epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Іван Іванавіч — царэвіч

Зачынаецца казка ад сіўца і бурца і ад вешнага канурца... Хто будзіць казку саслыхаць, таму будзіць бальшая награда.

Як жыў сабе цар на яком-то царстве і на яком-то гасударстве. І быў у яго сын Іван Іванавіч — царэвіч, божы каралевіч. Тады цар яго не пускаў нікуды лет да васемнаццаці, каб не заглядаўся ні за чым, не балаваўся. Ну, тады ён давай прасіцца:

— Бацюшка радной, пусціце свету павідаць!

Тады яму ацец даў роту салдатаў, даў каня, збрую, меч, ружжо. Ну, тады ён ездзіў, ездзіў, паляваў, паляваў, па лясах, па пушчах. Ну, послі таго выязджаіць ён на палянку, астанаўлііцца на палянцы. Ажны на той палянцы Баба Яга Касцяная нага раскапала ляда і засеяла ільном. (Стала быць, яна была не прастая). Ну, тады паслала ў лён трох дачок: дзвюх родных, трэцюю падчарку, лён палоць. Ну, тады яны завідзелі яго, лён полючы, а ён іх. Ну, яны яго завідзелі, што ён такі прыгожы маладзец, тады большая дочар яе кажыць:

— Эх, які добры маладзец, харош-прыгож! Каб ён мяне ўзяў за сябе, я б яму вышыла такі кавёр, што ён ва ўсім царстве, ва ўсёй інперыі не найдзіць!

Й а сярэдняя доч гаварыла:

— Гэта твая не сказка, а прысказка! Вот мая загадка: каб бог прыізвёў яму мяне ўзяць, дык я б аднэй пакулінай адзела роту салдатаў, сама адзелася і яго адзела б!

А ён усё гэта слухаў і чуў, панімаўся. Ну, а трэцяя, ужо падчарка, абяшчала, гаворыць:

— Гэта вашы ні сказкі, ні загадкі! Вот мая сказка і загадка: ежалі б бог прыізвёў мяне яму ўзяць за сябе замуж, дык я ба яму ў адну ноч забярэміла, спарадзіла б дванаццаць сыноў — голас у голас, волас у волас, ува лбе звёзды, у патыліцы месік, па калені ногі ў золаце, а рукі па запясця ў се**рабры!

А ён гэта ўсё чуў. Тады ён выслухаў, узяў сваю армію і паехаў дамой. Прыязджаіць дамой, ацец спрашыіць:

— Што, сынок мой любезны, ідзе бываў, што ідзе відаў, што ідзе чуваў, якое дзіва?

Ён гаворыць:

— Вот, бацюшка! Нійдзе я не бываў, нічога не чуваў, а толькі відзеў на пушчы, на лесе, Баба Яга Касцяная нага раскапала ляда, насеяла лёну і прыслала дачок лён палоць. Як замецілі мяне, што маладзец очань удалы, очань прыгож, харош, дык большая дочар казала, што каб мяне ўзяў за сябе замуж Іван Іванавіч — царэвіч, божы каралевіч, дык я б яму кавёр вышыла, штоб ён такога ва ўсём сваём царстве, ва ўсём гасударстве не найшоў, які ба зработала! Ну, тады,— гаворыць,— сярэдняя кажыць: «Эй, сястра! Я б яму большую загадку загадала: я б аднэй пакулінаю роту салдатаў адзела, сама адзелася і яго адзела!» Ну, а трэцяя, падчарка, кажыць: «Гэта вашы ні сказкі, ні загадкі! А мая то сказка і загадка: я б яму,— гаворыць,— у адну ноч забярэміла і парадзіла дванаццаць сыноў-сакалоў — волас у волас, голас у голас, па запясця рукі ў серабры, па калені ногі ў золаце, ва лбе звёзды, у патыліцы месік».

Ну, тады ацец гаворыць:

— Лучча, сынок, гэту ўзяць, каторая пародзіць дванаццаць сыноў як сакалоў: волас у волас, голас у голас, па запясця рукі ў серабры, па калені ногі ў золаце, ва лбе звёзды, у патыліцы месік. У нашым царстве багатыроў мала, дык болі будзіць! То уж будуць не прастэя, а багатыры!

Ну, тады, ізвесна, ён, царэвіч, кажыць, што яна ў дрэнну адзежу ўвабраўшы, непрыгожа.

