epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Іван Беларасейскі

Неўкаторым-то царстве, неўкаторым-то гасударстве жыў так кароль. І празванне яму далі Беларасейскі. І сам ён Іван, і сын у яго тож Іван быў. Жывуць да пажываюць, ядуць хлеб да паядаюць. І сын гэты яго бальшы быў ахвотнік дужа, хадзіў усё па [а]хвоце. І многа разоў хадзіў, то нічога й не відзеў. Адзін раз пайшоў, папаў мужычка-худачка на полі аручы. Кабылка яго дрэнная, жарабочак у яе харошы. Упадабалася гэта Івану Іванавічу. Давай ён у мужычка-худачка спрашваць:

— Прадай мне, мужычок-худачок, гэтага жарабочка!

— Ах, панічок, я сам рад, што даждаў.

Адказуець яму панічок, што ты шчэ не даждаў, шчэ толькі ўвідзеў.

— А прадай, прадай,— каець,— я табе многа грошай дам!

— А колькі ты мне дасі?

— Ды колькі я табе дам — я табе дам сто рублей!

А бывала ж руб[ель] і то бальшыя грошы, а сто рублей — гэта ўжо дужа многа. Падумаў, падумаў гэты мужычок:

— А, аддам,— каець,— няхай сабе!

— Да ты,— каець,— купіш сабе за гэтыя грошы чатыры кані, а захочаш два, дак ты хазяйства сабе нажывеш.

Ну, і аддаў. Ён забрытаў яго і павёў, так што кабыла гэта не зарзала, жарабочак не запішчэў. Потым прыводзіць дамоў, паставіў на стайню. Потым, тую ж самую ноч, саснілася яго бацьку Івану, што купіў твой сын жарабка сабе на спамінання, а бацькавай галаве на сцянання! Цяпер ён устаў, сядзіць і думаець: «Што з гэтага будзець? Вазьму-тка я соннік, пагляджу, ці не ўвіджу я што пра гэта!»

І так ён сабе разабраў, што гэта нехарашо-такі яму. Тады ён думаець сам сабе: «Ну, лепі ж вазьму я яго да маленькага страчу, утаплю, хоць не так мне жалка будзець!»

Даў бог дзень, от ён удзень пазваў яго к сабе:

— Іван,— каець,— хадзі-тка я табе нешта скажу!

Ён прыйшоў:

— А што, тата, скажаш?

— Пойдзем-тка,— каець,— з табой, пакажу я табе граніцу на моры, бо ты яшчэ мал, а я стар, часам скора памру, ты не будзеш ведаць нічога!

— А пойдзем, тата!

Яму не так гэта граніца, як абы бегчы. Пайшлі. Ідзець ён сабе да й раздумаўся гэты бацька, што плахія такія думкі ў яго на мазгах. Ідзець сабе ўтупіўшысь, нікуды не глянець. А гэты Іван, яго сын, усё бегаець: у вадзін бок забяжыць, у другі забяжыць. Потым забег — стаіць ябланка, а на ёй ёсць яблачкі, ён узяў шыбнёў і стаў шыбаць і яблачкі збіваць. Ябланка гэта яму гаворыць:

— Іванька, Іванька, ах ты каралевіч! Не збівай ты маіх яблачак. А от ёсць на мне сухое сучча, вазьмі наламай ты два пучкі, навяжы, адзін падвяжы пад адну паху, а другі пад другую — табе ўсё-ткі к ночы к цёмнай згодзіцца!

Ён здзелаў, наламаў, навязаў і пад пахі падвязаў. І пабег услед за бацькам. Бацька на яго ўсердзіўся, зачым ён абы-куда забягаець.

{забягаець:

}— Зачым ты,— каець,— забягаеш, чаму ты не йдзеш услед за мной?

— А я,— каець,— забягаў туды-сюды, яблачкі збіваў!

А гэтага не сказаў!

— Ну, хадзі,— каець,— барджэй!

Ну й прыходзяць к гэтаму мору да й к сіняму.

— Ну вот,— каець,— па[г]лядзі-тка, дзе граніца; ву-у-н, ву-у-н белы камень!

— Дзе, дзе?— каець.— Я не віджу!

— Да вун,— каець,— падыдзі пабліжы!

А там зусім ніякага й каменя не было дажа, на белым моры. Ён падышоў да й нагнуўся і [г]лядзіць у мора. Ён яго ўзяў да й піхнуў, бацька сына, а сам, каб не бачыць і не чуць, як ён крычаць будзець, ні крыку да й ніякага голасу («Можа, пажалею, думаець сабе, дак каб не выцягць») і пабег адтуляцькі.

Ну, як ён упаў у мора, дак яго рыбіна вялікая і ўжрала. Патом, ён занімаўся папяроскамі — ужо курыў,— і была ў яго сярнічка, і ёсць у яго з гэтае ябланкі сучча два пучкі, от ён і стаў цяпло там класць. Разлажыў цяпло, нож выняў, стаў яе рэзаць тамака, печ і есці. Пранасіла яна яго там дзень, а можа два, не магла вытрымаць, што ёй, значыцца, дужа жарка. Яна ўзяла яго карханула да й вон на бераг. Ну, а якая там на ём была адзежа, дак і пагніла. І астаўся ён голы. І думаець ён тады сабе на беразе: «Куды мне ісці, што рабіць, дамоў мне ісці, дак не ўтапіў бацька, дак засячэць або завесіць; пайду куды вочы глядзяць». Надумаўся: «Пайду на шлях, па-простаму на гасцінец. Хай там-такі болі людзі ходзяць і ездзяць і сядзяць ля дарогі, і можа хто мяне возьмець». І пайшоў і сеў. Паглядзеў, паглядзеў — не чуць нікога да й не відаць, хацеў ужо ўбрацца адтуль ісці, але думаець сабе: «Не, пасяджу яшчэ троху». Ажно пачуў — нехта стучыць, едзець. Потым і увідзеў — аж з бальшой карэтай. І так яму стала тады стыдна.

— Не,— каець,— гэтых прапушчу, сыду на бок, захаваюсь, бо гэта або які пан, або кароль,— сам сабе думаець.

Узяў ды сышоў на бок ды сеў пад куст, схаваўся. Бег з імі маленькі сабачка; як узбег на гэты след, прыбег да й брэшаць на гэтага Іваньку на каралевіча. Ажно й то ехаў кароль, другі. Ну, сабачка гэты брэшаць на яго. Гэты кароль каець:

— Стой,— на хурмана.— Ідзі ты,— каець,— паглядзі, гэта сабака не так брэшаць, там нехта ёсць.

