epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Іван Іванавіч купецкі сын

Неўкаторым царстве, неўкаторым гасударстве жыў сабе адзін купец багаты. І радзіўся ў яго адзін сын на радах. І быў ён шчасліў, і харош, і прыгож. І рос ён не па гадах, а па часах, не па часах, а па мінутах. У навуку падаўся і навуку скора прайзайшоў. І потым пайшоў на прагулянне і ўзяў з сабой палачку. Як шыбнуў тую палачку, яна як паляціць на трыдзевятае царства і папала Бабе Юзе ў нагу. Тады яна атвяшчаець:

— Ах, Іван Іванавіч, не са мной табе жартаваць: ёсць Бела поле, на Белым полі стаіць ложа, на тэй ложы ляжыць слішна панна, у галавах стаіць конь, із лубкі жар есць! Во з тэй табе жартаваць!

Потым ён прыходзіць дамоў і гаворыць:

— Айцец мой родны! Ты мяне спладзіў і выгадаваў, пусці мяне, з кім я хачу жаніцца! Аб’явілася мне, што ёсць Бела поле, на Белым полі ляжыць ложа, на тэй ложы ляжыць слішна панна, у галавах стаіць конь, із лубкі жар есць!

Потым айцец яму атвяшчаець:

— Бяры грошай, колькі трэба, і лошадзь і садзісь і паязджай!

От ён узяў грошай і лошадзь і паехаў. Ехаў ён цэлы дзень, і абнімаець яго цёмная ноч. Ну, увідзеў ён маленьку хатку на курынай ножцы. Заходзіць ён у гэту хатку, там дзядок маленькі, з клубочак.

— Здрастуй, дзедушка!

— А, здрастуй, здрастуй, Іван Іванавіч купецкі сын! Куды ж едзеш, куды пуць дзержыш?

— Еду, дзедушка, на Бела поле, да не знаю, дзе Бела поле. Ці не знаеш ты, дзедушка?

— Не,— каець,— не знаю; аслі,— каець,— знаюць — слугі мае. Абначуй,— каець,— заўтра пасматрым!

Ён заначаваў. Даў бог дзень, устаў гэты дзед. Устаў, як свіснуў — і валіць пташкі, як ёсць на свеце — і маленькія, і вялікія.

— От вы, слугі мае,— каець,— усюды лятаеце, і па лесу, і па полю, усе пуці-дарожкі знаеце, а ці не знаеце, дзе Бела поле?

— Не,— гавораць,— дзедушка, не знаем!

Потым ён гаворыць:

— Ах, Іван Іванавіч купецкі сын! Паязджай дальшы, не магу,— каець,— не знаю!

От ён уссеў і паехаў. Апяць дзень ехаў тожа. Абнімаець яго ноч. Прыязджаець ён апяць — стаіць хатка на курынай ножцы. Тады ён зайшоў, а ў тэй хатцы дзядок маленькі, з клубочак.

— Здрастуй, дзедушка!

— Здрастуй, Іван Іванавіч! Куды едзеш, куды бог нясець?

— А еду, дзедушка, на Бела поле. Знаеш, дзедушка, дзе Бела поле?

— Не, не знаю; аслі знаюць — слугі мае! Абначуй жа,— каець,— а заўтра паглядзім!

Даў бог дзень. Гэты дзед як свіснуў — і валіць звяр’ё!

Як ёсць на свеце звяр’ё, дак усе сабралісь — і маленькія, і вялікія.

— Ах, дзедушка,— гавораць,— не,— каець,— не знаем, дзе Бела поле ёсць!

Потым ён гаворыць:

— Ну, Іван Іванавіч, паязджай дальшы,— не знаюць, не ведаюць!

Потым ён узнова і паехаў. Апяць цэлы дзень ехаў, абнімаець яго цёмная ноч. І відзіць ён — стаіць хатка на курынай ножцы. Усходзіць ён у тую хатку, а ў тэй хатцы сядзіць дзядок маленькі, з клубочак.

— Здрастуй, дзедушка!

— Здрастуй, здрастуй, Іван Іванавіч купецкі сын! Куды едзеш, куды пуць дзержыш?

