epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Грыф

Было ў аднаго бацька тры сыны: двох разумных, трэці дурань. Тыя разумныя пайшлі ў свет шукаць службы, а дурны астаўся пры бацьку. Як тыя пайшлі, так ён як дзень, так ноч усё плакаў, нарэшце кажа да бацька:

— Тату, пайду я іх шукаць.

А бацька ўперож1 не пускаў, нарэшце кажа:

— А ідзі, усё роўна ты дурны, то можа дзе прападзеш.

Ён пайшоў. Ідзе, так ідзе, ажно надышоў над озера, глядзіць, ажно там яго брат шлям2 возіць! Падышоў, засмяяўся і кажа:

— Хадзем, братко, шукаць серадольшага брата.

— Ідзі ты,— кажа,— к чорту, хоць ты мой брат! — і стаў яго лаяць, але ён канечне: ідзі, так ідзі.

Ажно той, не могучы адчапіцца, пайшоў. Прыходзяць над другое озера, ажно там і серадольшы брат шлямуе3, так забралі яго і пайшлі дахаты. Ідуць, так ідуць, ажно ноч іх захапляе. Падышлі далей, стаіць будынак, уходзяць, ажно там нічога-нічагуценька няма, анно жывіна стаіць і стрэльбы вісяць. Пераначавалі, на другі дзень рана той дурны зняў дзве стрэльбы і кажа да серадольшага:

— Мы пойдземо на паляванне, а старшы будзе есці гатаваць.

І пайшлі. Старшы стаў варыць есці, ажно ўходзіць неякісьціць стары дзед, стаў нібы пацеры балбатаць, а потым просіць хлеба. Так той яму даў кусочак, але дзеду рукі так дрыжалі, што аж хлеб упаў на землю.

— Э,— кажа,— мусі, ты, дзеду, не надта галодны, калі хлеб кідаеш?

— А мае,— кажа,— дзеткі, гэта старасць, рукі дрыжаць, што не магу хлеба ўдзяржаць.

Ён нагнуўся паднімаць, а дзед яго як сцарапіць за карк: біў, біў, біў, біў, так, што ледва цёплага выпусціў. Потым паўедаў усё, што ён нагатаваў, і сам пайшоў. Той, няма рады, сцарапіўся неякасць з зямлі і зноў стаў гатаваць, але нібавам надыходзяць і браты:

— Чаму ты,— кажа,— есці не нагатаваў?

А яму было ўстыдна прызнацца дурню да гэтага, так кажа:

— Га, мае браткі, выбачайце: дровы надта сырыя былі, то не паспеў нагатаваць.

Назаўтра пайшоў ужо той дурны з старшым на паляванне, а серадольшага аставілі, каб есці гатаваў. Але і яму гэта сама прытрапілася: прыйшоў дзед, збіў на горкае яблыка, паўедаў усё і сам пайшоў. Прыходзяць тыя, ажно абеду няма:

— Чаму не нагатаваў?

— Га, браткі, наставіў,— кажа,— захацелася спаць, палажыўся, прачхнуўся, а тут усё паўкідала і папрыгарвала.

— А каб цябе!

На трэці дзень ужо астаўся дурны есці гатаваць. Так як тыя пайшлі, стаў гатаваць, ажно прыходзіць той самы сівы дзед і просіць хлеба. Дурань адразу дагадаўся, што гэта нячысты, але што быў надта дужы, так вызверыўся на дзеда і кажа:

— Вон, дзеду! Я сам хлеб купляю.

Але ён як стаў прасіць, як стаў прасіць, так дурань падумаў: «А чорт яго ведае, мо добры, мо кепскі, а хлеба заўсёды трэба даць». Так даў лусту, але дзеду рукі задрыжалі і ўпаў хлеб.

— Ай, дзеду,— кажа,— мусіць ты не надта галодны, калі хлеб кідаеш!

— Э,— кажа,— гэта старасць, не магу ўдзяржаць.

Дурны схіліўся па хлеб, а ён яго граб! за карк, але дурны як га! стаў на роўных нагах і узяў дзеда па-сваему! Біў-біў, біў-біў, скуру яму зжарыў, а па сярэдзіне хаты стаяла калода вялікая, так ён узяў сакеру, стукнуў у калоду, і зрабіўся равок, потым зачасаў кліна, прыцягнуў дзеда за бораду і бораду заклінаваў. Потым, як скончыў гатаваць, так зняў стрэльбу і пайшоў шукаць братоў. А ў той жа час нападаў снег маладзенькі, так значна было след. Хутка знайшоў братоў і ідуць дахаты. Прыходзяць, ажно няма ані калодкі, ані дзеда! Так яны па слядах за ім ідуць, ідуць, аж стаіць гара высока як завідаць! А ў той гары дзіра. Яны кажуць:

— Мусіць, у гэту дзіру ўлез дзед,— і паслалі серадольшага да места, каб купіў доўгага ланцуга. Нібавам прыносіць ён. Дурны ўзяў за канец ланцуга і кажа да іх:

— Вы мяне будзеце спускаць, а як не выстарчыць ланцуга, то галлё ламеце, даточывайце, а як страсяну за ланцуг, то выцягайце.

Яны гэтак зрабілі. Упусцілі яго, калі ён гляне, ажно на дне той ямы калодка ляжыць разбіта надвае, а ў калубелі ляжыць пабіты той дзед, дзве дзяўчат яго калышуць, а іх маці так сабе сядзіць. Як угледзела яго, так і пытае:

— Чаго ты прыйшоў?