Ён злез, гэты хурман, і пайшоў. Прыходзіць туды, аж хлопчык голы сядзіць. Тады ён кажаць:

— Хлопчык нейкі голы сядзіць!

— Які сабе,— каець,— ёсць, вядзі яго сюды!

Ён яго ўзяў і прывёў к гэтаму каралю.

— Чым цябе,— каець,— завуць, хлопчык? — кароль пытаецца ў яго.

— А? — каець,— Што? Мяне чым завуць? Мяне завуць Іванам, і бацьку тожа майго Іванам!

— А яшчэ чым?

— Каралевічам.

— А,— ён каець кучару,— гэта, пэўна, мой сын, у мяне ж акурат такі сын. Як ты,— каець,— прыйшоў сюды?

— Да я,— каець,— і сам не знаю,— салгаў,— хто мяне сюды ці прынёс, ці прывёз!

— Ну, які ён сабе ёсць не ёсць, павязу дамоў.

Увярцеў, у сваю карэту ўсадзіў, і паехалі. Ехалі праз мястэчка праз якое, ён яму ўзяў да адзежу і купіў, якраз на яго. Прывозіць дамоў, аж і свой сын ёсць дома. Як прывёз, злучыў, дак і не ўвазнаець, каторы сын родны, каторы находны.

— Ну,— каець,— які сабе ёсць не ёсць, гадуйся,— каець,— няхай адзін сын будзець родны, а другі находны.

І ўдаліся яны волас у волас, голас у голас, ліцо ў ліцо, і ўсё як адзін. Ну, і жывуць яны, гадуюцца, і ніколі яны ні за што не сварацца, вот як дзеці, вядома. Ніколі. Так адзін аднаго і завуць: ты брацец родны, а ты брат находны. Ну, жылі, ужо яны і параслі, і стары ўжо стаў гэты кароль. Вядома ж, скора казка кажацца, да не так яно скора дзеецца, як кажацца. Гэты кароль ужо стаў дужа стар.

— Ну вот, дзеці, што я вам скажу: адзін сын родны, а другі находны, і распішу я вам сваё каралеўства папалам, і каб вы па маей смерці жылі-пажывалі і часта мяне паміналі.

Ну, пражыўшы нямнога, і памёр, распісаўшы ім сваё каралеўства гэта. Ну, жывуць яны, пажываюць і часта бацьку памінаюць. А ўсё-такі межда сябе харашо жывуць, ніколі не сварацца. Жывуць і пажываюць і ўсё бацьку памінаюць. Ну, потым, пражылі колькі і кажуць самі межда сябе ўдвух, разгаваруюць:

— Што ты,— каець,— ведаеш, брат родны, я думаю, каб мы каторы жаніліся.

— І я хацеў,— каець,— табе, брат находны, даўно гэта казаць! Я-ткі думаю: ты, брат находны, жаніся!

— А не, брат родны, ты ўсё-ткі родны, а я находны: табе трэба ўперад жаніцца, а я толькі буду за свата табе; я-такі ведаю дзеўку добрую!

— Ну, няхай сабе буду і я; а дзе ж ты ведаеш і дзеўку?

— А ведаю,— каець,— далёка: ёсць у некаторым царстве, у некаторым гасударстве, ці можа ў том, у яком мы жывём, і ёсць нейкі кароль, і ёсць у яго адна дачка. Пойдзем к ёй у сваты, не так паедзем, а пойдзем. Схадзі ты,— каець,— на места!

— Чаго ж я пайду?

— Купі,— каець,— там шэрага сукна, простага мужыцкага!

— Да на што табе, ці ў нас надзець нечага?

— Не, я хочу гэтакага!

Паслухаў ён, пайшоў, гэты брат родны. Купіў гэтага сукна, шэрага, простага, мужыцкага. Купіў, прыносіць дамоў. Ну, пазвалі краўца, і пашыў гэты кравец сярмяжку з гэтага сукна і шапку. Пашыў, і ён надзеў, гэты брат находны.

— Во цяпер,— каець — ці ладна?— каець на брата.

— Якое ладна, дужа дрэнна, сусім нельзя выйці і на людзі. Мы ж такі названыя каралевічы, а гэтак надзеўшыся дрэнна ў сярмягу.

Ён каець:

— Няхай сабе! Ты ж, брацец, будзеш маладзенец, дак ты надзенься ладна, а я ўжо вядомы сват!

Ну, вот надзеў гэтую сярмягу, гэтую шапку да й кажаць:

— Ну, цяпер жа ты мяне не заві ні Іванам, ні братам, а заві што Івашка Шэра сярмяжка. Цяпер мяне ўсюдах будуць зваць!

Ну, выбраліся і пайшлі ў сваты. Потым падышлі пад гэта каралеўства, куды яны ўжо йшлі ў сваты, і паслалі пісьмо наперад, падышоўшы ўжо троху. Палучыў гэты кароль пісьмо гэта ад іх, што ідзём к табе ў сваты Беларасейскія каралевічы. Потым яны ідуць, ідуць і прыходзяць у такую пушчу, у драмушчу, што ні ўздумаць ні ўзгадаць і ні ў казцы сказаць, аж у тэй пушчы ляжыць чалавек, надзеўшысь дужа крэпка: штаны суконныя, кажух цёплы, армяк добры і шапка вушатая. Ляжыць да ўсё крычыць — а гэта дзеялася ўлетку — да й крычыць:

— А-ай, сцюдзёна, а-ай, сцюдзёна!

— Ты схадзі-тка,— каець брат родны,— паглядзі.

— А не, ты не заві мяне братам, скажы: «Схадзі-тка, сват, паглядзі!»

— Ну, схадзі, сват, паглядзі, што там такое, мусіць, ён нам знадабіцца.

Ну, брацец находны пайшоў, па[г]лядзеў.

— Што ты гэта,— каець,— ляжыш так надзеўшысь, гэта ж дужа жарка: у нас сарочкі на спінах, і то нам цяжкі.

— Ну, а мне,— каець,— зімой цёпла, не то цёпла — саўсім горача.

— Хадзі-тка,— каець,— з намі, можа мы цябе нагрэем.

— Ну, пайду!

Устаў і пайшоў разам з імі. Ну й прайшлі колькі там урэмя — не так то скора дзеецца, як скора кажацца,— прыходзяць у такое поле вялікае, што ні ўздумаць, ні ўзгадаць і ні ў казцы сказаць. На тым полі тож поўзаець і ўсё сабіраець разных там і жаб і казявак, разнае там паскудства, там і жукоў, і мух там, і крычыць: «Есці»! Бо яго ўжо мужыкі выгналі із дзярэўні, што ён усё пааб’ядаў і ніколі не наеўся. Тады ён каець, Івашка гэты Шэра сярмяжка:

— Што я,— каець,— усё цябе буду слухаць,— схадзі-тку ты паглядзі, што там за чалавек такі?

