epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Гвідон Саміхлёнавіч

У неўкатарам царстве, у неўкатарам гасударстве, ці не ў том, у каторам мы жывём, жыў дзедушка з бабушкай. Нямножка ў іх было дзяцей: дванаццаць сыноў, дванаццаць дачарэй. Ён дванаццаць сыноў жаніў, дзевяць дачарэй замуж аддаў. Асталась тры дочары дзевушкі, асталась Арына, Агата-Саліхвата Прамудрая і Настася-Прыкрася Дзіміёнаўна. Просяць яны ў айца благаславенства:

— Благаславі, цяцінька, і надзялі!

— А чым жа вас благаславіць?

Арына атвячаіць:

— Мяне, цяцінька, надзялі іголкай ды ніткай!

Агата-Саліхвата атвячаіць:

— Мяне, цяцінька, благаславі і надзялі адным зярэшкам жыта!

Настася-Прыкрася атвячаіць:

— Цяцінька наймілейшы, цяцінька найлюбейшы! Мяне благаславі і надзялі, каб я ў тры гады пятнаццаць сыноў радзіла, пятнаццаць сілных, магучых багатыроў: у лбах сонца, у патыліцы месяц, ногі ў серабрэ, рукі ў золаце, целяса ў дробных звёздачках; каб яны ўсе былі па васемнаццаць аршын у вышыну, па дванаццаць аршын у плячох шырыны!

Ён благаславіў усіх трох і надзяліў.

Пайшлі яны ў чыста поле, у зялёну дуброву, кала сіняга мора. Было ўрэмя ў пятроўку. Захацелась ба ім пакупацца, па сіняму мору палюбавацца. Тады яны самацветнае плацце скідывалі і абарацілісь сызым[і] вуткам[і], паплылі па мору, сталі купацца.

Быў та ў неўкатарам-та царстве, у неўкатарам-та гасударстве цар Гвідон Саміхлёнавіч. І пайшоў ён у чыстае поле, кала сіняга мора, заглёнаў — у трох мястах самацветнае плацце ляжыць. Ён узяў гэта самацветнае плацце і ў ваду памачыў і на тых мястах апяць палажыў, дзе яно ляжала. Непадалечу стаіць дуб, а ў тым дубу дуплё; ён узяў і ў тым дупле стаў і схаваўся, цар Гвідон Саміхлёнавіч. Тады красныя дзевушкі выплывалі сызым[і] вуткам[і] з сіняга мора і браліся за самацветнае плацце: яно мокра. Ну, дзяйствіцельна, у гэта ўрэмя самацветнае плацце нядоўга высушыць. Тады высушылі яны самацветнае плацце, надзеліся і сталі выклікаць:

— Адзавіся, адклікніся, хто гэта дзела здзелаў над намі? Калі старшы нас, то будзь айцец нам, калі маложы нас, будзь брат наш, а калі роўны з нам[і], то будзь муж наш!

Ну, ён выхадзя з дуба з дупля, атвячаіць:

— Цар Гвідон Саміхлёнавіч, ні старэйшы, ні маладзейшы, а ураўні з вам[і]!

Яны атвячаюць:

— То ёс[ц]ь муж наш!

Ён іх спрашываіць:

— Дзявіцы прыўкрасныя! Чым вы каторая можаце заняцца — якім рамяством?

Арына атвячаіць:

— Я магу іголкай ды ніткай усю тваю вармію адзець!

— На сколькі ўрэмя бярэшся?

— А я,— кажыць,— бярусь да жызні, канца веку свайго!

— Станавісь на правую фаланку! Ну, ты жа, Агата-Саліхвата, чым можаш заняцца, якім рамяством?

— А я,— кажыць,— магу адным зярошкам жыта ўсю тваю вармію пракарміць!

— На сколькі ўрэмені?

— Да жызні, канца века майго!

— Ну, станавісь на правую фаланку! Да, мне гэдакія людзі дорага варты. А ты жа, Настася-Прыкрася Дзіміёнаўна, чым можаш заняцца, якім рамяством?

Яна яму атвячаіць:

— Цару наймілейшы, цару найяснейшы, Гвідон Саміхлёнавіч! Мае заняція плашэй усіх: я магу ў тры гады пятнаццаць сыноў радзіць — слаўных, магучых, прыпышных багатыроў: ува лбу сонца, у патыліцы месяц, рукі ў золаце, ногі ў серабрэ, цела ўсё ў дробных звёздачках, па васемнаццаць аршын у вышыну, па пятнаццаць аршын у плячах шырыны!

— А, гэта для мяне дарожы ўсяго састаіць! — кажыць цар Гвідон Саміхлёнавіч.

І законны брак божы ён з Настасяй-Прыкрасяй прыняў.

Ну, у цара нядоўга, ні піва ні варыць, ні віна курыць,— свадзьбу сыграў. Пажыў можаць нямнога ўрэмя з ей, а гэтых дзявіц, Арыну і Агату-Саліхвату, к сабе ў палаты ўзяў. Адна стала вармію адзяваць — вайску, а другая стала карміць.

І пражыў ён з жаной сваёй нямнога ўрэмя: яна зацяжарыла пяцьмі сынам[і], прахадзіла яна трыццаць восем нядзель цяжолая. Толькі бы дзве нядзелі ўхадзіць ды й радзіць — наступаіць няверны цар, змей Шкарлупін, на адных плячах дванаццаць галоў, дванаццаць палкоў меець войска і дванаццаць багатыроў харабрых. І ў цара Гвідона Саміхлёнавіча тожа дванаццаць палкоў і дванаццаць багатыроў харабрых, магучых, прыпышных. Гэты няверны змей вяліць, каб прыбыў на вайну, на мора, у караблях, і забрацца на цэлых шэс[ц]ь месяцаў.

