epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Іван і Настася

Неўкаторым царстве, неўкаторым гасударстве, ну не ў том, у каторым мы жывём, было ў цара тры сыны: два разумных, а трэці дурачок. Цяпер, была Настася-царэўна, чэраз тры царствы ў чацвёртым. І ў яе быў сад, і ў том садзе разныя яблыкі. Цяперыцька, цар паслаў свайго большага сына, разумнейшага, к ёй за яблыкамі. Цяперыцька едзець ён па дарозе. І прыехаў, значыцца, к каменю — ляжыць камень, а ад таго каменя тры дарогі. І на камені літары напісаны: «Адной дарогай ехаць, дак разбойнікі заб'юць, а другою дарогаю паехаць, звяр’ё з’есць, а трэцяю дарогаю паехаўшы, каню будзець што есць, а самому нечага». Ну, ён цяпер назад і вярнуўся дома.

Цяпер другога сына паслаў. Тожа й тэй так. К таму камню прыехаў, пабыў-пабыў, прачытаў, і тэй вярнуўся. Цяпер дурак давай папрасіўся:

— Пусці мяне, тат!

Ён яго ўнімаць:

— Куды ты, дурак,— гаворыць,— паедзеш? Калі разумнейшыя вярнулісь, а то ты паедзеш.

Ну, ён давай прасіцца, давай прасіцца — бацька і пусціў, і лошадзя даў, і пусціў. Цяперыцька ён прыехаў к таму каменю, к пісанаму, перачытаў тую надпісь і адважыўся: паехаў тэю дарогай, адзе напісана, што каню будзець што есць, а самому нечага.

Едзець ён адны суткі — пераехаў адно царства. Стаіць хатка на курынай ножцы, а ў тэй хатцы Баба Яга Касцяная нага. От ён папрасіўся на ноч, яна пусціла, [у]благатварыла і каня перамяніла. Дала яму ступу, ён на ступе едзець, качаргой паганяець, памялом след замятаець, каб і следу не знатно было. Сеў ён на ступу і паехаў.

Ехаў, ехаў, зноў суткі праехаў — стаіць хатка на курынай ножцы. У тэй хатцы другая Баба Яга. Пусціла яго на ноч, ублагатварыла, тую ўзяла ступу, а сваю дала. Паехаў ён дальшы. Ізновацька суткі ехаў. Усё да Настасі тэй дабіраецца. Стаіць трэцяя хатка на курынай ножцы, і там Баба Яга. Пусціла яна яго на начлег, ублагатварыла і дала свайго каня. На чацвёртыя суткі прыязджаець ужо ў горад, у тэй-то, адзе Настасі-царэўны сад.

Прыязджаець у тое царства к Настасі, а там ляглі спаць на дванаццаць сутак, у том царстве. Ён уехаў — ні варот не шукаў, нічога, чэраз крэпасць пераляцеў. І ў горніцу ўвайшоў, і не чуў ніхто — спяць усе. Тады ўвайшоў у вадну горніцу — спіць дзеўка. «Ці гэта Настася-царэўна? Не, не гэта! Гэта слуга яе»,— сам сабе гаворыць, сам сабе адказуець. Ну, цяперыцька ўвайшоў у другую горніцу, і там дзеўка спіць. «Ці не гэта Настася-царэўна? Не, не гэта, гэта яе слуга самая верная»,— сам сабе адказуець. Цяпер увайшоў у трэцюю горніцу, адзе то Настася спіць. Ён улюбаваў у яе і грэх памеў з ёй. І яна не чула, не знала. Цяперыцька ён пасля гэтага і з канём у сад пайшоў. Пайшоў у сад і нашчыпаў разных-разных тры вузельчыкі, тры платочкі. Нашчыпаўшы, напісаў ён табліцу ў садзе: «Што вот такі і такі Іван Іванавіч-царэвіч у яе садзе быў, яблык нашчыпаў і з Настасяй соннай грэх меў». Прыходзіць цяпер к каню, а конь гаворыць:

— Не, многа ты награшыў, не магу цябе везць! Загіблі мы [а]бое тут: і ты, і я.

— Што ж дзелаць, конь мой верны?

— А што ж дзелаць: ідзі ў лазню, грахі змывай! Пацей крэпка ў духу.

Ну, цяпер пайшоў ён у лазню. Мыўся, мыўся, прыходзіць к каню, конь гаворыць:

— Не,— каець,— троху змыў, а найболі асталось. Ідзі шчэ змывай, да найболі потам штоб выходзіла з цябе!

У другі раз паслаў яго. Прыходзіць ён другі раз з бані к каню, цяперыцька лошадзь каець:

— Дзве долі змыў грахоў, а трэцюю — ідзі мыйся! Змыеш,— гаворыць,— дык паедзем, а то пагіблі! — гаворыць.

