epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Іван Пракрасны і князь Ладымяр

Жыў-быў сабе Іван Пракрасны, сірата няшчасны і служыў ён па князям, па панам і па ўсім багатырам; не імеў ён сабе ні плацця цветнага, ні слова добрага. Наняўся ён к князу Ладымяру, Кіеўскаму садзяржацелю, многаміласліваму. Праслужыў ён у князя тры года — тожа не імеў ні плацця цветнага, ні слова добрага. Даждалі празніка светлага васкрасення. Князь Ладымяр стаў сваіх прыслуг суражаць, каторыя былі ў яго. Быў у яго Алёшка — лёгак на язык, сладак на слова. Князь Ладымяр спрошуець у Алёшкі:

— Ніхто на нас не абіжаецца — ні адна душа?

— Ёсць у нас Іван Пракрасны, сірата няшчасны,— той абіжаецца.

Прызваў князь Ладымяр к сабе Івана, даець яму куні нечынены і шуба няшытая:

— Вот табе куні нечыняны і шуба няшытая,— штоб гэтыя куні пачыніў і сабе шубу пашыў і штоб ты са мною на завутрань паспеў.

Палучыў Іван Пракрасны, сірата няшчасны, горка заплакаў. Пайшоў ён і к рацэ Дняпру і думае сам сябе пагубіць. Яўляецца к яму баба, як сянная капа:

— Аб чом ты, Іван Пракрасны, сірата няшчасны, журышся? Я твайму гору памагу: будзеш мяне маткай зваць?

— Буду.

— Садзісь на мяне.

Баба старая перавязла Івана на той бераг ракі. Там стаіць дом — ні ўздумаць, ні ўзгадаць, толька пяром напісаць. Прыносе баба к варотам, бразнула ў кальцо. Выскакуе і к ім дзевушка, Алёна Сівалобаўна.

— Вот табе друг! Будзеш ты яго сваім мужам называць?

— Буду!

— Вот жа ты яму куні пачыні, шубу пашы[й] і выправі з князем Ладымярам на завутрань.

— Лажысь, друг мой, Іван Пракрасны, спаць,— гаворыць Алёна Сівалобаўна, а сама выйшла на крыльцо, крыкнула багатырскім голасам. Ідуць к ёй усе яе слугі.

— Аб чом ты нас спрашуеш?

— А вот наце, штоб вы куні пачынілі і шубу сей час жа пашылі.

Алёна Сівалобаўна стала Івана будзіць:

— Уставай, мой друг! Вот шуба гатова — на завутрань звоняць.

Іван Пракрасны, сірата няшчасны, надзеў шубу тую. Тады Алёна даець яму тры яечка:

— Адным ты яечкам князя Ладымяра пахрыстосуй, другім папа, а трэцяе вязі ў двор.

Пасля завутрані Алёшка — лёгак на язык, сладак на слова і кажа Івану:

— Пахрыстосуй, брат, і мяне.

Пахрыстосаваў Іван і яго.

Прыязджае Іван у дом, Алёна гавора яму:

— Пахрыстосуй і мяне!

— Я,— гаворыць Іван,— Алёшку пахрыстосаваў.

— Ты дурак, хам! Сабе безгалоўе палучыш.

Князь Ладымяр сабіраў багатых і ўбогіх на абед. Ён спрашуваў у багатых.

— Хваліцесь багацтвам? Буду за багацтва хваліць, а ўбогіх надараць.

Іван Пракрасны сядзіць, нічога не атвячаець. Алёшка — лёгак на язык, сладак на слова, запышэў і гаворыць:

— Іван сабе жану нажыў, краша ў свеце нет.

Ладымяр на гэта і кажа:

— Паслаць яго к Воўку Мінчыгрэю за самаграйнымі гуслямі. Мінчыгрэй яго істрабіць, а жана яго ў нас астанецца.

Напісалі пісьмо і паслалі Івана к Воўку Мінчыгрэю і сказалі яму:

— Еслі ты не прыставіш нам самаграйных гусель, то табе плаха і меч і галаву з плеч.

Палучыў тое пісьмо Іван Пракрасны, сірата няшчасны, заплакаў. Прыходзе ён у дом Алёны Сівалобаўны. Узнаў аб гэтым, яна гавора:

— Я табе гаварыла, што будзець табе безгалоўе. Ну, на табе шырынку, рубашку і порткі. Кагда ж табе будзець прытуга, успамяні мяне тры разы.

Прыехаўшы к Воўку Мінчыгрэю, Іван падаў яму пісьмо. Воўк Мінчыгрэй прачытаў пісьмо, гавора:

— У мяне нет гатовых, нада каваць, а табе, Іван Пракрасны, дуць не аддыхаючы трое сутак.

Іван Пракрасны за трое сутак тры раза аддыхаў, а Воўк Мінчыгрэй на яго сільна асярчаў і хацеў з'есць. Іван Пракрасны папрасіў у Воўка Мінчыгрэя сабе баню, штоб на смерць памыцца. Памыўшысь, ён стаў рубашку надзяваць і Алёну Сівалобаўну памінаць:

— Спасіба, Алёна Сівалобаўна, што ты па смерць маю рубашачку дала.

Воўк Мінчыгрэй спрошуе ў яго:

— А што табе Алёна Сівалобаўна?

— Жана мне,— кажа Іван.

— Чаму ж ты мне раньша гэтага не сказаў? Яна сястра мне. У мяне есць гуслі гатовыя.

Воўк Мінчыгрэй даў Івану гуслі. Ён іх прывёз і аддаў князю Лядымяру. Чэраз Алёну Сівалобаўну астаўся жыў.

І цяпер яны жывуць, мёд-віно п'юць. І я там быў, мёд-віно піў, па вусам цякло, а ў рот не папала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 51-53
Крыніца: скан