epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Іван Іванавіч — рымскі царэвіч

Жыў сабе адзін цар. Імеў ён у сябе аднаго сына і тры дачкі. Цяпер ён — да й жа ён памёр у старасці. Мала ён пражыў; не знаў ён, што так скора дасць бог смерць,— не даў ён ніякага парадку свайму сыну. Застаўся ён малалецен ад яго, а дзеўкі гэтыя парадашныя, на выданні ўжо. І жыў ён без бацькі паўтара гада, з дзеўкамі. Потым прыходзяць к яму тры чалавекі:

— Здрастуй,— каець,— Іван Іванавіч — рымскі царэвіч!

— Здрастуйце,— гаворыць,— здрастуйце! Ну, што ж вы ка мне,— каець,— прыйшлі?

— А мы прыйшлі,— кажуць,— у сваты: аддай,— каець,— большую сястру за нас!

— Да за каго ж за вас аддаць?

— За ўсіх за нас!

— Каторы ж вы,— гаворыць,— жаніхі?

— Да ўсе мы,— каець,— жаніхі!

— А каторыя сваты? — каець.

— Усе мы,— каець,— сваты!

Ну, ён думаў-думаў, аддаў. Узялі яны сястру большую, павялі з сабой. На другі дзень вечаром зноў прыходзяць утрох:

— Здрастуй, швагра!

— Здрастуйце! Ну, чаго вы,— гаворыць,— прыйшлі?

— Да прыйшлі ў сваты: аддай,— каець,— сястру за нас, другую!

— За каго ж за вас аддаць?

— За ўсіх за нас: мы ўсе жаніхі,— каець,— і сваты!

Ну, аддаў ён і сярэднюю. Узялі яны, павялі з сабой. На трэцюю ноч то ж сама прыходзяць яны ўтрох:

— Здрастуй, швагра!

— Здароў, швагры!

— Аддай,— каець,— сястру й трэцюю за нас!

— За каго за вас,— каець,— аддаваць? Я не ведаю, хто з вас жаніхі, хто сваты.

— Усе мы,— гаворыць,— жаніхі і сваты!

Тады ён думаў-думаў і аддаў. Аддаўшы сястёр усіх трох, думаў-думаў ён, саскучаў адзін. Хадзіў-хадзіў: «Што тут дзелаць? Паеду ў белы свет шукаць сясцёр!» Сам не ведаець куды. Прыходзіць ён у стайню, хацеў паехаць куды — усе коні паўпадалі на нагі, ніводзін не падліцаець яго везці, не можаць ніводзін. Цяпер ён як пайшоў на горад: ходзіць, тужыць, ташнуець. Сустракаець ён на горадзе бабку. Ідзець бабка — гадоў трыста ёй было.

— Здрастуй, бабка! — гаворыць.

— Здароў, здароў, Іван Іванавіч — рымскі царэвіч! Чаго ты тужыш, аб чым ташнуеш, Іван Іванавіч?

— Ах, бабка мая,— гаворыць,— пралюбезная, тужу і ташную: аддаў сваіх сясцёр,— гаворыць,— усіх трох сваіх, і не ведаю, куды, што, як. Хацеў ба,— гаворыць,— праведаць, дзе, пашукаць ба іх на свеце, увайшоў у стайню — ні [а]дзін конь не стаіць у стайні: усе паўпадалі на ногі. Ніводзін,— гаворыць,— конь не падліцаець мяне везці!— гаворыць.

Яна цяпер яму атвяшчаець, гэта бабка:

— Ах,— каець,— Іван Іванавіч — рымскі царэвіч: ідзі ты,— каець,— на свой двор, і ў цябе,— гаворыць,— на дварэ стаіць слуп, а пад тым слупом,— гаворыць,— склеп, а ў тым склепе,— гаворыць,— стаіць лошадзь, збруя латна, скап’ё булатна — конь багатырскі. Стаіць ён ужо трыццаць тры гады. Ты яго,— гаворыць,— вызваль адтуль, ты на ём можаш праехаць!

Ён цяпер гэтай бабцы падзякаваў:

— Дзякуй табе, бабка пралюбезная, за тваю раду!

Прыходзіць ён дамоў, на дварэ стаіць слуп. Ён, добры маладзец, выняў тэй слуп, відзіць — пад слупом склеп. Ён склеп адчыніў, сказуець яму лошадзь так:

— Ах,— каець,— Іван Іванавіч — рымскі царэвіч! Дзякуй табе, што ты мой вызваліў дух: я тут доўга прастояў,— гаворыць.— А цяпер,— гаворыць,— мы з табой свету павідаем!

Ён яго выхваціў адтуль, выняў тую збрую, просіцца ён у яго да ветру прагуляць:

— Я,— гаворыць,— зусім заплесневеў, тут стоя! — гаворыць.

Так ён яго і пусціў на волны свет. Гэта лошадзь лятала-лятала па свеце, потым у тры часы к яму прыбыла. Атвяшчаець яму:

— Іван Іванавіч — рымскі царэвіч! Вазьмі ты з сабой пара сакалоў,— птушак такіх, і пара хартоў,— гаворыць,— і паедзем у белы свет, па свету любаваць!

Едуць яны, едуць, уз’язджаюць на такое поле — гэтакае незмярное поле! А на тым полі войска пабіта, што конь ідзець па шчоткі ў крыві. Ён уз’ехаў пасярод войскі тыя і пытаецца:

— Ах,— гаворыць,— ці не ёсць хто тут, сярод гэтыя войскі, недабіты, раняты альбо бязрукі, ці не мог ба ён мне,— гаворыць,— атвеціць, хто гэту войску выразаў, столькі людзей палажыў гэтак?

Ажно ўстаець — з цугун галава, а па ложцы вочы:

— Здрастуй, Іван Іванавіч — рымскі царэвіч!