Пайшоў гэты маладзенец і паглядзеў. Каець:

— Чалавек сабіраець усё да есць і крычыць: «Есці!» — Чаго ты крычыш,— каець,— ты ж бы пайшоў у дзярэўню да пад’еў хлеба!

— А мне,— каець,— хлеба многа трэба!

— Ну, дак хадзі ты з намі, можа мы цябе накормім!

— О-ё-ёй, зачым,— кажаць,— пайду!

Ну, ідуць учатырох ужо разам. Прайшлі колькі ўрэмя знова — не так жа скора дзеецца, як скора кажацца,— прыходзяць апяць у пушчу ў драмушчу, што ні ўздумаць, ні ўзгадаць і ні ў казцы сказаць. І потым крычыць там «Піць!» і якраз па бараду ў вадзе стаіць у вазяру. І пачулі гэтыя ж сваты, што ён крычыць: «Ай, піць, ай, піць!» Кажаць гэты ўжо Івашка Шэра сярмяжка:

— Схадзі-тка ты — каець,— паглядзі, хто гэта там крычыць і дзе.

Пайшоў гэты маладзенец туды і паглядзеў, аж стаіць чалавек у вадзе і па самую бараду ды й крычыць:

— Піць!

— Ая-яй,— каець,— чаго ты крычыш гэта, у вадзе стоючы? Трошку прысядзь, не болі як на вяршок, дак і нап’ешся.

— Ага,— каець,— дзякую табе за тваю добрую ласку, я ж як нап’юся, дак усю ваду і вып’ю, а тады другі раз што я буду піць?

— Да ну-тка, ну,— каець,— сагніся трошку да й вады напіся!

— А што ж ты мне дасі тады, як я вып’ю?

— Ну вот!

— Глядзі ж, каб праўда гэта твая была.

Ён прыгнуўся, як смаргануў, дак усю адразу і праглынуў. Асталіся там ракі і рыба, і жабы! Гэты Аб’ядала туды тады да ну-тка церабіць, церабціь. Паеў усё, пачысціў. Тады ён:

— Ну, што ты, Апівала, напіўся?

— А дзякуй табе за добрую ласку, напіўся. Што я буду ў другі раз піць? Напіўся не напіўся, толькі разазліўся!

— Ну, хадзі разам, можа напоім мы цябе! А ты, Аб'ядала, наеўся?

— Ах, каб я,— каець,— наеўся, то б я і саўсім рассеўся!

— Ну, пойдзем разам усе.

— Да ўжо цяпер каб вы і не хацелі мяне ўзяць, дак ба я пайшоў.

Ну й пайшлі разам. Ішлі яны некалькі ўрэмя — не так жа скора дзеецца, як скора кажацца,— і падходзяць к гэтаму каралю. І прызнаваюцца, што такія і такія ідуць сваты к табе ў сваты. Ён кажаць ім:

— Хадзіце, хадзіце, я доўга жду гэтакіх, я ля вас ужо, ля падарожных людзей, прыгатовіў ужо лазню!

— Ох, дзякуй табе: нам гэта дужа добра падарожным людзём, што мы к вам ідзём.

— Ну, хадзіце, хадзіце барджэй.

От яны падходзяць; яшчэ можа вёрст пяць было ад гэтай лазні, а лазня гэта цугунная да так натоплена, што аж чырвона. От ім так горача дужа. А гэты Мароз рад:

— О, тут нагрэюся!

Ну, гэты Івашка Шэра сярмяжка каець:

— Ну, Мароз, паскарэй жа грэйся, паскарэй, а то нам гарача. Гэты Мароз, пакінуўшы іх, да шчэ бліжы пабег к гэтай лазні, узяў да штаны здзеў да як пусціў дух, так у гэтай лазні ужо вада замерзла. Так яны ўсе туды бягом, от і сталі там стукаць гэтымі катламі. А тады кажуць:

— Вот, кароль, не сабраў ва ўсім сваім каралеўстве дроў і лазні не натапіў харашо!

— Ну, аднака сваты!— гэта кароль ужо каець.

— Ну, сваты не сваты, калі б не сваты, к табе б у сваты не йшлі.

— Ну, цяпер вам можа хочацца выпіць?

— О-ё-ёй, зачым!

— Ну, калі вып’еце, колькі ёсць у маім дварцу віна і гарэлкі, усю калі вып’еце, дак аддам дачку за вас замуж!

— Ну, што будзець? Апівала, ці бярэшся ты?

— Пап’ём (шэпчуцца). Вы толькі што смашнейшае, тое піце, а мне ўсё кідайце.

Ну й пайшлі яны ў парадак. Вялеў гэты кароль, колькі ёсць віна і гарэлкі, вялеў выставіць на двор. Ну, яны выпілі там: Апівала ўсё папіў, яны мала пілі. Аб’ядала жджэць, ці скора дадуць есці. Папілі ўсё, тады і кажуць яму:

— Ах ты, кароль, кароль! На пяць чалавек ты й то ж не сабраў напаіць, нам яшчэ мала.

— Ну, аднача сваты!— гэты кароль ужо каець.

— Ну, сваты не сваты, калі б не сваты, к табе б у сваты не йшлі.

— Ну, цяпер есць ці хочаце?

— О-ох, зачым? Памыўшыся да напіўшыся дак добра б пад’елі!

Прыказаў гэты кароль сваім слугам — колькі ёсць у яго валоў, кароў, усіх парэзаць, катлы на дварэ павесіць і мяса гэта паварыць і сватоў накарміць. Ну, парэзалі, паварылі. Сватоў кармілі да не накармілі. Аб’ядала гэты і пайшоў па-своему:

— Вы,— каець,— выбірайце сабе, што патлусцей, а мне,— каець,— усё кідайце: і косці, усё!

Ну, і папілі і паелі ўсё гэта. Тады кажуць:

— А-ай! Кароль, кароль! Не сабраў чым і сватоў накарміць. Елі, елі і не пад’елі!

Ну, кароль гэты і кажаць:

— Аднача сваты!

— Ну, сваты не сваты, калі б не сваты, к табе б у сваты не йшлі.

— Ну, цяпер сабе можаце адпраўляцца і там на якое чысло можаце прыехаць, саўсім на вяселле!

