epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Іван і кусюлька

Жыў сабе дзед і бабка. І быў у дзедкі сынок Іванька. Аддалі яны яго ў школу, а самі даглядалі хадзяйства. Вот раз ажарабілася ў іх дома кабыла. А дзеду трэба было ехаць у хуру1. Прыходзе Іванька із школы, бацька яму кажа:

— Мой сын, некаму кусюлькі даглядаць: ты ў школе, я еду ў хуру. Ці нам парабка наняць, ці луччы кусюльку прадаць?

— Не, татка, не прадавай, я сам буду даглядаць, прыйшоўшы з школы!

Вот, паехаў бацька ў хуру, а Іванька стаў сам даглядаць кусюльку: уранні ўстане, дагледзе яе і пойдзе ў школу; прыйдзе са школы і зноў зайдзе к кусюльцы. І дужа яе харашо даглядаў. От, прыходзе ён раз так з школы, заходзе к кусюльцы, а яна па шчыкалаткі ў крыві стаіць. Ён тады спрашуе ў яе:

— Кося мая мілая, кося любімая, чаго ты так скучаеш?

{скучаеш?

}— А як жа мне не скучаць: у твае мачыхі сянні бальшая бяседа: хоча яна цябе страціць. Тады хто мяне даглядаць будзе?

— Ну, а што гэта будзе? Як яна мяне страціць хоча?

— А нічога не будзе. Нагрэла яна табе чаю. Як увойдзеш ты ў хату, дык табе яго і пададуць. А ты не пі, а стань піць ды нібытцам-та і ўпусці!..

Ушоў Іванька ў хату і кажа:

— Дай мне, мам, абедаць!

Яна дала яму абедаць. Толькі ён стаў есці, аж яна кажа:

— Ах, галоўка бедная, забылася табе чайку даць, папіць з холаду!

— А давай цяпер, матушка!

Падносе яна яму чаю. Вот ён узяў, казаў бы піць да бытцам ненарошна і ўпусціў.

На другі дзень ідзе Іванька са школы і зноў заходзе к кусюльцы. Па[г]лядзеў, а яна па калена ў крыві. От ён і спрашуе:

— Кося мая мілая, кося любімая, чаго ты так скучаеш?

— А чаго я скучаю: у твае мачыхі сянні шчэ большая бяседа, і цябе хочаць страціць. Хто мяне тады даглядаць будзе?

— Як жа яна мяне хоча страціць?

— А спякла яна табе піражок. Як увойдзеш ты ў хату, дык яна дасць табе піражок. А ты не еш, ды сабацы аддай, дык убачыш, што будзе сабацы. От, тое б і табе было!

Ушоў ён у хату і кажа:

— Дай мне, матушка, паабедаць!

Падала яна абед. Цяпер, сеў Іванька абедаць, а яна і кажа:

— Вот! Забыла табе даць піражка з разнымі зеллямі!

Дала Іваньку піражок; ён разламіў і аддаў сабацы. Той сабака січас і здох. Іванька ўзяў яго за хвост і цягне з хаты. Маці дажыдаецца, што й яму так будзе. А ён сабаку выцяг, памыў рукі ды за стол. Паядаў сабе і пайшоў. Назаўтрага пайшоў у школу, адбыў там дзень, а ўвечары ідзе дамоў і заходзе к сваёй кусюльцы. Ажно яна стаіць у крыві па пуза. Ён тады кажа:

— Кося мая мілая, кося любімая, чаго ты так скучаеш?

— А чаго я скучаю: апяць хоча цябе мачыха страціці!

— Чым жа яна хоча мяне страціць?

— А вот чым: будзе ў вас сянні сыбота, а вы будзеце баню тапіць. От, як пойдзеш ты ў баню, мачыха дасць табе белую рубашку. Ты як надзенеш яе, дык і канец!

