epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Іван Сучкін сын Залатыя пугавіцы

Жыў-быў цар. Ды не меў ён дзяцей. І дужа ён аб гэтым сасмуціўся. Вот ідзець ён раз па гораду і думаець: «Каму пасля мяне дастанецца мае царствіе?» Ідзець старая баба:

— Аб чым ты, цар, так задумаўся?

— А ўвазнай, бабка, аб чым я думаю!

Падняла баба галаву, паглядзела на цара ды гаворыць:

— Ты думаеш аб дзяцей. Ты бяздзетны і ты думаеш, што пасля сябе некаму царствіе аставіць!

— Ну вот і памажы гэтаму гору, бабка!

— Гэтаму гору памагчы нятрудна. Ёсць у моры рыба з адным вокам, з адным бокам. Калі яе ўловіш, ды зжарыш, ды аддасі жонцы — няхай з’есць — тады народзіцца ў цябе сын.

Пайшоў цар скарэй дамоў, прызваў сваіх рыбаловаў — у цара, канешне, усякіх слуг ня нет — і прыказаў ім, каб улавілі ў моры рыбіну з адным вокам, з адным бокам. Узялі рыбаловы свае сеці і пайшлі к мору. Раз закінулі сетку — не ўлавілі нічога; другі закінулі — так жа сама не ўлавілі нічога; а на трэці раз як закінулі сетку, дык і ўлавілі рыбіну з адным вокам, з адным бокам. Прыняслі тую рыбіну к цару. Цар узяў рыбіну і аддаў кухарцы, каб яна яе зжарыла і падала царыцы. Як прыказана, так і здзелана. Узяла кухарка рыбіну і стала жарыць. Жарачы, яна вазьмі ды й паспытай рыбіны. Вядома, кухар заўсёды раней паноў спытаець стравы. Ну, як паспытала, так і забрухацела. Панясла яна, зжарыўшы, рыбіну к царыцы. Тая з'ела — і так жа сама забрухацела. Ды была ў царыцы ў пакоях сучоначка. Царыца аддала ёй з’есць рыб’і костачкі. З'ела сучка — і тая забрухацела. Чэраз год усе трое радзілі па сыну: уперад радзіла сына кухарка, тады радзіла сына царыца, а затым радзіла сына і сучка. Царыцын сын пушчэй1 за ўсіх і слабей, а сучкін сын прыгажэй за ўсіх і крапчэй. Ну, сталі яны рэсць, усе трое на царскім двары. Растуць не па гадах, ды па часах. Чэраз тры гады сталі яны ўжо вялікімі і падзелаліся сільнымі багатырамі. Стаў тады Сучкін сын Залатыя пугавіцы прасіць Царыцынага сына, каб яго бацька вялеў сваім кавалям здзелаць яму ляску ў дзесяць пудоў. Як ён прасіў, так яму і было здзелана. Пайшлі яны тады ўтрох на пальгаванне: Царыцын сын і Кухаркін з ружжамі, а Сучкін з ляскай. Прыйшлі к лесу і змовілісь, што дзе ні хадзіць, дзе ні хадзіць, а к вечару сабірацца на гэту праталіну. Царыцын сын і Кухаркін пайшлі разам, а Сучкін сын астаўся адзін. Як толькі тых не стала відна, ён падшыбнуў сваю ляску ўгару. Пакуль яна назад узвярнулася, прайшло часы два. Падставіў ён пад ляску сваю ладоню. Яна як ляцела, ударылася аб ладоню і рассыпалася на мелкія крошачкі. Стала прымяркаць, і сабраліся ўсе на гэту праталіну. Сучкін сын і стаў жаліцца:

— Вот, — кажа, — скаваў мне цар ляску. Ляцеў верабей, я кінуў, каб яго забіць, а ляска як ляцела назад, дык ударылася аб гэтую травінку і разбілась. Так я сянні і не забіў нічога!

І стаў ён прасіць Царыцынага сына, каб яго бацька сказаў кавалям сваім здзелаць ляску ў дваццаць пяць пудоў. Як было сказана, так было і здзелана. Пайшлі яны тады зноў у той лес і змовіліся так жа сама, як у першы раз: дзе ні хадзіць, дзе ні хадзіць, а к вечару сабірацца на гэту праталінку. Царыцын жа сын і Кухаркін пайшлі ізнова ўдвох, а Сучкін сын астаўся адзін. Як толькі тых не стала відна, ён і шыбнуў сваю ляску ўгару. Пакуль яна назад узвярнулася, ён ждаў чатыры часы. Наставіў ён пад яе калена, яна як ударылась аб калена — і разбілась на крошачкі. Стаў ён тады ждаць вечара. Стала змяркацца, сталі ўсе на праталінку сабірацца. Сучкін сын узнова начаў жаліцца:

— Якую гэта ляску скаваў мне цар! Кінуў я яе ў варону, ляцела яна назад, ударылася аб гэты сук — і рассыпалась! Так я і не забіў нічога!