— Прыйшоў,— кажа,— забіць гэтага гыцля4 нячыстага! Ён мае браты хацеў пабіць і мяне, але я яго апамог5 і яму таго нігды не дарую.

А яна кажа:

— Добра, анно паперастаўляй ты гэтыя дзве бочкі: у адной е моцная вада, а ў другой слабая, то як нап'ешся гэтае моцнае вады, то будзеш дужы, а ён яшчэ горш аслабее.

Ён паслухаў. А гэтыя паненкі і маці аднаго разу збіралі грыбы, а дзед на іх надышоў і пазавалакаў у гэту яму, дзе як дзень, так ноч плакалі. Тым часам прачхнуўся дзед і давай біцца; ад пары да пары ўсё біліся, нарэшце-такі дурань апамог, забіў насмерць, спаліў і попел з ветрам пусціў. Тады збіраецца ісці назад, але яны давай прасіцца, каб іх на той свет выдастаў. Тады ён прывязаў калыску да ланцуга, усадзіў абедзве паненкі, страсянуў за ланцуг, так яны і выцягнулі іх. Так паненкі просяцца ў іх, каб яшчэ матку дастаць. Яны зноў спусцілі калыску, і дурны, каб сеў з маткаю, то выцягнулі б і яго, але ён анно мацеру ўсадзіў, страсянуў, і выдасталі. А браты як угледзелі тыя паненкі, так надта ў іх закахаліся да і не хочучы, каб дурань улазіў ім у дарогу, спусцілі калыску і пайшлі кажучы:

— Што нам з дурня, няхай прападае!

А гэтыя паненкі былі з двара і павялі іх да сваго палаца. Тым часам дурны ходзіць і плача, ходзіць і плача, аж угледзеў гняздо на дзераве, а ў том гняздзе грыфа дзеці — харошыя, аж зыяць! Ажно як раз у той час схадзілася бура, так ён скінуў з сябе куртку, акрыў гняздо, а сам сеў пад дзеравам. Ажно зрабіўся вецер — ляціць грыф. Прыляцеў, сеў на галіне, а агледзеўшы, што дзеці накрыты, кажа:

— О, каб я ведаў, хто то накрыў мае дзеткі, то я бы яму харашэнька падзякаваў бы.

А ён кажа з-пад хвойкі:

— Грыфе, найміласціўшы птаку, гэта я твае дзетачкі накрыў!

— Хто?

— Так і так.

— А чаго табе трэба?

— Хачу выйсці на той свет.

А грыф кажа:

— Добра, чалавечку, занясу це да сваго маёнтка, то ты зарэжаш два валы, после мяса парэжаш на кускі і ўложыш у дзве бочкі і гэта ўсё на мяне зложыш, а ў трэцю бочку вады нальеш, у той час сядзеш на мяне, і я цябе вынесу.

Ён так і зрабіў. Як меўся сядаць, грыф кажа:

— Помні, за кожным разам, як аглянуся, каб ты мне кінуў кусок мяса і ўліў чарпах вады.

Тады зняўся і паляцеў з дурнем. Ляцяць, ляцяць; што аглянецца, то дурань яму кусок мяса і чарпах вады. Нарэшце, пад канец забракла мяса, так грыф раз аглянуўся — ніц, другі раз — ніц, за трэцім разам дурань адрэзаў з свае нагі кусок ікры і кінуў грыфу, і зараз сталі на зямлі. Тады грыф кажа:

— Што ты мне такога салодкага на астатку даў?

А ён кажа: так і так. Так грыф хухнуў тры разы, і зноў нага такая сама стала. После грыф кажа:

— У тваіх братоў мае быць вяселле, але паненкі пахварэлі. На табе гэтых тры бутэлечкі, а ты іх выздаравіш.

Ён падзякаваў грыфу і пайшоў. Ідзе, так ідзе, зайшоў да карчмы і пытае ў жыдоўкі, што чуваць. Так і так, кажа:

— Мела быць у двары вяселле, да паненкі пахварэлі, і ніхто раданькі не дасць.

— Я ім,— кажа,— дам раду.

Жыдоўка гэта гаргетнула да бахура6, той сеў на каня ды й паехаў азнайміць да двара. Нібавам прысылаюць па яго каляску ў чатыры коні, а каляска аж зыіць ад золата. Ён сеў і паехаў. Як даў ім лекаў з тых бутэлечак, так адразу палепшалі. Яны яго пазналі, а браты не. Нарэшце паненкі ім сказалі, што гэта іх брат. Яны яго давай перапрашаць, але ён узяў старшага прывязаў каню да хваста і пагнаў, конь яго разбіў насмерць. А што мела быць яго жонка, то з ёю сам ажаніўся. І справілі велькае вяселле і жылі добра з серадольшым, што з другою ажаніўся. І я там быў, мёд, віно піў.

1 Упераж - спачатку

2 Шлям – ціна, глей.

3 Шлямава**ць – вывозіць глей.

4 Гыцаль – чалавек, які адлоўлівае сабак; нягоднік

5 Апамог – тут: перамог

6 Бахур – малады яўрэй, які прысвяціў сябе вывучэнню талмуда (И.Носович. Словарь белорусского наречия, Спб, 1870)



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 153-156
Крыніца: скан