Ну, яны з гэтым з каралём распрашчаліся і пацалаваліся. Пайшлі назад сваёй дарогай. Прыходзяць жа к таму месту, дзе крычаў піць Апівала, пайшоў узноў у сваё тое вазярко — вады ўжо поўна.

— Дзякуй вам, што вы мяне хоць раз напаілі!

Улез — як крычаў, так і крычыць — «піць!» Гэтыя астальныя пайшлі далі сваёй дарогай. Прыходзяць жа ўзнова к таму месту, дзе крычаў тэй Абжора. І пайшоў:

— Дзякуй вам, што вы мяне хоць раз накармілі на маім вяку!

Ну, і пайшлі астальныя дальшы дарогай сваёй. Прыходзяць знова к таму месту, дзе гэты Мароз казаў «сцюдзёна».

— Дзякуй вам,— каець,— што мяне на маім вяку хоць раз вы нагрэлі!

І пайшоў. Як крычаў, так і крычыць. А гэтыя ж удвух браты пайшлі дамоў, брат родны і знаходны. Прыйшлі дамоў, многа не думаўшы, паехалі на вяселле. Брат гэты родны кажаць:

— Ах, брацец знаходны, паедзем мы на вяселле, дак скінь ты гэту сваю сярмяжку, а то будзець нам дужа стыдна.

А ён каець:

— А няхай сабе, які свату стыд!

Потым, не доўга думаючы, сталі яны сабіраць прочых каралёў на вяселле, вяселле гуляць пачынаць. Ну, і сабраліся ехаць. Ну, як увідзелі, што ён гэтак надзеўшысь, Івашка Шэрая сярмяжка, нашто ён нам гэтакі? Будзець нам дужа стыдна, што мы едзем, прыбраўшыся дужа прыгожа. А тэй жа кажаць:

— Як жа нам ехаць без свата? Мы яго схаваем міжда нас, ён нікому не будзець відзён!

— Не,— каець,— будзем з карэт вылязаць, будзець усякаму відаць!

Ну, потым узялі-ткі яго. Еідуць, едуць да ўсё пагаваруюць:

— Не, нешта нам нехарашо! Возьмем да яго засячом, а то ён нас дужа стыдзіць!

— Ай не,— каець,— куды мы паедзем без яго? Усё-ткі ён наш папутчык, ён жа наш сват!

— Не, хоць так скінем!

— Ну, кідайце, толькі бы не губіце,— усё тэй маладзён іх просінь.

А ён сядзіць, бытта бы і нічога не чуець. Ен-то не дужа іх баіцца. Потым не ўцерпелі, узялі скінулі з свае карэты. Ён бегчы ўслед, да: «Ах, божа мой, божа мой, за што я так гарую? Дай мне, божа,— каець,— каня, каб палепі за іх». Так і даў бог яму. Ён сеў, за сватамі і паехаў. І такі ён, што ні ўздумаць, ні згадаць, ні ў казцы расказаць, што прама вот пазлачана ажно. І наперад заехаў ім. Як было ім стыдна, дак яшчэ болі стала, што гэтакі сярмяжка да едзець на таком добрым кані. Потым яны кажуць:

— Не, мы-такі ўсё яго засячом, гэтага Івашку Шэрая сярмяжка!

— Ай ну, братцы, ну што вы кажаце,— маладзенец гэтак,— дос[ыць] вы яго раз скінулі. Лепі мы ўзнова возьмем яго, а гэтага каня пасярод возьмем, ён будзець усіх акрашаць, як будзець ехаць.

Ну, потым яны паслухалі гэтага маладзенца, яго к сабе ўзялі, а гэтага каня межда сваіх упраглі. І паехалі дальш. І недалека ўжо да гэтага караля, пасылаюць яны папераду пісьмо, каб кароль прыслаў пад маладога коней, бо далекая пераездка. А то іх ужо быццам-то прысталі. Потым уехалі ў нейкае мястэчка, і жыў там каваль, і ўсё каваў і прыковываў, і пляскаў і прыплёсківаў. Гэты Івашка кажаць:

— Стойце,— каець,— тут! Тут мне адна вешч трэба.

Ён злез, ідзець к гэтаму кавалю.

— Памагай бог!— гаворыць.

— Дзякуй, Івашка Шэрая сярмяжка!

— Паслухай ты мяне, што я табе скажу!

— Ну-тка, што?

— Скуй ты мне аброць, каб-такі па крайней меры пудоў з дванаццаць!

— Ого, нашто табе гэтакая?

— Што табе да гэтага, мне трэба — табе не знаць, а мне не сказаць, нашто гэта!

— Э,— гэтыя думаюць сабе, каторыя ехалі ўжо сабраны дружына,— гэта ж ён нешта знаець! А мы яго шчыталі за такога чалавека, за дрэннага.

Потым яны паехалі далей. Скаваў каваль аброць, ён кавалю за гэту аброць тое даў, што ён сказаў. Ад’ехалі трохі ад гэтага каваля, прысылаець кароль пад маладога кабылу, што з дванаццаці чартоў скаваўшы, каб яна ўжо маладога разнясла і развязла, каб ніколі яго не ўвідаць і не спазнаць. О-ох! Яна бяжыць і гагочыць. Гэты малады хацеў на яе сесць.

— Не, брат родны, стой, не садзіся, я-тку сяду, яе аб'еду!

Узяў, сеў на свайго каня і наўпроці яе паехаў. Яна падбегла к каню, як свіснула ў ноздры — конь гэты і паваліўся, а ён на яе ўсхваціўся, гэты Івашка Шэрая сярмяжка. Ну, і забрытаў. Ну-тку ехаць да й паганяць. От яна яго як падняла, дак аж пад вобалакі. Тут гэты маладзец думаець: «Вот прапаў».

Ну, аб’ехаў яе, так збіў, што саўсім яна ўжо і павалілася. Ну, і на сваіх коней і паехалі. Прыязджаюць туды, к гэтаму каралю.

— От, дзякуй табе, наш сват, падаслаў нейкую чаплю пад маладога, і прыстала саўсім. Мусіць, ужо пушчэйшых і не было!

— О-ого,— кажаць,— сваты аднача.

— Ну, сваты не сваты, калі б не сваты, дак к табе б у сваты не йшлі. Ну, будзем начынаць вяселле гуляць.

О й сталі і вяселле гуляць, і маладых гэтых звянчалі. Потым звянчаўшы, па-нашаму сказаць — паабедалі. Ну, паабедаўшы, яна ўжо гаворыць, гэта каралеўна:

— Ах, Іванька, Іванька, пойдзем мы на й трэцюю атажу пакачаем кулю!