Пайшоў ён і трэці раз. Мыўся-мыўся, пацеў-пацеў, прыходзіць з лазні к каню:

— От жа,— каець,— цяперыцька змыў, да не ўсё! Цяпер выедзем з саду, выедзем і з гораду, толькі адным валаском хвастом зачэпім за крэпасць, дык затрасецца горад і прашнуцца ўсе.

Сеў ён на лошадзя, узяў яблыкі і паехаў. Дак ён валаском хвастом зачапіў крэпасць. Так яна ўся й закалацілась: і горад, і крэпасць, і сад — усё. І папрашыналісь усе:

— Што тут такое? Якая трывога?

Бегалі-бегалі, і горніцы расчыняты, і ў садзе вараўство ёсць. Бегала яна, бегала, пакуль прачытала табліцу тую. Тады кінулась удагон за ім. Бегла-бегла, не дагнала, толькі крыкнула громкім голасам:

— Іван Іванавіч-царэвіч! Ажыдай мяне на дванаццаты год у госці.

Ну, ён як паехаў, мінуў тыя два дваркі, што пасля заязджаў, туды едучы, а ў трэція заехаў, каня таго аддаў, а свайго ўзяў і паехаў. Цяперыцька прыязджаець у сваё царства, і захацелася яму спаць. Думаець: «Нікога я тут не баюся, у сваём царстве засну!»

Ён заснуў, і лошадзь увыйшла. Цяперыцька два браты тыя езділі па [а]хоце. І напалі цяпер яго соннага. І напалі, што і яблыкі вязець к айцу к свайму. Цяперыцька радзяцца між собку:

— Што нам дзелаць з ім? Што мы нічога не прывязлі, а ён яблыкі прывёз! Будзець нам ад айца, ён усё царства яму аддасць! Нума,— каець,— яго заб’ём, а яблыкі гэтыя самі паднясём, што мы самі дасталі іх!

А другі каець:

— Не, біць нільзя, і нам не памагецца, а нума мы вочы выкалем яму луччы!

Узялі яму вочы выкалалі, і яблыкі тыя забралі, і яго кінулі. Ён прашнуўся — няма ні лошадзя, няма ні яблык, няма нічога, і не бачыць нічога.

Цяперыча сляпуючы як іціць дак іціць — прыходзіць к рацэ. Ну, цяпер каля ракі папаў човен, што па вадзе ездзяць. Пад човен узяў да й лёг — човен апракінут: «Хто-хто прыйдзець к гэтаму чоўну, нападзець мяне!»

Цяперыцька ляжыць ён і чуець — трое (нячысцікаў) з вады выйшла, на човен селі і гавораць. А ён чуець усё. Цяпер адзін гаворыць:

— Братцы,— гаворыць,— што гэта за раса сянні: хоць які сляпы, толькі б ямкі абы былі, дак расою памазаць і бачыць будзець!

А другі гаворыць:

— Гэта што? А вот я,— гаворыць,— у том-та царстве, знаю, вады няма ўвоўся, з чужых царств ваду навозяць. А там ба, калі б яны зналі гэта да звілі вяроўкі з лык з сырых, ды там у варотах стаіць куст, дык як ба яны дванаццаць пар валоў запраглі да тэй куст з карэннем вырвалі, дак ба было вады разліўное мора!

А трэці гаворыць:

— Ёсць і ў том у том царстве царэўна дужа нездарова і трэці год — асталіся адны косці толькі. А ёй пользу можна лёгка даць: брала яна прычасць у гасподнім храме і заблюла яна крошачку. Ды ў голавы пад падушку ў трапачку схавала яна. Цяпер гэта шчура выпарала яе, праела трапачку, і крошачка гэта ўпала пад мост у шчэлачку. А курапа1, найшоўшы яе, і з'ела. Цяпер яна раздулася такая бальшая, з карову, мост падымаець, ды яе ніхто не відзіць. А ў ей (царэўны) толькі адзін дух да шкура. Вот цяперыцька якую пользу ёй даць: калі б хто мост падняў да курапу разрэзаў да ў шкуру ў яе царэўну завярнуў, дык ба яна шчэ луччы стала, як была!

Цяпер усе разам з чоўна боўць, боўць, боўць у ваду і пайшлі, немаведама і хто, і які, і што. А ён пад чоўнам сядзіць сляпы.

Цяпер ён з-пад чоўна вылез, Іван Ізанавіч-царэвіч, да рукою па траве павадзіў да вочы памазаў. Ён расой памазаў вочы свае і стаў шчэ ярчэй глядзець, як ўпярод, калі шчэ вочы былі ў яго, — ад расы ад тае**.