Прыйшоў Іванька ў хату, мачыха і пасылае яго ў баню і дае яму белую рубашку перадзецца. Пайшоў Іванька ў баню, памыўсь ды й надзеў зноў чорную рубашку, а гэтыя рубашкі і не надзеў. Прыходзе дамоў, от мачыха і спрашуе:

— Што ж ты ў чорнай рубашцы, і дзе ж ты тую рубашку дзеў?

— А толькі стаў, матушка, грэць над печкай, што яна халодная, а яна й згарэла!

На другі дзень пайшоў ён у школу, перабыў там дзень, а ўвечары ідзе дамоў і заходзе к кусюльцы. Ажно яна стаіць у крыві па шыю.

От, ён кажа:

— Кося мая мілая, кося любімая, чаго ты так скучаеш?

— А чаго я скучаю: у твае мачыхі сянні яшчэ большая бяседа: хочуць яны цябе страціць. Дык ты пі і не ўпівайся, еш і не ўядайся, спі і не ўсыпайся, а слухай, што будзе!

— А што будзе?

— Ды нічога не будзе. Хочуць яны цябе зарубіць. Дык ты паляжы ды й выйдзі на двор, а на места сябе палож свой патрэт.

Ушоў Іванька ў хату, напіўся, наеўся і лёг нібытцам-та спаць. Тады мачыха пайшла к сваім бахурам2 і кажа:

— Ідзіце, адсячыце яму галаву.

От, Іванька ўстаў да на тым месце, дзе спаў, палажыў свой патрэт, а сам выйшаў з хаты. Прыйшлі тыя ў хату, вынялі тапор і давай яго секці.

— Ну,— кажа мачыха,— будзе!

Кінулі яны тапор, сталі піць ды гуляць, аж Іванька ў хату:

— Здароў, мам!

Тыя глядзяць: «Што гэта такое, госпадзі? Мы яго засеклі, а ён жыў!»

І пабеглі ўцякаць. Прайшло там колькі днёў, прыехаў бацька з хуры. Вот мачыха пайшла к суседцы. Прыйшла і жаліцца:

— От, хацела я свайго пасынка страціць, да не страціла ніякімі зеллямі. Што ні здзелаю, ён усё ведае!

А суседка кажа:

— Ё ў вас такое лаша. Яно ўсё яму гавора!

— Як жа ж мне яго страціць?

— Трэба зарэзаць!

— Як жа яго зарэзаць?

— А ты вазьмі ды нібытцам захварэй ды й скажы, што табе нараена почкай лашонкавай мазацца!

Вот, ідзе Іванька са школы і заходзе к кусюльцы: ці хораша яна дагледжана. Не вера бацьку. Заходзе к кусюльцы, аж яна стаіць уся ў крыві, толькі вушы тырчаць. Ён падышоў і кажа:

— Кося мая мілая, кося любімая! Чаго ты так скучаеш?

{скучаеш?

}— А чаго я скучаю? Я цябе ад смерці адратавала, а цяпер мне ўжо прападаць!

— Дык як гэта?

— А так: мачыха нібытцам захварэла і кажа на бацьку, што прыраена ёй зарэзаць кусюльку і яе почкай мазацца!

— Дык што й то будзе?

— А што будзе: як прыйдзе ён мяне рэзаць, дык прасісь праехацца на мне ў паследні раз.

Ушоў Іванька ў хату, а бацька нож істрыць. Ён спрашуе:

— Нашто ты, тат, нож істрыш?

— А, мой сынок, маці твая захварэла, дык прыраена кусюльку зарэзаць, штоб почкай мазацца, дык яна тады ачуняе!

— А, татачка! Як жа яго рэзаць? Яно такое харошае!

Выйшлі яны на двор. Іванька і кажа:

— Дай-ка, татка, я на ём праеду ў паследні раз!

Сеў на кусюльку, выехаў за вароты:

— Ну, прашчавай, татка! Папомні ты: я буду ногі мыць, а ты тую ваду будзеш піць!

Як махне — толькі тады яго й відзелі.

Паехаў Іванька вуліцай; выехаў за вуліцу, едзе і едзе. Заехаў ён у такую нецераць3! Ляжыць камень.