— Здрастуй!

— Чаго блудзіш,— гаворыць,— чаго шукаеш, чаго ты пытаеш?

— Я,— гаворыць,— шукаю й пытаю, хачу ўзнаць, хто гэта войска выразаў гэтак?

Ён гаворыць:

— Нечага ні шукаць, ні пытаць — аб’едзь тры разы вакруг войска, дык ты яго след увідзіш: бы ён ці па крыві, ці па сухому — дык усё па шчоткі конь ідзець. Дык ты яго найдзеш! На што,— гаворыць,— быў я сі**лен, да галавой налажыў і войску ўтраціў, а нічога не падзелаў!

Сам сычас атвеціў яму, так сычас ізноў там і лёг, гэты самы!

А ён уз’ехаў на гэты след і паехаў гэтым следам. Едзець, едзець, уз’язджаець шчэ на большае поле. Ажно па тым полі шчэ паўтары часці войскі паложана, як тое. Ён уз’ехаў пасярод войскі:

— Ах,— гаворыць,— ці не ёсць тут які недабіты або бязвокі? Ці не мог ба ён мне атвеціць, хто тыя войскі выразаў гэтак?

Ажно ўстаець і гаворыць яму — з цэбар галава і, як ба сказаць, вочы па чом у яго былі — ну, хай па ложцы вочы. Атвяшчаець:

— Здрастуй, Іван Іванавіч — рымскі царэвіч, чаго блудзіш, чаго шукаеш, чаго ты пытаеш?

А ён атвяшчаець:

— Да езджу,— гаворыць,— пытаю й шукаю, хацеў ба я знаць, хто гэтыя войскі павыразаў гэтак?

Ён яму атвяшчаець:

— Іван Іванавіч – рымскі царэвіч! Нечага ні шукаць, ні пытаць — аб'едзь вакруг войскі, яго след знашно: ці па сухой зямлі, ці па крыві — усё конь па шчоткі ідзець у зямлі!

Ён падзякаваў і паехаў. Найшоў яго след і паехаў яго следам. Едзець, едзець, уз’язджаець яшчэ на большае поле. Аж на тым полі ўжо ў тры часці войскі паложана болей, як гэта. Ён уз’ехаў пасярод войскі гэтае і пытаець, гаворыць:

— Ці не ёсць тут які недабіты алі які-небудзь можа закраўся так, хто б мне атвеціў, хто гэту войску павыразаў гэтак?

Устаець к яму — з кацёл галава, а па цабру вочы:

— Здрастуй, — гаворыць, — Іван Іванавіч — рымскі царэвіч!

— Здароў, — гаворыць, — здароў!

— Чаго ты ездзіш, чаго шукаеш, чаго пытаеш?

— Да езджу,— гаворыць,— шукаю і пытаю, хачу знаць, хто гэту войску павыразаў гэтак?

— А калі хочаш, дак пападзеш яго,— каець.— Я,— каець,— быў чалавек, а з ім во і войску пацяраў і галавой налажыў, а нічога з ім не падзелаў! Тройчы,— каець,— аб’едзь вакруг войскі, яго след знашно: ці па сухой зямлі, ці па крыві — усё па калені конь ідзець у зямлі!

Тады ён аб’ехаў каля войскі, папаў гэты след і гэтым следам і паехаў. Едзець, едзець і відзіць — багатырскі дым ідзець. Дык ён уз'язджаець туды, дзе дым ідзець, аж там тры елкі ўкучы стаяць, і між елак багатырскі слупок стаіць і гарыць цяпелца, багатырскі дым ідзець.

— Ну,— каець,— гэта ваяві**цель той.

Прыязджаець ён к гэтым елкам, ссеў з каня і пусціў яго, а сам зайшоў к гэтаму цяпелцу туды. Ажно гэты багатыр спіць, бяссмертна спіць — утаміўся крэпка дужа. Ён цяпер узяў, яго збрую і ўсё абабраў, нічога каля яго не пакінуў. Цяпер пайшоў да збрую з лошадзя падчэпліваў і адышоў далёка ад лашадзей і ўкапаў у зямлю. Ну, цяпер гэтак ён зрабіў,— у яго пара сакалоў і пара хартоў і ў яго пара сакалоў і пара хартоў. Ён тады пусціў сваіх сакалоў на яго. Сакалы гэтыя біліся-біліся, біліся-біліся, потым таго, што спіць, узялі змагаць яго сакалоў. Як толькі змагаць сталі, так узялі паляцелі гуляць, лётаць і сталі дружыць крэпка. Тады ён узяў успусціў хартоў на хартоў. Харты гэтыя як узяліся грызціся, грызліся-грызліся, грызліся-грызліся — таго харты змагаюць яго хартоў. Цяпер, як толькі, значыцца, змаглі, сычас узялі па ласцы гуляць і бегаць і адзін з адным жартаваць. Цяпер узяў лашадзей па[а]двязваў і пусціў адзін на [а]днаго. Гэты лошадзі як сталі біцца — біліся-біліся, біліся-біліся — таго конь змог яго каня. Як змог, сычас сталі адзін аб аднаго часацца, лізаць — па ласцы сталі жыць. Цяпер ён думаў, думаў, але ўзяў пераксціўся:

— Госпадзі,— каець,— багаславі! Памажы, божа!

Прыйшоў, развёў руку, як ударыць у вуха яго! Спіць, ані не чуець! Ён другі раз развёў руку — як дасць яму! Спіць, ані не чуець! Трэці раз:

— Ах,— каець,— тваю такую!

Як пекануў — тэй усхваціўся. Як усхваціўся, сычас за [з]брую — няма збруі. Яны на**ўгрудкі як сцапіліся, пачалі вадзіцца. Вадзіліся-вадзілсія, вадзіліся-вадзіліся, ён, добры маладзец, на ўхваткі быў масцер — падхваціў яго пад нагу, зваліў неяк. Як зваліў, сызорык выхваціў з кішэні — рэзаць яго. Расхінуў грудзі, ажно — жэншчына!