А бацька кажыць:

— Нічога, сынок, бяры! Калі ты царэвіч, дык і яна будзіць царыцаю! Вясціма ў мачахі: яна затым яе гэдак дрэнна адзяець, што каб ніхто не заглядаўся!

Ну, тады ён паехаў к бабе тэй у сваты. Дык яна адбіла яго, што яна дура, нічога не ўмеіць дзелаць! А ён павідзеўся із ёй, дык яна яго вучыць:

— Глядзі ж, яна паставіць мяне за трэцім дзесяткам, адзеніць мяне ў луччую адзежу. Дык ты мяне так не вызнаеш. А муха заўецца ад цябе цераз маю галаву, дык ты мяне і бяры! Яна будзіць цябе адбіваць, ну ты не слухай і бяры ўсё-ткі мяне!

Ну, Баба Яга два разы выводзіла па дзесятку, ну ён ніводныя не выбраў:

— Няма тут,— каіць,— тыя, што мне трэба!

Тады яна вывела трэці дзесятак. Так муха ад яго вуха завілася цераз яе галаву. Ён узяў яе, вывеў за руку з шару, кажыць:

— Во гэта мая, болі ніякія не хачу!

Ну, тады яна, як няродная дачка, дык ён узяў яе на свой кошт, жаніцца з ёй. Паслаў бумагу к інтрапаліту, штоб жаніцца з ёй. Інтрапаліт звянчаў іх. Ну, тады, як згуляў ён свадзьбу, прысылаіць які-то цар, хочыць ваявацца з ім. Ён як палучыў бумагу ад таго цара, што ўжо хочыць ваявацца з ім,— бярэць сваю армію і едзіць ваявацца з ім на граніцу. А жана яго за два дня забярэміла. Дык ён кажыць бацьку:

— Бацюшка радзімы! Як родзіць мая жана ці жывое, ці мёртвае, ці худое, ці добрае, дык прышліце мне кур'ера веставога на граніцу, каб я знаў, што бог дас[ц]ь!

Тады яна пайшла ў стайню радзіць. Ну, дык яна раджала, а мачаха, змяя, сарокаю скінулася і адзінаццаць патрабіла, а дванаццатага яна сабе ў падолак узяла, у сваю палату занесла. Ён там, гэты сын, стаў плакаць, кугакаць. Яны пачулі і палядзелі. Ажны ў яе рабёнак, сын такі, як яна казала, толькі адзін. Ну, тады сычас бацька пішыць бумагу сыну на граніцу, што парадзіла твая жана сына, якога абяшчала — волас у волас, голас у голас, па запясця рукі ў серабры, па калені ногі ў золаце, ува лбе звёзды, у патыліцы месік, ды толькі аднаго, а не дванаццаць! Ну, тады яна, ведзьма гэта, знала, што будуць іці бумагі на граніцу к яму, дык яна на дванаццаці бальшакоў паставіла дванаццаць кабакоў: хто будзіць ехаць, дык яна бумагу прачытаіць. Тады едзіць генерал з пісьмом на граніцу к сыну. Тады ён едзіць, а яна выйшла і гаворыць:

— Здраствуй, здраствуй, нашага свата чалавек і пасланец! Заедзь к нам нанач, мы для вас здзелаем угашчэніе! Вытапім баню, прыкажам прыслузе выпарыць вас; каню дадзім сена, аўса!

Ён паслухаў, заехаў. Так яны вытапілі баню. Ён схадзіў, выпарыўся і прыйшоў. Яны яго накармілі, напаілі і спаць палажылі. І каню далі сена, аўса. Ну, як ён заснуў, яны ўзялі тую бумагу, што бацька пасылаў, ды ў печ укінулі, а другую самі напісалі, што вот, гаворыць, сынок мой любезны! Парадзіла твая жана нет-што: не то парасёнак, не то шчанёнак — саўсім не чалавечыя пастаць, падобіе. Ідзе яго прыкажаце падзець? Той генерал устаў, бумагу ў карман і пайшоў, думаў, што тая самая. А яны тую ў грубцы спалілі. Прыязджаіць генерал к сыну, шапку знімаіць здалёку, пад'язджаіць бліжа — укланяецца:

— Здраствуй, Іван Іванавіч — царэвіч, божы каралевіч!

А ён атвяшчаіць:

— Здраствуй, генерал веставы! Што, з бумагамі ка мне?

— З бумагамі!

Ён тады ўзяў гэту бумагу і чытаіць, што парадзіла твая жана ні парасёнка, ні шчанёнка, нет-каго, саўсім не чалавечага падобія. Што прыкажаце з ім дзелаць?