— Ах, еду, дзедушка, на Бела поле, да не знаю, дзе яно, гэта Бела поле. Ці не знаеш ты, дзедушка?

— Не, не знаю; аслі знаець — слуга мая. Ну, абначуй,— каець,— заўтра знаць будзем усё!

Ён абначаваў. Даў бог дзень; от назаўтрага дзедушка выйшаў, як свіснуў — дак найшло вобалака; цёмна ноч — а то шчэ цямней стала. Тады ён спрашыець у яе:

— Слуга мая верная, ці не знаеш ты, дзе Бела поле?

— Як жа я,— каець,— не знаю: я цяпер чэраз яго йшла!

— Ну, — каець, — Іван Іванавіч купецкі сын, станавісь на крылышка ёй, яна цябе занясець на Бела поле. Толькі не сказывай, што відзіш Бела поле. Яна цябе будзець спрашываць: «Што, Іван Іванавіч, ці відзіш Бела поле?» Атвяшчай ёй, што не віджу!

От ён стаў ёй на крылышка, яна яго і панесла. Несла-несла, несла-несла, прынесла к Беламу полю.

— Іван Іванавіч, ці відзіш Бела поле?

— Не, не віджу!

Яна шчэ пранесла троху.

— Іван Іванавіч, ці відзіш Бела поле?

— Не,— каець,— не віджу!

Пранесла яшчэ трошкі і спрашыець у трэці раз:

— Іван Іванавіч купецкі сын, ці відзіш Бела поле?

Яму здаецца, што ён мінуў, праходзіць Бела поле, дак ён гаворыць:

— Віджу!

Яна й спусціла яго. І спусціла ў такія мхі, у балоты, што ні самому прайсці, ні каня правесць. Ішоў ён, ішоў, выбраўся на Бела поле. Увідала яго гэта панна і гаворыць:

— Здрастуй, здрастуй, Іван Іванавіч купецкі сын!

— Здрастуй, здрастуй,— гаворыць,— панна!

— Ах,— гаворыць,— я даўно цябе паджыдала, ледзве даждала!

— А я даўно еду, ледзве-ледзве даехаў да цябе!

Ну, потым яны папілі, пасаветавалі і пераначавалі. Даў бог дзень, яна тады січас — пасаветавалі тожа йзноў — тады садзіцца на тую лошадзь на сваю, што з лубкі жар есць, і гаворыць:

— Я ж паеду на прагулянне, а ты ўсюдах хадзі, толькі ў вадно места не хадзі — у тую комлату, што дзверы г... замазаны, лычкам завязаны, туды не хадзі!

Сама села на каня і паехала. Конь тэй паверх лесу падняўся і пайшоў па ветры. А ён астаўся хадзіць без яе і не пайшоў туды. Потым яна прыязджаець увечару; ну, папілі, паелі, пасаветавалі, апяць пераначавалі. Даў бог дзень, яна садзіцца на гэту лошадзь.

— Ну, — гаворыць, — Іван Іванавіч купецкі сын, садзяржы свой дзень апяць: не хадзі туды, дзе табе не паказана. А я паеду на прагулянне!

От ён дзень хадзіў, хадзіў і сцерпіў. От яна прыязджаець увечару.

— Ну, харашо, Іван Іванавіч купецкі сын, сутрываеш сваё сумленне харашо!

Апяць папілі, пагулялі, пасаветавалі і заначавалі. Назаўтрага даў бог дзень, яна апяць так жа сама:

— Ну, Іван Іванавіч, я паеду на прагулянне, а ты судзяржай апяць сваё сумленне!

І паехала. Ён хадзіў, хадзіў, і ўдруг, так з паўдня, пад вечар сам на сябе думаець: «Што ж я, усюдах хаджу, усё ведаю, а там я не магу знаць, што там дзеецца?»

Ён прыходзіць туды, пасматрэў, аж там Паганы Кашчэй на ланцугу прывязан! Потым ён атвяшчаець, як засматрэў яго:

— А, здрастуй, здрастуй, Іван Іванавіч купецкі сын!

— Здрастуй,— каець.

— Пажалуйце, Іван Іванавіч, спусціць мяне з гэтага места, а цябе дарую трыма смярцямі.

