epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Іван-дурак

От так, быў сабе цар. У яго былі тры сыны: два вумных, а трэці дурак. Цяпер, у вадзін дзень царыца выйшла гуляць. Адкуль узяўся змей, [у]хваціў царыцу і панёс. Усшукаліся царыцы: туды, сюды — няма царыцы! Падаждалі колькі ўрэмя — разумныя сыны кажуць бацьку:

— Багаславіце нас, бацюшка, паедам шукаць маткі!

— Як жа вы паедзеце? Вы не едзьце, а йдзіце пешкам луччы!

Багаславіў сыноў, уваружыў і адправіў у пуць. Сыны пайшлі. Прыходзяць у цёмны лес, знайшлі сцежачку ў лесе і пайшлі гэтай сцежачкай. Трошкі прайшлі, бачаць — стаіць дом. Бальшы-бальшы дом! Яны прыходзяць у дом, бачаць — сядзіць дзявіца, нешта шые.

— Здрастуй, красная дзявіца!

— Здрастуй, здрастуй, добрыя малайцы! Куды вас бог нясе?

— Ідом шукаць маткі!

— А вот, матка ваша тут!

— А дзе ж яна?

— А вот,— гавора,— у склепе!

Адчыніла дзверы:

— Лезьце сюды.

Яны ўзялі і палезлі. Яна ўзяла і зачыніла іх.

— Тут вам прападаць!

Цяпер дурань той давай прасіць бацьку:

— Багаславі, бацюшка, і мяне!

— А куды ты, дурань, пойдзеш?

— Пайду і я маткі шукаць.

Бацьку нечага дзелаць, багаславіў яго і пусціў у свет. Пайшоў дурань гэтым самым следам, кудой ішлі разумныя. Прыходзе к гэтаму дому самаму. Уходзе ў хату:

— Здрастуй, красная дзявіца!

— Здрастуй, здрастуй, добры маладзец! Куды цябе бог нясе?

— Іду маткі шукаць.

— А дзе ж ты яе знайдзеш?

— А дзе-небудзь знайду.

— Твая матка тут.

— А дзе яна?

— А ў склепе!

Адчыніла склеп і пасылае яго туды. А ён кажа ёй:

— Нешта матка мая сюды залезе? Лезь сама сюды!

Узяў яе за каўнер і пхнуў у гэту ямку. А браты пачулі:

— Эй, брат,— кажуць,— ратуй нас!

— А чаго вы сюда зайшлі?

— А гэта нас гэта дзеўка ўсадзіла.

— А шчэ вумныя браты! Паслухалі дзеўкі, палезлі ў склеп! Узяў іх, выцяг. Тады дзеўка пачала прасіцца:

— Добры маладзец, выцягні мяне адсюль, я табе нараю каня, які можа служыць па гроб твае жысці.

Ён тады яе выпусціў і кажа братам:

— Хадзем, браты! Калі ж няпраўды яна нам скажа, тады прыйдзем і ўкінем яе ў ямку! Якога ж ты каня мне нараіш?

— А ідзі от гэтай самай дарожкай і будзе стаяць бальшы дуб, і ты прыйдзі к гэтаму дубу і ўбачыш зялезныя дзверы. Ты адчыніш — выскача к табе конь. Ты садзіся і едзь, куды знаеш!

Браты ўзялі і пайшлі. Прыходзяць к гэтаму дубу. Адчыніў дурань дзверы — выскачыў конь. Дурань сеў на каня і паехаў, а браты ідуць. Ехалі яны дзень-другі, не пападала ім нічога наўстрэч. Ідуць далей — і стаіць мост на пяць вёрст, і напісана табліца, і сказана ў табліцы: «Хто гэты мост не пераедзе ў пяць мінут, таму жывому не быць».

Дурак і сказуе на братоў:

— Вы ідзіце пешкам, а я паеду!