Ён як прачытаў, за вушы ўзяўся, заплакаў. Тады ён пішыць к бацьку: «Ацец радной! Што ж дзелаць? Хто ні ёс[ц]ь, ахрысціце да майго прыезда!» Так ён, гэты генерал, як пісьмо палучыў, апяць выправіўся ў сваю старану. Яны апяць выйшлі к яму і кажуць:

— Заедзь к нам нанач, васпан, нашага свата чалавек!

Ён зайшоў к ім. Яны яго напаілі, накармілі і спаць палажылі. Ну, як ён лёг, дык яны ўзялі ў яго гэта пісьмо і прачыталі. І ўзялі гэта пісьмо спалілі, а самі напісалі, што, ацец мой радной! Калі мая жана радзіла не тое, што абяшчала мне ў дзеўках, радзіла нет-каго, дык ідзе хочаце дзеньце як з дзяцёнкам да майго прыезда, каб мае і глазы не відалі! Калі яна не так радзіла, як абяшчала!

Тады ён, генерал веставы, назаўтрага рана ўссеў на лошадзь і паехаў.

Ну, як прыязджаіць ён дамой, ацец спрашыіць:

— Ну што, генерал веставы! Ці ўсё благапалушна на граніцы ў сына?

— Слава богу, усё харашо!

І падаў яму пісьмо. Ну, тады ён, бацька, узяў гэта пісьмо, разламіў яго і як прачытаў, дык заплакаў. Тады сабраў санот: ідзе падзець яе з рабёнкам? Што сын прыслаў, што пакуль я прыеду, каб яе не было: ідзе хочаце падзеньце з рабёнкам! Гады адзін санатар абабраўся, кажыць:

— Нада шкляную бочку зрабатаць, жалезныя абручы нагнаць, смалою абсмаліць і на мора-лукамор'е пусціць. Няхай плывець, куды бог пазволіць!

Ну, тады січас шкляры зработалі шкляную бочку, усадзілі яе туды з рабёнкам, кавалі акувалі бочку, засмалілі смалою і пусцілі на мора.

Сын звярнуўся з граніцы. Ездзіў ён, ездзіў кала мора — нійдзе не найшоў — сплыла. Ён заплакаў горка. Ну, тады паехаў к Бабе Язе, к тэй самэй, і ўзяў родную дачку яе. А гэты, што паплыў з маткай, плыў-плыў сколькі там і рос не нядзелямі, не днямі, а рос часамі. А матка ўсё плачыць. І наплакала поўну бочку слёз, што ён і яна тонуць у слязах. Тады ён прыгаварыў:

— Матушка мая радзімая! Благаславі ты мяне, штоб шкляная бочка і жалезныя абручы рассыпаліся на**разна!

Ну, кажыць:

— Бог цябе благаславі, сынок!

Ну, дык ён як крыкнуў маладзецкім голасам, багатырскім посвістам:

— Эй, шкляная бочка, жалезныя абручы! Рассыпцеся на**разна! Дакуль мая матушка будзіць пячаліцца, я буду тапіцца ў маткіных слязах?

Так яна пок-пок, абручы рассыпаліся, бочка на макава зярно пасыпалася! Ён тады ўзяў матку за руку і павёў. Узвёў на такую вісокую гару, што ні здумаць, ні згадаць, ні ў казках сказаць. Называецца гэта гара Буда-гара. Тады там зняў план. Тады ён узяў матку за руку і абвёў вакруг гары. Ну, тады гаворыць:

— Матушка! Благаславіце мяне, я буду на гэтай гарэ Будай-горад завадзіць!

Матка яму кажыць:

— Дзіцятко маё міленькае, дзіцятко маё даражэнькае! З чым ты будзеш горад завадзіць: у нас тут няма нічога, толькі адна душа?

А ён кажыць:

— Матушка мая даражэнькая! Мне толькі дорага тваё благаславенства.

Як выйшаў ён за два часы да свету, сышоў з гары ўніз, як крыкнуў маладзецкім голасам, багатырскім посвістам:

— Эй,— гаворыць,— дай божа, штоба бочка золата, бочка серабра прыкацілася ка мне!

Ну, прыкацілася бочка золата і бочка серабра. Ну, тады ён гаворыць матцы:

— Матушка мая любезная! Дзеньгі ў нас ёс[ц]ь, цяпер благаславі ты мяне, каб к нашай Будай-гарэ лес прыплыў!