І стаў узнова прасіць Царыцынага сына, каб яго бацька вялеў сваім кавалям скаваць ляску ў пяцьдзесят пудоў да каб і вызлачана была. Расказаў Царыцын сын бацьку, як усё было. Пайшоў цару сам у кузню:

— Ну, калі вы цяпер не здзелаеце ляскі ў пяцьдзесят пудоў, не вызлаціце, дык калі яна разаб’ецца — дык мой меч, а вам галава з плеч!

Здзелалі кавалі ляску і пазлацілі. Узяў яе Сучкін сын Залатыя пугавіцы, і пайшлі ўзнова на пальгаванне. Прыйшлі к таму самаму лесу, на тую самую на праталінку і змовілісь так, як у першыя разы: дзе ні хадзіць, дзе ні шляцца, а к вечару сабірацца на гэту праталінку, каб дамоў іці разам. Царыцын жа сын і Кухаркін пайшлі ўдвох, а Сучкін сын астаўся адзін. Як толькі тых не стала відна, ён і шыбнуў сваю ляску ўгару. Пакуль яна назад узвярнулась, ён ждаў шэсць часоў. Наставіў ён ладоню — ляска ўдарылась і адскочыла. Шыбнуў ён яе яшчэ крапчэй: пакуль узвярнулась, прайшло дванаццаць часоў. Наставіў пад ляску калена — яна ўдарылась і адскочыла. Шыбнуў ён тады яе з усяе сілы, а сам лёг. Выспаўшысь, устаў і наставіў пад ляску лысіну. Яна ўдарылась і адскочыла, толькі трошку сагнулась. Вот ён з тою ляскаю пайшоў у лес, і каго ні ўбачыць — ці звера, ці пціцу — заб’ець беспрыменна: трэба толькі ляску ўгару падшыбнуць. Набіў ён так многа і звяроў і пціц. Выйшаў на праталінку, абклаўся ваўкамі, мядзведзямі, лісіцамі, зайцамі, ласямі, арламі, ястрабамі — разнымі-разнымі пціцамі і звярмі і ляжыць сам пасярод іх. Стала змяркацца, сталі ўсе на праталінку сабірацца. Прыйшлі Царыцын і Кухаркін сын і здзівіліся, што ў яго так многа звярыны.

Ну, прайшло ці многа, ці не — сталі яны прасіцца ў цара, каб пусціў іх агледзець сваё царствіе. Цар стаў іх адгаварваць:

— Куды вы пойдзеце, вы шчэ молады!

— Аб гэта ты не тужысь, што мы молады, толькі блаславі нас!

Дзелаць нечага: блаславіў іх цар, даў кожнаму па каню, па харту, па мячу-кладзянцу. Вот яны і паехалі. Ехалі, ехалі, ехалі, ехалі — і прыехалі ў такі стэп, што толькі й відна неба ды зямля. Тады Царыцын сын і Кухаркін гавораць:

— Вот мы едзем, а начаваць дзе будзем?

А Сучкін сын гаворыць:

— Вот, братцы, не ўсё ж падарожныя ў хаце начуюць. Вот прыйдзецца і нам так начаваць, калі не знайдзем якой хацёнкі!

Праехалі яшчэ трошку, ажно стаіць дом на тры вянцы. Увайшлі яны туды, паглядзелі — пакоі чысты, для начлега места ёсць. Тады Сучкін сын і гаворыць:

— Ну, вы тут згатуйце абедаць, а я пайду абгледжу места, якаво яно!

І пайшоў. Прайшоў трошку, відзіць быстру раку, а на рацэ калінавы мост. Яго масціла нячыстая сіла. Даявалы ў поўнач прыходзілі ў тэй дом і пажыралі людзей. Усё гэта Сучкін сын і ўвазнаў. Вярнуўся ён у дом. Тыя браты абед згатовілі. Па[а]бедалі. Аж во і вечар. Сучкін сын і гаворыць:

— Ну, братцы, некатораму з нас прыйдзецца сеначы іці на калінавы мост калавурыць!

Кінулі яны жэрабя: первы жэраб дастаўся Царыцынаму сыну. Сучкін сын яму і гаворыць:

— Глядзі ж, хадзі ля калінава маста ды не спі. А то сам сабе і нам бяду наспіш!

Пайшоў Царыцын сын к масту; хадзіў-хадзіў, як толькі пад поўнач — спаць захацеў, меч пад галаву і заснуў. А Сучкін сын сядзеў, сядзеў дома ды думаець:

— Дай-ка пайду пагляджу, ці не спіць ён?

Узяў ляску і пайшоў. Прыходзіць к масту, а ён спіць. Ну, Сучкін сын сам стаў ля калінава маста. У самую поўнач прылятаець трыглавы змей:

— Хто тут?

— Я, Іван Залатыя пугавіцы!

— Што ж ты, Іван Залатыя пугавіцы, на чужую старану свае косці занёс?

— А ўвідзім: ці я свае косці прынёс, ці ты галовы свае зложыш!

— Ах, ты які дзерзкі! Мы сколькі гадоў жылі, ніхто з намі не грубіў, толькі ты такі знайшоўся. Дзьмі-ка ток!

— Ах ты, нячыстая сіла! У цябе тры рылы, а ў мяне адно. Ты дзьмі!