Сцёбнуў каня пугай, пераехаў цераз пяць мінут. Злез ён з каня, пусціў каня на луг, сам пайшоў шукаць вутак. Убіў вутачку, абдзелаў яе як трэба, спёк і дажыдае братоў. Прыходзяць браты. Пад'елі. Ён ім і кажа:

— Будзьце вы тут, аддыхніце трошкі, а я паеду, праедуся.

Сеў на каня і паехаў. Трошкі праехаў, гоні дзве-тры, бача — едзе змей з дзвюма галавамі.

— Ну, што, Іван-дурань, ці будзем біцца, ці мірыцца?

— Не, змей, не на тое я ехаў, каб мірыцца, а на тое я ехаў, каб біцца!

Раз'ехаліся. Іван секануў — і ссек абее галавы. Узяў каня змеевага і паехаў к братам.

— Ну, братцы, уставайце! От табе, большы брат, дастаў каня. Садзіся, ты едзь, а ты, сярэдні, ідзі так!

Паехалі далей. Ехалі мала ўрэмя, прыязджаюць ізноў к масту. Стаіць мост на дзесяць вёрст, і табліца напісана: «Хто гэты мост не пераедзе ў дзесяць мінут, таму жывому не быць!»

Іван сказуе большаму брату:

— Злезь з каня і вядзі ў руках, а я паеду!

Сцёбнуў каня пугай, пераехаў у дзесяць мінут. Пусціў каня на луг, сам убіў вутачку, абдзелаў яе як трэба, іспёк, сам пад'еў, тады палажыў сядло пад галаву і лёг аддыхнуць. Прыходзяць браты.

— Ну, здароў, брат! Як цябе бог перанёс?

— Слава богу. Ну, садзіцеся да з’ешце чаго-небудзь!

Селі яны, укусілі хлеба, вутачкі.

— Ну вы, братцы, аддыхайце, а я паеду, праедуся!

Праехаў нямнога дарогі і бача — едзе змей з трымя галавамі.

— Ну што, Іван-дурак, будзем біцца ці мірыцца?

— Не, нячыстая сіла, не на то я іду, каб мірыцца, а на то іду, каб біцца,

Раз’ехаліся яны. Іван-дурак як махнуў шабляй і ссек усе тры галавы. Тады ўзяў яго парубіў на кавалкі, пасек і спаліў і попел за ветрам пусціў.

— Не ўжо, нячыстая сіла, так не [а]стаўлю, як першага. Можа, ты той самы!

Узяў змеевага каня і павёў. Прыязджае к братам:

— Ну, братцы, будзе спаць. На і табе, сярэдні брат, каня!

Паехалі ўтрох. Праехалі трошкі, стаіць мост на пятнаццаць вёрст, і табліца напісана: «Хто гэты мост не пераедзе ў пятнаццаць мінут, таму жывому не быць».

Тады Іван сказуе на братоў:

— Злезце із коней, ідзіце пешкам.

Сцёбнуў каня пугай і пераехаў у пятнаццаць мінут. Пераехаўшы, падаждаў братоў і кажа на іх:

— Вы аддыхніце, а я паеду, праедуся. І вот вам два стаканы: адзін з вадой, а другі нясчымны. І калі з гэтага, з нясчымнага, будзе бегці кроў, едзьце ка мне на помач, а калі не будзе нічога бегці, то не едзьце!

Сам паехаў. Едзе наўстрэчу змей шасцігалоўны.

— Ну, што, Іван-дурак, будзем біцца ці мірыцца?

— Не на то я ехаў, каб мірыцца, а на то, каб пабіцца!

І раз’ехалісь яны. Змей яго збіў з каня і зусім ужо ўбівае ў зямлю. Тады ён на гэтага на свайго каня і кажа:

— Конь мой верны, што ж ты стаіш? Чаму ты мне не паможаш?

Конь раскіпіўся і пусціўся на змея. Убіў яго ў прах! Усталі браты і бачаць — із стакана бяжыць кроў.

— Ну,— кажуць,— няхай яго там уб'юць, а то бацька аддасць яму ўсё царства!