Тады мацер атвяшчаіць:

— Бог цябе, дзіцятка, благаславіць!

Тады ідуць баркі із лесам, із бруссем, з латамі, з дошкамі, су ўсякім усячынай ад таго ўжо цара, ад бацькі. Бацька ўжо пробу знімаіць. Ён ведаіць, што яго сын жыў, што ідзе-ідзе акаснецца — акажацца. Ну, тады ён выйшаў на гару і відзіць, што ідуць баркі па мору із лесам су ўсякім. Ну, ён як крыкніць маладзецкім голасам, багатырскім посвістам, гаворыць:

— Эй, купцы, купцы! Грабцы, грабцы! Грабіце к маёй крутой гарэ, я буду тавар пакупаць, пацэнна даваць, вашаму цару гасцінца пасылаць!

Яны прычалілі баркі, тавар пазвалілі ля крутой гэтай гары. Ён заплаціў ім у дзве цаны. Ну й якога там падарку паслаў цару іхняму, адкуль гэтыя купцы.

Тады яны паехалі дамой, а ён кажыць:

— Матушка мая радзімая, благаславі ты мяне праведаць, што там будзіць ацец з мачахай гаварыць, як прыедуць купцы!

Матка кажыць:

— Сынок мой злюблены, бог цябе благаславіць!

Ну, ён тады здзелаўся галубцом і паляцеў услед за купцамі. Ну, прыязджаюць гэтыя купцы к свайму цару. Ён іх спрашыіць:

— Ну, рабяты, ідзе бывалі, што відалі?

Яны кажуць:

— Ваша вялічаства! Прыявілася крутая гара, што ні здумаць, ні згадаць, ні ў сказках сказаць — якой вісачыны, якой шырачыны! І к той гарэ якей-то купец усе баркі прычаляіць, тавары, лес адкупляіць, кажыць: буду Будай-горад ставіць! Ён нам у дзве цаны заплаціў і вам гасцінца прыслаў!

Цар кажыць:

— Верна, гэта мой сын! Нужна пабольша паслаць, каб скарэй горад ставіў!

Ён ужо паслаў, што яму й такі і такі лес нужан! А сын паляцеў галубцом к матцы. Тут апяць стаў маладцом і кажыць:

— Матушка мая радзіменькая, благаславі ты мяне: думаю я Будай-горад станавіць!

Матка кажыць:

— Бог цябе благаславіць!

Ну, ён тады выйшаў на гару і крыкнуў маладзецкім голасам, багатырскім посвістам:

— Эй, ідзе ёс[ц]ь плотнікі, тапорнікі, столяры, кавалі! Усе сабірайцеся к маёй крутой гарэ! Я буду пацэнна плаціць, Будай-горад станавіць!

Ну, як крыкнуў ён, дык сабраліся к яму пільшчыкі, плотнікі, муляры, кавалі, усе, усе. Ён абвёў план і стаў горад строіць. І за паўтара месяца ён із імі састроілі горад, лаўкі, цэрквы зачыналі. Ну, тады апяць едуць гэтыя купцы з таварамі. Ён кажыць:

— Матушка, благаславі мяне! У мяне лесу не хватаіць!

Матка благаславіла. Тады ён выйшаў ды як крыкніць маладзецкім голасам, багатырскім посвістам:

— Эй, купцы, купцы! Грабцы, грабцы! Грабіце к маёй крутой гарэ: мне нужна Будай-горад строіць!

Яны лес яму звалілі. Ён ім у дзве цаны заплаціў, накарміў, напаіў і дамой адпусціў. І яшчэ цару гасцінец паслаў. Тады яны паехалі, тады ён кажыць:

— Матушка, благаславі ты мяне праведаць, што там бацюшка будзіць гаварыць з мачахай!

Матка кажыць:

— Бог цябе, сынок, благаславіць!

Ён скінуўся ўзнова галубцом і паляцеў за купцамі. Пакуль тэя купцы прыехалі, дык ён слухаіць. Прыязджаюць купцы. Цар спрашыіць:

— Што, рабяты, па якіх гарадах, па якіх старанах ездзілі? Што чувалі, што відалі?

Яны кажуць:

— Ваша асіяцельство! Далі Будай-горада нідзе не бывалі! Той купец не 'дпускаіць дальша!

Ну, дык ён гаворыць мачасе:

— Верна, гэта мой сын прыявіўся!

