epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Гуслі

Жыў колісь круглы сірата Іваньчык. Яшчэ маленькі астаўся ён без айца і без маткі. Узяла яго к сабе хрышчоная маці, падгадавала трохі да й аддала ў людзі пасці гусі. Пасе ён гусі да разглядвае божы свет, а кругом так гожа, так радасна. Яснае сонейка свеціць і хукае, бы на дзіцятка родная матка. Ветрам ціхенька калыша зялёнае вецце на вербах. Рака блішчыць праз рэдкія кусты алешніку, бы тое люстэрка, што дзядзька купіў сваёй дачцэ Ганне; а ў затоне адбіваюцца тоўстыя, старыя дубы, курэнь дзеда Ахрэма кала перавоза, стог леташняга сена з плотам кругом і нават каровы суседняе вёскі, што пасуцца на беразе. Толькі ўсё гэта дагары нагамі.

Задумаўся пастушок Іваньчык, чаму гэта ў вадзе адбіваецца ўсе дагары нагамі, задумаўся, але не надоўга, бо ў той самы момант гусак выцягнуў шыю, крыкнуў і перасцярог гусей, што вораг блізка. Зірнуў Іваньчык на неба, аж там хутка плыве вялізазны шуляк да пазірае на яго гусянята. Закрычаў Іваньчык і памахаў хварасцінаю. Схаваўся шуляк за высокім лесам, а Іваньчык усё стаіць да пазірае на неба, да так пазірае, што забыўся й рот закрыць. І захацелася яму лятаць па небу, як той шуляк, замахаў ён рукамі да й пабег па зялёнай траве, па кветках, што так гожа раслі на поплаве. Доўга бегаў Іваньчык, растапырыўшы рукі, бегаў, кружыўся, бы птушкі ў небе, нарэшце ўтаміўся й лёг на траву дагары вачамі й усё глядзеў на неба, як там цудоўне, гожа, ціхенька плылі лёгкія белыя хмуркі, бы гусіны пух, як яны сустракаліся з ясным сонейкам, цалавалі яго й плылі далей. Разглядаў Іваньчык, як гожа й прамудра зроблен божы свет. Серца яго радасна білася ў грудзях, вочкі блішчалі, бы два дыяманты, яму так было лёгка, так весела тут на поплаве, на зялёнай траўцы, пасярод свежых, розных калёраў кветак, што ён нават забыў той час, калі трэба было йці дадому абедаць, бо дзянна была сярдзітая жанчына, вяла свой парадак і не любіла, калі хто пазніўся на абед. Усхапіўся ён, зірнуў на сонейка, аж яно ўжэ схіляецца к захаду.

— Ужэ паабедалі,— думае пастушок і гуляе да вечара не еўшы.

Так той Іваньчык перш пасціў гусі, потым памагаў аўчару, а, нарэшце, як вырас, пачаў пасціць гаўяда. Тут ён навучыўся размаўляць з гаўядам, разумеў мову ўсялякае жывёлы й нават расліны. Яму здавалася, што птушкі паюць яго песні, што мушкі да полуднічкі жаласна гудуць, дак гэта яны плачуць над яго горкаю, пастуховаю доляю, што гаўяда пазірае на яго да й хоча яму сказаць: «Бедны пастух! Ніколі не быць табе гаспадаром... Кінь гэты край да йдзі ў свет шукаць шчасця».

Яму здавалася, што лес ківае яму веццем, што траўка й кветкі яму шэпчуць ціхенька: «Йдзі ў свет».

Паслухаў іх наш Іваньчык і пайшоў у свет шукаць шчасця. Хадзіў, хадзіў, але куды ні прыйдзе, усюды гарэй як там, дзе быў уперад. Кіне ён тое месца да йдзе далей. Дахадзіўся нарэшце да таго, што й свет не міл. От падышоў ён к рацэ да й хацеў утапіцца. Толькі ён ступіў на воду, аж тая зрабілася цвёрдая, бы лёд. І пайшоў наш Іваньчык па вадзе, бы па суху. Сустракае яго якісь панічык да й кажа:

— Найміся ка мне на службу.

— А чаму ж не,— адмаўляе наш Іваньчык,— якому чорту ні служыць — усё роўна.

— А пачом ты знаеш, што я чорт?

— Спявай песню павам, а чорт бачан па халявам.

— Бачу, што з цябе будзе добры слуга,— кажа чорт,— я ж табе заплачу за тое харошыя грошы.

— Дзе грошы, там і вошы,— адмаўляе наш Іваньчык.

— А чаго ж ты хочаш?

— Ты таго не маеш, хоць мяне служыць наймаеш. Да што нам таргавацца, лепш хутчэй за дзела брацца. Буду служыць хоць у пекле, абы было пекне.