Змей як дунуў — дзе былі імхі, балоты, аржавінні, патопы, стала гладка, як яйцо, на тры вярсты. Сучкін сын Залатыя пугавіцы як дунуў — усё пазалаціў, беражкі пазавараціў і на бітву стаў. Сталі яны біцца. Біліся, біліся — Сучкін сын змею дзве галавы збіў, а змей яго па забарасні2 ў зямлю ўвагнаў. Сучкін сын як замахнець ляскай — паследнюю галаву збіў. Усе голавы на асінавых дравах спаліў, а попел на быстру рэчку пусціў. Сам вярнуўся дамоў, узбудзіў Кухаркінага сына, сказаў яму, каб гатаваў абед, а сам лёг спаць. Уранні прыходзіць Царыцын сын. Сучкін сын устаў і пытаець:

— Ну, што, ці не чуў чаго, ці не быў які шум і крык?

— Не, нічога не чуў, ніхто не йшоў, не ехаў — усё было спакойна!

Згатаваўся абед; селі яны, паабедалі і сталі вечара дажыдацца. Увечары Сучкін сын і Кухаркін кінулі жэрабя — жэраб выпаў Кухаркінаму сыну.

— Глядзі ж,— кажаць Сучкін сын,— не спі, а то і сам сабе і нам бяду наспіш!

Пайшоў ён к калінаву масту; хадзіў, хадзіў, а як пад поўнач — спаць захацеў. Узяў меч пад голавы падклаў і заснуў крэпкім сном. Сучкін сын узнова пайшоў к калінаву масту: што дзелаець калавурны? Прыйшоў, а ён спіць. Стаў ён сам калавурыць. Хадзіў, хадзіў, у самую поўнач ляціць шасціглавы змей.

— Хто тут?

— Я, Іван Залатыя пугавіцы!

— Што ж ты, Іван Залатыя пугавіцы, на чужую старану свае косці прынёс?

— А вот памераемся, ці я косці прынёс, ці ты голавы зложыш!

— Ды што мне з табой мерацца: пасаджу на руку, другой удару — і здзелаю мяккі блін ды з’ем!

— Ну, а можа й падавішся!

— Дзьмі ток!— крычыць змей.

— У цябе шэсць рыл, нячыстая сіла, а ў мяне адно: ты і дзьмі!

Змей як дунуў — дзе былі імхі, балоты, аржава, патопы, стала гладка, як яйцо, на цэлых шэсць вёрст. Дунуў тады Сучкін сын Залатыя пугавіцы — усё чыста пазалаціў, беражкі пазавараціў і на бітву стаў. Схваціліся біцца. Біліся, біліся — Сучкін сын збіў змею тры галавы, а змей яго па калены ў зямлю ўвагнаў. Тады Сучкін сын гаворыць:

— Паглядзі, вунь жонка ідзець ды сквырыць!

Адвярнуўся змей, а Іван як свіснець — шчэ дзве галавы збіў.

Змей тады гаворыць:

— Слухай, Сучкін сын Залатыя пугавіцы: цары, каралі б’юцца, а й то оддых меюць, а мы сколькі б’ёмся і не аддыхаем?

А Іван гаворыць:

— Цары, каралі на канях з’язджаюцца, а нас з табой чорт знёс!

Ды як свіснець ляскай! Паследнюю галаву збіў! Убіўшы змея, ён пасабраў галовы ды на асінавых дравах папаліў, а попел на быстру рэчку пусціў. Тады пайшоў дамоў, узбудзіў Царыцынага сына:

— Тапі-тку ты печ, а я трошку аддыхну!

Ён лёг спаць, а Царыцын сын усяго наварыў, нажарыў. Як стаў дзень, прыходзіць калавурны дамоў. Іван устаў і пытаець:

— Ну, што, ці не чуў чаго, ці не быў які шум і крык?

— Не, не чуў нічога, не было ніякага шуму, усё было спакойна!

Ну, селі яны, паабедалі і сталі ждаць вечара. Увечары прыходзіцца іці на калінавы мост Сучкіну сыну. Сабраўся ён іці і кажаць братам:

— Ну, братцы, вот я іду, а вы не спіце ўсю ноч, а то мне будзець дужа трудна!

— Як жа ж мы будзем ведаць, што табе трудна?

— А я дам вам знак вот які: у столю ўткну нож, а на стале пастаўлю стакан з вадою. Як толькі капнець кроў з ножыка ў стакан, дык вы ўбірайцесь і едзьце ка мне як можна скарэй!

Здзелаўшы так, Сучкін сын пайшоў на калінаў мост. А браты заселі ў карты іграць. Ігралі-ігралі, як толькі пад поўнач, спаць захацелі. Яны яшчэ пайгралі і заснулі крэпкім сном. А Сучкін сын ходзіць ля калінава маста. У самую поўнач прылятаець дванаццаціглавы змей.

— Ну, што, Сучкін сын Залатыя пугавіцы, на чужую старану свае косці прынёс? Будзець мне чым па[а]бедаць!

— Пагадзі, нячыстая сіла, шчэ можа ўдавішся!

— Ды не, я табе не здам! Ты думаеш, што братоў маіх забіў, дык і мяне заб’еш? Не, вот я цябе січас уб'ю!