А мачаха атвяшчаіць:

— Гэта не дзіва-дзівушка, што Будай-горад выстраен крэпка і прыгожа, а вот ёс[ц]ь у маёй матушкі, на трыдзевятым царстве, на трыдзесятай з**емлі ёсць,— гаворыць,— горад, большы Будая, кругом сцяна ў тры аршына глубачыны і шырачыны і ёс[ц]ь у маёй матушкі на стайні пара канцоў-жарабцоў! Як пойдуць гуляць, дык іскры наскрозь сцяну ў тры аршыны праламуюць!

А ён з галубцамі сядзіць ды ўсё слухаіць. Тады прыляцеў к матушцы і стаў маладцом. Матка спрашыіць:

— Што, мой сынок узлюбленны, што там бацька з мачахай казалі?

А ён кажыць:

— А вот, як прыехалі купцы ды сталі хваліцца, што мы далі не былі нійдзе, толькі ў Будай у горадзе, у крэпасці, дык мачаха атвяшчала, што гэта не дзіва, што Будай-горад вялікая крэпасць! У мае,— гаворыць,— матушкі ёс[ц]ь горад, у тры аршыны сцяна глубачыны і шырачыны і ёс[ц]ь у яе на стайні пара канцоў-жарабцоў; як пойдуць по гараду гуляць, дык іскры канцоў наскрозь сцяну прабіваюць!

Тады ён кажыць:

— Благаславі мяне, матушка, штоба за ноч тая сцяна ад Бабы Ягі перайшла ка мне, стала кругом майго горада і штоба пара канцоў-жарабцоў у мяне на стайні стаялі і па гораду так гулялі!

Матка кажыць:

— Бог цябе благаславіць, дзіцятко!

Ну, тады ён за два часы да свету выйшаў на крутую гару ды як крыкніць маладзецкім голасам, багатырскім посвістам:

— Эй,— гаворыць,— ідзе-то ў трыдзевятым царстве, на трыдзесятай землі, у Бабы Ягі ёс[ц]ь каменная сцяна ў тры аршына ў шырычыну і глубачыну! Прыбудзь ка мне, стань кругом майго горада! І штоба пара тых канцоў-жарабцоў прыбыло!

Ну, як толькі крыкнуў так, усё тое, што ў Бабы Ягі, радзілася. Тады ён паслаў к цару пісьмо, каб ён прыслаў яму ўжо краснага тавару і рыбы. Цар прыслаў. Тады ён гэтых купцоў пачаставаў і гасцінцаў цару паслаў. Купцы тэя паехалі. Тады ён кажыць:

— Матушка мая радзімая, благаславі ты мяне праведаць, што там бацюшка з мачахай будзіць гаварыць?

Матка благаславіла. Тады ён скінуўся галубцом і паляцеў за купцамі. Прыязджаюць яны дамоў, ён сеў з галубамі ды сядзіць. А бацька спрашыіць у купцоў:

— Ну што, рабяты, ідзе бывалі, што відалі? Па якіх гарадах, па якіх старанах ездзілі?

Яны кажуць:

— Далі Будай-горада не пускаіць той купец! І вот вам гасцінчыка прыслаў. І што вы тут сказывалі з жаной, тое там усё прыявілася: і тая сцяна ў тры аршына шырычыны-глубачыны, і тых пара канцоў-жарабцоў: як пойдуць по гараду гуляць, дык заднімі нагамі сцяну праламуюць! Гэткая чыстата!

Гэты цар кажыць:

— Нада мне туды з'ездзіць палядзець: верна, гэта мой сын!

А мачаха кажыць, жана яго:

— Гэта не дзіва, ды дзівушка! У маёй матушкі, у трыдзевятым царстве, у трыдзевятай зе**млі стаіць пад горадам дуб, ні здумаць, ні згадаць! На тым дубе дванаццаць кокатаў, а на тых кокатах дванаццаць катоў: як угору йдуць — басні баюць, як уніз ідуць — на гуслі йграюць. Вот то-то чыстата ў маёй матушкі!

Ну, тады ён паляцеў к сваёй матцы. Матка спрашыіць:

— А што, мой сынок, што там бацька з мачахай гаварылі?

А ён кажыць:

— Як прыехалі купцы ды сталі хваліцца, што далі горада Будая не былі, і што вы гаварылі, то ўсё там стала: і сцяна, і жарабцы — такая чыстата! Дык мачаха кажыць: «Гэта не дзіва, а дзівушка! Ёс[ц]ь у маёй матушкі, у трыдзевятым царстве, на трыдзесятай зе**млі дуб; на тым дубе дванаццаць кокатаў, на тых кокатах дванаццаць катоў: як угору йдуць — басні баюць, як уніз ідуць — на гуслі іграюць».