— Злазь-ка, Іван,— кажа кусюлька,— падымай-ка камень!

Ён злез, падняў камень, а там яма.

— Лезь-ка туды, паспытай-ка вады з дзвёх дзежак!

Вот, ён паспытаў. Кусюлька кажа:

— Вылазь-ка, завалюй камень!

От, ён заваліў. Сеў на кусюльку, кусюлька і кажа:

— Не, не ўдзержу. Злась-ка! Лезь ізноў ды выпі з трэцяе дзежкі пяць разоў!

Ён выпіў, вылез назад. Січас завярнуў камень, сеў на кусюльку.

— Вот цяпер самы раз! — кажа кусюлька.— Ну, як жа мне цяпер цябе несць: ці вышай лесу, ці ніжай?

— А цяпер як хочаш нясі!

Яна й панясла яго вышай лесу. Ехалі яны, ехалі і прыехалі ў царскі горад.

— Ну,— кажа кусюлька,— цяперака мяне пусці, а калі трэба буду, выйдзі толькі да свісні — я й прыбягу!

Пусціў тут Іванька кусюльку, а сам пайшоў, купіў сабе шубу зялёную і ходзе па гораду. От, ідзе горадам. Хто папытае: «Адкуль ты?» — дык ён кажа: «Зялёная, зялёная!»

Дайшоў ён так да цара. Цар і пытае:

— Адкуль ты?

Ён кажа:

— Зялёная, зялёная!

От, цар і кажа:

— Што гэта за дурак такі? Ну, калі зялёная, дык наймісь ка мне ў сад!

Іванька і наняўся ў сад. Здзелаў сабе курэнь у саду да й жыве. Дык у яго ніхто ніводнага яблычка не ўкрадзе. Ну, і было ў цара тры дачкі, і яны носяць яму, кажная па чарадзе, абедаць у сад. Прайшло ці многа, ці не, толькі прыслана к цару ад змея на шасцёх галавах па большую дачку:

— Калі не [а]ддасі дачку, то сам як прылячу, дак не стане твайго й царства!

От, цар нарэзаў валоў, сабраў абедню, назбіраў людзей. Вядуць ужо большую цараву дачку к змею, плачуць. І салдаты ідуць з змеем ваявацца. Пачуў Іван, што плачуць, выйшаў у поле, крыкнуў да свіснуў маладзецкім посвістам да багатырскім голасам — вот січас конь і тут. Прыбег і пытае ўжо:

— Што ты, Іван Іванавіч — купечацкі сын, з мяне трэбуеш?

— Што ж я з цябе трэбую? Павялі цараву дачку к змею на шасцёх галавах, дык хочу паваявацца.

— Ну, улазь-ка мне ў левае вуха, а ў правае вылазь!

От, ён як вылез, дык такі маладзец!

— Ну, садзісь на мяне!

Ён як сеў верхі, січас іх і перагнаў. Прыехаў і стаў каля рэчкі. Аж едзе й змей на шасцёх галавах. Убачыў Івана і кажа:

— Што ты, Іван Іванавіч — купечацкі сын, з мяне трэбуеш?

— А як жа, пессее мяса, не трэбуецца мяне!

— Ну, што ж ты — біцца ай мірыцца?

— Добрыя малайцы ніколі не мірацца, а на**баля б’юцца!

— Ну, дзьмі-ка ток, Іванька!

— Не, дзьмі-ка ты, пессее мяса!

От, змей як стаў дуць, дык як ток гліняны, а Іван стаў дуць, дык зялезны. Вот, як пачалі ваявацца, дык зямля-маць затраслася. Конь збіў тры галавы, а Йванька тры ссек. Крыкнуў тады салдатам:

— Паліце тут, размятайце!

А сам сеў ды й паехаў. Ад’ехаўшы, каня пусціў у поле, а сам шубу зялёную надзеў і лёг у курэнь.