Цяпер пайшоў ён у тое царства, адзе вады няма, лазовага кусту сматрэць. Ён увайшоў у тое царства і гаворыць:

— Вы вадою нуждаецесь — я вам дам ваду!

Зацееў з суровых лык з сырых канаты віць, і дванаццаць пар валоў каб было харошых. Яны гэта прыгатовілі. Ён на луг павёў валоў тых і запрагаець валоў у куст у тэй канатамі, каб куст тэй вырваць. Тады пазачапілі гэты куст, запраглі, як крыкнулі — вырвалі тэй куст. Вырвалі тэй куст, вада тая так і пайшла з-пад куста ўгару — і па ўсяму царству. Яны сталі яго нагараджаваць, даваць грошы. Ён нічога не бярэць. І пайшоў у тое царства, адзе царэўна нездарова сілна.

І ўвайшоўшы ў тое царства, да йшоў і пахваліўся, што царэўна нездарова, я магу помачы даць!

Яго тады ўзялі на лашадзей і к ей павязлі. Цяперыцька даставілі к ёй, яна нічога — ляжаць адны косці. Ён тады павялеў мост разабраць пад ёю. Як мост разабралі і ўвідзелі: ляжыць тая курапа, як карова, дужа бальшая. Павялеў разрэзаць яе, дак дух тэй выйшаў; а яе напранулі, голую, кожай тэй. За трое сутак кожа тая немаведама стала — ці ў яе ўрасла, ці дзе, а яна шчэ красівей стала, як была. Цяперыцька яму даюць награды і хочуць, штоб ён за сябе яе ўзяў і палавіна царства штоб узяў, а ён атвяшчаець:

— Не нада мне гэта нічога, у мяне свая ў госці прыедзець.

І выйшаў ужо дамоў к айцу.

І прыходзіць ён, не ўвазнаюць яго. У работнікі наняўся, у ватца. Куды яго цяперыцька — у вінніцу, у гарэлашную паставіць! Паставілі заціраць затор; як толькі дзе тарканець, дык і дзірка ў чапу2 і клёпка вон. Цяпер дос яго туды. Ён сілна крэпак, няхай ён у вінніцу дровы носіць. Зацеялі яго дровы насіць у вінніцу. Ён сажань адразу падвяжыць, унясець да тады і сядзіць, гуляець ужо. Прайшло так дванаццаць гадоў. Наязджаець ужо Настася-царэўна і з сынам і з войскаю. І пастроілісь яны за ракою, астанавілісь. І сын ужо крычыць:

— Няхай ка мне Іван Іванавіч наўстрэчу выйдзець, ацец мой, а то я ўсё тут і паразару і паразаб'ю, еслі яго не [а]тойшчыце!

Ён, цар тэй, сурадзіў наўстрэчу сына таго, што вочы калоў. Цяпер ён ідзець наўстрэчу, сын тэй крычыць:

— Во, ідзець мой дзядзюшка, каторы майму айцу вочы калоў!

Да ўзяў яго за руку, замахнуўся і закінуў немаведама куды.

Ізновацька крычыць:

— Айцец мой наўстрэчу няхай выйдзець, а то клад усякаму дам!

Ён, нечага дзелаць — адзе таго браць — ізноў другога сына сурадзіў так наўстрэчу. Ён ідзець, а тэй крычыць:

— Во мой дзядзюшка ідзець, каторы майму айцу вочы калоў! Не,— каець,— падайце мне майго бацюшку, што ў нас яблыкі ў садзе браў!

Цяпер ужо цар тэй спужаўся:

— Адзе яго браць?

Узяў ужо ўва ўсіх пытацца:

— Што тут здзелаць?

{здзелаць?

}А ён гаворыць:

— Я помачы дам!

— Што хочаш бяры,— гаворыць,— толькі дай помачы!

Ён узяў, у гразь пабдзелаўся, у вінніцы ў твань3, увыйшоў у грошы ды грошай поўны карманы панасыпаў, колькі яму трэба — цар ужо не жалеець. Тады ён павялеў, каб харошы мост быў адсыпан, і пайшоў, як быў і вінніцы, так і пайшоў.

Ідзець да з кішаня грошы бярэць ды варміі тэй сыплець. Тыя бяруць грошы ды кланяюцца, хапаюць грошы тыя.

— Во,— каець,— ідзець бацюшка мой! Які ёсць ды ёсць, ды айцец мой!

Ён прыйшоў к Настасі, парукаўся і павёў к айцу, і з варміяй павёў к айцу. І стаўся на царстве том, а бацьку далоў.

1 Курапа – жаба.

2 Чоп – чан на бровары, у якім робіцца затор.

3 Твань – глей.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 489-494
Крыніца: скан