Прыязджае дурак:

— Ну, будзе спаць вам!

Яны ўсталі і кажуць:

— А, брат, як мы спалі доўга. Нічога й не бачылі!

Паехалі яны далей. Прыязджаюць к балшэннай гары, што няльга ніякім родам узлезці на яе. Ён на свайго каня папытаў:

— Ці ўзнясеш ты мяне на гэту гару?

— Не!

Ён на другога, якога адабраў у змея ў двухгалоўнага:

— Ці ўзнясеш ты?

— Не,— кажа,— не ўзнясу, палавіну ўзнясу!

Ён у трэцяга каня папытаў, якога адабраў у трохгалоўнага змея:

— Ці ўзнясеш ты мяне на гэту гару?

— Узнясу!

Сеў ён на каня і паехаў. Уз’ехаў на гару і бача два шкляныя дамы. У першы дом зайшоў, бача — сядзіць дзеўка.

— Здрастуй, дзявіца!

— Здрастуй, добры маладзец! Куды цябе бог нясе?

— Іду маткі шукаць.

— А дзе ж ты яе найдзеш?

— А можа, бог дасць, тут найду! Хадзем, дзеўка, са мной!

— Не, я не пайду, у мяне шчэ ё другая сястра.

— А дзе ж яна?

— А ў тым доме.

Ён узяў і пайшоў у той дом. Прыходзе — і там дзеўка сядзіць.

— Здрастуй, дзявіца!

— Здрастуй, добры маладзец! Куды цябе бог нясець?

— Іду маткі шукаць.

— А дзе ты яе найдзеш?

— А можа тут знайду!

— Можа тут знайдзеш: матка твая тут!

Матка пачула ў васобеннай комнаце і выйшла к яму.

— Здрастуй, маменька!

— Здрастуй, сынок, здрастуй! Як цябе бог сюды прынёс?

— Прыехаў я з братамі.

— А дзе ж яны?

— А там засталіся ля гары!

— Ну, хоць ты прыйшоў сюды, ды каб цябе не ўбілі змяі.

— Не, я іх пабіў. Ну, хадзем, маменька!

Узялі і пайшлі. Забралі з сабой і дзеўку. Прыйшлі к той, к меншай. Забралі і меншую. Прыйшлі на тое месца, дзе ён узлазіў.

— Ну, як тут апусціць вас далоў? Пастой-ка, мам, я пашукаю вяроўкі.

Пайшоў у гэтыя хаты шукаць вяроўкі. Знайшоў вяроўку, навязаў паперад маць, пусціў далоў, а тады дзеўку адну і другую. Тады браты кажуць:

— Давай шмурганом вяроўку, каб ён там застаўся!

Шмурганулі — вяроўка і вышмургнула з рук: ён там і астаўся. Цяпер яны кажуць на дзевак і на мацеру:

— Прыедам мы дамоў, дык не кажыце, што ён вас дастаў, а кажыце, што мы, а то бацька не дасць нам нічога — аддасць яму ўсё царства. І толькі не плачце, а то як убачым, дык зарэжам!

Дзеўкі скучаюць па тым, што застаўся на гары, а іх воўсе яны не любяць, гэтых двох. Меншая дзеўка і думае:

— Каб ён пайшоў у мой дом, ён ба б найшоў там піпку. Каб тую піпку ўзяў, дык бы ўперад нас дома быў!

А той там хадзіў, хадзіў, хадзіў, хадзіў па той гары і пайшоў у гэты дом, у меншае дзеўкі. Пад'есці яму няма нічога, табакі няма, каб пакурыць, дзе прыйдзе — к якому замку не ламаецца. Ён глянуў на вакно, убачыў піпку: палавіна табакі наложана і ляжаць сярнічкі. Узяў ён і закурыў — ніяк не курыцца. Як сярнічка гарыць, дык курыцца, а як сярнічка патухне, дык не курыцца.

— Ай, каб цябе агні спалілі! Што ж ты не курышся?