А ён прыказаў, Івашка Шэрая сярмяжка:

— Глядзі, ты пілнуйся мяне, можа я забуду, дак ты пілнуйся, адзін нікуды не хадзі.

Потым жа яна выбіраець такі час, што гэты сват некуды адвярнуўся, адышоў. І падгаварыла яго, свайго мужа:

— Пойдзем, пакачаем з табой кульку!

Ну й пайшлі на трэцюю та**жу. Прывяла яго к такой кульцы, што як пакаціла ды й сказала: «Перанімай!» — дак яна і ўдарылася ў сцяну, і адзе**ржылася там. Ну і добра, што ён не стаў перанімаць, а то б яму там усё. Тады яна каець:

— Каці ка мне!

А ён сядзіць над ей і не скрануў. Агледзеўся гэты Івашка Шэрая сярмяжка, што няма брата роднага, ён і туды і туды, а потым пабег на трэцюю тажу і папаў, і так сказаў па-простаму:

— Ах, братова, братова, ён шчэ страміцца, а вы ўжо павялі яго кульку качаць! Да ў нас не гэдак качаюць!

— А ну-тка, як?

— А во як.

Да як ударыў нагой гэтую кульку, дак яна ў дварцы колькі сцен праламіла і ў горад праваліла.

— Вот як у нас качаюць! А ён шчэ страміцца. Ён ба шчэ лепі пакаціў!

Ну, потым згулялі вяселле, тут жа і адправіліся, забраўшы яе з сабою. Ну, і паехалі і прыехалі ў свой дварэц. Потым яна думаець: «Стой, як бы мне цябе ўлавіць!»

А ў яе тож была шабля пудоў восем. Ну, ён як лёг спаць на сваёй пасцелі, вяселле згуляўшы, як гарэла цяпло, ён туды клаўся, як і трэба; а як патушылі цяпло, ён перавярнуўся: дзе галава, там ногі палажыў, а дзе ногі — там галаву. Потым яна падкралася, як секанула — не па галаве, да па нагах — і адсекла ногі. І сама скрылась, пабегла. Ён жа і не закрычаў, і не заякатаў. А потым ён устаў да й папоўз з гэтага дому тож на дарогу, на гасцінец. От там многа ён і мучыўся, там ужо крычаў і якатаў. Аж тож ідзець адзін бязрукі. І пачуў ён, бязрукі: нехта крычыць і якочыць. І пытаецца:

— Хто тут крычыць да якочыць яшчэ?

І то ж усё ноччу дзеялась. Той бязногі пытаець:

— А хто ідзець?

— Да я, бязрукі!

— Ах, божа мой,— каець,— бедны бязрукі, ну, я бязногі, хужы.

А ён падышоў: «Ага, праўда, мучышся!»

— Ну, што,— кажаць бязрукі на бязногага,— каб пайшлі мы ўмесце?

— Я ж не магу. Ці здужаеш жа ты мяне несці?

— Пагляджу!

— А ну,— падышоў к яму,— а ну-тка, бярыся, бязногі, мне за шыю.

Так ён ашчапіўся і сталі гаманіць, так хай сказаць.

— Куды мы цяпер, бедныя людзі? — ужо бязрукі кажаць на бязногага.

А бязногі кажаць:

— Дзякуй богу, што ты трапіўся; цяпер я ведаю, куды мы пойдзем. Пойдзем дужа ў бальшую пушчу, у такую, што несхадзімую.

А бязрукі тады ў бязногага пытаецца:

— А што мы там будзем робіць?

— А будзем людзей разбіваць ды й грошы адбіраць, праходжых і праезджых.

— Ого! Ты маладзец! А я ж такі ўсё думаю: як жа нам хлеба зарабіць? Гэдак толькі.

Гэты бязрукі кажаць:

— І потым праўда!

Ну, й пайшлі яны. І началі: які чалавек едзець, яны, што ёсць у яго,— адбяруць — абы пан, абы жыд, абы купец — хто ні папала ім. Потым як зажылі грошай многа, падходзіць ужо восень, сцюдзёна ўжо стала. Гэты бязногі кажаць:

— Што мы будзем рабіць: ужо ж зіма?

— Я ж не ведаю, што рабіць!

— Каб мы сабе хату збудавалі!

— А добра будзець!

Аж едзець каваль некуды на кірмаш. Вязець тапароў дужа многа. Ну, вот яны многа не бралі, а штук па пяць.

— Ну вот, цяпер пойдзем у лес.

Падносіць бязрукі бязногага к дрэву, бязногі дрэва зваліць, адсячэць, бязрукі бязногага панясець, а бязногі рукамі тож дрэва цягнець. Ну, і насеклі лесу і нацягалі ў груд і прынімаюцца хату будаваць. Хату збудавалі і печ зляпілі, ну, і жылі дальш, пажывалі. І ўсё грошы адбіралі. Толькі ўжо сталі ў жыдоў, у купцоў і ў паноў, у папоў — у каго былі грошы. А які бедны ідзець чалавек, дак яны шчэ яму дадуць. Потым ім стала дрэнна жыць: што патомяцца, прыйдуць, трэба хату тапіць, есці варыць, многа трудоў дужа, беспакойства.

— А што ты ведаеш, бязрукі?

— А што, бязногі?

— Што я табе скажу.

— А ну-тка, кажы!

— Я думаю, каб мы хадзяйку сабе дзе выстаралісь! Ужо зіма стала!

— А дзе ж мы выстараемся?

— Да вот, бяры-тка мяне да нясі!

— Пойдзем!

А гэта дзеялася ў каляды.

— А куды мы пойдзем?

— Ды пойдзем у дзярэўню!

— А калі мы пойдзем?

— Ноччы; там будуць ігрышча ў карчме. Там будуць, дзевак многа будзець, і яны будуць гуляць, а тады выйдуць на двор халадаць, а мы падойдзем да пад вуглом станем, да каторую-небудзь ухапі**м. Ото нам будзець хадзяйка; да ў гэтакі лес занясём, яна не будзець ведаць куды.

Потым пайшлі к гэтай карчме. Ажно і праўда: іграюць і скачуць, і выбеглі дзеўкі на двор. Адна там трошку далі адышла, яны схапілі й паняслі. Так што ніхто і не чуў і не бачыў. Што яна спужалася, дак нічога і не гаворыць. Потым бацька тужыць — дочка прапала. А матка плачаць, што й немаведама, дзе дзелась сы йгрышча — ніхто не чуў і не бачыў. І не знаюць, як яе памінаць, ці яе хаўтуры адпраўляць. Так патужылі да паплакалі, на гэтым і асталося. А бязрукі і бязногі дзеўку паняслі. І прыняслі ў сваю хату і кажуць ёй:

— Нябось, нябось, будзець табе добра ў нас. Будуць якія жыды дарогай везці муку, крупы, мы адбяром і сюда к табе прынясем, а ты напячэш і наварыш, сама пад’ясі і нас накорміш.