Цар Гвідон Саміхлёнавіч і забраўся на мора на шэс[ц]ь месяцаў са сваёй вайской. І праваяваў толькі ўсяго дзве нядзелі, супруга, яго жана, і радзіла пяці сыноў. На тую жа бяду шчаніла і сука пяці псоў. Ну, большая сястра Арына ад яе пяці сыноў адняла і ў бочку пасадзіла і на сіне мора ўспусціла з бочкай, а к сястрэ Настасі-Прыкрасі пяць псоў прысадзіла. А сама пісьмо напісала к цару Гвідону Саміхлёнавічу: «Цар Гвідон Саміхлёнавіч! Мая сястра, твая супруга, вазлюбленая жана, не радзіла пяць сыноў, а радзіла пяць псоў: якую прыкажаш ты прыдаць злую смерць?»

— Паслыш, Арына! — кажыць цар Гвідон Саміхлёнавіч.— Не вазможаш ты прыдаць маёй супругі вазлюбленай скорай злой смерці да майго прыходу. Ну, а калі яна не радзіла пяць сыноў, а радзіла пяць псоў, тады я вазьму, на дванаццаць каней яе на хвасты навяжу і раздзяру!

Прайшло ўрэмя яшчэ дзве нядзелі; ён на моры ўсяго прабыў цэлы месяц і пабядзіў непрыяцеля — вайску разрушыў, багатыроў пабядзіў. Дастаўся адзін няверны цар Шкарлупін з дванаццаці галавам[і]. Цар Шкарлупін прыкланіўся к яго боздрым нагам, цару Гвідону Саміхлёнавічу:

— Цар Гвідон Саміхлёнавіч! Прашу тваёй міласці: не пабядзі ты мае буйны галавы, не разрушы ты маю багатырскую сілу, не пралі гарачую кроў маю, не прабі маё рацівае серца сваім даўгамерным кап'ём! Вазьмі ты мяне ў сваё царства, буду я застаяцель за цябе!

Цар Гвідон Саміхлёнавіч атвячаіць Шкарлупіну:

— Не даю я табе міласці! Падымаю сваю вострую меч-самасеч і сымаю табе дванаццаць галоў з плеч, багатырскую сілу тваю разрушу, гарачую кроў тваю пралію, рацівае серца даўгамерным кап'ём сей мінуты праб'ю!

Сычас падымаў вострую меч-самасеч, зараз яму буйны галовы з плеч змяіных зняў, гарачую кроў праліў, рацівае серца яму прабіў сваім даўгамерным кап'ём.

Тады ідзець з-пад непрыяцеля ў свой дом. Супруга ягоная вазлюбленая ўжо аздаравела чэраз дзве нядзелі. Страчаіць яго ў варотах, мужа свайго, з хлебам і соллю, і з добрым здароўем, з золатам, з се**рабрам, з чыстым земчугам, і з нізкім паклонам і з серцам пакорным,— як ні нада і луччы быць. І ён ёй кажыць:

— Няго ж ты, супруга мая вазлюбленая, не са мной жыла, што ты не радзіла пяці сыноў, а радзіла пяці псоў?

— Муж мой наймілейшы, муж мой найлюбейшы! Не радзіла я псоў, а радзіла я сыноў, і не знаю, што нада мной падзелалася? Я была недзвіжыма — ні рукой, ні нагой не магла варохнуць!

Ён на гэта дзела не пагневаўся. Ну, пажыў з ёй нядзелю алі дзве, а ў том — колькі бог благаславіў. Яна ў другі раз забярэменела пяцьмі сынам[і]. Прахадзіла яна трыццаць дзевяць нядзель цяжолая, толькі бы нада ёй ухадзіць адну нядзелю і радзіць — наступаіць няверны цар, змей Шкарлыхаюшчы, на адных плячах васемнаццаць галоў, і ў яго дваццаць восем палкоў вайска і дваццаць восем багатыроў харабрых, магучых і прыпышных. У нявернага цара Шкарлыхаюшчага дужа сіла вялікая! І штоб быў цар Гвідон Саміхлёнавіч на вайну на тры годы, на мора, у караблях, і сабіраўся б з хлебам і з соллю, і са ўсім благапалучыям сваім. Ну, цар Гвідон Саміхлёнавіч просіць нізкім паклонам, серцам пакорным Шкарлыхаюшчага:

— Будзь такі добры, Шкарлыхаюшчы! Ублагатвары ўблагатварэніям і зроб такое ўдабрэнія! Будзь ты такі добры, што дай ты мне спакою нядзелькі на дзве-на тры. Я дужа нездароў: толькі што поп выйшаў, тайнас[ц]ь прайзнасіў!

Ну, ён яму не ўвяраіць, Шкарлыхаюшчы; крычыць гулкім багатырскім галасом з сваіх з усіх языкоў са васемнаццаці і свішчыць бальшым маладзецкім посвістам з усіх сваіх са вустоў:

— Каб быў цар Гвідон Саміхлёнавіч на вайну! Не будзеш ты на вайну — горад спалю, цябе ў палон забяру і з тваёй супругай, са вазлюбленай, са Настасяй-Прыкрасяй Дзіміёнаўнай, з тымі дзіцяцямі, каторыя ў чрэві! Нет табе спакою не то што на дзве-тры нядзелі, дык на два дні! Толькі чатыры часы на выбарку даю!