— Ах, тваю такую! Жэншчына, а так ваюецца!

— Стой,— гаворыць,— Іван Іванавіч — рымскі царэвіч! Я пароўніцы сабе шукала — слава богу, найшла! Будзем мы з табой сярдэшня жыць!

Так ён сычас гэта дзела сустанавіў. Селі яны, паздароўкаліся адна з адным і давай разгаварваць. Яна яго завець у сваё царства, а ён яе ў сваё:

— Паедзем,— каець,— ка мне!

Ну, на том стала, што яна яго перапёрла: паехалі ў яе старану. Цяпер, прыехалі ў яе царства, а ў яе быў бацька ста**ранькі-ста**ранькі. Цяпер, яна яму пазволіла:

— Хадзі,— гаворыць,— Іван Іванавіч, усюдах хадзі, толькі каля гэтыя хізобкі не хадзі!

Паказала яму так хізобку маленькую — лычкам завязана, ступай зака**чана. Цяпер, яны ходзяць дзень, і два, і тры: паказвала, дзе хадзіць яму, дзе не хадзіць. Ну, потым пусціла яго ўжо на волю, аднаго хадзіць. Ён гэта сабе думаець — так магнушшы1 яго цягнець: «Што гэта, што няможна мне ля тые хізобкі йці?» Узяў і пайшоў. Толькі ідзець ля тые хізобкі, ажны атвяшчаець у гэтай хізобцы:

— Ах,— гаворыць,— Іван Іванавіч — рымскі царэвіч! Адчыні ты,— гаворыць,— гэту хізобку, спусці ты,— каець,— хоць дух мне! Я табе,— каець,— век прадоўжу! Смерць — мая сястра, я табе век прыбаўлю другі жыць!

Ён цяпер узяў, скраўся як-небудзь, лычка гэта адвязаў, ступу адкаціў і адчыніў хізобку. Калі па[г]лядзіць, аж на сцяне гваздамі прыбіт такі маладзец — чысты, прыгожы — нячыстая сіла гэта. І конь на ланцугах прывязаны стаіць. А яе бацька дужа быў сільны асілак, багатыр быў. А гэты нячыстая сіла заляцаўся к тэй царэўне. Дык бацька гэты ўзяў да яго к сцяне і прыкаваў на шэсць гваздоў: адзін гвозд у ногі, склаўшы ногі, тады ў сярэдзіну, проці сэрца гвозд, і ў лоб гвозд, і па руках, па ладонях, па гвазду. Тады ён гэта спужаўся, узяў дзверы яму адчыніў — дух яму спусціў, так сычас зачыніў, лычкам завязаў, ступай закаціў, і сам быў — да й няма — адгэтуль! І гэтак стаў ён смуцен, што божа мой! А ён да яму атвеціў:

— І табе гэтак будзець, як і мне! І я быў з чалавека!

Ну, уходзіць яна, у яго пытаецца:

— Чаго ты сасмуціўся,— гаворыць,— Іван Іванавіч, ці не быў ты каля хізобкі?

— Ды не, чаго мне іці, куды мне не трэба? Так сасмуціўся!

Ну, потым ён знова ходзіць сабе, ходзіць, цягнець яго магнуш, каб апяць праведаць хізобкі тыя. А яна ўзяла пілнаваць ужо. Ён хадзіў, хадзіў, знаець тое, што яна пілнуець яго — якто ён скраўся. Ідзець каля гэтыя хізобкі, ажно ён спрашыець:

— Ах,— каець,— Іван Іванавіч — рымскі царэвіч! Зайдзі,— каець,— у хізобку, вырві ў мяне хоць з сэрца гвозд! Мая сястра — смерць,— каець,— я табе трэці век прыбаўлю насупраці твайго!

Ён сычас лычка адвязаў, ступку адкаціў, увайшоў у гэту хізобку, зачапіў нагцямі за гвозд за гэты, вырваў гвозд з сэрца з яго. А сам быў — і няма. Зачыніў хізобку зноў. Цяпер ходзіць ён, так сасмуцеў, што гвалт. Яна ў яго пытаець, каець:

— Іван Іванавіч — рымскі царэвіч! Чаго ты смуцен так! Ці не ходзіш ты там, каля хізобкі каля гэтыя!

— Да не,— каець,— што мне прыйшлося хадзіць!

— Я,— каець,— думаю, што ты каля гэтыя хізобкі ішоў,— можа, зданнё табе здавалась?

— Да не,— каець.

Не прызнаецца. Тады ён хадзіў-хадзіў, хадзіў-хадзіў па двары там, узнова яго цягнець, каб каля тыя хізобкі ісці. А яна ўзлезла на трэці атаж на вакошка і пілнуець гэта яго: куды гэта ён, дзе ён ходзіць? Ажно сычас яна й не ўпілнавала яго: забег ён ў гэту хізобку. Просіць ён яго, каб са лба вырваў гвозд. Ну, ён вырваў, запёр, закаціў хізобку.

— Ну,— каець,— будзеш ты чатыры вякі жыць: адзін свой, а тры маіх ужо!

Сычас і сасмуціўся ён так, што ўжо не можаць хадзіць зусім. Ну, яна гэта і ўзнала, што мусіць ён праведаў гэтыя хізобкі. Цяпер яна давай яго пілнаваць яго гэтак, што куды толькі ён павернецца, яна сычас і відзіць яго — на вачах пасець. Ажно ён гэтак хадзіў-хадзіў, хадзіў-хадзіў — сычас за хізобку за гэту, адчыняць. Яна як увідзела, сычас праз вакошка да к яму. Прыбягаець туды, а ён ужо з рук вырваў два гвазды яму. Як толькі яна гэта на парог туды к яму, а ён гэта павырваў гвазды. Так ён сычас з ног сам гвозд вырваў, саскочыў да ў лошадзя ланцугі троп! Вывеў вон лошадзя, а яна на парозе.