Пражыўшы троху, агледзелася яна, абдумалася. Перш задумалася, засмуцела, аж схудзела, а потым забылася, да й паправілася, пасыцела. Ну і жывець, і харашо. Потым, пражыўшы, унадзілася к ей баба. І так прывыкла, што ўжо сама сабе кажаць баба, што ўжо ніхто мяне не адучыць адгэтуль. А якая баба? — Юга! Да шчэ к таму ў яе зялезна нага, на зялезнай ступе ездзіць, зялезнымі таўкачамі паганяець і нукаець, і панукаваець, і ўсё к гэтай дзеўцы. Прыязджаець яна к ей ноччы, як пойдзець бязрукі з бязногім грошы адбіраць, а дзеўка адна астанецца. От яна тады едзець. І прыедзець к гэтай хаце і першы раз скажаць:

— Дзеўка, маё дзіцятка, адчыні мне!

Яна адчыніла і бабу ўпусціла.

— Вот, паішчы, маё дзіцятка, у галаве.

Яна яе пачала йскаць, а яна дудку прыправіла к сэрцу да давай кроў ссаць. Ну, і нассалася. Потым на гэту ступу села і паехала. Прыходзяць гэты бязрукі з бязногім, ужо як даў бог дзень:

— Ну, гатова яда?

— Гатова, дзядзечкі!

Ну, пад’елі, ляглі спаць. Выспаліся, паабедалі, потым скора вечар падышоў, узнова пайшлі ў свой абход. Гэта баба ўзнова ноччы прыязджаець к гэтай дзеўцы да й гукаець яе: «Адчыні дзверы». Яна адчыніла.

— Ішчы, с... доч, у мяне ў галаве!

Тады ўжо прывыкла баба, смела. Яна і ішчыць, а яна кроў ссець у яе. Потым за гэтых два разы ўжо гэты бязрукі з бязногім узналі, што гэта дзеўка белая, чуць ходзіць. І гаворыць бязрукаму:

— Што гэта, брат, наша дзеўка гэта худая, што яна аж валяецца. Я думаю, ці не ты, брат, з ёй!

— І што ты гэта, брат? Я гляджу да думаю, ці не ты гэта з ёй!

— Я — не!

— Ну, і я — не! Будзем-тка ў яе пытацца, чаго яна?

— Ну, будзем. Дзеўка, чаго гэта ты такая худая, ці табе хлеба мала, ці чаго?

— Ай, дзядзенькі, не ведаеце вы...

— А што?

— Як вы пойдзеце толькі, а ка мне баба прыедзець, нейкая Юга, да йшчэ ў яе зялезна нага, на зялезнай ступе едзець, зялезнымі таўкачамі паганяець, і нукаець і панукаець, скажаць: «Адчыні мне!» Тады прыдзець да кроў маю цягнець, ссець!

— Ага, пастой-тка,— кажуць,— мы яе ўловім. Ну, мы сягодняшню ноч не пойдзем нікуды, а гэту бабу ўловім!

Ну, прыйшла ноч, яна лягла, гэта дзеўка, спаць, а яны сталі гэту бабу пілнаваць. Аж так пад поўнач едзець! Дзеўка адчыніла. А яны яе харашэнька ўзялі ды ў зялезную ступу ўсадзілі ў гэтую, што яна ехала, да й давай таўчы. Таўклі, таўклі, многа дужа.

— Стойце, бязрукі з бязногім, не біце мяне, не таўчыце мяне! Я вам што-небудзь скажу!

— Што ты нам скажаш?

— Харошае! Толькі пусціце мяне — будуць у вас і рукі і ногі!

— А ну-тка,— яны ўжо кажуць,— ну-тка, тады пусцім!

— Хадзіце за мной.

Яны ідуць, яе дзержаць. Прыводзіць яна іх к калодзежу.

— От, мачыце тут — рукі і ногі будуць.

Гэты жа бязрукі хацеў скарэй туды рукі ўткнуць свае, цыбы, а тэй каець:

— Не, брат, стой!

Узяў адарваў сук із дрэва із лістом і памачыў: сычас жа іссох, саўсім!

— Стой, брат, бі бабу болі!

Давай-тка горшы папярэдняга біць, як уперад шчэ білі. Білі, білі, потым яна просіцца ў іх:

— Стойце, бязрукі і бязногі, будуць у вас рукі і ногі!

— Ну, добра!

— Хадзіце за мной.

Прайшлі троху, ажно шчэ калодзеж.

— Вот тут,— каець,— мачыце!

Гэты жа ўзнова бязрукі хацеў узноў скарэй, а бязногі каець:

— Не, брат, стой, трэба і тут паглядзець.

Узяў гнілы пень адламіў да ў гэту ваду памачыў. Сычас атросткі пайшлі. Пусціў сучча, атросткі — і зялёны!

— Ну вот, мачы цяпер!

Памачылі! Рукі і ногі ў іх сталі.

— Бі бабу болі! Цяпер нам лепі, ужо з рукамі і з нагамі! Давай-тка біць; білі-білі, білі-білі і пакінулі чуць што жывую. Тады каторы быў бязрукі да на бязногага:

— Што мы, брат, будзем з ей дзелаць, ці пакінем?

— Э, брат, пакінуўшы, яна аджывець тут!

А ў тым лесе тамака некалі дзелалі дуб людзі, дак пні такія шырокія, дужа бальшыя дубовыя.

— От што мы, брат, зробім із ей!

— А што?

— Возьмем пень гэты рашчэпім, кління нацешым, а ў бабы гэтыя валасы доўгія. Каля кління абкруцім да ў шчэлку ў гэту й загонім!

— А, брат, гэта добра!

Узялі і здзелалі гэтак, засадзілі гэту бабу туды. Потым пайшлі. І рады яны, што ў іх ёсць рукі і ногі. Прыходзяць дамоў у сваю хату. Дзеўка каець:

— А што, дзядзенькі, дзе баба?

— Ну, баба,— каець,— ніколі не выйдзець, мы яе ў добрае места пасадзілі!

— А дай жа божа!

— Пень дубовы,— каець,— раск[л]япілі, да яе каля кління валасы абкруцілі, да яе туды й засадзілі.