Гэты цар Гвідон Саміхлёнавіч абрамяніў гэтых чатыры часы,— не ўбраўся ў караблі. Няверны цар Шкарлыхаюшчы ўзяў горад запаліў. Некалі цару Гвідону Саміхлёнавічу дажыдаць, пакуліка жана родзіць. Ён тады, цар Гвідон Саміхлёнавіч, пайшоў, горад утушыў. І сабраўся тады з хлебам і з соллю, на тры гады, у караблі на вайну. Жана яго — супруга прахадзіла толькі шэс[ц]ь дней і радзіла пяць сыноў. На тое ж паветрые барзіца ашчаніла пяць барзоў. Большая сястра Арына ад яе апяць сыноў адняла, у бочку ўсадзіла, на сіне мора ўспусціла, а пяць барзянёнкаў к ёй падсадзіла. Пісьмо цару напісала, па парусам паслала: «Цару наймілейшы, цару найяснейшы! Мая сястра, твая супруга, вазлюбленая жана, Настася-Прыкрася Дзіміёнаўна не радзіла пяці сыноў, а радзіла пяці барзоў. Якую прыкажаш прыдаць ей злую скорую смерць?» — «Паслыш, Арына! Табе сказана ўпярод гэтага ўрэмені: не вазможаш ты прыдаць скорай і злой смерці маёй супругі да майго прыходу. Ну, а калі яна не радзіла пяці сыноў, а радзіла пяці барзоў, то вазьму шаўковую пятлю на шыю ўзлажу, у дзевяць сажон ад сырой зямлі-мацеры на воздусі падыму і на шаўковай пятлі ўдаўлю!»

Ну, яму гасподзь памог у скорам урэмені непрыяцеля пабядзіць, дваццаць восем палкоў разрушыць, дваццаць восем багатыроў пабядзіць, толькі дастаўся адзін Шкарлыхаюшчы са васемнаццаці галавам[і]. І ён са васемнаццаці галавам[і] прыкланіўся ка яго баздрым нагам, цару Гвідону Саміхлёнавічу:

— Прашу тваёй міласці, цар Гвідон Саміхлёнавіч! Дай спакою мне! Буду я застаяцель за цябе! Вазьмі ты мяне ў сваё царства, не пабядзі ты мае буйны галовы, не разрушы ты маю багатырскую сілу, не пралі гарачую кроў маю, не прабі маё рацівае серца даўгамерным сваім кап'ём!

Цар Гвідон Саміхлёнавіч атвячаіць Шкарлыхаюшчаму:

— Я цябе ўпярод прасіў даць мне спакою на нескалькі ўрэмя! Толькі мне даў на выбарку чатыры часы! Я не справіўся ў гэта зусім кароткае ўрэмя, і то ты мог горад мой запаліць! Табе я не даю спакою ні на адну мінуту; падымаю сваю меч вострую самасеч і сымаю табе васемнаццаць галоў з плеч! Як траву касой сакашу, так табе буйны галовы з плеч сыму, гарачую кроў тваю пралію, багатырскае рацівае серца даўгамерным кап'ём сей мінуты праб'ю!

Тады січас падымаў цар Гвідон Саміхлёнавіч вострую меч-самасеч, як цапнуў — яму зараз усе буйны галовы з плеч зняў, гарачую кроў праліў, рацівае серца прабіў. Патуль і дзела яго, Шкарлыхаюшчага, не стала!

Тады пайшоў цар Гвідон Саміхлёнавіч у свой дом з сіняга мора. Апяць жане прайшло дзве нядзелі, як яна радзіла, і сустрачаіць яго апяць тым жа чарадом у варотах, з хлебам, з соллю, з добрым здароўем, з золатам і з серабром, і з чыстым земчугам, і з нізкім паклонам і з серцам пакорным. Ён ёй тож здароў даець, супругі сваёй, і пытаіць:

— Няго ж ты, супруга, жана мая, не са мной жыла?

— Муж мой наймільшы, муж найлюбезнейшы! Знаць не знаю, ведаць не ведаю, што нада мной падзелалася? Я радзіла сыноў, а не барзоў!

— Ну, за гэтым разам прашчаю да трэцяга разу!

На гэта ж дзела ён не пагневаўся на яе, стаў жыць, як бог благаславіць.

Тады яна забярэменела трэці раз пяцьмі сынам[і]. Прахадзіла трыццаць дзевяць нядзель і тры дні, а чатыры б дні нада прахадзіць і радзіць — наступаіць няверны цар Хвёдар Тырын Бірдзібіянавіч. У яго дваццаць восем галоў на магучых плячах і дзве галавы па піўным катлу, па бальшым па піўным, як у півуварнях піва вараць. І ён крычыць крэпкім багатырскім галасом, падышоўшы па сіню мору пад гэты аград, пад цара Гвідона пад Саміхлёнавіча. Як крыкнуў і свіснуў, увесь лес павяў, і з дуба ліст пасыпаўся, і зямля скалацілася — аж у цара Гвідона Саміхлёнавіча палаты задрыжалі і шкло з вакошак павылецела ад Хвёдарава Тырына Бірдзібіянавіча галаса, ад маладзецкага бальшога посвіста. І ў яго ж войска семдзесят палкоў і семдзесят багатыроў, храбрых, магучых і прыпышных. Ну, у цара Гвідона Саміхлёнавіча дванаццаць палкоў і дванаццаць багатыроў. Крычыць:

— Каб быў цар Гвідон Саміхлёнавіч на вайну на мора, у караблях, на шэс[ц]ь гадоў, сабраўся б з хлебам, з соллю, з усім благапалучыем сваім — адтуліцька адпуску не будзіць табе!

Ён стаў прасіць, цар Гвідон Саміхлёнавіч, нізкім паклонам, серцам пакорным, Хвёдара Тырына Бірдзібіянавіча:

— Стань н[а] айцоўскім месце, благатвары благатварэніям, здзелай такое адабрэнія, будзь такі добры — дай спакою на паўтары алі на дзве нядзелі, я не магу цябе і[с]ці ваяваць, сілу тваю разрушаць: ляжу я пры смерці, нічым недзвіжым, ні рукой, ні нагой не магу варахнуць! А пісьмо пішаць табе свяшчэльнік; ён у дом ка мне зайшоў і тайнас[ц]ь божую прайзнасіў. Каб даў ты, прашу, мне спакою на нядзелю алі на паўтары!

