epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Гусачкі-галубачкі

Вот так было. Каждую суботу прыляталі гусі на агароды. І што, тыя гусі, каб яны куды, а то ў лазню. І адзін такі красівы парань прызамеціў гэта. Думае: «Што ж тут такое?» Да ў іхнюю лазню. Яму ж дзіва, што гусі, дзікія гусі лятуць у лазню. Думаець: «Чакай, на гэну суботу я пагляджу, што з імі будзець. Я залезу ў сваю лазню, схаваюся за нешта». А за што ён там схаваўся? Даўней гэта сеялі калапней. І вот мачылі гэтыя калапні, тады ж мнуць (во вяроўкі з іх робяць). Адразу як паднялі, як паднялі з лежні іх, паставілі ў кутку гэтыя такія мачульнікі, снапы. Стаяць яны ў кутку. Палез пад гэтыя снапы хлопец і сядзіць. Жджэ і думае, што яшчэ ж прылятуць. Аж толькі чуець: шуміць, лятуць, гагочуць між сабою.

Вот ён утаіў дух, сядзіць, жджэ. Можа абмінуць ужо, невядома. Аж глядзіць: адна за аднэй, адна за аднэй так і пасунуліся ў тую лазню ў сенцы. Як уляцелі, січас пер'я з сябе знялі, знялі гэтыя пер'я і ў пучочкі палажылі каждая сваё, каждая пад парадак. А адна, як зняла пер'я,— ну такая красавіца, ну ў казках не сказаць і пяром не апісаць. Ён проста там памяць пацяраў. «Ну нічога, усё-такі я яе сабе прылашчу».

Яны там у лазні мыюцца, а ўсе дзеўкамі сталіся. Во вылез ён ціханька, падкраўся да яе пер'я, узяў і скоранька вышмыхнуўся з гэтай лазні і пайшоў дамоў. Думае: «Ну, дзе ж ты дзенешся?» Усе гускі вылятаць сталі з гэтай лазні ў сенцы і давай хто сваё пер'е пачапляць. А гэтая кінулася — і нет яе пучка. Яна і сюды і туды пакідалася. Ну што ж, ім пара ляцець, і яны аставілі яе. І ўжо ёй няма й рады. Яна тут і ў плач кінулася. Гэтыя гусі паляцелі, а яму ж цікава, дзе ж яна тут дзелася. Ці можа тут пер'е нічога не значыла? Вот глядзіць: стаіць і плачаць такая пекная дзеўка. Яму так жаль зрабілася. Узяў ён яе за руку і кажаць:

— Пойдзем да мяне, не плач, я цябе ў абіду не папушчу, ты будзеш маёй жаной. Я цябе выбраў, а пер'е гэта зністожыў.

Вот. Ну і што ж, пайшла яна нехаця, дзе ж ёй дзявацца. Але яна ўсё роўна не мела цягі да яго. Усё роўна цягнула яе туды, дзе ўсе гусі. Пэўна ўжо гэтыя гусі былі нейкія закалдаваныя. І вот яна кожны дзень вылеціць, станець, каб не відзелі, і запяець:

— А гусачкі, галубачкі, скіньце ж мне па аднэй пярынцэ!

Возьмуць гэтыя гусачкі і сыпнуць ёй кожная па аднэй сваей пярынцэ. Вот яна і збіраець. Не так жа ж і лёгка збіраць па аднэй пярынцы. Яго ж, пер'я, многа трэба. Ну, і кідалі, можа і год кідалі. Яна збірала. У яе ўжо ўрадзілася дзевачка. А яна думала, што і тую дзевачку схваціць. Што ж, як зачала яна гэта пер'е ўжо збіраць, пух складаць, дык вот і не хваціла ёй на гэтую дзяўчынку ўбраць. Думаець: «Я после буду ёй скідаць». Як яна абчапілася гэтым пер'ем, так яна і паляцела, і мужа кінула і гэтую дзяўчынку кінула.

Дзяўчынка ж ненавучаная была, каб пер'е збіраць, так яно і прападала. Вот гэтая дзяўчынка расла, тожа ж як сірата. А ён здумеўся, нібы ж хацеў жаніцца, але не жаніўся, бо ён не надзеяўся, што такую ўжо знойдзе красавіцу. Гэту дзяўчынку гадаваў і на яе радаваўся. «Нікога не хачу, буду гадаваць дзіця гэта сваё». Праўда, такая красавіца яна была, што выдаў яе замуж за добрага, за добрага кавалера.

Вот і на гэтым канец.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 79-80
Крыніца: скан