Прайшло колькі там урэмя, прысылае к цару па сярэднюю дачку змей ужо на дзевяцёх галавах. От, цар сабраў апяць абедню, нарэзаў валоў, назваў салдатаў. Зноў вядуць, галосяць. Учуў Іванька, што вядуць, галосяць, выйшаў на ганкі, як крыкнуў да свіснуў маладзецкім посвістам, багатырскім голасам — вот конь і тут.

— Што ты з мяне трэбуеш, Іван Іванавіч — купечацкі сын?

— А што я з цябе трэбую? Прыйшоў па цараву дачку змей на дзевяцёх галавах, дык я хочу паваявацца!

— Улазь-ка ў правае вуха, а ў левае вылазь!

— От, ён як вылез — такі маладзец! Як сеў ды як паехаў — усіх перагнаў. Прыехаў і стаў каля рэчкі. Аж во, едзе й змей, такі, што на дзевяцёх галавах.

— Што ты, Іван? Трэбуецца цябе тут?

— А як жа, пессее мяса, не трэбуецца мяне!

— Ну, што ж ты, біцца ай мірыцца?

— Добрыя малайцы ніколі не мірацца, а на**баля б’юцца!

— Ну, дзьмі ток!

— Не, дзьмі-ка ты, пессее мяса!

Вот змей як стаў дуць, дык зялезны, а Іванька як дзьмухнуў, дык сярэбраны. От, як сталі біцца, дык зямля-маць затраслася. Што конь пазбіваў галовы, а што Йванька пазрубліваў. Убілі таго змея. От, Іванька і крычыць:

— Рубіце, паліце, дзьміце!

А сам сеў і паехаў. Даехаў да кураня, каня пусціў, а сам шубу зялёную надзеў і лёг. Толькі ўснуў, аж і едзе змей на дванаццацёх галавах па меншую дачку. Прыйшоў ад яго пасол і кажа на цара:

— Луч аддавай дачку, а то сам як прыйдзе, дык ужо не дажыдайся!

Вот цар плача. Сабраў ён абедню. Людзі збіраюцца весць меншую яго дачку, а дачка дзень і ноч богу моліцца:

— Госпадзі! Калі б і мяне той адратаваў, хто маіх сясцёр адратаваў!

Вот яе вядуць, яна плача і людзі плачуць. Зачуў Іванька, што цараву дачку вядуць і плачуць, от ён выйшаў і крыкнуў да свіснуў маладзецкім посвістам да багатырскім голасам — от, конь і тут. Прыбег і спрашуе:

— Іван Іванавіч — купечацкі сын, нашто трэбуеш?

— А нашто я цябе трэбую: апяць прыехаў па цараву дачку змей на дванаццацёх галавах!

— Ох, Ваня, плоха ж наша дзела будзе! Ну, да нічога: улазь-ка ў левае вуха, а ў правае вылазь!

От, ён як вылез, дык стаў такі маладзец, такі маладзец!

— Ну, на-ка ж табе тры пляшачкі: адну пляшку сам вып’еш, а другую мне ў глотку выллеш, а трэцюю ў рану ўллеш!

Сеў ён і паехаў. Прыехаў і стаў каля рэчкі. Вот ён і едзе на дванаццацёх галавах і крычыць з сэрца:

— Што ты, Іван? Трэбуецца цябе суды?

— А як жа не трэбуецца!

— Ну, дзьмі ток!

— Не, пессее мяса, дзьмі-ка ты ток!

Вот ён як стаў дуць, дык медны, а Іван як дзьмухнуў, дык залаты. Вот і сталі ваявацца. Ваявалісь, ваявалісь — Іван і ўмарыўся.

— Ой,— кажа,— дай аддыхнуць!

— Не,— кажа змей,— нельзя, а то ты аддыхнеш, то зноў будзеш ваявацца!

Выпіў Іван адну пляшку, і сталі ваявацца. Ваявалісь, ваявалісь, от змей і гавора:

— Дай, брат, аддыхнуць!

— Не, пессее мяса, ваюйсь!