Узяў яе ды аб мост! Выскачыла дванаццаць малайцоў:

— Што ты, хадзяін, нас жарка так трэбуеш?

— Нясіце мяне ў такі-та горад!

Так сабе сказаць, хоць і ў Чарнігаў. Прынеслі яны яго ў горад. Ён трошкі аддыхнуў, перамяніў другую адзежу, [пераадзеў] і выйшаў на вуліцу. Ідуць браты.

— Здароў, купцы!

— Здароў, здароў, мужык!

— Дзе вас бог насіў?

— Маткі ездзілі шукаць.

— Ці найшлі ж?

— Найшлі.

— Ну, слава богу, калі найшлі!

Браты паехалі сабе далей, а дурак піпку вытнуў аб зямлю.

Выскачыла дванаццаць малайцоў:

— На што, хадзяін, жарка нас трэбуеш?

— Нясіце мяне ў такі-та горад, дзе жыве мой бацька! Малайцы падхвацілі і панеслі дурака ў той горад, дзе жыў бацька. Стаў ён там думаць: «Што дзелаць? Пайду я к таму шаўцу, які шыў нам чобаты».

Прыйшоў у хату:

— Здрастуй, дзядзька!

— Здароў, здароў, маладзец! Ну, ча ж прыйшоў ка мне?

— Я прыйшоў, дзядзька, прымі мяне за кусок хлеба!

— А што ж ты будзеш дзелаць у мяне?

— Эй, дзядзька, што загадаеш! Хоць буду дратву сукаць!

— Ну, сучы!

А браты хочуць ужо жаніцца на гэтых прыгожых дзеўках. А дзеўкі кажуць:

— Мы, бацюшка, не будзем жаніцца. Нам трэба такія чаравікі, каб не мераны, не кроены, не шыты і якраз прыйшлісь нам!

Цар ім сказуе:

— Хто такія здзелае чаравікі? У нас адзін е шавец, хіба той здзелае такія чаравікі!

Пазваў свайго слугу:

— Ідзі, прывядзі таго шаўца!

Слуга пайшоў, прывёў шаўца. Шавец прыходзе:

— Здрастуйце, ваша анпяратарства! Навошта вы мяне завяцё?

— Паслухай, шавец. Ісшый мне чаравікі такія, каб не мераны і не кроены і каб якраз прыйшлісь!

— Ваша анпяратарства! Я не дзелаю такіх чаравікаў.

— Ну, ну. Кажы болей, ды ідзі шый!

Шавец заплакаў і пайшоў дамоў. Іван-дурак пытаецца:

— Чаго ты, дзядзька, плачаш?

— Адыдзі ад мяне, дурань!

— Чаго ж ты, дзядзька, сердзішся? Што табе цар сказаў?

— Што сказаў? Сказаў чаравікі пашыць, ды такія мудрыя, што я не ведаю, што сказаць: каб не мераны, не кроены і каб якраз прыйшлісь...

— Дзядзька, не журысь — пашыем чаравікі!

— А, ідзі ты, дурань. Я не ўмею шыць, а то ён пашые.

— Дзядзька, дай мне шкуры: я буду шыць чаравікі. Толькі каб ніхто не бачыў!

Шавец даў яму шкуры, казаў шаўцам выйсці вон із хаты, а дурак стаў шыць чаравікі. Выняў ён з кармана піпку, вытнуў яе аб мост. Выскакуе дванаццаць малайцоў:

— Што ты, хадзяін, нас трэбуеш?

— Прынясіце мне гэтых дзевак чаравікі!

А сам лёг спаць. Трошкі заснуў, прыносяць малайцы чаравікі ў шкляной скрыначцы і паставілі яму. Ён устаў, узяў скрыначку і панёс к шаўцу:

— Дзядзька, на чаравікі!

Шавец паглядзеў на чаравікі і думае:

— Я зроду гэткіх не шыў.