Згадзіліся яны на том. Зняў чорт свой капялюшык і махнуў ім трэйко. Тады наш Іваньчык сапраўды ўбачыў у чорта рогі й паабапал плеч чорныя крыла, бы ў кажана. Зняў і наш Іваньчык сваю рваную кучомку, памахаў ёю трэйка й выраслі ў яго крыла, бы ў шуляка. От узняліся яны да й паляцелі, да толькі не ўгору, не к яснаму сонейку, а чорт ведае куды, паляцелі ў якуюсь пропасць усё ўніз і ўніз.

Доўга ляцелі яны, агарнула іх кругом цемень, хоць ты вока выкаль. Але ось па немалым часе спераду штось заблішчала. Хутка яно разраслося, бы сухім летам у лесе пожар. Падлятаюць яны бліжэй, аж там стаяць вялізазныя катлы, а ў іх гарыць смала. Полам'е шыбае, а смала кіпіць, аж булбаткі падскакваюць. Дагадаўся наш Іваньчык, што гэта пекла. Але няма чаго рабіць, калі наняўся, та як запрадаўся, трэ служыць. Азірнуўся ён, а тут як шыбанула полам'е, дак яго крыла й згарэлі. Астаўся там Іваньчык. І вялеў яму чорт доўгаю залезнаю качаргою ў катлох смалу памешваць. Павярнуў ён качаргою, аж там у смале мучацца грэшныя душы. Варочае ён качаргою да разглядвае тыя грэшныя душы. Каго толькі там не было. Перш-наперш вынырнула лысая галава ксяндза, а поруч з ёю кіпелі ў смале доўгія кудлы папа. Павярнуў ён качаргою, дак разам выскачылі з смалы маладзенькая паненка, абняўшыся з старым панам, старая пані, хурман з бізуном, лёкай з пляшкаю ў горле, камысар з ксёнжкаю пад пахаю, пакаёўка, кухар, акамон, цівун і многа другіх дваровых людзей. Павярнуў ён яшчэ раз качаргою, дак тут ужэ былі: сам ландар з Соркаю, рабін з бібляю, цодык з тораю, маламед з ксёнжкаю, кавань, шавец, кравец, крамар і крамарка, шапар, нават анучнік і той высунуў з смалы сваю голаў і патрос пейсамі, але яны зліпліся й гарэлі, бы зубленка. Пайшоў Іваньчык да другога катла, павярнуў у ём качаргою, дак тут ужэ паказаліся нашы браты хрысціяне й усе больш самыя набожныя людзі да такія, якіх лічылі пры жыцці чуць не святымі. Пабачыў тое наш Іваньчык да й думае сабе: «Не, мабыць кожнаму чалавеку прыдзецца закаштаваць гарачае смалы».

Хацеў ён і [с] ці далей, да зірк, аж тут і яго хросная маці. Убачыла яна яго да й кажа:

— Ой, мой сыночак, пакінула я цябе маленькага, дак за тое тут мучуся.

— Несправядлівы суд, мая матачка,— адмовіў ёй Іваньчык,— несправядлівы затым, што я толькі тады й быў шчаслівы, як ты мяне аддала пасці гусі.

Толькі ён гэтае прамовіў, як яго хросная матка выйшла з катла ўся ў белым убранні, бы снег, і стала поруч з ім.

— Дзякуй табе, мой сыночак,— кажа яна,— што аслабаніў мяне ад гэтае мукі. Уцякай ты адсюль, бо чэрці яшчэ жыўцом укінуць цябе ў смалу. Я памагу табе, як адсюль выбрацца.

От і павяла яна свайго сынка з пекла вон. Доўга яны йшлі паміж катлоў з гарачаю смалою, якое мукі яны там не бачылі, якіх енкаў не наслухаліся, нарэшце падышлі к краю пекла.

Хросная маці разам і знікла, а наш Іваньчык пакруціў трэйка сваёю кучомкаю, дак і выраслі ў яго крыла. От узняўся ён і паляцеў усё ўгору да ўгору. Ляціць, аж вецер свішчыць хмуркі мінаюць, толькі мігаюць. Даляцеў ён да зямлі, вельмі ўтаміўся да й лёг сапачыць. Але ось прыйшоў Хрыстос, а можа гэта яму прыснілася, да й даў яму гуслі.

— На,— кажа,— у гэтых гуслях усё твае шчасце.

Да й знік. Устаў Іваньчык, узяў тыя гуслі да й зноў пайшоў у свет. Нядоўга ён хадзіў да й наняўся ў жыда-пахцяра пасціць каровы. От выганіць ён каровы на пашу, сядзе сабе на купіну да як пачне йграць на гуслях, дак і пусціцца ўсе скакаць. Скачуць [пахцярскія] каровы ўвесь дзень, а малако з цыцак цыр-цыр! і выліваецца. Прыгоніць ён каровы дамоў, пачнуць іх даіць, а малака нямаш. Дзівуецца пахцяр, якое б гэта ліха зрабілася, ды нічога не прыдумае. Пайшоў ён к рабіну на раду, расказаў сваю бяду. Той чытаў, чытаў біблю да й кажа:

— Гэта яляк ссе твае каровы.