Даў ён каню пляшку выпіць, і сталі зноў ваявацца. От Іван зваяваў змея, а ён параніў яго ў руку. Уліў Іван ваду з трэція пляшкі ў рану і крычыць:

— Эй, падай трапку!

Вот царава дачка і нясе яму шаўковенькую хустку. Ён завязаў руку і крычыць:

— Паліце тут, размятайце!

А сам сеў на каня і паехаў. Прыехаў к кураню, каня пусціў, а сам шубу зялёную надзеў і лёг у курэнь. Вот як заснуў, дык на дванаццаць сутак. А царава дачка, вярнуўшысь, прыносе яму ў курэнь абедаць. Прыходзіць туды, а ён спіць, а на руцэ ў яго яе шаўковая хустка. Будзіла яна яго, будзіла — не ўзбудзіла і пайшла дамоў. Вот ідуць яны ўжо самі будзіць. Будзілі-будзілі — не ўзбудзілі. Ідзе старэнькі дзядок:

— Не будзіце яго! Ён выспе дванаццаць сутак, сам устане!

Вот як выйшла дванаццаць сутак, пайшлі яны ў курэнь і сталі яго будзіць. Ён січас і ўстаў. Павялі яго к цару. Дазнаўся ён, што гэта Іван пабіў змяёў, і звянчаў яго з сваёй меншай дачкой. Згулялі яны вяселле і жывуць. Чараз колькі днёў ці, можа, гадоў успомніў ён на свайго бацьку. Захацеў ён паглядзець свайго старога хадзяйства і кажа сваім:

— Трэба мне свайго бацькі адведаць!

Яны й зажурылісь і гавораць:

— Ты ж як паедзеш, дык і не прыедзеш!

— Не,— кажа,— зачым не прыеду? Прыеду!

Ну вот, запраглі яму тройку коней, падушак намасцілі. Выйшаў ён на ганкі і кажа:

— Не трэба мне гэтыя коні, у мяне свой ё.

От, як крыкнуў багатырскім голасам да маладзецкім посвістам — конь і тут: падышоў пад ганкі і стаў. Ён сеў і паехаў, да прама чараз забор. Ехаў, ехаў, прыязджае ў сваё сяло. Бача — нічога няма з іхняга хадзяйства, і трава парасла. Ён тады спрашуе:

— Дзе тут такі і такі старык жыве?

— А ў папа ў парабках!

— А жонка яго дзе?

— А ў багача ў няньках.

Вот ён і паехаў да папа. Як даехаў, так у двор і ўехаў. Прыходзе ў хату і просіцца пераначаваць. Ну, яго пусцілі. І прыйшлося яму начаваць укучы з бацькам. Іван Іванавіч з дарогі захацеў вымыць ногі і вялеў прынесць сабе вады. Вот перад тым, як лажыцца, ён і вымыў ногі. Ляглі спаць. Ноччы бацька прашнуўся і захацеў ён піць. Шукаў ён, шукаў вады і знайшоў тую, што Іван ногі мыў, да й узяў і напіўся. Назаўтрага ўранні прашнуліся, паглядзеў Іван — вады адпіта. Ён тады спрашуе:

— Хто маю ваду піў?

Старык глядзеў, глядзеў да кажа:

— Я піў!

От Іван Іванавіч і гавора:

— А ці помніш ты, як сын табе сказаў, што ён будзе ногі мыць, а ты будзеш тую ваду піць? От, яно так і ёсцека: я ўчора вымыў ногі, а ты той вады і напіўсь. Я ж твой сын!

Стаў тады бацька прасіцца, штоб яго прасціў. Ну, сын яго прасціў. Прывялі тады матку яго. Вот ён прывязаў яе к конскаму хвасту, конь яе і разнёс чыста ўсю. А сам узяў бацьку свайго і паехаў зноў к цару. І сталі там усе ўкучы жыць да пажываць да дабра нажываць.

1 Ехаць у хуру – ехаць у абоз.

2 Бахур – распуснік, любоўнік.

3 Нецераць – непраходны, непралазны гушчар у нізкіх месцах.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 470-477
Крыніца: скан