Хвёдар Тырын Бірдзібіянавіч кажыць:

— Нет табе спакою! Даю два часы на выбарку! Калі ты не выбярэшся на караблях у два часы — горад выпалю, цябе ў палон забяру з тваёй супругай вазлюбленай, з Настасяй-Прыкрасяй Дзіміёнаўнай, і з тымі дзіцяшчамі, што ў чрэве!

Тады ён гэтых два часы абрамяніў — Хвёдар Тырын Бірдзібіянавіч узяў ды й горад запаліў, палавіну горада січас спаліў.

Некалі цару Гвідону Саміхлёнавічу жаны дажыдаць, пакуль яна родзіць, сабраўся з хлебам, з соллю, горад утушыўшы, у караблі, ваяваць непрыяцеля — на шэс[ц]ь гадоў.

Ну, супруга прахадзіла ўсяго трое з палавінай сутак і радзіла пяць сыноў; а на тую ж пропас[ц]ь кацяніла кошка чатырох кацянёнкаў. Сястра большая Арына адняла чатырох сыноў, адзін толькі дастаўся, а чатырох кацянёнкаў к ёй прысадзіла. Чатырох сыноў у бочку пасадзіла, бочку засмаліла і на сіняе мора ўспусціла — сама пісьмо напісала і к цару па парусам паслала: «Цару наймільшы, цару найяснейшы, цар Гвідон Саміхлёнавіч! Твая супруга, вазлюбленая жана, не радзіла пяць сыноў, а радзіла чатырох катоў і аднаго сына. У гэтага сына, дзяствіцелна, яствінная праўда,— ва лбу сонца, у патыліцы месяц, рукі ў золаце, ногі ў серабрэ, целяса ўсе ў дробных звёздачках. Якую ты прыкажаш прыдаць ёй скорую злую смерць?»

«Паслыш, Арына! Табе раз казана, і два, і трэці раз кажу: не вазможаш ты прыдаць скорай і злой смерці яе, маёй жаны, да майго ўзварота! Я сам пры смерці стаю,— на вадзяным пуці, пры храбрым магучым багатыры, пры Хвёдары Тырыне Бірдзібіянавічу! Вот, Арына! Прыкажыце свяшчэльнікам у дом мой — белакаменныя палаты, пры[йс]ці, кшчэння даць, а імя я й сам яму наракаю, свайму любезнаму сыну: Іван Гвідонавіч!»

Свяшчэльнікі ў дом яго прыйсхадзілі, малітву супругі яго прачыталі, святое кшчэнне маладзенцу далі. Цар Гвідон Саміхлёнавіч караблі Хвёдара Тырына Бірдзібіянавіча пазатапіў, у чэцвера сутак пабядзіў усю яго вайску, толькі астаўся адзін-раз'ядзін, як перст, Хвёдар Тырын Бірдзібіянавіч. Цар Гвідон Саміхлёнавіч бярэць сваю меч-самасеч і кап'ё, наступаіць на Бірдзібіянавіча. Хвёдар Тырын Бірдзібіянавіч прыкланяецца дваццаці васьмі галавам[і] ка баздрым ка нагам цара Гвідона Саміхлёнавіча і просіць яго нізкім паклонам і серцам пакорным як ні нада на свеце і луччы быць:

— Дай спакою! Будзь ты большы брат, а я меншы, і буду я заступацель за цябе, як сам за сябе!

Ну, цар Гвідон Саміхлёнавіч атвячаіць:

— Нет табе спакою ні на адзін час!

І бярэць вострую меч-самасеч і кап'ё, і махнуў ён, цар Гвідон Саміхлёнавіч, вострай меччу-самасеччу па яго па буйных галовах, і ён ядзіна як траву касой сакасіў, так вострай меччу-самасеччу дваццаць восем галоў з плеч збіў.

Прайшло тады дванаццаць часоў, як супруга яго радзіла, а ён у дом свой прыйшоў. І ляжыць яна нічым недзвіжыма — ні рукой, ні нагой не можаць варахнуць, і з сынам сваім Іванам Гвідонавічам. І ён рассярчаў за гэтым за трэцім разам, што не радзіла пяць сыноў, а радзіла аднаго сына, і толькі, дзяйствіцелна, паказала, што прыўкраснага сына радзіла: ува лбе сонца, у патыліцы месяц, рукі ў золаце, ногі ў серабрэ, цела ўсё ў дробных звёздачках. Цар Гвідон Саміхлёнавіч вялеў даставіць бочку бальшую сваім слугам верным. Дасталі бочку і палажылі ў яе Настасю-Прыкрасю і з сынам яё, пастнавілі ўсякай ежы і ўсякіх выпівак і напіткаў; і палажыў туды цар Гвідон Саміхлёнавіч золата і серабра, і закубрылі, зялезным[і] абручам[і] яе аббілі. І казаў карабельшчыкам на мора адця[г]нуць за тысячу вёрст і пусціць на сіняе мора. Карабельшчыкі так і здзелалі, як ім было прыказана.

Івану Гвідонавічу споўнілась дваццаць чатыры часы — суткі, і ён у такім у возрасце становіцца як дваццаць пяць гадоў добры маладзец. І разгаварываіць з мацер'ю гласным рачам:

— Што,— кажыць,— мамінька?

— А што,— кажыць,— дзіцятка?

— Вот што, мамінька, калі б наша бочачка на беражок ускацілася, на сухапуцце!

Не ўспеў ён гэта дзела і сказаць, бочка на беразе стаіць. І ён чуіць, што валной не качаіць бочку, апяць жа к мацеры кажыць:

— Што,— кажыць,— мамінька?

— А што,— кажыць,— дзіцятка?

— Калі б наша бочачка разляцелася і зялезныя абручы каб папокаліся!