Дзеўка кажаць:

— А ці жыва йна?

— Ды,— каець,— трошку, чуць-чуць жывая!

— Ах, дзядзенькі, яна аджывець!

— Не можна быць! Яна там ссохнець і здохнець!

— От, схадзіце толькі, паглядзіце, што няма яе!

— А што ты думаеш, пойдзем-тка, брат, а можа і праўда! Да й пайшлі. Прыходзяць туды, к гэтаму месту — аж няма ні бабы, ні пня! Аж яна як аддыхнула, дак пень вырвала із валасамі і пацягнула!

— Ну, што, пойдзем, брат, шукаць, бо будзець і нам трудна. Яны гэта следам, аж прыходзяць: такі дом вялікі, каменны, мураваны! Уходзяць туды, ажно дзеўка такая прыгожая, печку топіць і бліны пячэць. Яны кажуць:

— Здарова табе, дзеўка!

— Здарова, добрыя малайцы! Чаго вы ходзіце?

— Аднаго дзела шукаем.

— Ага! Я ведаю! Гэта вы маю матку забілі! О, яна добра чухаець з вашых рук! Ну, пастойце; калі возьмеце мяне замуж каторы, дак пакажу, дзе яна. А не возьмеце, дак яна аддыхнець, разарыць вас, прама паесць!

— Возьмем! Пакажы, а дзе яна?

— Да он, у тым і тым,— каець,— пограбе!

Ну, вот яны з напалу як ускочылі на яе, дак прама і разарвалі, не далі ёй паправіцца. Ну, да й груд там асінавы быў такі, вядома, у лесе. Яны запалілі, яе на груд ускінулі, яна й згарэла. То ўжо не [а]джывець вавек, ніколі. Ну, вот і прыходзяць к ёй назад.

— А што, што здзелалі з маёй маткай?

— Да няма ўжо!

— Ну вот, я цяпер з вам[і] пайду!

— А не, чаго ж табе ісці, ты тут абажджы!

— Не, пайду!

Яны кажуць самі межда сябе:

— Ну, няхай! Ну, хадзі!

Ну й прыходзяць к сваей ужо хаце. Тады:

— Ну што, брат, ты ведаеш: табе трэба жаніцца,— бязрукі на бязногага.

— Не, брат, у мяне многа дзялоў! Табе дак яно прыходна! Мне, брат, яшчэ трэба даведацца, як мой брат жывець родны!

Так, многа не гаварыўшы, гэты кажаць:

— Ну і няхай сабе!

— Ну, брат, а трэба ж нам сваю дзеўку,— каець,— аднесці к яе бацьку!

— Ну, аднясём!

Там што было ў іх ужо грошай многа нажыўшы, яны ўзялі гэтай дзеўцы — не то што там лічылі або што,— так гарцы два або тры адсыпалі ёй.

— Ну,— кажуць,— дзеўка, ідзі сабе к бацьку!

— А, дзядзенькі, я ж не ведаю дарогі, я ж ба даўно ўцякла ад вас!

А! Ну, яны адняслі яе к бацьку і яе бацьку падзякавалі. Ну, і пайшлі. Прыйшлі дамоў, заняліся вяселле гуляць. Згуляўшы вяселле, тэй кажаць, што быў бязрукі:

— Ну, брат, будзем жа дзяліцца!

— А будзем сабе!

— Будзем грошы дзяліць!

— А, брат, нашто яны мне? Ты іх і не нясі, я колькі-небудзь вазьму сабе на дарогу! Няхай у цябе будуць. Я, бог ведаець, калі шчэ буду займацца жыццём.

Ну і разышлісь. Падзякавалі адзін аднаму і разышліся. Тэй застаўся там, бязрукі, а бязногі пайшоў. Прыходзіць к свайму каралеўству, дзе гадаваўся, к брату роднаму. Аж яго брат свіней пасціць!

— Што, брат, ужо свіней пасціш?

— А здароў, здароў, брат знаходны!

— Здароў, брат родны, дажыўся!

— А дзякуй табе, брат знаходны, ты мяне дужа наставіў на жыццё!

Ужо бытта сварыцца.

— Ну дак, а што ж я,— каець,— што ж я ведаў гэта? Дай-ка мне,— каець,— пугу!

— Не, падажджы, брат. Мы шчэ хочам з табой пагаварыць, брат находны!

— Ну, што?

— Дзе ты быў дагэтуль?

— Дзе быў? Хадзіў ногі зарабляць!

— А дзе твае ногі? У цябе ж твае ногі і былі і ёсць?

— А, ёсць, гэта ж я заробіў сабе ногі. Твая ж жонка мне адсекла ногі. Хацела галаву адсеч, да дзякуй богу, што ногі. Ну, потым, во цяпер, дай-тка, дай пугу! Усё пугу дай!

— Не, брат, падажджы, я табе раскажу шчэ [а]дно!

— Ну што?

— Дужа мне худа жыць!

— Да я ведаю, што худа!

— Не ўсё ты ведаеш: вот яшчэ ёсць у гэта свіння во белая, дак я пастаянна ёй цалую. Як прыгоніш дамоў, яна січас: «А, с... с..., прыйшоў! Белка, расстаў ногі, цалуй, с... сын».

— Ну, цяпер дай-тка, дай,— каець,— пугу!

Усё пугу даходзіць!

— Ну, на! А як жа,— каець,— куды ж я пайду?

— Да ідзі-тка к кавалю, здзелай-тка там пруцікі са тры такога мяккага зялеза і са тры сухога, крушнага1!

Ён пайшоў і здзелаў гэтых шэсць пруткоў у каваля і прыходзіць к яму.

— Ідзі ж ты,— каець,— узлезь на лазню да й сядзі там пакуль што, жджы там, пакуль што будзець! Дай-ка мне сваю адзежу!

Ну, й перамянілі яны адзежу, тэй таго надзеў, а тэй таго. Ну, потым і адправіўся на гэту лазню, пайшоў, гэты пастух. А ён січас кол на плечы, да й ну-тка гэтых свіней біць да гнаць дамоў. І ўзганяець на двор, а яна гэта і пачула, што свінні пішчаць, скагочуць, выйшла на ганак да й глядзіць. Аж ён гоніць і б’ець.

— А,— каець,—с... сын, ці ты ўжо гэтак! А, с... сын, пастой, дагэтуль ты й жыў!

— А воўк цябе еш з свіннямі! Дакуль я буду пасціць?

— Вот я цябе,— каець,— засяку!

— Чорт цябе забяры: раз уміраць!— каець.

