epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Іванка-Прастачок

У яком-тось краю жылі людзі, бы ў раю: гаравалі, працавалі да й бяды не малі. Свет вялікі; зямлі многа; усюды волна — працуй на хлеб, рабі да бога хвалі. І жылі там людзі ў ласцы, у згодзе, весь дзянёчак гаравалі, працавалі, а аб ночы аддыхалі. А прыйдзе бяда — у згодзе ратаваліся ў прыгодзе: бедным, хворым памагалі, дак і ўсе бяды не малі. Толькі ось адкуль узяўся й пачаў сюды лятаць страшны Змей; пачаў лятаць, пачаў дабро цягаць, а нарэшце й людзей хватаць да к сабе цягаць. Нахватаў ён людзей і давай будаваць сабе харомы. Нахватае адусюль людзей, згоніць іх у вадно месца да й прымушае будаваць харомы, акопваць іх канавамі, абсыпаць валамі да абгароджваць частаколам, каб ніхто не мог туды ўлезці. Будуюць людзі, капаюць канавы, насыпаюць валы зямлі, бы горы, й патуль гаруюць, пакуль там і загінуць. А Змей хватае да валочыць туды ўсё новых да новых людзей.

От набудаваў ён многа такіх агародаў, пралажыў паміж іх шляхі, лятае па іх да цягае ў вагароды й людзей і людское дабро. Працуюць людзі, загаруюць што-кольвек, а тут наляціць Змей, абярэ ўсё, бы пожар, да й запрэ к сабе ў вагароды, а людзі пухнуць ад голаду да мруць, бы мухі. І чым далей, тым гарэй: няма спасобу, няма ратунку ад ліхога Змея.

Тым часам тыя людзі, што іх Змей навалачыў у свае харомы, жаруць сабе людское дабро, нічога не робяць да толькі сала гадуюць. Дак от не толькі Змей, але й яны, забыўшы сваіх бацькоў да братоў, пачалі па шляхах вылазіць з агародаў, бы мурашкі з муравейніка, пачалі хадзіць па свету да адбіраць у людзей іх дабро. І стала людзям гарэй ад людзей, як ад Змея, бо, ведама, гэтых ліхіх слуг Змея вельмі многа. Яны бы плойма ўсюды находзяць людзей і адбіраюць у іх што запарвуць. Няма ў іх літасці — з жывога шкуру дзяруць. І пачалі яны лічыць людзей гарэй гаўяда, пачалі саромецца, што самі яны людзі, пачалі выдумоўваць сабе ўсялякія назвіска. Хто назваў сябе змеем, хто воўкам або мядзведзем ці другім зверам, хто арлом, коршакам ці другою птушкаю, хто якім-кольвек дзеравам, і гэтак яны ўсе далі сабе назвіска. Толькі людзей называюць яны проста людзьмі, батцэ гэта самае гарэйшае імя. Дак от скуль узяліся паны Свінскія, Ваўкі й другія.

Тым часам пастарэў Змей, абяссілеў і ляжыць, бы падла. Ляжыць ён на адном баку тысячу гадоў; і пачаў ён гнісці, пачаў так смярдзець, што аж нос верне. Разышоўся той смурод па ўсіх харомах, запаганіў увесь агарод. Свежаму чалавеку нельга падысці блізка к агароду, такі адтуль верне смурод, такі ліхі імпат ідзе ад таго Змея. Але паны абнюхаліся да й кажуць, што гэта пах, што гэта толькі дурныя мужыкі не знаюцца, што смярдзіць, а што пахне. Тым часам Змей усё гніе да гніе й так запаганіў агарод, што там і панам жыць няможна. Пачалі яны адсякаць у Змея гнілыя ногі або што другое. Адсякуць адно, а замест таго вырасце пяць, а то й больш. От бы аднолеткі на пню. І разросся той Змей бы гара, разросся й абняў увесь агарод. Загніўся агарод, пайшла вонь на ўвесь свет. Прасмярдзеліся паны да й пачалі самі гнісці, бы падла. Яшчэ гарэй стала людзям, бо паны гніюць, ядзяць іх чэрві, точаць іх жукі; а што здаровыя, тыя ловяць людзей, цягаюць у вагароджу да прыказваюць абмываць той гной да карміць гэтае падла. От служаць людзі дохламу Змею, служаць тым гнілым панам, аддаюць ім апошняе, а самі ходзяць галодныя, халодныя да толькі за працаю свету божага не бачаць. Гэ[так] й жывуць яны ад веку да веку. Адны ўміраюць, другія раджаюцца, й нямашака ніякае палёгкі. І да таго дажыліся людзі, да таго падурэлі, што й не думаюць аб лепшым жыццю. Ім здаецца, што гэ[так] й трэ[ба], што йнак жыць, дак і свет звядзецца.