Не ўспеў жа ён гэта дзела і сказаць — гэта бочачка ў груду ляжыць. І маць яго здарова стала, станавілась на сваіх нагах.

Паглядзяць: яны для аграду царскага — для цара Гвідона Саміхлёнавіча, для саду стаяць. Яны [ў]ваходзяць у гэты ўва град — на пажарнае памесце, на гарушку. Яму палюбілась гэта пажарнае памесце: відзяць і айцоўскія белы-каменныя палаты і сад-вінаград. Ён і кажыць:

— А што, мамінька!

— А што,— кажыць,— дзіцятка?

— Калі б выстраілісь белакаменныя палаты, дванаццаціітажовыя, з разным выпіскам, з усякім вінаградам, з усякім разнасцям і ўсякім птушкам!

Выстраіўся яму сад-вінаград і дварэц — белакаменныя палаты дванаццаціітажовыя і ўсё тое, што ён мацеры казаў. Ён з мацер'ю сваёй у гэты белакаменныя палаты ўступаіць і жыць зачынаіць.

Паглядзіць Іван Гвідонавіч у вакошачка — дажджок буйны ідзець. Ён мацеры сваёй кажыць:

— Што,— кажыць,— мамінька?

— А што,— кажыць,— дзіцятка?

— Дык каб вылажыўся б мост на дванаццаць вёрст: залатая маснічынка, сярэбраная маснічынка, залаты гваздок, сярэбраны гваздок!

Не ўспеў жа ён гэта дзела і сказаць — січас тутацька такі мост і ёс[ц]ь. Па гэтым масту ідуць утрох карабельшчыкі — друг на дружку аглядаюцца і рассміхаюцца.

— Вот,— кажуць,— як наш цар Гвідон Саміхлёнавіч зачаў хварсы хварсіць, золатам і серабром масты мосціць, а чэр душыць трап'ём ды чарэп'ем!

Яны пад гэты палаты падходзяць, прыглядаюцца, дзверы ў палаты адчыняюць і ў палаты цара Івана Гвідонавіча ўступаюць.

— Здароў,— кажуць,— парань!

— Здароў, братцы-карабельшчыкі!

— Што, парань, ці тут цар жывець?

— Не, братцы-карабельшчыкі, тут не цар жывець, а наследнік царскі!

— Ну, пайдзём, рабяты, к цару! — кажуць карабельшчыкі.

А Іван Гвідонавіч кажыць:

— Сядзьце, братцы-карабельшчыкі, пасядзіце са мной, з малодым пахлапачыце, салодкага піва іспейце, з усякіх напіткаў іскусіце, золата і серабра ад мяне прыміце, са мной гаворкі развядзіце!

Ён з імі ўрэмя праваждаў, пасядзеў і з імі гаворкі добрыя меў:

— Буду я вашай міласці цяпер прасіць, братцы-карабельшчыкі! Пойдзеце вы к цару, будзіць у вас цар дапытвацца: што вы, братцы-карабельшчыкі, па белу свету хадзілі, па сінім марам, па вадзяным пуцям, па зялёным лугам, па чыстым палям,— якога дзіва ці не відзелі? Братцы-карабельшчыкі, прашу я вас, атвячайце цару маім славясам, як я вам кажу!

Карабельшчыкі пайшлі к цару Гвідону Саміхлёнавічу. У белакаменныя палаты ўступаюць, цар іх сустрачаіць з хлебам і з соллю, з добрым здароўем, крэслы падстнаўляіць і іх сажаіць; проміж іх і сам садзіцца і разгаварываіць. І Арына — большая сястра тута.

Іван Гвідонавіч абярнуўся сызым галубком, падле**цеў пад вакошка к айцу свайму і слухаіць. Стаў цар Гвідон Саміхлёнавіч у карабельшчыкаў пытаць:

— Што, братцы-карабельшчыкі, я ў вас буду дапытываць: вы па белу свету хадзілі, па сінім марам, па вадзяным пуцям, па зялёным лугам, па чыстым палям,— якога дзіва ці не відзелі?

Яны адказываюць:

— Ніякага дзіва мы ў протчых старанах не відзелі, апрыч таго, як у вашым ва градзе!

— Што ж за дзіва такое ў нашым ўва градзе? — пытаіць цар Гвідон Саміхлёнавіч.

— Як жа не дзіва! Чэраз тры часы ўрэмені не было нічога дзіўнога, а цяперыцька выбудаваліся белакаменныя палаты, дванаццаціітажовыя, з усякім выпіскам, з усякім разным разнасцям, з усякім птушкам, і сад-вінаград уявіўся, і дварэц, і дужа-дужа палаты прыгожыя. Ну, у тых у палатах дужа парань прыўкрасны: усе палаты асвячаіць красным сонцам, ясным месяцам, і золатам, і серабром, і чыстым земчугам. Кала гэтых жа палат вылажыўся мост на дванаццаць вёрст — залатая маснічына, сярэбраная маснічына, залаты гвозд, сярэбраны гвозд!

Тады січас і кажыць Арына:

— Што, братцы-карабельшчыкі, нічога тутака дзіўнага нетуці, што палаты прыгожы, і парань прыўкрасен, і сад-вінаград, і мост на дванаццаць вёрст! Вот,— кажыць,— цару наймільшы, цару найяснейшы, цар Гвідон Саміхлёнавіч, ёс[ц]ь дзіва — дык із дзіваў дзіва: неўкатарам-та царстве, неўкатарам гасударстве, можа і ў том, у каторам мы жывём, стаіць дуб Старадуб у дванаццаць абхватаў. На тым дубу дванаццаць сукоў, на кажыным суку па дванаццаць карабоў, у кажным карабу па дванаццаць братоў, у кажынага брата па дванаццаць сыноў, у кажынага сына па дванаццаць званоў, на кажыны жа звон па дванаццаць усякіх птушак. Малайцы пяюць, салоўі іграюць, дробны птушкі шчабечуць, званы звоняць — не адслухацца!