Ён сабе надумаўся, так пастаяў сабе, надумаўся: «Ох, мой бог! Гэта ж я доўга жыць буду на свеце: трыма смярцямі даруець! Спушчу!»

Узяў дзверы адвязаў і яго спусціў. Як яго спусціў, ён — як яна ехала з прагуляння — абняўся з ёй і сеў, і сталі гуляць.

— А ты,— гаворыць,— Іван Іванавіч купецкі сын, не суйся к нам, бо яна мая!

Потым яна, панна гэта, адышлася ад Кашчэя і накарміла яго, Івана Іванавіча, і дала яму месца, дзе начаваць. Потым пераначавалі, даў бог дзень, ён уснуў, гэты Паганы Кашчэй. Ён тады яе на сваю лошадзь і давай уцякаць. У Паганага Кашчэя быў сокал і собаль. От гэты сокал засвістаў, собаль завыў, а конь зарзаў.

— Ты, воўча мяса, чаго ржэш? А ты, пессе мяса, чаго выеш? А ты, совіна пер’е, чаго свішчаш?

— А чаму ж нам,— каець,— не рзаць, і не выць, і не свістаць, калі нашыя панны няма!

— Ну, нічога,— каець,— дагонім, адбяром — будзець наша!

Ён уссеў на лошадзь і дагнаў.

— Ну, Іван Іванавіч, перваю смерцю табе дараваў, больш,— каець,— не суйся, бо я цябе ўб’ю!

От ён яе ўзяў і паехаў. А ён назад вядзецца з канём. От яна замеціла яго, ізнова дала яму месца, накарміла яго, ён абначаваў. Даў бог дзень, ён, Кашчэй Паганы, апяць уснуў. Тады ён за яе і ўвёз. Тады сокал засвістаў, собаль завыў, конь зарзаў.

— Чаго ты, воўча мяса, іржэш, а ты, пессе мяса, чаго выеш? А ты, совіна пер’е, чаго свішчаш?

— Як жа нам не рзаць, не выць і не свістаць, калі нашыя панны няма!

— Ну, нічога, дагонім, адбяром!

Удруг садзіцца на гэту лошадзь і даганяець яго. Дагнаў і адабраў.

— Ну, помні ж,— гаворыць,— Іван Іванавіч купецкі сын, што я табе дзве смерці дараваў! Болі не суйся ка мне, бо я цябе ўб’ю!

А потым як схваціў яе, так і паляцеў. Ён за ёй тожа апяць прывёўся. Яна яго ўсмотрыла, што ён апяць ёсць, тады яна яго накарміла, напаіла, апяць месца дала — начуй! От ён пераначаваў. Даў бог дзень, Кашчэй Паганы заснуў. Тады ён яе ўзяў і паехаў. От сокал засвістаў, собаль завыў, конь зарзаў.

— Ты, воўча мяса, чаго ржэш? Ты, пессе мяса, чаго выеш? Ты, совіна пер’е, чаго свішчаш?

— А чаму ж нам на рзаць, і не выць, і не свістаць, калі нашыя панны няма!

— Ну, нічога, дагонім, адбяром!

Сеў на гэту лошадзь і даганяець яго. Дагнаў, січас і адабраў.

— Ну,— каець,— помні, Іван Іванавіч купецкі сын, што я цябе паследней смерцю дараваў, большы не суйся, бо ўжо заб’ю!

Ухваціў яе і паехаў. Ну, а Іван Іванавіч купецкі сын забіў сваю лошадзь, ведама, прыстаў зусім — уцякаў. Тады ён чуць вядзецца з ёй, ажно ляціць воран з сваімі дзяцьмі.

— А, здрастуй, здрастуй, Іван Іванавіч купецкі сын!

— А,— каець,— здрастуй!

— Будзь ты,— каець,— ласкаў, пакармі маю сілу: многа ляцеў і шчэ далёка ляцець. Я за тваю дабрату ўдружуся табе ў патрэбе!

