epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Ілля Мурамец

Быў чалавек і баба. У іх радзіўся сын Ілля. Сын не хадзіў трыццаць гадоў. Пайшоў аднойчы бацька з мацер'ю да цэркві, а да сына прыйшоў стары і кажа:

— Адчыні мне.

Ілля кажа:

— Не магу ўстаць.

А ён кажа:

— Уставай, адчыні.

Устаў Ілля, адчыніў дзверы таму старыку і паставіў яму віна за тое, што ён устаў. Той стары мала піў. Адпіўшы частку, аддаў Іллі. Той выпіў віна бочку. Стары паставіў другую. Выпіў і тую. І пытае стары:

— Ці ты дужы, ці не?

Кажа Ілля:

— Дужы. Калі б быў слуп у зямлі, то перавярнуў бы ўсю зямлю.

— Ідзі,— кажа стары,— купі сабе коніка такога касматага ў адной бабы і кармі яго пшаном. Будзеш ездзіць на ім.

Ілля купіў коніка і карміў пшаном яго, і конік зрабіўся на ўвесь свет. І зрабіў сабе Ілля стопудовы лук і паехаў ён у чыстае поле.

Ідзе Ілля па чыстым полі, па каменных гарах і ўгразае яго конь па калена на каменнай гары. Паехаў Ілля ў Кіеў, а дарога была сказана яму на Чарнігаў. Ён паехаў і прыехаў да ракі. На рацэ трэба было зрабіць мост. Паставіў каня каля хвоі і давай рваць хвою. Нарваў хвоі, зрабіў мост на рацэ.

Пераехаў ён раку і пабачыў аднаго чалавека і пытае яго:

— Як тут, чалавеча, дарога на Чарнігаў?

Той чалавек кажа яму, што ён не пройдзе на Чарнігаў.

А ён кажа:

— Чаму?

Той кажа:

— Там змей, дванаццаць галоў мае. Ён за пяць вёрст чалавека свістам забівае. Там не праходзяць войскі. Ніхто не можа рады даць яму.

Ілля кажа:

— Я прайду.

Паказаў чалавек яму дарогу. Ілля паехаў.

Даязджае пяць вёрст да змея. Змей як свіснуў, яго конь на калена ўпаў.

Ён кажа:

— Чаго ж ты паў? Дам па вушах.

І далей паехаў. Праехаў адну вярсту: як даў змею з лука, адбіў шэсць галоў яму. Змей з дуба ўпаў, па-звярынаму зашаптаў. Прыехаў зусім Ілля да змея і разбіў яго на дробныя кавалкі.

З Чарнігава напрамак узяў на Кіеў. Заехаў у Кіеў і зайшоў у адну хатку, пытаюць яго там:

— Як ты ехаў?

А ён ім расказаў.

Там сядзелі ваенныя людзі. Яны кажуць:

— Ты разбіў непераможную сілу. Чым ты хочаш у нас быць?

Ілля кажа:

— Не хачу ніякай узнагароды ад вас.

Пабыў ён двое сутак у іх і паехаў далей.

Едзе ён па чыстым полі. Зноў з’ехаў на каменныя горы. Знайшоў таварыша — Зорку-багатыра. Зорка-багатыр меўдзвесце пудоў лук і быў яшчэ мацнейшы за яго.

Сказаў Зорка:

— Едзьма да майго бацькі ў госці. Як заедзеш да майго бацькі, то не давай яму рукі. Распячы стопудовы лук у агні і дай яму.

Паехаў Ілля. Распёк ён стопудовы лук, а стары быў сляпы, нічога не бачыў. І кажа Ілля:

— Здароў, стары.

І падаў яму лук. Стары кажа:

— Шчэ ты доўга на свеце будзеш, калі рука гарача. Раздушыў ён лук.

Ілля і Зорка пабылі там два дні і паехалі далей.

І ехалі двое, Ілля і Зорка-багатыр, па чыстаму полю, па каменных горах. Знайшлі яны скрыню. Ілля кажа:

— Вось харошая труна!

Зорка кажа:

— Якраз будзе на цябе.

Ілля лёг у тую труну. На яго была завяліка. Вылез ён з труны і кажа:

— Зорка-багатыр, кладзіся ты. Пабачым, як табе прыйдзецца.

Зорка-багатыр злез з каня і лёг у труну і кажа:

— Зачыні,— якраз прыдалася.

Зачыніў Зорку-багатыра ў той труне, а той кажа:

— Адчыні, ужо будзе мне тут ляжаць.

А адчыніць не можа. Стаў жалезны абруч кругом труны.

Кажа Ілля:

— Няможна адчыніць.

— Бі булавою!

Ілля даў булавою па труне, і зрабілася тры абручы.

Кажа:

— Не магу разбіць.

— Бі далей.

Ілля даў яшчэ раз стопудовай булавой, і труна стала зусім жалезнай.

І сказаў Ілля:

— Я цябе ўжо не выратую.

Зорка-багатыр кажа яму:

— Сядзі каля мяне тры дні, пакуль пачне з мяне ісці рапа1 — сіняя, зялёная і белая. І за ўсю маю рапу будзеш мець маю сілу.

Ілля зрабіў так, як багатыр сказаў: з'еў рапу і стаў такі дужы, як Зорка-багатыр быў. Забраў каня Зоркі-багатыра, сеў на верх і паехаў.

Едзе ён зноў па чыстаму полю. Яго не можа смерць узяць. З'ехаў ён на жалезную гару і пабачыў: стаіць на гары кацялок невялічкі. Два літры вады ўвойдзе туды. Такі быў ён цікавы, той кацялок, што трэба бы яго ўзяць. Ілля нагнуўся з каня браць кацялок. Узяў за дужку і не падняў. І падумаў: «Як, такі дужы, што горы збіваў, а цябе такога малога не магу падняць».

Ілля злез з каня і ўзяў дзвюма рукамі і давай яго паднімаць. Як папнуўся Ілля, з вачэй кроў пайшла, а кацялка не падняў. І ад таго ў Іллі дзве часткі сілы не стала. Паездзіў ён два дні, ужо аслаб зусім і на каменных гарах памёр.

1 Ра**па, рапа**, ропа – жыжка, гнойная вадкасць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 310-312
Крыніца: скан