— Ну,— каець,— слава богу, чаго хацеў, таго й застаў!

Ухваціў яе да на каня, і пайшоў пад небяса! А ён і застаўся адзін! Агу! Як застаўся ён адзін, спужаўся дужа:

— Што я зрабіў гэта?

Дык ён тады полы падкасаў да за ёй уздагон. Ну, дзе ж ты дагоніш: тэй на кані да й пайшоў пад небяса, а ён і каня не ўзяў свайго — адрокся ўсяго! Як дасць пяшком! Бег-бег, бег-бег, узбягаець ён на поле, на чыстае поле. Аж на гэтым полі стаяць каменныя палацы, гэтакія, што там агледзецца ад іх. Убягаець ён у гэтыя палацы, у вадны дзверы, у другія і ў трэція — ажно сядзіць за столам яго меншая сястра, кніжку чытаець, і гэтак-та сілна плачыць. Ускочыў ён у пакой ды кажыць:

— Здарова, сястра!

— А, здароў, здароў, брацец,— гаворыць,— з вумом,— каець,— жану нажыў, але бязумна зжыў!

— А дзе ж твой,— каець,— муж?

— А,— каець,— пабег за тваёй жаной, за сваёй сястрой уздагоны!

А то быў Вецер, сястры яго муж. Ён тады:

— Прашчай,— каець,— сястра!

Знова, полы падкасаўшы, пабег. Як бегчы дык бегчы, як бегчы дык бегчы, як бегчы дык бегчы, узбягаець ён — яшчэ поле большае і палацы мудрэйшыя за гэтых, пазлачаныя вокны. Убягаець ён у гэтыя палацы, ажно сядзіць яго сястра сярэдняя за столам і кніжку чытаець і сілна плачыць:

— Здрастуй,— каець,— сястра!

— Здароў, здароў, брацец! З вумом жану нажыў, але бязумна зжыў!

— А дзе,— каець,— твой муж?

— Ды за тваёй жаной, за сваёй сястрой уздагоны пабег!

А гэта Віхор быў.

— Ну, прашчай,— каець,— сястра!

Папрашчаліся, і пайшоў знова, полы падкасаўшы. Цяпер ён узноў, як бегчы дык бегчы, як бегчы дык бегчы, узбягаець ён яшчэ на поле — гэтакае поле, што чыстае, гараватае, прачыстае! І гэтакія палацы — разгледзіцца проста. Прыбягаець ён к гэтым палацам, уходзіць ён у адну комлату, у другую, у трэцюю заходзіць — ажно сядзіць яго сястра большая за столам, кніжку чытаець і гэтак-та сілна плачыць, што бядоўна!

— Здарова, сястра!

— А, здароў, здароў, брацец! З вумом жану нажыў, але бязумна зжыў!

— А дзе,— каець,— твой муж?

— Ды пабег уздагоны за тваёй жаной, за сваёй сястрой!

Пташачы цар быў.

— Ну, прашчай, сястра!

Папрашчаліся і пабег. Як бегчы дык бегчы, як бегчы дык бегчы — прыбягаець ён к мору. Бегаець каля мора: некуды ўжо іціць дальшы. Ажно стаяць яго швагры, усе ўкучы і разгаваруюць адзін з адным. Прыходзіць ён к ім:

— Здрастуйце, швагры!

— Здрастуй, здрастуй. А,— каець,— з вумом жану нажыў, да бязумна зжыў! Што нам рабіць з табою?

— А што ж,— каець,— швагры: што хочаце, то й робце са мной! Было ёй аявіць мне гэта! А то ён сказаў, што і я быў чалавекам і табе,— каець,— будзець гэта! Я пачом знаў?

Цяпер Вецер каець:

— Я б,— каець,— яе выкруціў у яго з рук, ну яна цяжала дужа — не паддзержу яе!

Віхор тож сама:

— Я б,— каець,— тож выкруціў яе, завінтаваў ба яго, закруціў, да тож не ўдзержу: ці так — прапала, ці так — прапала!

А Пташачы цар:

— Тож ба,— гаворыць,— і я наслаў ба,— гаворыць,— кручча, варання, вочы б выдралі яму; ну, што ж,— гаворыць,— цяжола, няможна паддзержыць яе: хоць так — прапала, хоць так — прапала!

Ён цяпер каець:

— Ах, швагрочкі вы мае любыя, ці не можаце вы мяне перабавіць на той бок мора? Няхай ба,— каець,— дзе яна прападаець, хай ба і я прападаў там! Мне ж,— каець,— аднако**ва ўжо!

Цяпер Пташачы цар:

— Ну,— каець,— пагадзі, ты цяжол, мы цябе не перанясём,— гаворыць. — А ёсць,— каець,— у мяне такая пціца, што як сядзець, дак сем маргоў2 лесу бгаець3 пад сабой толькі. От тая,— гаворыць,— цябе перанясець!

Сычас як узяў ляску, як крутнець, як матнець, як крыкнець... Божа вялікі! Як узяло гэта вараннё сабірацца, розныя пціцы! А яе нямашацькі, тыя птушкі!

Ён ізноў тропнець, як лопнець, крутнець палкай — яшчэ ў большую рэдзь зляцелася птаства, а яе няма. Трэці раз як крыкнець, тропнець, лопнець ляскай — прыляцела! Ён тады хацеў яе наказваць. Яна давай прасіцца ў яго:

— Ах,—гаворыць,— ваша нпяратарства! У вас,— каець,— ёсць дзеткі, вы ж такі за імі глядзіце, так не пакідаеце, і ў мяне,— гаворыць,— дзеткі дробныя, трэба ж ім прыгатаваць што. Я знаю, што вы мяне ў дарогу адпраўляеце. А цяпер жа,— каець,— вы мяне з чым выпраўляеце ў дарогу? Харошы хадзяін выпраўляець батрака, дак хлеба даець і навары там даець якія-небудзь, усё так не выпраўляець!