Ён узяў гэтага каня кінуў. Крук гэты напітаўся, пад’еў і паляцеў. А ён і пайшоў сам туды апяць. Яна яго ўберагла, што ён есць, апяць прыйшоў, тады яму дала — пакарміла яго, дала месца. Пераначавалі. Даў бог дзень, Кашчэй Паганы ўснуў. Ён узяў яе і павёў. Потым сокал засвістаў, собаль завыў, конь зарзаў. Ён прашнуўся.

— Ты чаго, воўча мяса, іржэш? А ты чаго, пессе мяса, выеш? А ты чаго, совіна пер’е, свішчаш?

— Як жа нам не рзаць, і не выць, і не свістаць, калі нашыя панны няма!

— Ну, нічога, дагонім, адбяром!

Сеў на каня і даганяець іх. Яе ўхваціў, а яго як ударыў, дак ён і рассыпаўся,— убіў яго.

Потым гэты крук, дзе быўшы, ляціць сюды.

— Ах, — гаворыць, — Іван Іванавіч купецкі сын! Я ж табе казаў: не суйся сюды, палучыш смерць!

Потым узяў сваю сілу і думаець: «Што з ім робіць? Трэба яго аджывіць!»

— Ну,— каець,— нада,— каець,— жывушчыя,— каець,— і гаюшчыя вады дастаць!

От ён узяў, свайму дзяцёнку пляшачкі падвязаў пад крылля. Гэты ўзяў і паляцеў. Там баўтануўся, зачэрпнуў гаюшчыя вады і жывушчыя і паляцеў. Покуль ён прыляцеў, дак яны яго злажылі ўместа, як быў ён. Потым прылятаець гэты кручанок, прыносіць ваду жывушчую-гаюшчую. Узялі палілі гэтай вадой гаюшчай — згаіўся, жывушчай — аджывіўся. Быў маладзец, а то шчэ палуччаў. Потым ён гаворыць:

— Ох, — гаворыць, — як я доўга праспаў!

А крук яму атвяшчаець:

— Ну,— гаворыць,— Іван Іванавіч купецкі сын! Яна будзець рада, што ўбачыць цябе, што ты прыйшоў, а ты спрасі ў яе, ад каго ён такога каня маець, што няможна ад яго, няможна ўцеч! Гэта ўжо Паганага Кашчэя. Ну, потым ён прыходзіць туды, яна:

— Ах, слава богу,— гаворыць,— што цябе бог вараціў! Як цябе бог вараціў?

— Ну, я ўжо табе сказываць не буду, як вараціў, да вараціў! А вот,— гаворыць,— скажы ты мне, панна, ад каго ён гэтакага каня маець, што ад яго няможна нікаму ўцеч?

Яна яму атвяшчаець:

— Вот, Іван Іванавіч купецкі сын: ёсць на трыдзевятым царстве Баба Юга, а ў яе ёсць дзевяць кабыл. Дак хто тры дні спасець, такога каня будзець мець!

От ён туды і пайшоў. Тады ідзець ён первым доўгам чараз раку — ідзець рэчка сілная дужа,— ажно ля рэчкі плешчацца рыбка. Потым яна атвяшчаець:

— Ах, Іван Іванавіч купецкі сын, укінь мяне ў ваду; я табе пры злой гадзіне знадаблюсь!

Ён яе ўзяў, укінуў у ваду і пайшоў. Ідзець ён, ажно два ваўкі б’юцца за адну костку:

— Ах, Іван Іванавіч купецкі сын, падзялі ты нам гэту костку!

Ён узяў гэту костку і падзяліў ім. Яны з’елі костку і пабеглі. І ён пайшоў. Ішоў, ішоў, ідзець па лясу; лес такі буйны! Ажно два шаршні б’юцца за адно дуплё.

— Ах,— каець,— Іван Іванавіч купецкі сын! Падзялі нас дуплямі! Мы табе пры злой гадзіне знадабімся!

Ён тады ўзяў аднаго пакінуў у гэтым дупле, а другога занёс у другое. А сам і пайшоў. Прыходзіць туды, к гэтай Бабе Юзе, што на трыжды-дзевятым царстве жывець. Тады яна атвяшчаець:

— А здрастуй, здрастуй, Іван Іванавіч, здрастуй, купецкі сын! Ну, што ж ты ка мне прыйшоў, коней пасвіць? Вот спасеш тры дзянькі, возьмеш коніка на выбор!

