажно на**бах там ляжала нека дзерава, так ён гэта, узяўшы два крамені, стаў красаць да й распаліў агонь.

Перабедаваўшы тамака ноч, паплыў ён назад. Ідзе, так ідзе, ажно ваўкі каня рвуць; ён то неяк паразганяў іх, скуру задраў, увярцеўся да й кажа:

— Тутачка мне зноў не бяда! — І пайшоў.

Ідзе, так ідзе, ажно стаіць карчма, увайшоў да яе, ажно там [рандар], людзі ўсялякія! Як угледзелі яго ў скуры, так сталі па адном уцякаць, думаючы, што гэта мо якая зараза ходзіць па свеце да й сюды трапіла. [Рандар] то на сяло да давай прасіць людзей, каб каторы адважыўся да пайшоў папытаў, чаго хоча, а ён тымчасове выпіў сабе водкі, закусіў булкаю пшоннаю, сеў і сядзіць. Так то насходзілася з усюль людзей пад окна, пад дзверы і ўглядаюцца, што гэта такое? А ён сабе ходзіць па карчме. Урэшце [рандар] папрасіў аднаго чалавека, каб спытаўся, чаго ён хоча. Той увайшоў да й кажа:

— Чаго вы ад рандара хочаце?

— Я больш нічога,— ка[жа],— не хачу, адно дайце мне добрага каня, харошу брычку да то чалавека, каб адвёз мяне на маё месца, а як не, то нябось! па(г)ледзяцё, што я выраблю вам да вашай вёсцы!

Усе гэта пачуўшы ўрадаваліся, а жыд то хутчэй купіў каня, нешта за сто рублёў, да брычку добру, да то даў чалавека, і ён сабе паехаў.

Едзе, едзе, ажно заязджае да неякагось мястэчка, а там на**бах быў кірмаш.

Так ён кажа да сваго чалавека

— Ну, ідзі ж ты сабе дахаты да й скажы ўсенечкім, што хвароба дзякавала за каня і брычку да й казала, што ніколі тамака ўжэ не будзе.

Так той чалавек ні жарты як урадаваўся, што хацямсе з жыццем пусціў, і пайшоў.

Тымчасове то кралевіч прадаў каня, брычку, набраў грошай як за пшаніцу, да й то купіўшы сабе адзетак, пайшоў у свет бяды шукаць.

Ідзе, так ідзе, ажно бачыць: ляцяць неякіхсціць тры паненачкі выспеўваючы, да й то прыбегшы над рэчку, паскідалі ўвабранне і сталі купацца.

А кралевічу адна з іх надта да душы прыпала. Ідзе ён далей, ажно надыбаў хатку, а ў той хатцы жыў сабе чалавек святы і ўжэ з давен-даўна аб кралевічу ўсё чыста ведаў. Той у хату, ажно ён кажа:

— А што ж, кралевіч, вышукаў сабе бяду да гора?

Так то кралевіч спёршу чыста зумеўся, але паждаўшы, стаў яму ўсенька з канца ў канец расказваць да й урэшце гаворыць:

— Тут няўдалі я бачыў тры паненачкі і вельмі адну спадабаў, так парадзьце вы мне, як бы я з ею мог ажаніцца?

А той святы яму на гэта:

— Назаўтра раненька пойдзеш, сынку, да сядзеш каля рэчкі пад кусцікам, да й то як яны прыдуць і пачнуць купацца, так ты тае, што да спадобы, ухапі адзетак да й уцякай да мае хаткі; адно,— ка[жа],— помні, не аглядайся па-за се, то яны прыбягуць за табою, тыя то вернуцца, а яна астанецца, а як аглянешся, то яны це зробяць яблынкаю.

Як той парадзіў, так кралевіч і на заўтрашні дзень усенячка ўчыніў: сеў сабе пад кустам каля рэчкі, ажно бачыць, ляцяць утрох падцінаючы. Прыбеглі над бераг да гэта адзежу з сябе паскідалі, да й гэта адна за другою бабоўх! у воду.

Кралевіч гэтага адно і ждаў, да то ўхапіўшы за адзежу — уцекі, а яны то за ім да й спяваючы просяць. Ажно яму шкада іх стала, так то кінуў адзетак і сам як на то ж аглянуўся, так утом і стаў пасе**рад поля яблынкаю.

Той святы ждаў, ждаў — не прыждаўшыся, пайшоў, ажно бачыць, стаіць яблынка; вядома, пазнаў, што за яна, так го, падышэчы, ударыў трасцінкаю, і з яблынкі як бач зрабіўся назад кралевіч. Тады ён кажа да яго:

— А што ж, сынку, ці я табе не казаў, не аглядайся, а ты, бачыш, не паслухаў, і каб ні я, то стаяў бы тутака ніведзь дакуль.

Ну, так то кралевіч, падзякаваўшы яму за то, кажа:

— Ведаеце што? Я яшчэ раз думаю папрабаваць шчасця.