Тады ён кажыць:

— Благаславі мяне, матушка, штоба ў мяне быў такей дуб!

Матка кажыць:

— Бог цябе, сынок, благаславіць!

Выйшаў ён тады за два часы да свету на крутую гару ды як крыкнуў маладзецкім голасам, багатырскім посвістам:

— Эй, ідзе-то на трыдзевятым царстве, на трыдзесятай землі ў Бабы Ягі ёс[ц]ь дуб на дванаццаць кокатаў, на тых кокатах дванаццаць катоў — прыбудзь ка мне! — каіць.

Ну, толькі ён крыкнуў, усё тое і ёс[ц]ь.

Ідуць узнова тавары. Ён выйшаў на гару, як крыкнуў маладзецкім голасам, багатырскім посвістам, гаворыць:

— Эй, купцы, купцы! Грабцы, грабцы! Грабіце к маёй гарэ! Я тавар купляю, пацэнна плачу, вас напаю, накармлю і цару гасцінчыка пашлю!

Тады яны тавар пазвалілі, дзеньгі палучылі. Ён іх накарміў, напаіў і гасцінца цару паслаў. Тады ён кажыць:

— Матушка, благаславі мяне, штоба мне праведаць, што там будзіць гаварыць ацец із мачахай!

Матка кажыць:

— Бог цябе, сынок, благаславіць!

Тады ён скінуўся галубцом і паляцеў. Прыляцеў на двор і сеў з галубцамі. Прыязджаюць купцы. Цар спрашыіць:

— Што, рабяты! Ідзе праязджалі, што чувалі, што відалі?

Яны кажуць:

— Ваша сіяцельство! Далі таго горада той купец, ці хто, бог яго знаіць, не пускаіць! Ён у нас тавары адкупіў, пацэнна заплаціў, накарміў нас, напаіў і вот гасцінца прыслаў. І што вы з жаной казалі, той дуб пад горадам стаіць, на дванаццаць кокатаў, на тых кокатах дванаццаць катоў: угору йдуць — у гуслі йграюць! Вот то-то красата!

Цар кажыць:

— Верна, гэта там мой сын! Нада з'ездзіць палядзець!

Ну, яна стала адгаварываць яго:

— Гэта не дзіва, а дзівушка! — каіць. — У маёй матушкі на трыдзевятым царстве, у трыдзесятай зе**млі ёс[ц]ь чушка-вопер. Ён па гораду ідзець, лычам арэць, а нагамі скародзіць, а вушамі сеіць і веіць. Як пройдзіць па гораду — хлебушка нейдзі дзець!

Паляцеў ён к матцы.

— Ну, што бацька з мачахай гаварылі?

— Бацька хацеў ехаць, а мачаха каіць:

«Гэта не дзіва, а дзівушка! Як у маёй матушкі ёс[ц]ь чушка-вопер. Ён по гараду ідзець, лычам арэць, нагамі скародзіць, вушамі сеіць і веіць. Як пройдзіць по** гараду — хлебушка нейдзі дзець!» А ў нас, матушка, хлеба ўмалення, дык благаславі мяне, каб да нас прыбыў такей вопер!

— Бог цябе благаславіць, сынок! — кажыць.

Ён тады за два часы да свету выйшаў на гару, як крыкніць маладзецкім голасам, багатырскім посвістам:

— Эй! Ідзе-то ў трыдзевятым царстве, у трыдзесятай землі ў Бабы Ягі ёс[ц]ь чушка-вопер. Ён лычам арэць, нагамі скародзіць, вушамі сеіць і веіць; як пройдзіць по** гараду — хлебушка нейдзі дзець! У мяне нету хлеба, прыбудзь ка мне ты, у горад Будай!

Той вопер ідзець, лычам арэць, нагамі скародзіць, вушмі сеіць і веіць; як прайшоў по гаралу, дык хлеба нейдзі дзець: па хлебу ездзяць, як па масту! Ну, тады купцы гэтыя едуць па мору. Ён ужо выйшаў, крычыць маладзецкім голасам, багатырскім посвістам:

— Эй, купцы, купцы! Грабцы, грабцы! Грабіце к майму к Будай-гораду! Я тавар купляю, пацэнна плачу!