От ён заначаваў. Даў бог дзень, яна тут што-небудзь яму есці прыгатовіла; сама ўзяла зялезных прутоў пук і пайшла іх наказваць. А ў яе была нявестка. То ж яна змяя, а нявестка богу верыла. То ж нявестка атвяшчаець:

— Ах,— гаворыць,— Іван Іванавіч, калі хочаце дастаць што-небудзь, дак некалі дужа есці: паслухай, дзе яна ім скажаць хавацца!

От ён паслухаў. Яна гаворыць:

— Хавайцеся па балата**х у раку, каб ён вас не найшоў, каб к вечару ў двор не прыйшоў!

Потым яна ўбягаець у хату, ён абедаець.

— Ах,— каець,— што ж ты,— каець,— Іван Іванавіч, няскора ясі?

Нявестка атвяшчаець:

— Як жа яму скора есці, ён даўно з двара не еўшы; у яго ў роце папорцілася ад сухога хлеба!

Потым яна выпраўляець яго ў поле, гнаць кабыл. Даець яму сыру санлівага, хлеба драмлівага. Потым ён як выйшаў, яна вароты адчыніла, яны як вырвалісь — паверх лесу і паляцелі, толькі ён іх і відзеў! Потым ён і пайшоў. Ішоў, ішоў, нямнога прайшоў, захацелась яму дужа есць. Ён узяў гэты сыр з’еў, хлеб з’еў, лёг і заснуў. Як спі дак спі — да самага вечара. Прашнуўся, ідзець і плачаць. Ідзець каля рэчкі, гэта рыбка троп-троп!

— Чаго, Іван Іванавіч купецкі сын, плачаш?

— Ах, — гаворыць, — кабыл сваіх утраціў!

— Не бойсь, — каець, — не ўтраціў, стой, — гаворыць, — наперадзе!

От яна, гэта рыбка, як шавальнулася, як страпянулася, толькі спрасіла, дзе яна прыказала хавацца. Як сабрала сваю сілу, як зачала трапятацца, зачала трапятацца — і выгнала гэтых кабыл із вады! Потым ён прыганяець дамоў гэтых кабыл.

— Ну,— гаворыць,— харашо, харашо, Іван Іванавіч купецкі сын! От спасеш тры дзянькі, возьмеш коніка на выбор!

Ну, ён заначаваў. Яна яму есці тут дала... Пераначаваўшы, назаўтрага, даў бог дзень, яна ўдруг яму есці дала, а сама ўзяла зялезных прутоў пад паху пук і пайшла наказваць іх. Нявестка атвяшчаець:

— Ах, Іван Іванавіч купецкі сын! Калі хочаш што дастаць, дак ідзі паслухай, дзе яна казала ім хавацца!

Ён пайшоў паслухаў. Яна наказыець, што хавайцеся па мхах, па балотах!

Пайшоў ён, гэта, паслухаў, сеў, апяць абедаць. Яна прыходзіць у хату:

— Ах, што ж ты,— каець,— Іван Іванавіч, няскора ясі!

А нявестка атвяшчаець:

— Як жа яму скора есці, калі ў яго ў роце ўсё папорцілась ад сухога хлеба!

Ну, тады даець яна яму сыру санлівага, хлеба драмлівага і выпраўляець ужо ў поле:

— Ну, ступай жа пасвіць ужо!

Вароты адчыніла, яны як вырвалісь — паверх лесу і паляцелі. Толькі ён іх і відзеў! Потым ён ішоў, ішоў, як захацеў есці! З'еў гэты хлеб, гэты сыр, так лёг і заснуў. Як спі дак спі — да самага вечара. Прашнуўся — няма кабыл. От ён ідзець і плачаць. Ажно бяжыць воўк:

— Чаго, Іван Іванавіч купецкі сын, плачаш?

— Ах,— каець,— кабыл сваіх утраціў!

— Ну, нічога, стой наперадзе, пілнуй — прыгонім!

Гэты воўк як заскуголіў, завыў, сабраў сваю сілу. Пайшоў па мхах, па балотах, кабыл гэтых і выгнаў. Ён прыганяець іх у двор.