— А што ж табе трэба на дарогу?

— Ды якія-небудзь,— гаворыць,— гавядзіны бачонкі са два!

Тут сычас ён, птаства гэтага набілі, варання якога, таго-сяго, наскублі, наклалі ёй два бачонкі, два паўрэзы4 парадашных. Ну, цяпер устанавілі на крылля, і ўссеў гэты Іван Іванавіч — рымскі царэвіч і бачонкі гэты дзяржыць. І яна яму атвяшчаець:

— Што,— гаворыць,— глядзі ж ты,— гаворыць,— я буду іці-іці, іці-іці, як толькі зір набок, дык ты мне шцер мяса ў дзюбку, дык я й далей,— гаворыць.

Ну, яны й паляцелі. Дык ляціць-ляціць, ляціць-ляціць, а далі зір назад! Ён ёй торк у дзюбку — яна й далей. Агу! Ён торкаў, торкаў, па[а]ддаваў усё. А тут толькі бераг відаць шчэ; як вокам скінуць, дак бераг толькі. Агу! Нечага яму даваць. Глядзела яна, глядзела ўсё: зір назад — няма нічога, зір назад — няма нічога! Яна й ніжы, яна й ніжы. Тады ён узяў, з нагі сапог зняў, сваю ікру адрэзаў ды ў рот ёй! Павышала троху. Іці-іці, апяць зір назад — няма нічога, зір назад — няма нічога! Тады ён сапог другі ізняў, другую ікру адрэзаў, таркануў ёй у рот. Паднялася яна вышы. Да ўжо на бераг выходзіць саўсім. Тады яна отвяшчаець яму, што, ну, ідзі здароў, а я ўжо, можа, мяне так бог перанясець цераз мора!

Ну, як перанясла яна яго, ссеў ён. Яна гаворыць:

— Ну,— каець,— што ты мне за мяса даваў напасле**?

— Што я табе даваў? Мяса ўсё даваў!

— Не,— каець,— ты прызнай, бо будзеш не чалавекам!

Ён тады каець:

— Ікры табе даваў свае!..

— Ну,— каець,— здзявай сапагі!

Ён здзяваў. Яна карханула, ікры тыя выкархнула. Ён прылажыў, яна дмухнула — яно й прыжыло. Тож і другую таксама:

— Прыкладавай!

Ён прыклаў. Яна дмухнула, і прыжыло.

— Цяперыча,— гаворыць,— ідзі з богам, а я палячу к дзяцём к сваім; можа, мяне так бог перанясець!

Папрашчаліся адзін з адным і разышліся.

Цяпер ён як іці дык іці, іці дык іці — двое сутак не еў ужо, як выйшаў. Абнімаець яго цёмная ноч. Сычас ён заходзіць дзе-нібудзь у лясок там. Стаіць там у краі асіна, бальшая асіна, пра[а]громная. Ён пад гэтай асінай расклаў цяплушко і лёг наўзлакотках. Аблакціўся і думаець, як што бог дасць. Ажно сычас у гэтай у васіне птушачкі такія, сінічкі называюцца, ціўкаюць у гэтай асіне. Цяпер ён думаў, думаў, але думаець: «Палезу! Можа, гэта мне паслаў гасподзь на прапітанне. Палезу, дастану іх, абсмалю і з’ем, хоць трошачку не так буду есць хацець!»

Падлязаець ён туды і стаў іх браць адтуль. Яны атвяшчаюць яму:

— Ах,— гавораць,— Іван Іванавіч — рымскі царэвіч! Ты на нас,— каець,— не хацеў глядзець, а цяпер табе прыйшлося есць нас. Ды не руш нас: мы табе будзем знадобны,— каець,— а ты будзеш нашымі малітвамі сыт!

Ён цяпер і кінуў, не браў іх, лёг. Так яму есці не захацелася, і сыт ён даволна. Назаўтрага ўстаець рана, памыўся, богу памаліўся, марш і пайшоў. Як іці дык іці, іці дык іці, у каго спытаецца:

— Сколькі вёрст да такога й такога?

— А,— каець,— вёрст пяцьсот, а можа,— гаворыць,— шэсцьсот будзець да яго!

Абнімаець яго ўзнова цёмная ноч; сколькі ён там за дзень убег, бог яго знаець; заходзіць ён у дубнік — ідзе і раскладаець цяпло. А есць хочыць дужа. Расклаў ён пад дубам цяпло, гэты дуб прыгрэўся, ажно ў гэтым дубе пчолы гэтыя, палявыя. І зашумелі яны там у вуллі. Ён тады слухаў, слухаў, а тады:

— Ах, госпадзі! Можа мне гэта на ўпітанне бог паслаў! Палезу! Вазьму галавешку якую і палезу! Можа тут мёд ёсць: дастану, акраплюся за сколькі днёў!..

Пчолы гэтыя атвяшчаюць яму:

— Іван Іванавіч — рымскі царэвіч! Не руш ты,— гавораць,— нас! Ты на нас, бывала, не хацеў глядзець, а цяпер табе прыйшлося нас есць,— гавораць.— Ты будзеш,— гавораць,— нашымі малітвамі сыт: малісь богу да лажысь спаць. А мы табе будзем знадобны,— гавораць.