— Ну, што ж, давай памераемся!

— Дзьмі ток!— крычыць змей.

— У цябе дванаццаць рыл, а ў мяне адно: ты і дзьмі!..

Тады змей як дунуў — дзе былі імхі, балоты, аржавы, патопы, стала гладка, як яйцо, на дванаццаць вёрст. Сучкін сын як дунуў — усё пазалаціў, беражкі пазавараціў і на бітву стаў. Схваціліся біцца. Біліся, біліся... Іван збіў тры галавы змею, а змей яго па костачкі ў зямлю ўвагнаў. Тады змей гаворыць:

— Цары-каралі б'юцца, а й то оддых меюць, а мы сколькі б’ёмся, а не аддыхаем?

— Цары-каралі на канях з’язджаюцца, а нас з табой чорт знёс!..

Ды як свіснець — збіў яшчэ тры галавы, а змей яго па калены ў зямлю ўбіў. Тады Сучкін сын гаворыць:

— Паглядзі-тка, вун жонка твая йдзець і сквырыць!

Змей абярнуўся, а Сучкін сын схапіў шапку ды як пусціць у хату, дзе спалі яго браты,— крышу ўсю збіў, а таварышы спяць. А кроў з стакана чэраз палілась на стол. Сталі ўзноў біцца. Біліся, біліся... Змей кажаць:

— Дай аддыхнуць, як воласу згарэць!

— Ну, аддыхай!

Пакуль змей вырваў волас ды спаліў, дык Іван зняў сапог з нагі і пусціў у хату — так верхні вянец і збіў. А таварышы спяць... Сталі ўзноў біцца. У змея, пакуль ён аддыхаў, сілы ўбыло, а ў Сучкінага сына прыбыло. Біліся, біліся... Збіў Іван змею яшчэ тры галавы, а змей яго па повяс у зямлю ўбіў.

— Стой! — крычыць змей. — Дай аддыхнуць, як саломінке згарэць!

— Ну, аддыхай!

Пакуль саломінка гарэла, Іван зняў другі сапог ды як пусціць у хату — усю хату зарыў сапагом. Прачхнуліся браты, бачаць кроў чэраз бяжыць! Селі скарэй на коней і паехалі. Прыязджаюць ік калінаву масту, а змей яго па шыю ў зямлю ўбіў, а ён змею дзесяць галоў адсек. Ну, браты як наскочылі, адсеклі і паследнія галовы. Убіўшы змея, выцягнулі яны Іваньку з зямлі. Ён дужа рассердзіўся на іх, хацеў іх забіць. Сталі яны тады прасіцца ў яго. Ён змілаваўся і прасціў. Сабралі яны ўсе галовы, спалілі на асінавых дравах, а попел на быстру рэчку пусцілі. Вот стаў тады Сучкін сын расказываць:

— Як хадзіў першую ноч Царыцын сын, дык ён заснуў, а я прыйшоў і быў на калавуры і ўбіў трыглавага змея. Як хадзіў па другой начы Кухаркін сын, і ён заснуў. А я прыйшоў і быў на калавуры і ўбіў шасціглавага змея. І ўсё гэта вам не ўзвяшчаў. І вот як на маёй чарадзе прыляцеў самы старшы брат іх, я і запрасціў вам спаць.

Пайшлі яны к хаце, а Сучкін сын і гаворыць:

— Добра! Мы змяёў убілі, а ёсць жа нейдзе іхныя жонкі. Яны нас могуць яшчэ загубіць! Ідзіце-тку вы састанавіце хату так, як яна была, а я пайду разышчу іхных жонак!

Тыя пайшлі к хаце, а Сучкін сын сеў на каня і паехаў. Ехаў-ехаў, відзіць — хатка. Ён з каня злез, каня паставіў водалі, а сам коцікам абраціўся, пад вакошка падкаціўся, стаў каўкаць.

Выйшла к яму баба; выйшла, узяла яго на рукі і панясла ў хату. Прынясла і гаворыць:

— Коцічак-каток, серанькі лабок! Ці не знаеш ты, ці не ведаеш Сучкінага сына, разбойніка? Ён майго мужа забіў. Каб я знала, куды ён пойдзець алі куды паедзець, абярнулася б я зялёным лугам, і на тым ба лугу стаяла караваць. Як бы ўз'ехаў ён на гэты луг, яму б захацелася спаць, так што ён валіўся б з каня. Ну, як бы ён лёг на гэту караваць, век ба ён не прачхнуўся...

Коцік прыг у акно — і выскачыў. Тады яна гаворыць:

— Ох, галоўка бедная! Мусіць, гэта ён быў, увазнаў пра сваю напасць. Нічога ж я яму цяпер не здзелаю!