— А, здрастуй, здрастуй, Іван Іванавіч! От харашо, два дзянькі спасвіў, трэці як спасвіш, возьмеш коніка на выбор!

Ну, дала яму есці што-небудзь; ён пад’еў і заначаваў. Даў бог дзень; яна дала яму снедаць, а сама зялезных пруткоў пук пад паху і пайшла іх наказваць. Тож нявестка яму гаворыць:

— Ах,— гаворыць,— Іван Іванавіч купецкі сын, калі хочаш гэта дастаць, дак ідзі паслухай, куды яна ім скажаць хавацца!

Ён пайшоў, ажно яна ім кажаць, што хавайцеся па дуплях, па [а]сінніку, па дуплях!

Ну, добра. Сама ўходзіць у хату, а ён есць.

— Ах,— каець,— як ты няскора ясі!

А нявестка атвяшчаець:

— Яму ж,— каець,— няможна скора есці: у яго ў роце ўсё папорцілась за дарогу ад сухога хлеба!

Ну, тады даець яна яму сыру санлівага, хлеба драмлівага і выпраўляець пасвіць. Адчыніла вароты, яны як вырвалісь — паверх лесу і паляцелі. Толькі ён іх і відзеў. Ну, пайшоў ён услед. Ішоў, ішоў і захацеў есці. От ён сыр тэй з еў, хлеб з’еў, як лёг, дак і заснуў. Прашнуўся, ажно ўжо сонца заходзіць. От ён ідзець і плачаць. Гэты шарсцень ляціць і спрашыець:

— Іван Іванавіч купецкі сын, чаго ты плачаш?

А ён гаворыць:

— Чаму мне не плакаць, калі я сваіх кабыл утраціў!

— А дзе яна казала ім хавацца?

— А па лесе, па дуплях, па [а]сінніку!

Гэты шарсцень сваю сілу як гукнуў, загудзеў, стаў шчыпаць, ведама ўжо, кусацца і выгнаў іх.

— Ну, стой,— каець,— Іван Іванавіч, наперадзе,— прыгонім!

От ён і прыгнаў іх у двор. Яна:

— А, здрастуй, здрастуй, Іван Іванавіч купецкі сын! От харашо! Тры дзянькі спасвіў, возьмеш коніка на выбор!

Дала яму есці чаго-небудзь, а сама пайшла. Нявестка атвяшчаець яму:

— Глядзі ж ты,— каець,— Іван Іванавіч купецкі сын: ёсць у куточку ў стайні маленькі жарабёначак, няпошлы, недалужлы ўжо. Дак яна з усіх харошых коней сілу адбярэць да на яго, аднаму яму. Глядзі ж,— каець,— яна цябе будзець адбіваць: бяры,— каець,— харошага, сядзеш і паедзеш! А ты не слухай, вазьмі маленькага, гэты ля цябе будзець луччы харошага!

Ну, ён пайшоў у хлеў, узяў гэтага жарабёнка малага і вядзець. А яна ўбачыла:

— Ах,— гаворыць,— Іван Іванавіч! Які ты чалавек худы, не[а]бразованы —узяў такога каня! Ты ж ба ўзяў харошага, каб уссеў і паехаў!

А ён атвяшчаець:

— Ну, у нас быў які ўгавор: на выбор каня браць? Я й узяў на выбор па сваёй любові, каторы мне ўлюбіўся, такога я і ўзяў!

— Ну, нечага дзелаць!

Ён яго і павёў. Як весці дак весці, як весці дак весці — абнімаець яго цёмная ноч. Ён, узяўшы, цеплышко высек, разлажыў і сеў, заначаваў. Тады жарабёначак гэты атвяшчаець яму:

— Хазяін мой верны, пусці мяне пакатацца па мянтузнай расе1, па шаўковай траве!

Ён яго пусціў. Конь узяў пакатаўся, пакатаўся і пабег назад. А ён пераначаваў; назаўтрага даў бог дзень, сонца ўзышло, а яго няма. Ён і сумеўся. Потым бяжыць гэты конь, пад ім зямля дрыжыць; і па сянной капе зямлю капытамі варочаець:

— Хазяін мой верны, бяры,— каець,— вядзі мяне, я шчэ цябе не звязу — у мяне сіла не ўся!