Вот яны тавар звалілі. Ён іх накарміў, напаіў і гасцінца цару паслаў. Сам просіцца ў матушкі, кажыць:

— Благаславі мяне, матушка: я хачу праведаць, што там бацька з мачахай будуць гаварыць.

Матка гаворыць:

— Бог цябе благаславіць, сынок!

Ну, тады ён галубцом скінуўся і паляцеў. Прыляцеў на двор і слухаіць. Прыязджаюць купцы. Цар спрашыіць:

— Што, рабяты, ідзе бывалі, што відалі?

Яны кажуць:

— Далі горада Будая нійдзе не былі! Той купец тавар у нас адкупіў, пацэнна заплаціў, нас напаіў-накарміў і вам гасцінчык прыслаў. І той чушка-вопер, што вы гаварылі з жаной, там у яго! Якая чыстата!

Цар кажыць:

— Верна, гэта мой сын там! Нада з'ездзіць к яму!

Ну, жана яго стала адгаварываць:

— Гэта,— гаворыць,— не дзіва, а дзівушка! Ёс[ц]ь у матушкі мае ў каменных палатах адзінаццаць малайцоў, па дванаццаць пудоў булдава. Як пойдуць по гараду малаціць, дык мая матушка смашна спіць, у каменных палатах!

Ну, ён асеўся, не паехаў к сыну. Тады ён прылятаіць ка двару і стаў малайцом. Матка спрашыіць:

— Што, сынок мой? Што там бацька з мачахай гаварылі?

Ён кажыць:

— А што? Як прыехалі купцы, сталі расказваць, што яны далі нійдзе не былі, толькі ў горадзе Будаі: той купец у нас тавар адкупіў, пацэнна плаціў, нас накарміў-напаіў і вам гасцінца прыслаў; бацька кажыць: «Верна, гэта мой сын! Нада з'ездзіць к яму!» А мачаха стала адгаварываць яго, гаворыць: «Гэта не дзіва, а дзівушка! А ёс[ц]ь у маёй матушкі ў трыдзевятым царстве, на трыдзесятай зе**млі каменныя палаты; там адзінаццаць малайцоў, па дванаццаць пудоў булдава; як пойдуць па гораду малаціць, дык мая матушка крэпка ў каменных палатах спіць!»

І заплакаў: што мае браты так дужа страдаюць! Тады гаворыць:

— Матушка, вазьмі спячы дванаццаць праскурак і з свае грудзі малака прыцыркні! А я пайду к кавалю, булдаву каваць!

І заказаў сабе на дарогу булдаву дванаццаць пудоў весам. Тады ён скаваў булдаву, выйшаў за горад і кінуў яе ўгару, за воблакі. Яна там лятала-лятала, тады ляціць уніз. Ён узяў выснавіў правую ладонь. Дык яна як ударылася, дык і рассыпалася! Ну, тады ён пайшоў назад к кавалям. Яны перадзелалі яму: палавіна жалеза, а палавіна сталі. Ну, тады ён выйшаў за горад, як кінуў яе ўгару за воблакі, йна там лятала-лятала, потым ляціць уніз. Ён узяў, шапку здзеў і выснавіў лоб. Яна як ударыць яму ў лоб, дык толькі ўвагнулася. Тады ён гаворыць:

— Ну, рабяты, хараша будзіць!

Прыйшоў у двор, узяў дванаццаць праскурак, папрашчаўся з маткай і пайшоў к Бабе Язе, у трыдзевятае царства, у трыдзесятую землю.

Ну, тады, як ісці, дык ісці, скора кажацца, ды няскора дзелаецца. Прыйшоў к Бабе Язе. А яна спіць, яны аддыхаюць — толькі булдовы на гарэ тырчаць. Ён узяў праскуркі на булдовы ўсклаў, а сам за камень схаваўся. Ну, тады яны адзін другога тоўх-тоўх! «Будзем, братцы, уставаць малаціць!» Вядома, яны ў яе ў цьвіку. З'елі праскуркі. Вецер як дунуў, дык яны пачулі маткіну кроў.

— Эй, брат,— кажуць,— брат у госці прыйшоў!

Тады ён выйшаў, кажыць:

— Укажыце мне яе!

А яны кажуць:

— Брат, уцякай!

А ён кажыць:

— Такую яе, гэтакую! Толькі ўкажыце мне яе ды памажыце тады мне! Я пайду яе сваёю булдавою біць!