А Сучкін сын прыйшоў к каню, сеў на яго і паехаў далі. Ехаў, ехаў ён, відзіць апяць хатку. Паставіў ён каня, сам коцікам абраціўся, пад вакошка падкаціўся, стаў каўкаць. Выйшла к яму баба, узяла яго на рукі, панясла ў хату. Прынясла і гаворыць:

— Коцічак-каток, серанькі лабок! Ці не чуў ты, ці не відзеў, дзе тэй разбойнік Сучкін сын? Ён майго мужа забіў. Каб я знала, куды ён пойдзець алі паедзець — абярнулася б я зялёным садам, у тым садзе была б яблыня з залатымі яблыкамі. Як бы прыехаў ён к таму саду, так бы захацеў ён яблык. Ну, як бы паспытаў ён яблык, тут бы ўмёр!

Коцік прыг у вакно — і ўцёк. Яна й гаворыць:

— Галоўка бедная! Мусіць, гэта сам ён быў і ўсё ўвазнаў. Цяпер нічога я яму не здзелаю!

А Сучкін сын прыйшоў к каню, сеў на яго і паехаў. Ехаў ён, ехаў, відзіць яшчэ хатку. Ён узноў каня паставіў, коцікам абраціўся, пад вакошка падкаціўся, стаў каўкаць. Выйшла баба, узяла яго на рукі, панясла ў хату. Прынясла і гаворыць:

— Коцічак-каток, серанькі лабок! Ці не чуў ты, ці не відзеў дзе Сучкінага сына? Ён майго мужа забіў. Каб я знала, дзе ён знаходзіцца алі куды ён паедзець, абярнулася б я ключавой крынічкай. Як бы ён яе ўвідзеў, захацелася б яму піць. Ну, як бы толькі выпіў ён тэй вады, так бы тойчас і ўмёр!

Коцік прыг у вакно — і пабег.

— Галоўка бедная! Мусіць, гэта ён сам быў і ўсё маё разазнаў! Цяпер я яму нічога не здзелаю!

А Сучкін сын прыйшоў к каню, сеў на яго і паехаў далі. Ехаў, ехаў ён, відзіць яшчэ хатку. Ён апяць каня пастнавіў, сам коцікам абраціўся, пад вакошка падкаціўся, стаў каўкаць. Выйшла к яму баба сівая, старая, узяла яго на рукі і панясла ў хату. Прынясла і гаворыць:

— Коцічак мой, каток, серанькі твой лабок! Ці не знаеш ты, ці не ведаеш, дзе тэй разбойнік — Сучкін сын! Ён мне нанёс бальшую скуку: забіў маіх трох сынкоў як сакалкоў. Каб я знала, каб я ведала, куды ён пойдзець алі паедзець — абярнулась бы я лютай змяёю, пражрала б яго і з канём разам!

Коцік прыг у вакошка, вакно разбіў і сам уцёк. Баба і гаворыць:

— Мусіць, гэта ён сам быў!

А Сучкін сын прыйшоў к каню, сеў на яго і паехаў к братам. Аддыхнуўшы, селі яны ўсе на коней і паехалі. Ехалі, ехалі, відзяць яны зялёны луг. Уз’ехалі на луг — так ім спаць захацелась! А трава, трава на лугу, дужа харошая! Кухаркін сын і гаворыць:

— А! Як жа спаць хочацца! Во тут і трава добрая: пусцім коней сваіх, а самі трошку заснём!

— Не, братцы,— гаворыць Сучкін сын,— як мы тут будзем спаць? Нямашацькі ні караваці, ні нечага паслаці. Паедзем-ка далі, можа хто караваць паставіў, пасцелю паслаў!

Праехалі яны яшчэ трошку, ажно стаіць караваць. Пад'ехалі пабліжэй, Сучкін сын і гаворыць:

— Пайду-тка я пагляджу, ці крэпка караваць.

Падышоў к ёй, узяў меч-кладзянец ды як свіснець — так кроў з караваці і палілась... Разам усё і прапала: і луг, і трава, і караваць.

— Вот відзіце, братцы, якая гэта караваць. Гэта была жонка трыглавага змея: яна хацела загубіць нас за свайго мужыка!

Не стала ім хацецца спаць, паехалі яны дальшы. Ехалі, ехалі, відзяць зялёны сад. А яблыкі, яблыкі харошыя! Царыцын сын гаворыць:

— Вот каб паспытаць, што ў іх за смак?

— А вот,— гаворыць Сучкін сын,— я січас іх паспытаю; калі смашны, і вам дам!

Пайшоў ён у сад, хадзіў, хадзіў — усё шукаў бальшэя яблыні з залатымі яблыкамі. Ажно яна пасярод сада. Ён падышоў, выняў меч-кладзянец, як свіснець — толькі кроў палілася! Усё й прапала. І не стала ім яблык хацецца.

— Вот жа, братцы,— кажаць Сучкін сын,— гэта была жонка шасціглавага змея. Яна хацела нас загубіць за свайго мужыка!

Паехалі яны дальшы. Ехалі, ехалі, відзяць крыніцу. Як толькі ўвідзелі ваду, так і захацелі піць. Сучкін сын гаворыць:

— Пастойце, я паспытаю, ці смашная вада?

Падышоў к крыніцы, аж там плаваець па вадзе кубачак. Ён як секанець па кубачку мячом-кладзянцом — толькі кроў палілась. І ўсё прапала. І піць не стала хацецца.