Царскі сын Іван Гвідонавіч чуіць гэты разгавор, што цётка Арына пра дуб дзіва гаварыла. Ён прылятаіць к мацеры, маць у яго і пытаіць:

— Што, дзіцятка, ці казалі карабельшчыкі, як ты ім адказуваў?

— Як жа, мамінька, карабельшчыкі адказувалі маім славясам, а цёцінька Арына, каторая нас із свету звадзіла, пра дуб дзіва гаварыла. Вот калі б нам такое дзіва пад вышнія вакошачка з усякім прыметам!

Не паспеў жа ён гэта і сказаць — уз'явіўся такі жа дубок пад вышнія вакошачка: малайцы пяюць, салоўі іграюць, дробны птушкі шчабечуць, званы звоняць — не адслухацца.

Ідуць карабельшчыкі ўчатырох, друг на дружку аглядаюцца і рассміхаюцца; пад палаты падходзяць, разглядаюць, дзверы адчыняюць, у палаты ўступаюць і здароў даюць:

— Здрастуй, парань!

— Здрастуйце, братцы-карабельшчыкі!

— Ну што, парань, ці тут цар жывець?

— Не, братцы-карабельшчыкі, тут не цар жывець, а наследнік царскі жывець!

— Дык пойдзем, рабяты, к цару!

— Сядзьце, братцы-карабельшчыкі, пасядзіце, са мной са маладым пахлапачыце, хлеба і солі іскусіце, з усякіх напіткаў іспіце, золата і серабра ад мяне прыміце!

Ён іх напаіў і накарміў, золатам і серабром надзяліў.

— Цяпер, братцы-карабельшчыкі, буду я вас прасіць: пойдзеце ж вы к цару, будзіць у вас цар распытуваць: што вы па белу свету хадзілі, па сінім марам, па вадзяным пуцям, па зялёным лугам, па чыстым палям,— якога дзіва ці не відзелі? Вы ж атвячайце маім славясам!

Яны к цару прыходзяць, у белакаменныя палаты ўступаюць. Цар іх сустрачаіць з хлебам з соллю, з добрым здароўем, стулле падстнаўляіць і іх сажаіць; праміжды іх сам садзіцца і распытуваіць:

— Што вы, братцы-карабельшчыкі, па белу свету хадзілі, па сінім марам, па вадзяным пуцям, па зялёным лугам, па чыстым палям,— якога дзіва ці не відзелі?

А Іван Гвідонавіч абярнуўся сызым галубком, падляцеў пад вакошка, пад карніз, у дом к айцу свайму, і слухаіць. Карабельшчыкі адказываюць:

Мы па белу свету нідзе такога дзіва не відзелі, як у вашым ўва градзе!

— А што ж там за дзіва?

— Як жа не дзіва: што чэраз трое сутак назад не было нічога, а цяпер выбудавалісь белакаменныя палаты, дванаццаціітажовыя, з усякім выпіскам, з усякім разнасцям, і сад-вінаград, і мост на дванаццаць вёрст, і стаіць дуб Старадуб у дванаццаць абхватаў; на дубу тым дванаццаць сукоў, на кажыным суку па дванаццаць карабоў, у кажыным карабу па дванаццаць братоў, у кажынага брата па дванаццаць сыноў, у кажынага сына па дванаццаць званоў, на кажыны звон па дванаццаць усякіх птушак: малойцы пяюць, салоўі іграюць, дробны птушкі шчабечуць, званы звоняць — не адслухацца!

Тады кажыць Арына:

— Няго ж вы, братцы-карабельшчыкі, па белу свету хадзіўшы, харошага трахціру алі кабака не відзелі і рандара прыўкраснага парня маладога не відзелі? Тут нічога дзіўнага нетуці! А няго ж вы, па белу свету хадзіўшы, і маста не відзелі, алі дуб'я такога не відзелі ў дванаццаць абхватаў? Тут нічога дзіўнага нетуці. А вот,— кажыць Арына,— цару наймільшы, цару найяснейшы, ёс[ц]ь дзіва, дык із дзіваў дзіва: неўкатарам-та царстве, неўкатарам-та гасударстве, толькі не ў том, у каторым мы жывём, на трыдзевятым царстве, на трыдзесятай зямліцы, за сінім[і] марам[і], за шчырым[і] барам[і], у зялёных лугах гуляюць чатырнаццаць малойцаў, не п'юць, не ядуць і нічым сыты бываюць, прахлажаюцца, на сябе нічога на свеце не спадзяваюцца,— і голас у голас, і волас у волас, ліцо ў ліцо — адным словам, як адзін. І ў іх чатырнаццаць каней гуляіць, залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка, залаты капыт, сярэбраны капыт, з наздзёр жар сыплецца, со рта полынь шубаіць, у левае вуха ўлязаць — умывацца, у правае ўлязаць — наражацца, у самацветнае плацце, у драгацэннае!

Прыляцеў к мацеры Іван Гвідонавіч, маць у яго і пытаіць:

— Ну што, дзіцятка, ці казалі карабельшчыкі тваім славясам?

— Як жа ж, мамінька, карабельшчыкі казалі маім славясам, але цёцінька Арына пра чатырнаццаць малайцоў гаварыла. Вот, мамінька, каб тых чатырнаццаць малайцоў ка мне к пятнаццатаму — пажыў бы я ўрэмечка! Вот, мамінька, ці не родныя гэта братцы мае?