І радзіць рабін пахцяру ўзяць ад усіх кароў патроху таго, што дарам выліваецца, наліць у кашэрны гаршчок, у пятніцу зварыць, а ў шабас ужываць разам з гугелем, а што астанецца, дак тым вышмараваць у кароў вым'е. Падзякуваў пахцяр рабіну, зрабіў рыхтык так, як ён радзіў, але нічога не памагае. Каровы не то, што не даюць малака, але й самі пачалі худзець, пятрэць, от бы на іх якая хвароба прыйшла. Ходзіць [пахцяр], бы шалёны, не ведае, што рабіць, што парадзіць. Сустракае яго адзін п'янчужка, што называўся кавалём, а тым часам заўжды сядзеў у карчме. Той і радзіць [яму] знайсці такога знахара, каб ён пазнаў, хто гэта прырабіў, што каровы не даюць малака.

— А хто ж будзе лепшы знахар ад цябе?

А гэты п'янчужка сапраўды знахараваў.

— Цуес,— прыстае к яму [пахцяр],— я ведаю, сто ты добры цалавек, ведаю, сто ты лепс ат усіх знаесса. Зрабі ласку. Я ўзэ дам табе кварту гарэлкі.

— Што кварта,— упіраецца той п'янчужка.—Дасі тры кварты, дак усё скажу, як мае быць.

Таргаваўся, таргаваўся [пахцяр], але мусіў згадзіцца на трох квартах.

— Але ж ты мне цяпер дай кварту, та пагляджу на зоры, хто гэта ўдзеяў.

Даў пахцяр яму кварту гарэлкі, от ён выпіў да й пацёгся на пашу цікаваць, як гэта наш Іваньчык пасе [пахцярскія] каровы. Падходзіць ён, аж пастух іграе на гуслях, а каровы скачуць, аж з іх пена валіць. Дагадаўся той п'янчужка, чаму каровы не даюць малака, да й павярнуў, каб і [с]ці да карчмы, толькі ось яму так захацелася скакаць, што от так самі ногі й ходзяць. Але, ведама, якія скокі п'янага. Паскакаў ён, пакуль іграў Іваньчык, да й сунуўся ў канаву. На другі дзень прыйшоў ён к пахцяру да й кажа:

— Ну, ведаю, хто гэта ўдзеяў. Давай гарэлку, та скажу.

Даў [пахцяр] яму дзве кварты гарэлкі да асяленец на закуску. От той п'янчужка й кажа, што ва ўсём вінен пастух. Не мае пахцяр веры.

— Ну, дак спраканайся сам,— кажа п'янчужка,— схадзі на пашу да паглядзі, як твае каровы пасуцца.

Схадзіў пахцяр да як пачуў тую ігру, дак сам падняў лапсардак да як пусціўся скакаць, дак аж пейсы трасуцца. Скача да думае, што каб тое ўбачыла Сорка, та падумала б, што ён ашалеў. Скакаў той [пахцяр] разам з сваімі каровамі датуль, пакуль Іваньчык здаволіўся да й палажыў тыя гуслі.

Няма чаго рабіць, заскаржыў той [пахцяр] на Іваньчыка ў суд. Разабраў суд справу да за такое вядзьмарства прысудзіў Іваньчыка павесіць. От схапілі яго й вядуць на шыбеніцу. Ідзе ён і трымае гуслі пад пахаю. А тут сабралася людзей, як на кірмашы, каб паглядзець, як будуць вешаць ведзьмара. Бабы галосяць, дзецюкі шуткуюць, а іншыя кажуць, што калі гэта вядзьмар, та яго не павесяць. От ужэ кат падвёў Іваньчыка к шыбеніцы да й хацеў накласці яму на шыю вяроўку, але той выняў з-пад пахі гуслі да як зайграе, дак усе й пусціліся скакаць, баццэ гарох на гарачай скаварадзе. Скача кат, абняўшы шыбеніцу, скача суддзя з паперам у руках, скача поп з крыжам перад носам, скачуць мужыкі й бабы, аж пот з іх валіць, скача ўсё места, бы мошкі мак таўкуць. Іграў, іграў Іваньчык да ўсё далей адходзіў ад шыбеніцы, нарэшце саўсім знік.

Схамянуліся ўсе, разінулі рот да й стаяць, як дурні, а нашага Іваньчыка й след прастыў. Пачалі яго шукаць, каб злавіць, але ж кажуць, што нялёгка злавіць вецер у полі, да яшчэ гарэй злавіць таго музыку, каторы прымушае ўсіх скакаць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 528-532
Крыніца: скан