Потым прынімаецца к яму. А ён каець:

— А ўжо падажджы, не сячы мяне, а лепі скажы вытапіць лазню, дак вымыюсь,— нечага рук ніхто не будзець шкарэдзіць2 нада мной, мыць, так прама ў ямку і зарыеш!

— А,— каець,— праўда; дзеўка, ідзі тапі лазню, хай гэты с... сын, хай адмыецца.

Ну, потым вытапіла лазню. Ну, ён пайшоў мыцца. І там доўга сабе сядзіць. Яна ждала, ждала — няма! Эх, рассердзілася дужа. Ухапіла сваю шаблю і пабегла са злосці. Як бегла, толькі яна ў дзверы, а ён яе за косы ды аб землю, ды ну-тка!

— Ах, госпадзі, падай-тка мне,— гаворыць,— пруточкі са тры, харошанькіх, суханькіх.

А яе мужык адтуль з лазні — кідзель адтуль зверху. Як стаў ён яе біць, а яна крычаць, да шчэ к таму якатаць:

— Ай-яй, зязюлечкі, а кукулечкі, а галубчык мой! Не буду! Ніколі не буду, буду пачытаць за караля і ўзываць каралём!

— Не! — паламаў гэтыя пруткі. — Падай-тка яшчэ мякчэйшых, божа мой!

Ён тады пялёх яшчэ тры пруткі яму. От ён тымі яшчэ большы! Як стаў біць — б’ець да й прыказуець:

— О табе пастух, о табе свінапас! Во табе: Белка, расстаў ногі — цалуй, с... сын, Белцы пад хвост! Я табе ўсё зважаў, колькі год цярпеў, усё спрабаваў, што з цябе будзець!

— Міленькі, родненькі! Ніколі гэтага не будзець болей!

— Не, няпраўду ты кажаш.

Яна яму ногі цалуець, пальцы накрыж складаець і перад ім прысягаець! Ну і пусціў! От яна ідзець: ах! ах! ах! ах! Як прыйшла дамоў:

— Ах, запрагайце коней, едзьце па караля, барджэй толькі.

А ён каець:

— Ну, брат, лезь барджэй з лазні!

І ўзнова перамянілі адзежы, усякі сваю надзеў. Палез тады тэй брат находны на лазню, а гэты ўжо сядзіць так. Аж січас за ім прыязджаюць.

— Ах, брат, я ж баюсь яшчэ астацца без цябе!

— Ну, нічога, будзець харашо!

— Ты, брат, будзь тут, жыві!

— Не, брат, няможна, мне трэба йці к свайму бацьку даведацца, як ён: ці жыў ён, ці не? Ну, аставайся здароў!

І прыехалі, яго ўзялі.

— Ну, а ты, брат, ідзі здароў, находны!

Вот ён астаўся, харашо яму стала жыць: сталі яго пачытаць і каралём зваць усе, а не то што яна адна... А тэй і пайшоў сабе, і бытца што канавалам. Прыходзіць у якую дзярэўню і кажаць:

— Няма ў вас жарабкоў класці, лягчаць?

— Не, у нас няма.

Пайшоў далей. Прыходзіць у сваё каралеўства і ўсё пытаецца, у якую дзярэўню прыйдзець:

{прыйдзець:

}— Ці не ёсць у вас жарабцоў класці?

— Няма, добры канавал! У нашага караля ёсць, ужо гадоў трыццаць стаіць на стайні жарабок, ды ніхто яго не паложыць і не палягчаець.

— Ну, што так?

— Так, што ён неплатны, жарабок гэты, але заветны: хто злягчаець, дак каралю галаву знімець, а калі не, дак каралёва меч, а канавалава галава з плеч, да на тычыну і ўсторнуць!

— Ого, ну вот яшчэ якія дурні! Што то за канавалы, што жарабка не злягчаць!

Мужыкі кажуць:

— А не! Не гэтакія прыходзілі, а то найшоўся нейкі курган!

Ён нізкі быў.

— Ну, няхай сабе курган! А я-такі ўсё яго пакладу і злягчаю!

Мужыкі гэтыя кажуць:

— Ах, ну-тка ідзі: ужо там дзевяць тычын з галовамі, толькі ўжо твае няма!

— Да й пайду!

— Э, нейкі,— каець,— курган найшоўся, хваліцца во тут!

От і пайшоў. Прыходзіць у свой дварэц. Ажно сядзіць яго бацька на ганку сівы-сівы, да ўжо дужа стары.

— Здарова табе, кароль!

— Здарова, добры канавал!

— Казалі мне мужыкі, што ў цябе ёсць жарабок у стайні не злягчаны?

{злягчаны?

}— Ёсць! А ты злягчаеш?

— Злягчаю!

— Ну, глядзі-тка! Толькі вот адна тычына засталася, мусіць, тут твая галава будзець!

— А ўжо паглядзім!

— Злягчаеш ты майго жарабка, дак мне галаву знімеш, а не злягчаеш — дак мая меч, а твая галава з плеч, і вот на тычыну от на гэту!

А ён каець:

— Ну вот, паглядзім!

Як засвістаў — а стайня мураваная, і дзверы зялезныя. А жарабок як заржаў — а стайня тады папалам і развалілася! А жарабок з цэпа сарваўся і к яму тады прыскочыў, да й загагатаў яшчэ больш!

— Ціху, ціху, мой жарабок, ціху!

От тады бацька і спужаўся. От які папаўся. Ён яго сваёй ладонню па задку ўдарыў, ён стаў і ногі расклаў, ён яму і..., ён яго і злягчаў, стоючы, не клаўшы. Ну й падносіць к гэтаму каралю, ды к бацьку свайму:

— Ці знаеш ты мяне, кароль, хто я ёсць?

— Не знаю і не ведаю!

— Сын жа я твой!

— Ага, сынок, праўда твая, да не мая. Усё-ткі ж вот сон спраўдзіў. Ну вот, воля твая, што хочаш, то роб са мной.

Ён узяў на прадмет да й палец сабе адсек.

— Вот, слухай, бацька, што гэта ніколі нідзе не было, а будзець, дак не ведаю, ці будзець, ці не, што каб сын бацьку галаву адсек.

Вот ён узрадаваўся, бацька, і рад, што сына дастаў. Быўшы ўтапіў, а то і жывы стаў. Вот з радасці бацька справіў пір на ўвесь мір, і ўсе людзі піравалі, пілі, гулялі. І я яшчэ там быў, мёд-віно піў, па барадзе цякло, а ў рот не папала.

1 Крушнае – ломкае.

2 Шкарэдзіць – пэцкаць, забруджваць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 384-403
Крыніца: скан