— Ну, ці ведаеце, братцы, гэта ж была жонка дванаццаціглавага змея. Яна хацела нас загубіць за свайго мужыка! Цяпер мы пабілі ўсіх змяіных жонак. Вы сабе едзьце дамоў, а я паеду дальшы!

Тыя паехалі дамоў, а Сучкін сын паехаў іскаць змяіную матку. Ехаў ён, ехаў, відзіць — хатка. Зайшоў ён туды, ажно там жывець Баба Юга.

— Што, Іван Сучкін сын Залатыя пугавіцы, куды бог нясець?

— Так і так, бабуля: ішчу змяіныя маткі!

І расказаў ёй усё, як было. Баба Юга ўзяла палавіну солі, палавіну мукі, замясіла цеста, спякла тры бухоны і дала Івану:

— Вот, Іван Сучкін сын Залатыя пугавіцы! Як будзеш ты ехаць, нападзець на цябе лютая змяя, захочаць цябе пражраць. А ты скажы: «Паеш ўпярод маю хлеб-соль, а тады ўжо еш мяне!» І кінь ёй у рот бухон!

Узяў Сучкін сын хлеб, падзякаваў бабе і выправіўся далі. Ехаў, ехаў, аж відзіць, ляціць на яго лютая змяя:

— Ага,— кажаць, — вот калі я цябе з'ем! Ты забіў маіх трох сынкоў як сакалкоў, трох дачушак як зязюлек!

— Ну, што ж, паеш ўпярод маю хлеб-соль, а тады еш і мяне!

Кінуў ёй бухон хлеба ў мяліцу3, а сам давай скарэй уцякаць. З'ела змяя хлеб-соль, яе й разабрала. А яны не п'юць такей вады, якую п’юць людзі; дык яна і пабегла ў сваю старану. Там было такое вазяро, адкуль усе яны бралі ваду. Вот яна піла, піла адтуль ваду, піла-піла, выпіла палавіну вазяра. Тады ўзнова пагналась за Сучкіным сынам. Гналась, гналась — вот даганяець!

— Ага, вот калі я цябе з’ем! Ты забіў трох маіх сынкоў як сакалкоў, трох дачушак як зязюлек!

— З’еш ўпярод, — кажаць Сучкін сын, — маю хлеб-соль, а тады ўжо мяне з'ясі!

І кінуў ёй другі бухон у мяліцу. З’ела змяя хлеб і разабрала яе апяць соль. Пабегла яна ў сваю старану, выпіла усю ваду ў вазяры — толькі дзе-нідзе асталась ў ямачках — і кінулась апяць за Іванам. Дагнаўшы яго, змяя разявіла ўжо мяліцу, каб яго пражраць, а ён кінуў ёй паследні бухон:

— З’еш ўпярод маю хлеб-соль, тады мяне з’ясі!

Разабрала змяю соль, пабегла яна ўзноў у сваю старану. Павыпіла ўсю ваду да капелькі і кінулась за Йванам. Вот-вот дагоніць. Відзіць Іван — стаіць кузня. Ён туды:

— Братцы,— кажаць,— запірайце скарэй кузню: за мной змяя гоніцца, хочыць мяне з’есць!

Тут січас дзверы запёрлі; каваль узяў свае клешчы ў пяцьдзесят пудоў і стаў іх распальваць. А тут і змяя прыляцела і крычыць на каваля:

— Падай мне Сучкінага сына! А калі не падасі, я й цябе з’ем, і яго!

А каваль кажаць:

— Праліжы дзверы ды высунь сюды язык, я пасаджу яго табе на язык!

Змяя як лізнула раз-другі-трэці — так дзверы і пралізала. Толькі яна высунула язык скрозь дзверы, а каваль узяў свае абцугі — ды за язык! Схваціў і дзяржыць. А другія за малаткі ды давай змяю біць па галаве. Прыбілі трошку, тады ўзялі і ўкінулі ў горан ды й давай у два мяхі дуць. Як толькі змяя разгарэлась, палажылі яе на кувадла і сталі ўзноў каваць. Узяў тут і Сучкін сын молат у пяцьдзесят пудоў. Кавалі яны, кавалі і выйшаў з яе конь. Каваль і гаворыць:

— Ну, Сучкін сын Залатыя пугавіцы! На табе жменьку лёну, садзісь на гэтага каня, запалі лён і едзь кругом света. Калі аб’едзеш, пакуль лён згарыць, дык паязджай з богам, а не аб'едзеш — дык назад ка мне варачайся!

Сеў Сучкін сын на каня, запаліў жменьку лёну і паехаў кругом света. Паўсвета не аб’ехаў, а лён ужо згарэў. Вярнуўся ён назад к кавалю. Улажылі яны каня ў горан, сталі дуць у два мяхі, разагрэўшы, сталі каваць, ногі папраўляць. Кавалі, кавалі.

— Ну, садзісь-ка цяпер!

Сеў Сучкін сын на каня, запаліў жменьку лёну і паехаў кругом света. Увесь свет аб’ехаў, а лёну згарэла толькі палавіна жменькі. Прыехаў Сучкін сын к кавалю, стаў дзякаваць. Каваль і гаворыць:

— Ну, цяпер ты ездзі на гэтым кані, і ніхто цябе на ім не падолеець у бітве. Ну, толькі сцеражысь: будзеш ехаць чэраз такое і такое места, будзець там бальшы кірмаш: глядзі, не сустанаўлівайся, а то пападзешся ў плен!