Не ўспеў жа ён гэта дзела і сказаць — такі конь пад вышнім вакошкам — пад балхонам і стаіць! Ён тады пераксціўся і з мацер'ю распрасціўся, на добрага каня садзіўся і паехаў на трыдзевятае царства, на трыдзесятую зямліцу, за сінія мара, за шчырыя бары — у зялёныя прыязджаіць лугі к братцам сваім. Конь шпарка бег, не мог сам сябе ўздзяржаць, мог на калені прыпадаць. Іван Гвідонавіч мог з добрага каня ссідаць і мог ён перад чатырнаццаці братамі на каленках стаць:

— Здароў, братцы мае родныя, Гвідонавічы!

— Здароў, здароў, Іван Гвідонавіч, брацец наймільшы, брацец найлюбейшы! Як цябе гасподзь сюды занёс: алі добры конь завёз, алі ты сам маладзец сюды зайшоў?

— Братцы мае найлюбезныя! Мяне гасподзь нёс і добры конь вёз, і я, добры маладзец, сам ішоў. Прашу я вас, братцы мілыя, на сваю старану ўзвараціцца, к айцу і к мацеры сваёй. Я не ў айцоўскіх палатах пражываю, па гасподняму благаславенню і па гасподняму страенню, і ў мяне выбудаваліся дванаццаціітажозыя палаты, з усякім выпіскам, з усякім вінаградам, з усякім[і] пціцам[і], і дварэц, і сад-вінаград; і вылажыўся мост на дванаццаць вёрст, кала маста каменныя палаты, і дуб стаіць з усякімі прыметамі і з усякімі харошымі разнасцямі!

— Брацец наш наймілейшы! — атвячаюць яму ўсе браты.— Ніяк нам няможна на родную старану сваю светлых воч сваіх аказаць!

— Пачаму жа так?

— А вот, у нас вусты чорныя, што мы грудзі мацеры не пробавалі! Даём мы табе каня пераменнага: едзь ты к мацеры,— каб маць здзелала із грудзі тваражку, хуць бы з курынае яйцо!

Ён сеў на добрага каня і паехаў у дом свой, к мацеры сваёй. Маць заплакала слёзна:

— Што ж ты, сын мой любезны, адзін прыехаў, а тых протчых сыноў не прывёз?

Іван Гвідонавіч атвячаіць:

— Няможна, мамінька, ім сваіх светлых вачэй паказаць на родную старонку: іхныя вусты чорныя, адтаго што грудзей мацеры не пробавалі. Прасілі цябе, каб ты здзелала із грудзей сваіх тваражку, хуць з курынае яйцо!

Тады яна давай сама сябе парушаць і даіць. І малако капіць. I здзелала камок тваражку — без чэцверці два хунта — у трое сутак. У хустачку ўвязываіць, падаець яму і прыказываіць:

— Глядзі ж, сынок, раздзялі, каб усім была пораўні!

Ён сеў на добрага каня і паехаў. У пяць часоў мог туды даляцець, к братам сваім. Браты падбеглі, добрага каня ўдзяржалі і яго з каня знялі. Ён тваражок раздзяліў на чатырнаццаць далей — як па курынаму яйцу кажнаму брату. Із'елі яны гэтага тваражку, сталі вусты іхныя белы і чысты, як і ў яго. Тады садзілісь усе пятнаццаць малайцоў, родных братоў, на добрых канёў і паехалі на радзіцельскую старану, к сваёй мацеры і айцу.

Прыехалі яны ўва град к белакаменным братнім палатам і пастнавілі каней кругом гэтых палат. Самі яны са добрых каней злязалі, у белакаменны палаты ўступалі і мацеры здароў давалі. Маць ад радасці спужалася: ні жыва, ні мёртва стала і з ног упала. Яны яе на руках паднялі і скалыхнулі і вады ў вочы пліснулі.

— Што ж ты, мамінька, так спужалася і ўрабела? Не пужайся і не рабей: мы не воры, не разбойнічкі, а вазлюбленыя твае сыночкі — сільныя, магучыя, прыпышныя багатырочкі!

— Няго ж вы, дзеткі, усе мае?

— Дзяйствіцельна, мамінька, усе твае!..

Тады яны ўсе сталі піць і гуляць і ў карты іграць, прахлажацца, на сябе нічога на свеце не спадзявацца.

У скорым урэмені Іван Гвідонавіч у вакошачка глядзіць і відзіць, што коні іхныя многа ўрону дзелаюць добрым людзям: іртом зяўнець — агнём пякець, капытом тапанець — да смерці б'ець, хвастом батнець — за сто сажань чалавека драбней маку ссякець! Іван Гвідонавіч кажыць сваёй мацеры:

— Вот, мамінька, каб нам канюшанку каменную, вокала залатую, крыша драгацэннага камня, на нашых на багатырскіх на добрых каней на пятнаццаць, і засыпалась ба ім па сто чацвярцей аўсяца ў дзень на кажынага каня, і залажылась ба ім па сто пяцьдзесят пудоў сенца, і залівалась ба ім вадзіцы па дзвесце вёдзер на кажынага!

Не ўспеў жа ён гэта дзела і сказаць, як канюшня і стаіць. І коні пайшлі па мястам, па станкам; аўса засыпалася, сена залажылася і вады залілася.

Ідуць карабельшчыкі ўшасці. У гэты палаты заходзяць, дзверы адчыняюць, у палаты ўступаюць. Як узглянулі гэты карабельшчыкі на пятнаццаць малайцоў, родных братоў, сільных, магучых, прыпышных багатыроў,— так у іх ногі і адзервянелі, языкі акасцянелі, не могуць абараціцца ўва рту; вочы астаўбянелі, не маглі ўзглёнуць — і прыхінулісь яны к сцяне плячам[і]. Іван Гвідонавіч з застолля выхадзіў і з імі разгавор меў:

— Што вы, братцы-карабельшчыкі, так вочынна пужаецесь і рабееце? Не пужайцесь і не рабейце! Тут не вары, не разбойнікі, а сільныя, магучыя багатырочкі — царскія сыночкі. Прашу я вас: пойдзеце вы к цару Гвідону Саміхлёнавічу, аб'явіце яму, што з усяго белага свету ў яго град дзіва прыйшло!