Так ён сычас богу памаліўся і спаць лёг. Назаўтрага рана ўстаець, памыўся, богу памаліўся, марш і пайшоў дарогай. Як іці дык іці, як іці дык іці — абнімаець яго знова цёмная ноч. Ідзець ён па ўзбярэжжу, каля мора. Чыстае, нічога няма, толькі адзін камыш гэты, трыснік, значыцца. Ён тады ўзяў, цяпло выкрасаў, трысніку гэтага наламаў і расклаў на беразе агнюшок. Ажно з мора рак марскі паўзець на бераг! Гэткі бальшушчы, сахрані бог. Ён тады гэтага рака ляскай падчапіў — варух у вагонь.

— Хоць я гэтага рака з’ем,— гаворыць.

Гэты рак атвяшчаець яму:

— Ах,— каець,— Іван Іванавіч — рымскі царэвіч,— гаворыць.— Я,— каець,— выйшаў з мора заморскага чалавека глядзець, што тут за людзі,— гаворыць,— а ты мяне ў вагонь вернеш! Ты на нас упярод не хацеў [г]лядзець, а цяпер табе прыйшлося есці нас. Да ты маімі,— гаворыць,— малітвамі сыт будзеш. А я табе,— гаворыць,— знадобен буду!

Цяпер ён зняў яго з агня, ён і папоўз у мора. А ён памаліўся, спаць лёг. Назаўтрага ўстаў рана, богу памаліўся, марш і пайшоў. Прыходзіць ён туды, дзе яго жана, у самае поўдня. Ажно таго нячыстага духа няма дома: паехаў на паляванне. Яна гаворыць тады — не то рада стала, не то не:

— А, бач ,— каець,— ты мяне і тут найшоў!

— А найшоў жа,— каець.

— А што ж будзець, што ты мяне найшоў: ты мяне адгэтуль не возьмеш!..

Дала яму есць там, пакарміла яго, і пачалі яны радзіцца:

— Што,— каець,— здзелаем: сабяромся,— каець,— суночкі,— гаворыць,— возьмем і пойдзем!

Ну, набралі харчы з сабой і пайшлі дарогай. А ў гэтага нячыстага духа, у яго было пяцьсот галубоў, і ўсе белыя, адзін у вадзін. Цяпер, быў у яго адзін голуб такі ў пяцёх сотах тых, што абы якая прычына, дык ён сычас паляціць і раскажаць. Гэты голуб к яму прыляцеў і кажаць:

— Прыйшоў,— каець,— з-за мора нейкі чалавек, узяў тваю жонку за руку і павёў,— каець.

А ён атвяшчаець:

— А бач,— каець,— ці ён і сюды прыйшоў? Як ён перабыў сюды?

Сычас ён прыпусціў на лошадзі, даганяець іх, узяў яе за руку, а на яго кажаць:

— Ну,— каець,— калі ты тут будзеш хадзіць, дык не то маіх,— каець,— чатыры вякі, а й свайго,— каець,— не дажывеш веку!

Яе ўзяў з сабою ды й павёз, а ён застаўся. Ён сеў, думаў-думаў, думаў-думаў, што тут здзелаць? Узяў назад узнова пайшоў к ёй. Пераначаваў дзе-небудзь, а назаўтрага ён раненька на паляванне паехаў знова, а ён к ёй. Ну, што ж наругацца, весць? Ра**дзілі-ра**дзілі, дык ён і гаворыць:

— Папрасі ты яго, як ба ён мяне на тэй бок мора перабавіў. Гэта што нічога не будзець — не возьмець ён яе адгэтуль.

Ну, дала яна яму паесць што-небудзь і ўсадзіла яго дзе-небудзь ускрыта. Прыязджаець ён увечары з поля.

— А што ж,— пытаецца,— быў заморскі чалавек тут?

Яна атвяшчаець:

— Ды вот відзіш,— гаворыць,— ён ля цябе дабрату здзелаў, вызваліў цябе, дык бы і ты яго на тэй бок мора перабавіў як-небудзь!..

— Большы я яго ніяк не перабаўлю,— гаворыць,— акрамя,—гаворыць,— ёсць мой брат, жывець за пяцьсот вёрст ад мяне, дык,— гаворыць,— ёсць у майго брата лошадзь такая, і яны з маім канём браты. Мой,— гаворыць,— конь пераляціць увесь свет — пяць раз даткнецца да зямлі, а яго пераляціць, братні конь, увесь свет — тры разы даткнецца да зямлі. Дык калі ён,— гаворыць,— украдзець таго каня, дык заедзець. Большы ніяк няможна!

А ён гэта й чуець. Назаўтрага пераначавалі, марш гэты нячысцік — паехаў знова на паляванне. Яна яго тады, увязала яму ў хусту харчы там сколькі-небудзь і расказуець яму гэта. А ён гаворыць:

— Я сам чуў усё гэта,— гаворыць.

Папрашчаліся і пайшоў ён. Як іці дык іці, іці дык іці — абняла яго цёмная ноч. Пераначаваў ён ноч гэту, дзе-небудзь аддыхнуў у камышы ў гэтым, устаў назаўтрача, памаліўся богу й пайшоў. Ідзець ён, ажно пасець старычок коней, стары-стары дзед. Заходзіць ён к гэтаму дзеду:

— Здрастуй, дзед!

— Здрастуй, здрастуй, Іван Іванавіч — рымскі царэвіч! Куды ты,— каець,— ідзеш, дзіця? — на яго.

— Так і так,— гаворыць,— дзядулька, іду я к гэтаму нячыстаму духу на службу!

А ён атвяшчаець яму, дзед гэты:

— Не, дзіця,— каець,— у яго,— каець,— ёсць тры кабылкі, і яна, баба, яго жана, нанімаець пастуха ў поле іх ганяць, кабылак гэтых. Дык,— гаворыць,— у яго паркан вайстраколам абгароджан, зялезны тын кругом дварца, і на ўсякай вастраколіне па галаве стырчыць. А адна вайстраколіна пустая,— гаворыць,— то пэўна твая там будзець стырчаць галава. Дак от, дзіцятка,— гаворыць,— у яе ёсць тры кабылкі; а то не кабылкі, ды яе дочкі, дык іх ніхто не ўпасець. Змовіцца пасці, як не ўпасець, дык яна галаву адрубіць і на вайстраколіну ўсторкнець. Папрабуй,— каець,— ідзі!