А чалавек на тое:

— Адно, саколік, змілуйся, не аглядайся, бо гэтым разам зрабілі б з цябе баранчыка.

Ну, так прыждаўшы заўтра, не ўце**рпеў, зноў пайшоў. Сеў сабе, ажно яны зноў віхрацца спяваючы. Прыляцелі, да й то з се паздзіраўшы, у воду, а ён за адзетак — і ў ногі. Тады яны за ім у погань, да й просяць, да й спяваюць. Ён то як добры дурань, зноў краз цікавасць аглянуўся, так то ў маменце і стаў баранчыкам. Тады стаў ён бегаць каля хаткі блеючы, святы то дадумаўшыся, выйшаў, удзерыў па ём трасцінкаю, так то з барана зрабіўся зноў кралевіч. Тады той кажа:

— А што, не паслухаў? Бачыш! Ну, як яшчэ раз пойдзеш да аглянешся, то яны ўжэ цябе зробяць каменем, а тады то ўжэ і я не дам табе рады.

Ну, ідзе ўжэ ён і трэці раз, ледзве дайшоў да куста, ажно ўжэ ляцяць яны спяваючы. Як пачалі купацца, ён то за адзетак — у ногі, а яны за ім. Ён у хату, тыя дзве асталіся, а сама старшая да й найхарошайша за ім убегла. Тады той чалавек кажа:

— А што, сынку, паслухаў мяне, от і будзеш мець жонку!

А яна ўсё просіць:

— А мой ты сякі, а мой ты такі, аддай, аддай маё адзенне!

А стары кажа:

— Ну, то аддай ёй адзенне, адно аднае сукенкі не аддавай.

Ён то і гэтак зрабіў. Тады то яна злажыла адзенне да й пайшла за ім да бацькоў.

Ідуць, так ідуць, ажно трох нячыстых б'ецца. Так кралевіч кажа:

— А вы гэта чаго б'ецеся?

А яны:

— Як нам не біцца, калі мы знайшлі капялюш, шаблю і дывана да й то ніяк не можам падзяліцца.

А кралевіч кажа:

— Якія ж бо гэта рэчы? — А яны:

— Ага, то яшчэ не ведаеце? Капялюш такавы, што як улажыць, то ніхто не ўгледзіць, а шабля то такая, што незмяроныя войска можна пасекчы, а дыван такавы, што як стаць на ём да й сказаць, каб куды нёс, то занясе.

Тады кралевіч узяў каменя, кінуў на рэчку да й кажа:

— Ну, хто гэтага каменя дастане, то той усенечка возьме.

Так то чэрці адзін за другім пайшлі ў воду, а ён тымчасове з сваею паненкаю стаў на дыване, капялюшам накрыўся, шаблю ўзяў у руку да й кажа:

— Нясі ж мяне, дыване, да маіх бацькоў!

Так то дыван у вокамглені зняўся пад вобалакі і занёс іх на кралеўскі двор. Так то бацькі, угледзеўшы іх, урадаваліся з іх абайга, што і куды! А вельмісе ім да густу тая яго паненка. Ну, так то ніўбавам наз'язджалася гасцей і ўжэ сталі рабіць заручыны.

Ажно тая паненка кажа да кралёвае:

— Скажы, мамачко, свайму сыну, а майму мужу, каб мне сукеначку аддаў.

Ну, так ён, вядома, і аддаў: ля, ужэ пэўны, заручыны! Ну, а яна то, увабраўшыся ў тую сукню, кажа:

— Але тут нешта вельмісе гарачэ, трэ вокна паа(д)чыняць.

Яны то а(д)чынілі, а яна фыр! краз акно і паляцела!

Тут усе аж патрупянелі, такая струшня, кралевіч жа, нядоўга ждучы, ухапіў шаблю да й капялюш, да то выбегшы на двор, стаў на дыван да й кажа:

— Дыван, дыван, нясі мяне да мае паненкі двору!

Так то дыван у вокамглені занёс яго на некія кралеўскія палацы, а ў іх жылі яна, тыя сёстры і бацька, кроль закляты. Увайшоў ён да аднаго пакою — німа яе, увайшоў да другога — адно сёстры сядзяць, увайшоў да трэцяга — ажно і яна там! Ён да яе гаворыць, а яна яго не бачыць; потым зняў капялюш, тады яго і ўгледзела. Ну, так ён кажа:

— Што ж ты ўцякла, а я ж пайду, папрашу бацька тваго, то мо такі пазволіць мне з табою ажаніцца.

— Ну, то,— кажа,— добра, ідзі прасі.

Так ён да бацька і прызнаецца: так і так, а стары адказвае:

— Калі заб'еш маё войска, то возьмеш, а як не, то не дам.

— Добра.

Войска то выйшла і стала, а ён таею шабляю як стаў каціць па галавах — паклаў калі то мост! Ужэ палавіну сцяў, ажно кроль кажа:

— Стой, годзі! — да й то тады даў яму сваю дачку, а па смерці паўкралеўства.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 80-85
Крыніца: скан