Яны вялі, вялі дзень. Абнімаець іх цёмная ноч, ён цеплышко высек, разлажыў і заначаваў. Жарабёнак гэты атвяшчаець:

— Хазяін мой верны, пусці мяне пакатацца па мянтузнай расе, па шаўковай траве!

Ён яго пусціў. Узяў тэй конь пакатаўся, пакатаўся і пабег назад. Назаўтрага, даў бог дзень, ужо сонца абутрала парадашна — няма яго каня! Ён сядзіць ля цеплышка і сумеўся. Аж бяжыць яго конь, ажно зямля дрыжыць і па на**бальшым капяку зямлю капытамі варочаець.

— Хазяін мой верны, бяры мяне, вядзі,— я шчэ цябе не звязу: сіла мая не ўся!

Ён яго ўзяў і павёўся. Вядзі, вядзі — цэлы дзень. Абнімаець іх цёмная ноч. Ён цеплышко высек, разлажыў і заначаваў. Конь гэты атвяшчаець:

— Хазяін мой верны, пусці мяне пакатацца па мянтузнай расе, па шаўковай траве!

Ён яго пусціў. Тэй конь пакатаўся і пабег назад. Назаўтрага, даў бог дзень — няма яго каня; ужо й сонца абутрала — няма; агу, бальшое ранне ўжо — няма каня; ужо й пад поўдня сонца — няма каня! Ажны ён к поўдню бяжыць, аж зямля дрыжыць і па цэламу стогу зямлю капытамі варочаець.

— Ну,— каець,— во цяпер, хазяін мой верны, вырві ў мяне з персці трыжды-дзевяць шэрсці і садзісь на мяне, паедзем!

Тады ён у яго вырваў з персці трыжды-дзевяць шэрсці і сеў на яго і паехаў:

— Во, цяпер,— каець,— уся мая сіла! Вот, хазяін мой верны, як мы прыедзем, будзець яна нам рада. І спрасі ты ў яе, каб яна ўзяла тэй платок, што з Паганым Кашчэем на вянцы стаяла!

От як ён прыехаў, дужа яна была яму рада. Ён ёй сказаў, каб яна ўзяла тэй платок, што з Паганым Кашчэем на вянцы стаяла. Ну, тады яе ўзяў і павёз. Січас конь зарзаў, сокал засвістаў, собаль завыў. Ён прашнуўся:

— Ты чаго, воўча мяса, іржэш? А ты, пессе мяса, чаго выеш? А ты, совіна пер'е, чаго свішчаш?

— А чаму нам не рзаць, і не выць, і не свістаць, калі нашыя панны няма!

— Як можна быць? Я ж яго ўбіў, разбіў на дробны мак!

— Не,— каець,— жыў!

— Ну, нічога,— каець,— адбяром!

— Не,— каець,— не [а]дбярэш!

От ён сеў і паехаў. Гэты конь падняўся высока, што купецкі сын едзець з ёй ужо, з паннай з гэтай, а тэй, Кашчэя, шчэ вышай! Гэты конь, Івана купецкага сына, атвяшчаець:

— Паднімісь павышы мяне і страханісь, аб сырую зямлю яго ўдар, нячыстую сілу, каб ён разбіўсь. А мы з табой будзем умесце жыць!

От ён як падняўся вышай яго, страхануўся, ударыў Паганага Кашчэя аб сыру зямлю — разбіў яго на крошкі, драбней маку!

От яны ўсселі адзін на [а]днаго, а другі на другога і паехалі. А яму дастаўся і сокал, і собаль, усё ўжо яго, што ўсё дастаў, на чом налягаў. І паехаў к бацьку, і сталі жыць-пажываць, дабра нажываць.

І я там быў, мёд-віно піў, па барадзе цякло, у роце не было. Далі мне пірог — я за парог; далі мне смык — я пад вароты шмык.

1 Мянтузная раса – відаць, скажонае зямчужная (заўвага Е.Р.Раманава)



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 542-552
Крыніца: скан