Ну, цяпер, сычас ідзець ён над вечар у гэты двор. Ажно гэта баба сустракаець, жонка таго: едзець на зялезнай ступе і зялезным таўкачом паганяець.

— Здрастуй, бабка!

— А здароў, здароў, заморскі чалавек! Далёка ж ты зайшоў,— гаворыць.— Чаго ж ты,— гаворыць,— жалаеш тут?

— А от, бабка, службы пытаюся: ці не выслужыў ба дзе каня сабе пераехаць на той бок мора!

— А вот, дзіцятка, у мяне ёсць тры кабылкі пасціць. Калі,— гаворыць,— упасеш тры дні, дык дам табе кабылку, а не ўпасеш, дык галаву на вайстраколіну пасаджу тваю!

— Ну, што ж рабіць: трэба паспрабаваць гэтага шчасця! Упасу дак упасу, а не ўпасу, дак што ж рабіць,— гаворыць.

Прыходзіць ён у дварэц, выдаець яна абед яму — што толькі ён пажалаў, дык яна ўсё даець.

— Ну,— каець,— цяпер аддыхні, заўтра раненька пагоніш,— гаворыць.— Яны кабылкі смірныя,— гаворыць,— дак ты іх і ўпасеш!

— Ах,— ён ёй атвяшчаець,— што ж,— каець,— аддыхаць, бабка, няма ў мяне ні путца, ні абротачкі, з чым жа пасціць?

— А вот, добра,— каець,— хадзяйскае дзіця,— каець.

Узяла яму пянькі на левы палец трыццаць беркаўцоў з інбару выкінула. А ён, добры моладзец, згроб на плечы і панёс.

— Ага, — каець,— дзіцятка, і ты не плахі малец!

Звіў сабе пугу, павіў вабраці, путы, там павіў, ізвіў пугу, такую, што!.. Памачыў у купу мазі тройчы — і купа суха. Ну, назаўтрага, пераначаваў, і выпраўляець яна яго ў поле гнаць. Дала яму харчы ў торбу, усё там і выпраўляець гнаць у поле. А ён прыходзіць толькі к варотам, адчыніў вароты ў стайні, а яны — пррр! як блохі — ведама, нячыстыя дзеці! — і паляцелі.

— Э,— каець,— бабка, ваўкі ж іх упасуць гэткіх!

— Нічога,— каець,— дзіцятка: яны там дзе сабяруцца на лажок, на лукамор’е і будуць хадзіць!

Ну, й пайшоў ён. Агу! Ён хадзіў-хадзіў, хадзіў-хадзіў да паўдня — няма кабыл, прапалі! Цяпер ён ідзець каля гэтай асіны, дзе сінічкі тыя былі, ажно ляцяць сінічкі:

— Іван Іванавіч, чаго ты шукаеш, чаго тужыш, чаго ты бядуеш?

— Ах,— гаворыць,— сінічкі мае,— гаворыць,— любыя! Змовіўся кабылак пасціць, да вот бяда,— гаворыць,— дзень хаджу, і няма іх нідзе!

— Гатуй вабраці,— гавораць,— мы табе іх папрывалакуем — яны ўсе нашы дуплі пазаймалі, нам нейдзе жыць!

Сычас ён аброць наставіць, а яны як уплятуцца ў яе, цягнуць яе к яму! Ён яе ўвяжыць, укруціць у вяроўкі, дзяржыць гэту, а яны другую валакуць. Папрывалакувалі ўсіх трох к яму. Ён іх паўвязваў, паўкручваў, звязаў іх гэтак, што няможна ніяк ім разарвацца. І гоніць іх перад сабой у гэты дварэц. Пугай як смальнець-смальнець! Дык яны аж пішчаць! Ажно гэта бабка сустракаець:

{сустракаець:

}— А дзіцятухна! Памаленьку ж ты, яны маладзенькія!

—А, — каець, — бабка, во гэта, — каець, — горшая!

Ды як дасць-дасць, дык яна аж пішчыць! Упёр іх у стайню і замкнуў.

— Ну, дзіцятка, от адзін,— каець,— дзянёк і ўпасціў! Гэта ты шчэ першы пастух гэтакі!

А гэты нячысты дух ездзіў на паляванне. Дык конь як разгуляўся і зваліў яго. Дык ён яго ўбіў троху. І цяпер сам хварэець, а гэту лошадзь узяў укапаў у землю дагары скап'ём — храбтом уніз, значыцца, а ногі ўгору. І наваліў на яго каменнем. Ён гэту лошадзь узяў выкапаў із зямлі, каменне адвярнуў тое і пастанавіў яго ў стайні; насыпаў яму аўса там, і сам прыходзіць к бабе к гэтай. Ажно гэтыя дочкі плачуць у пакоі там. А ён слухаець пад дзвярмі. Яна іх вучыць:

— Ах ,— каець,— дзетачкі, хавайцеся як-небудзь па дуплях, па пячэрах! Во ўжо дзень упасціў, а шчэ два як упасціць, дык ужо катору-катору, а трэба аддаць,— гаворыць.

Ён цяпер:

— Бабка,— каець,— трэба занесці кабылкам піва!

— А вот,— каець,— добра, дзіцятка, добра! Хадзяйскі сын! Вазьмі,— каець,— ключы да ўлі ім там у яслі!

Ён жа не панёс ім, ды каню гэтаму. Назаўтрага, даў бог дзень, сычас ён устаець да сонца, а бабка тая нагатавала яму ўжо ядзення, наскладала ў торбачку.