Падзякаваў ён шчэ раз каваля і паехаў. Ехаў, ехаў, відзіць — гарадок стаіць, а ў ім бальшы кірмаш, народу многа. Сучкін сын і думаець: «Ну, як жа мне не сустанавіцца? Тут людзі ўсе хрысціяне. Пайду і пахаджу троху па рынку!».

Як сказаў, так і здзелаў: каня пастнавіў, а сам стаў хадзіць па гарадку. Хадзіў-хадзіў, аж відзіць — падыходзіць к яму стар-старычок, сам з кокаць, барада з локаць, вусы па сажню, вочы па ложке не відзяць ні крошкі. Як падышоў к Сучкінаму сыну, так у вусы і ўматаў:

— Ага, вот калі я цябе задаўлю! Ты забіў маіх трох сынкоў як сакалкоў, трох дачушак як зязюлек, і жонку маю канем здзелаў ды едзеш на ёй!

Ды так сціснуў вусамі, што й дыхнуць не можна. Што тут рабіць? Во напасць! Але-ткі Сучкін сын надумаўся.

— Ці ведаеш, дзед, што я табе скажу? Не губі-тка ты мяне: усё [а]дно не вернеш ты сваіх ні сыноў, ні дачок, ні жонку. А луччы скажы, куды ў сваты схадзіць: я за цябе высватаю шчэ лепшую жонку, чымся твая была!

Дзед гэтым дужа ўзрадаваўся:

— Ну, калі высватаеш мне дачку цара Пабягая — дзеда Сівавая, Мар'ю-царэўну, дык пушчу ўжо. Але ўсё-ткі на жонцы не дам ехаць, так ідзі!

Пусціў ён з вусоў Сучкінага сына, тэй і пайшоў. Ідзець ды пытаець, дзе тэй цар Пабягай — дзед Сівавай. Ідзі-ідзі, ідзі-ідзі, сустрачаець нейкага чалавека. Паздароўкаліся і разгаварыліся:

— Хто ты такі ёсць?

— Іван. Сучкін сын! А цябе як завуць?

— Мяне Сямёнам. Куды ж ты йдзеш?

— Ды іду я к цару Пабягаю — дзеду Сіваваю, ды вот дарогі не ведаю!

— Ох, худа табе дайці да яго! Там дужа многа сабак і нікога не падпускаюць: за тры вярсты к чалавеку бягуць і за кління ірвуць!

— А хто ж іх можаць адагнаць?

— Я!

— Ну, хадзі са мной!

Ішлі, ішлі, відзяць яшчэ чалавека. Паздароўкаліся, разгаварыліся. Сямён спрашыець:

— Як цябе завуць?

— Грышкам. А цябе?

— Мяне Сямёнам!

— Куды ж вы йдзяцё?

— К цару Пабягаю — дзеду Сіваваю ў сваты.

— Ну, як вы прыйдзеце к яму, ён ўпярод за ўсяго пашлець вас у лазню памыцца. А ў тую лазню ніхто не можаць увайці: яшчэ як падходзіш, дык за тры вярсты валасы сквяруцца.

— А хто ж яе можаць атушыць?

— Я!

— Ну, хадзі з намі!

Пайшлі ўтраіх. Ішлі, ішлі, відзяць яшчэ чалавека. Паздароўкаліся, разгаварыліся. Звалі яго Іванам.

— Пасля лазні,— кажаць Іван,— дадуць вам піць і есць, каб усё паелі, што ён ад дванаццаці гадоў сабіраець — поўныя свірны з хлебам, поўныя скляпы з піццём!

— А хто ж гэта можаць здзелаць? — спрашыець Грышка.

— Я!

— Ну, хадзі з намі!

Пайшлі ўчацвярых. Ішлі, ішлі, відзяць яшчэ чалавека — Міркуху. Паздароўкаліся, разгаварыліся. Міркуха і гаворыць:

— Пасля абеда выведуць іх вам усіх узнаваць, каторая старшая. Вы й не спазнаеце, бо яны ўсе аднаго ліца!

— А хто ж яе можаць спазнаць? — спрашыець Іван.

— Я!

— Ну, хадзі з намі!

І пайшлі ўпецярых. Ішлі, ішлі, сталі падходзіць к цару Пабягаю — дзеду Сіваваю. Аж яшчэ за тры вярсты прыбеглі сабакі і сталі за кління ірваць. Сучкін сын і гаворыць:

— Ну, хто абіраўся ўцішыць іх?

Сямён кажаць:

— Я!

Ды ўзяў сабак палавіў, ды хвасты пазвязаў, Ды усіх сабе на плячо ўсклаў і панёс к цару Пабягаю — дзеду Сіваваю.

Прыйшлі к цару. Ён і гаворыць:

— Ну, верна, табе ўзяць маю дачку! Ідзіце-тка ж памыйцесь у лазні, а то вы падарожныя людзі, можа нечысць якая забралася!