Яны тады яму ўказалі яе, а самі пайшлі малаціць. Прыходзіць ён туды к ёй, ажны яна спіць: із наздзёр дым шыбаіць, із рота полынь, а з вушэй іскры сыплюцца. Ну, тады ён прыйшоў, раз трэснуў по лбу — не чуіць! Другі раз — пачула, схваціліся. Яна йго агнём паліць, дымам душыць. Ён тады крыкнуў на братоў. Браты падскачылі і забілі яе. Ён тады ўзяў вазоў пяць саломы, палаты яе запаліў, братоў узяў за рукі і павёў у сваю старану, у свае царства.

Прыводзіць ён іх дамоў к матцы. Яны пакланіліся матцы, паздароўкаліся і жывуць у Будай-горадзе з братам. Як пойдуць па гораду гуляць — голас у голас, волас у волас, ва лбу звёзды, у патыліцы месік, па запасця ў серабры, па калені ў золаце — дык увесь горад ззяіць! Ну, тады цар гэты пасылаіць сваіх купцоў з таварамі. Купцы едуць па мору: ён выйшаў на гару, крычыць маладзецкім голасам, багатырскім посвістам:

— Эй, купцы, купцы! Грабцы, грабцы! Грабіце к майму гораду: я тавар пацэнна купляю, і вас напаю-накармлю, і цару гасцінца пашлю!

Яны прыязджаюць, тавар звалілі; тады ён іх напаіў-накарміў, цару гасцінец даў і дамой адпусціў. Тады кажыць матцы:

— Матушка мая радзімая! Я, — кажыць,— братоў атыйскаў,цяпер як ба айца ў свой Будай-горад звараціць? Ці ёс[ц]ь там у мачахі якея загадкі, ці няма?

Матка кажыць:

— Бог цябе благаславіць, сынок!

Тады ён скінуўся галубцом і паляцеў к бацьку. Купцы як прыехалі, цар спрашыіць:

— Ну што, купцы-грабцы! Ідзе бывалі, па якіх гарадах, па якіх старанах ездзілі? Што чувалі, што відалі?

Тады яны кажуць:

— Ваша сіяцельство! Далі таго горада той купец, ці бог яго знаіць, не пускаіць! І што вы з жаной тут гаварылі, то тое там прыявілася: там дванаццаць братоў стала!

Мачаха як пачула, што яны сыйскаліся і што яе маткі ўжо на свеце няма, дык яна схваціла нож і закалолася. Тады тэй цар кажыць:

— Слава табе госпадзі, што бог апрастаў маю галаву ад акаянныя сілы! Паеду я к сваёй жане, к сваім дзяцём!

Тады ён паляцеў дамой. Прыляцеў дамой, здзелаўся маладцом. Матка кажыць:

— Што ж ты чуў?

А ён кажыць:

— А вот што я чуў: як прыехалі купцы ды сталі расказываць, што мы відалі ў Будай-горадзе дванаццаць братоў — голас у голас, волас у волас, ва лбе звёзды, у патыліцы месік, па запясця рукі ў серабры, па калені ногі ў золаце, як пойдуць па гораду гуляць, дык увесь горад ззяіць,— дык як пачула гэта мачаха, увазнала, што яе матку забілі ўжо, дык яна ножам сябе закалола. А бацька кажыць, гаворыць: «Слава табе, госпадзі, што бог апрастаў маю галаву ад акаянныя сілы! Цяпер,— кажыць,— пайду к сваёй жане і к сваім дзяцём!» Слава богу, ацец у госці заўтра к нам будзіць! Матушка, благаславі мяне, штоб за два часы да свету правесці дванаццаць вёрст дарогу, выбіць красным сукном і цераз мора мост — залатая масніца і сярэбраная масніца, залаты стоўп і сярэбраны стоўп.

Матка сказала:

— Бог цябе благаславіць, сынок!

За два часы да свету выйшаў ён на гару. Як крыкніць маладзецкім голасам, багатырскім посвістам, гаворыць:

— Я дажыдаюсь айца ў госці! Штоба да свету цераз мора мост вымасціўся і штоба была дарога на дванаццаць вёрст, і гэту дарогу красным сукном уваслалі!

Як ён толькі сказаў, так сійчас адкуль явіліся масцяры, усё гэта зработалі. Чуць-дзень едзіць цар к жане ў госці. Прыехаў, паздрастуваўся з жаной, з дзяцьмі. І стаў жыць у Будай-горадзе. І цяпер там жывуць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 303-315
Крыніца: скан