epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Іванька

Жыў дзед із бабай, і было ў іх тры дачкі й сын. Дзед і баба памерлі, засталісь дзеці адны. Прылятае к ім у паўдня пісьмо, каб было піце**ння-ядзе**ння. Яны нагатавалі і пайшлі ў сад гуляць. І змарыў іх сон; яны звязалісь паясом і заснулі. Прашнулісь, аж большую дачку ўкраў змей. На другі дзень апяць прылятае пісьмо, каб было піцення-ядзення. Яны нагатавалі і пайшлі ў сад гуляць. Іх узноў ізмарыў сон, яны звязаліся паясом і заснулі. Прашнуліся, аж ужо сярэднюю дачку ўкраў змей. На трэці дзень узноў прылятае ўпаўдня пісьмо, каб было піцення-ядзення. Яны нагатавалі і пайшлі ў сад гуляць. Ізмарыў іх узноў сон; увязалісь яны паясом і заснулі. Прашнуліся, аж меншую дачку ўкраў змей. Адзін застаўся Іванька. Пахадзіў ён, пахадзіў па саду, паплакаў, да дзелаць нечага. Быў у яго конік, сеў ён на коніка і паехаў у свет шукаць сваіх сясцёр.

Ехаў ён, ехаў з рання да вечара, абняла яго цёмная ноч. Пад'язджае ён к гораду, аж змей абкруціўся вакруг гарада** і хвост у зубы ўзяў. І паджаў Іванька каня так, што конь пераляцеў чараз змея і не зачапіў змея. Едзе Іванька, аж стаіць дом. І бача ён, што на трэцім атажу сядзіць яго сястра, шые-вышывае і дужа плача. Заехаў Ванюша ў дом, паздрастуваўся з сястрой і кажа:

— Садзісь, сястра, на каня, паедзем!

Яна кажа:

— Баюсь! Ці ўцячом, ці не, а тады будзе шчэ горай!

— Не бойсь,— кажа Ванюша,— садзісь!

Села яна на каня і паехалі дамоў. Аж даганяе іх змей. Адабраў сястру ў яго, а яму кажа:

— Глядзі, каб гэтага болей не было, бо ўб’ю!

Застаўся Іванька ўзноў адзін. Плакаў, плакаў і пайшоў назад, к сястрэ. Прыйшоў і маўчыць. Тады дала яму сястра клубочак і кажа:

— Куды гэты клубочак будзе каціцца, туды й ты йдзі!

Ён узяў і пайшоў. Ішоў, ішоў і зайшоў к сярэдняй сястрэ і доўга з ёй не разгавараваў. Дала яму тая сястра паўсцінку і шарсцінку. І пакаціўся клубочак далі. Каціўся-каціўся, прыкаціўся к трэцяй сястрэ. Ён і туды прыйшоў моўчкі. Гэта сястра дала яму залатую трысцінку. Пакаціўся клубочак далей, аж сядзіць на камені баба і дзелае панчоху. Ён кажа:

— Здрастуй, бабка!

— А здароў, здароў! Куды йдзеш, дзіцятка?

А ён кажа:

— Ды йду, бабка, у найму!

— А, наймісь у мяне кабыліц пасціць: тры дні адпасціш, возьмеш каня сабе любога!

Наняўся Іванька кабыліц пасціць. Як выгнаў за вароты, дык яны й паляцелі,— толькі ён іх і бачыў. Тады ён пайшоў за кусцікі, наклаў цяпелца, ізняў дудачку і іграе. Даў бог вечар, а кабыліц няма. Тады ён узяў паўсцінку і шарсцінку, прыпёк к цяплу — кабыліцы й сталі сабірацца са мхоў, з балотаў. Адрэзаў ён дубіну, як стаў біць кабыліц! Біў-біў, дабіраецца да меншай.

А меншая кабыліца кажа:

— Не бі мяне, Іван Іванавіч, буду я табе ў вялікай прыгодзе!

Ну, пагнаў ён іх у двор. Прапасціў тых кабыліц тры дні. Тады баба сказала яму прывезці воз шупшынніку. Ён паехаў ў лес, прывёз воз шупшынніку, а баба вытапіла лазню зялезную, пагнала кабыліц парыць шупшыннікам. Парыла, парыла, дабіраецца да меншай. Менша кабыліца кажа:

— Я ім казала, каб яны ўцякалі ад Іванькі, а яны на ім вешаюцца!

Ну, баба яе за гэта не біла. Ну, адпасціў тры дні, заве баба яго ў стайню ўжо каня, значыцца, выбіраць. Меншая дачка сычас яму кажа:

— Ты не бяры тых коней, каторыя харошыя, а бяры таго коніка, што пад сцяной ляжыць, карузленькі!

Прывяла яго баба ў стайню, аж там поўна коней. Тая баба кажа:

— Выбірай сабе луччага каня!

А ён узяў да гэтага карузленькага ташча. Вывалак яго за вароты, ён сычас стаў дужа добры конь. Сеў ён на яго і паехаў, па пяцьдзесят вёрст за час ехаў. Ад’ехалі сколькі там, той конь гавора:

— Іван Іванавіч, пусці мяне назад, я адаб’ю дванаццаць жарабцоў, адассу дванаццаць кабыліц!

Ён яго пусціў. І так жа сама і на другі дзень і на трэці. І здзелаўся яго конь багатыром. Паехалі яны тады к большай сястрэ. Прыязджае туды, а змея дома няма. Ён узяў сястру і паехаў. Прылятае змей і кінуўся на стайню і пытаецца ў каня:

— Ці ёсць звёзды на небе, ці ёсць хадзяйка ў дварэ?

— Звёзды на небе як былі, так і ёсць, а хадзяйкі ў дварэ нямашака!

— А ці магом дагнаць?

— Дагнаць-то магом, але ўзяць не магом!

Змей сеў на каня і дагнаў Іваньку з сястрой. Тады конь Іванькаў кажа змею:

— Не лезь, а то нагой кіўну, хвастом падхвачу, на мак рассяку!

А змей не слухае, ды к яму. Конь той нагой як кіўнуў, хвастом як махнуў, падхваціў змея і рассек на мак!

А Іванька тады паперавозіў сясцёр дамоў і жывуць цяпер умесце.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 510-512
Крыніца: скан