Яны і пайшлі. Як толькі сталі падходзіць к лазні — яшчэ не дахадзя вярсты тры стала жарка. Сучкін сын і гаворыць:

— Ну, хто абіраўся атушыць лазню?

Грышка кажаць:

— Я!

Ды як дунець, у лазні ўвесь жар прапаў, стала ажно інея! Вярнуліся яны к цару Пабягаю — дзеду Сіваваю і гавораць:

— Зачым ты нас абмануў? Прыйшлі мы ў лазню, а там не толькі дух — а ажно печка ўся заінела!

Цар і гаворыць:

— Ну, верна, табе ўзяць маю дачку! Ну, хадзіце ж з дарогі падкрапіцесь!

Вялеў ім падаць ядзення-піцення, што ад дванаццаці гадоў сабраў.

— Ну, калі ўсё пададзенае паясцё, пап'яцё, дык аддам дачку!

Сталі яны піць-есць: наеліся, паўпіліся, а ні адной бочкі не выпілі. Сучкін сын і гаворыць:

— А хто абіраўся ўсё папіць-паесць?

Іван кажаць:

— Я!

Ды як стаў абручы збіваць з бочак ды піць! Есць ды п'ець, есць ды п'ець. А піў ён бочку гарэлкі так усё адно, як прасты чалавек лыжку вады. Усё папіў, усё паеў ды яшчэ крычыць:

— Мала! Шчэ большы падайце!

— Ну,— гаворыць тады цар,— дзелаць нечага: аддам табе дачку, толькі ўгадай, каторая старшая!

І вывеў усіх дванаццаць дачок: усе роўныя і з ліца, і з росту. Сучкін сын і гаворыць:

— Ну, хто абіраўся спазнаць, ідзі!

Міркуха гаворыць:

— Я!

Прайшоў каля іх раз, другі, трэці ды ўзяў адну за руку і гаворыць:

— Во яна!

Сказалі цару. Ён прыходзіць:

— Ну, маладзец ты, Сучкін сын Залатыя пугавіцы! Сколькі ў мяне ні сваталі — вот ужо дванаццаць гадоў — ну ніхто не змог яе высватаць!

Стаў Пабягай — дзед Сівавай гатовіцца к вяселлю. І не стаў так гатовіць па-своему, але стаў гатовіць па-наську, па-чалавечы. Ну, згулялі яны вяселле, бацька блаславіў нявесту і адправіў яе з Сучкіным сынам.

Пайшлі яны. Ішлі-ішлі, ішлі-ішлі, стала яна гаварыць:

— Скажы, мой мілы друг, за каго ты мяне высватаў? Ці за сябе, ці шчэ за каго?

Ён кажаць:

— Не, не за сябе, а за дзеда сівага, што сам з кокаць, барада з локаць, вусы па сажню, вочы па ложке, не відзяць ні крошкі!

Як сказаў ён ёй гэта, дужа яна сасмуцілась. Прайшлі трошку — яна абярнулася месячкам і давай уцякаць. Сучкін сын Залатыя пугавіцы абярнуўся зорачкай і дагнаў яе. Тады яна абярнулась лябёдкай і стала ўцякаць, а ён абярнуўся сокалам і дагнаў яе. Тады яна абярнулась рыссю і пабегла ўцякаць, а ён абярнуўся шэрым воўкам і ўзноў яе не пусціў. Тады ўжо пайшлі яны к дзеду. Прыходзяць к яму, а ён кажаць:

— А хто цябе ведаець, за каго ты яе высватаў: можа не за мяне! Калі ты ад шчырага сэрца сватаў за мяне, дык перайдзі чэраз гэту пропасць па спрунжыне!

Сучкін сын пераксціўся і пайшоў чэраз і перайшоў.

— Ну, ты, дзевачка! Можа ты будзеш на другіх заглядацца, а мной гардаваць? Перайдзі-тка й ты!

Пераксцілася яна і пайшла, і так жа сама перайшла чэраз пропасць па спрунжыне. Тады Сучкін сын і Мар’я-царэўна гавораць яму:

— Ну, мы перайшлі: мы ні ў чым не вінны проці цябе. Перайдзі-ка ты: можа, і ты тут знайшоў сабе другую, можа, на каго заглядаўся!

— Куды мне заглядацца на другіх! Я ўжо стар чалавек!

— Нічога, з старых усяго бываець! Ідзі-ка, ідзі!

Толькі ён стаў іці, а спрунжына дрыганулася — ён і паляцеў у пропасць! І костачкі яго там рассыпалісь!

Знайшоў тады Сучкін сын Залатыя пугавіцы свайго каня, што адабраў гэты дзед, пажаніліся яны з Мар’яй-царэўнай і сталі жыць ды пажываць ды дабра нажываць.

1 Пушчэй – параўн. ступень ад пушчы = хужэйшы. (Заўвага Е.Р.Раманава)

2 Забарасні (забарсні) – верхнія дзірачкі ў лапцях, скрозь якія працягваюцца аборы.

3 Мяліца – мялка, прыстасаванне, у якім мнуць лён. Тут перан. пашча.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - c. 48-62
Крыніца: скан