Пайшлі яны к цару Гвідону Саміхлёнавічу ў белакаменныя палаты. Цар іх сустрачаіць з хлебам і з соллю, з добрым здароўем, стуллё ст[а]наўляіць і іх сажаіць; проміж іх сам садзіцца і разгавор меіць. А Іван Гвідонавіч сваім чарадом абярнуўся сызым галубком і пад вакошкам слухаіць.

— Што вы, братцы-карабельшчыкі: вы па белу свету хадзілі, якога дзіва ці не відзелі?

Карабельшчыкі адказываюць:

— Мы па белу свету нідзе такога дзіва не відзелі, як у вашым ува градзе!

Гвідон Саміхлёнавіч атвячаіць:

— У трэці раз чую, што ў мой ува град усё дзіва прыйшло! Што ж такое за дзіва?

— Як жа ж не дзіва,— адказываюць карабельшчыкі,— што чэраз дванаццаць сутак не было нічога, а цяпер выбудавалісь палаты, сад-вінаград, вылажыўся мост на дванаццаць вёрст, з'явіўся дуб Старадуб з усякім разным прыметам і выстраілася канюшня камяна**я, вокала залатая, крыша драгацэннага камня, і ў тэй канюшні пятнаццаць каней, у тых жа канях залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка, залаты капыт, сярэбраны капыт, з наздзёр жар сыплецца, со** рта полынь шубаіць, у правае вуха ўлязаць — наражацца, у левае ўлязаць — умывацца! Ну, палаты ж харашы, харашы, а ў тых палатах парні — дужа прыўкрасны, пятнаццаць малайцоў, родных братоў, сільных, магучых, прыпышных багатыроў. У іх ува лбах сонца, у патыліцах месяц, рукі ў золаце, ногі ў серабрэ, целяса ўсе ў дробных звёздачках; яны п'юць і гуляюць, ні на вошта на свеце не ўпаваюць!

Тады бярэць цар Гвідон Саміхлёнавіч трох інаралаў і трох аквітантаў — не стаў ніякай гаворкі мець з Арынай — і пайшоў гэтага дзіва паглядзець — сам сёмы. Па масту ідуць — усміхаюцца, пад дуб падходзяць — прыслухаюцца, пад канюшню падходзяць — прыглядаюцца, к белакаменным палатам падходзяць — любапыствуюцца. Тады дзверы адчыняюць і ў палаты ўступаюць. Узглянуў цар Гвідон Саміхлёнавіч на гэтых на сваіх на родных сыноў — разудалых малайцоў,— ён спужаўся, з ног зваліўся, няжыў стаў. Іван Гвідонавіч кажыць:

— Вазьміце, братцы, айца, на руках ускалыхніце, вады ў вочы ўспліхніце! Што ж ты, цяцінька, так пужаешся і рабееш? Мы не воры, не разбойнічкі, а вазлюбленыя твае сыночкі — сільныя, магучыя багатырочкі!

— Скажыце ж вы мне яственную праўду: дзе Іван Гвідонавіч і маць ваша?

— Вот,— кажуць,— цяцінька, Іван Гвідонавіч на лаўцы сядзіць — ён у нас большым — і маць кала яго!

Протчыя браты кажуць:

— Што ты, Іван Гвідонавіч, не падайдзеш к айцу свайму?

А ён адказываіць:

— Не дастоін я к айцу падхадзіць і буйнай сваёй галавы схінуць, а дастоін ацец мне дванаццаць паклонаў аддаць!

— Пачаму ж так, каб ацец наш буйнай галавой хінуўся — паклоны даваў?

— А вот,— кажыць,— пачаму, што я айца свайго ў бочку не садзіў і на сіне мора не пушчаў, а мяне ацец з мацер'ю ў бочку пасадзіў і на сіне мора ўспусціў. Вот пачаму даўжон ён мне дванаццаць паклонаў іздаць, а мацеры дзевяць паклонаў!

Цар Гвідон Саміхлёнавіч к Івану Гвідонавічу падступаў і дванаццаць паклонаў іздаў. А жане сваёй толькі тры паклоны іздаў — Настасі-Прыкрасі Дзіміёнаўне: шэс[ц]ь паклонаў яна яму аслабаніла.

Тады Гвідон Саміхлёнавіч Івану Гвідонавічу кажыць:

— Вазьмі ты, сын мой вазлюблены, сваю цётку Арыну, каторая вас з свету звадзіла, навяжы яе на дванаццаць на конскіх хвастоў і раздзяры яе: першы гэта смерць даставалась вашай мацеры!

— Не, цяцінька, вялі сваім верным слугам даставіць Арыну сюды; а я з камяной канюшні прыкажу ім, каням сваім, каб стаялі ціха, змірна і спакойна!

Даставілі Арыну сюды. Вялеў Іван Гвідонавіч выступіць сваім добрым каням із канюшні, прыказаў стаяць ціха, змірна; вялеў слугам навязаць на хвасты цёціньку Арыну. І навязалі яе на дванаццаць хвастоў. Тады вялеў Іван Гвідонавіч народу аддаліцца ад гэтых каней, тады казаў, штоб гэты коні страпянулі хвастам[і]. Разляцеліся костачкі Арыніны драбней дробнага маку! І дзела не стала, і коні пайшлі па станкам, па сваім мястам. Тады цар Гвідон Саміхлёнавіч не пайшоў у свае старыя белакаменныя палаты жыць, а стаў у Івана Гвідонавіча жыць, пажываць. І аддаў сваю каруну царскую Івану Гвідонавічу і надзяліў яго. Іван Гвідонавіч стаў жыць ды пажываць ды ўсім царствам павеляваць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 280-295
Крыніца: скан