— От,— гаворыць,— дзіцятухна, палучай,— гаворыць,— торбачку і гані,— гаворыць,— з расою, на расу іх!

Так ён сычас тады падходзіць толькі к дзвяром, а яны — сычас пррр! паляцелі, як блохі, на мора.

— От,— каець,— бабка, і пасі іх, як хочаш!

— А,— каець,— дзіцятка, там найдзеш іх, яны будуць там па лукамор’ю хадзіць,— гаворыць.

Агу! Ён хадзіў-хадзіў дзень — нідзе няма кабылак. Ідзець ён каля дуба, каля таго, ідзе пчолы, аж яны ляцяць, пчолы.

— Ах,— каець,— заморскі чалавек! Чаго ты тужыш, чаго шукаеш?

— От,— каець,— змовіўся кабыл пасці, дык цэлы дзень не найду. Выскачылі із хлява ўранні, дык няма нідзе!

— А,— каець,— гатуй,— каець,— вабраці, мы табе іх папрывалакуем! Яны ў нас усе дуплі ў дубах пазаймалі!

Як уплятуцца ў іх — цянуць усіх трох. Ён іх паўкручваў, паўвязваў і гоніць перад сабой. Як дасць-дасць пугай, дык яны аж пішчаць. Сустракаець гэта баба яго:

— А дзіцятухна, памаленьку ты іх, яны ж маладзенькія!

— Ах,— каець,— бабка, во гэта,— каець,— горшая!

Ды як смальнець! Яны аж пішчаць. Прыгнаў і загнаў у хлеў і запёр усіх трох.

— От, ужо два дні ўпасціў, дзіцятка!

Даець яму вячэраць; ён павячэраў, богу памаліўся і лёг спаць. Даждаўся ён трэцяга дня. На трэці дзень:

— Ну,— каець,— дзеткі, хавайцеся,— каець,— у мора, па норах, па пячэрах, туды-сюды, бо калі сянні ўпасціць — катору-катору трэба аддаць яму!

Так ён сычас толькі к варотам прыходзіць з гэтай бабай, аж яны вароты выбілі і пайшлі, паляцелі! Хадзіў ён, хадзіў дзень, хадзіў-хадзіў — нідзе няма! Ідзець ён каля мора, ажно паўзець рак гэты.

— Ах,— гаворыць,— заморскі чалавек, чаго ты тужыш, чаго ты шукаеш?

— Ах,— гаворыць,— рак мой пралюбезны! Змовіўся кабыл пасціць, ды не магу знайсці іх, пахаваліся нейдзе!

— А,— каець,— твае кабылкі мне норы пазанімалі. Гатуй,— каець,— вараці, я іх табе папрыцягую!

Гэты рак як упляцецца — валачэць! Ён увяжыць, укруціць — забрытаў усіх трох, пасцягваў яму! Ну, й гоніць іх дамоў ды дасць-дасць! Сустракаець яго баба гэта за тры вярсты шчэ:

— А дзіцятухна,— гаворыць,— а памаленечку ж ты! А не бі ж ты іх! А дзіцятухна!

А ён смаліць!

— Во гэта,— каець,— воўк яе рэж, горшы за ўсіх!

Загнаў-такі іх у хлеў, упёр іх. Каня падгадаваў, а сам пад дзверы, слухаець. Ажно яны голасам галосяць, дочкі: ніводна не хочыць. Тады старуха ўжо тая:

— Дзіцятухна,— каець,— ездзіў на паляванне хадзяін мой, і конь разгуляўся, упудзіўся, і ён яго,— гаворыць,— забіў. Дык ён яго ўкапаў у зямлю. Знайдзі яго ды садзіся і едзь!

А ў яго ўжо выкапаны! Так ён сычас падзякаваў гэтай бабе, на каня ўссеў. А гэтаму нячыстаму духу далі ведама, што такі і такі ўзяў каня і паехаў. Дык ён як ударыў у слуп, мур — слуп заваліўся, і яго забіў.

Цяпер, ён прыехаў к жане, сычас, многа не медліўшы, ухапіў жану і пабег. А гэты голуб троп-троп і паляцеў.

— Ах,— гаворыць,— прыехаў заморскі чалавек, ухапіў вашу жану на лошадзь і павёз!

— Ну,— гаворыць,— цяпер яго! — гаворыць.

То ж яны ўдваіх усселі, і ён, нячысцік, як прыпусціў на сваёй лошадзі,— наганяець іх. Цяпер, гэта лошадзь як заржэць па-свойму:

— Ах,— каець,— брат мой родны! Ён мяне за тры дні выкарміў, выпаіў, што я ў таго нячыстага духа век пражыў, не відзеў гэтага, што ён мне даваў! Падніміся ты,— гаворыць,— пад небяса, разгуляйся і перавярніся дагары скап’ём і скінь ты нячыстага духа з сябе і ўдар яго,— гаворыць,— скап'ём дагонь у галаву!

Гэта лошадзь як разгулялася, як паднялася пад небяса, дык ён яе дзяржаў-дзяржаў — яна яго як збросіла з сябе ды дагнала яго, ды як ударыць у галаву капытамі, так ён і ўпаў на зямлю. Яны сычас пассядалі з каня, гэту нячысту сілу парубілі на кавалкі, цяпло расклалі і спалілі яго. Раздулі тэй попел, а самі паехалі к бацьку. І цяпер жывуць там у яе царстве.

1 Магнушы – ад магнэс, магнэсавы – магніт, магнітны, прыцягальны.

2 Морг – мера плошчы зямлі.

3 Бгаць – піхаць, ціскаць. Тут у значэнні мінаць, пакідаць за сабой.

4 Паўрэз (перарэз) – частка двухдоннай бочкі, перарэзанай на две палавіны, чан.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 494-510
Крыніца: скан