Узяў чаравікі і панёс к цару. Аддаў цару чаравікі, цар панёс дзеўкам. Яны глянулі на чаравікі і засмяяліся:

— Гэта нашы чаравікі!

Назаўтра захацелі браты жаніцца. Узноў яны [дзеўкі] сказалі:

— Мы, бацюшка, не будзем жаніцца. Нам трэба такія спадніцы, каб не мераны, не кроены і якраз нам прыйшліся.

— А хто ж такія здзелае спадніцы?

— Ах, бацюшка, гэты самы шавец здзелае.

Паслаў цар слугу:

— Ідзі, пазаві шаўца.

Прыйшоў шавец.

— Здрастуйце, ваша анпяратарства!

— Здрастуй, здрастуй! Слухай, шавец: пашый мне спадніцы тры.

— Я не ўмею, цар, шыць спадніцы, я не кравец.

— Ну, ну, гавары, а спадніцы прынясі!

Шавец заплакаў і пайшоў дамоў. Прыходзіць дамоў, дурак і пытаецца:

— Чаго ты, дзядзька, плачаш?

— Як жа мне не плакаць? Сказаў цар пашыць спадніцы такія, што я і не ўмею.

— Маўчы, дзядзька, ды дыш! Пашыем і спадніцы. Ідзі мне вазьмі на сотню рублёў сітцу!

Шавец набраў на сотню рублёў сітцу і аддаў дураку. Дурак схаваўся ў другую хату і стаў шыць спадніцу. Рэзаў, рэзаў ножнямі сіцец і выкінуў за акно. Дастаў піпку з кармана, вытнуў яе аб мост — выскачыла дванаццаць малайцоў:

— Што, хадзяін, нас трэбуеш?

— Схадзіце, прынясіце гэтых дзевак спадніцы!

А сам лёг спаць. Трошкі паспаў, прыносяць малайцы спадніцы. Ён узяў спадніцы і панёс к шаўцу. Панёс шавец к цару. Аддаў цару, а цар аддаў дзеўкам. Дзеўкі глянулі на спадніцы і засмяяліся:

— Гэта нашы спадніцы!

Брацця ўзноў захацелі жаніцца. Тады дзеўкі кажуць:

— Пусціце нас ехаць пагуляць!

Цар сказаў кучару запрэгці коней у калёсы і назначыў людзей, каб ехалі з імі.

— Куды нам ехаць?— пытаюцца людзі.

— А едзьце, дзе шавец жыве!

Прыехалі яны і сустанавіліся проці шаўца.

— Гукнуць нам шаўца, які шыў нам чаравікі і спадніцы!

Людзі гукаюць шаўца, а шавец не ідзець, пасылае дурака, дае яму добрую світку. А дурак не бярэ світкі ды прыйшоў к печцы, усадзіў руку ў комін і ўмазаў увесь від у сажу. Ідзець ён к дзеўкам, а людзі не пускаюць, што ён такі чорны. Дзеўкі ўбачылі і кажуць:

— Пусціце!

Людзі расхінуліся, дзеўкі і прыхінуліся к яму, к дураку, і пацалавалі кожная па разу, і кажуць:

— Прыйдзі ўвечары дамоў, браты будуць жаніцца!

А самі вярнуліся дамоў. Іванька-дурак надзеў добрую адзежу і пайшоў у царскі дварэц. А браты ўжо сабіраюцца ехаць вянчацца. Толькі Іван увайшоў у хату — глянула маць на Івана, пала на ўколенцы і заплакала:

— Вот хто даставаў нас, а не тыя сыны даставалі!

Цар усердзіўся, сказаў кучару вывесці пару добрых коней і прывязаць іх к хвасту і пусціць у чыста поле, каб коні разнеслі іхнія косці. А дурака жаніў на меншай дзеўцы, а большую аддаў замуж. Дурак стаў жыць-пажываць ды дабро нажываць.

Жыў сабе цар і царыца, і была ў іх на дварэ крыніца, а ў крыніцы курэц — маёй казцы канец.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - c. 77-85
Крыніца: скан