— Гэ[так] жылі нашы прадзеды і дзяды, трэ[ба] й нам уступіць у іх сляды,— кажуць людзі да й нічога не робяць, каб зрабіць лепшае жыцце.

Але ось радзіўся ў том краю хлапчук. Быў ён вельмі благенькі, вельмі худы; да от так як заняпаў з маленства, дак так і астаўся на ўсё жыцце. Ні паны, ніхто яго не чапае, бо ён такі нехлямяжы, што нікому непатрэбен. От ён і вырас ужо, але ўсё грае з дзецьмі бы маленькі. І празвалі яго людзі Іванкам-Прастачком.

От узімку сядзіць сабе Іванка-Прастачок на печы да з лучыначак цацкі складвае, а палетку пясочак перасыпае з дзецьмі. Так пражыў ён гадоў трыццаць. От раз сядзіць Іванка-Прастачок на зямлі каля прызбы да перасыпае пясочак, аж ідуць тры старцы. Прыйшлі яны к хаце да й селі на прызбе аддыхаць. У сяле ні жывое душы — пан усіх выгнаў на работу. Пуста, хоць падпалі. Сядзяць старцы на прызбе, аддыхаюць да насыпаюць у люлькі цюцюну. Хапіліся яны, аж няма агню, да й просяць Іванка, каб ён дастаў агню люлькі закурыць. Пабег Іванка ў хату, набраў у прыгаршчы жару да й прыносіць старцам. Закурылі тыя люлькі, падзякувалі Іванку да й пытаюць яго, што ён робіць.

— Пясочак перасыпаю,— кажа Іванка,— бо што ні рабіць, то ўсё на паноў тахціць1. А нашы людзі дурныя, цягнуць жылы да са ўсяе сілы пнуцца, дзела спраўляюць, а ліха маюць, бо паны ўсё к сабе грабуць, з мужыкоў шкуры дзяруць, а то й саўсім іх к сабе бяруць, за свет заганяюць, б’юць, калечаць, мучаць, забіваюць і літасці не маюць.

Паслухалі тое старцы, галавамі паківалі, узяліся за штрументы да й загралі. Першы раз загралі — Іванку розум далі; другі раз загралі — у сэрца жаласці нагналі; трэці раз яны загралі — язык Іванку развязалі. Зніклі старцы, а Іванка-Прастачок стаў ужо не дурачок, стаў за дзела брацца да й у свет збірацца. Зрабіў дудку-весялушку да заграў сабе так жаласліва да так гожа, што не толькі людзі, а звяры й птушкі сталі яго слухаць, сталі ўкруг збірацца. І пачаў Іванка-Прастачок па свеце хадзіць, у дудачку граць, людзей збіраць да ім праўду казаць. Як заграе, дак і ўбачаць людзі, што вялікая крыўда на свеце, што адны пануюць, другія гаруюць; адны багацтву лічбы не маюць, другія з голаду падыхаюць. І разнёсся ад Іванкавае дудкі голас па ўсяму свету. Пачалі людзі к таму голасу прыслухацца да розуму набірацца; пачалі думаць да гадаць, як за праўду пастаяць. От учулі па палацах той вялікі голас да і спалохаліся слугі Змея, пачалі яны войска збіраць да Іванка-Прастачка шукаць. Чуюць голас на ўсходзе — шамелях яны туды. Палашы блішчаць, пікі, бы лес, тырчаць, гарматы грымяць, а Іванка не відаць. Стануць ціха, бы на паляванні, слухаюць, стаяць. Аж тым часам чуюць голас на заходзе — грае дудка-весялушка, грае, людзей навучае. Ідзе пошчак ад сяла да сяла, па полю, па лесе ад краю да краю. Кінуцца яны на захад: гоняць коней, бягуць самі, шаблямі звіняць, на зві вецер з гармат страляюць, дак Іванка не спаймаюць. Гудзе дудка, грае: то засвішча, то, бы бусел, заляскоча, то зацягне тонка, от бы павуціна, то так дробненька шчабеча, што ў паноў аж лыткі затрасуцца, а мароз бяжыць па спіне, батцэ мыш туды залезла да й скрабецца пазурамі. От з тых часаў слугам Змея ні ўдзень, ні ўночы ані збла спакою2, бо бяды яны сабе чакаюць, бы вол доўбні.

Дудка свішча, дудка грае; пошчак па свету гуляе, людзей навучае. Яго не злавіць, ні з гармат не забіць. Ён волна па свету гуляе, ніякіх загародак не знае; хаць сам без цела, да вялікую сілу мае. Грае, грае, а як прыйдзе час, дак усіх ён параўняе. Ой ты, дудка мая, весялушка мая!

1 Тахціць – тут у сэнсе гадзі**ць, рабіць на карысць панам.

2 Ані збла спакою – ані трошкі спакою (збло – сцяблінка).



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 334-337
Крыніца: скан