epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Івашка Мядзведжае вушка

Жыў сабе так чалавек, і была ў яго хазяйка. І пайшла яна ў лес у грыбцы і заблудзіла. Налучыўся на яе той жа час мядзведзь. Ён яе ўзяў ды і ўзнёс яе к сабе ў лес і стаў, значыцца, з ей жыць. Пажыла яна гады тры і забрэменела ад яго. Радзіла яна сабе сына. Далі яны яму імя — празванне Івашка Мядзведжае вушка. Пабыў ён гады тры і рос не па гадах, да па часах, не па часах, да па мінутах. Да. Ён і гаворыць:

— Маць, я,— гаворыць,— не буду з табой жыць і з мядзведзем, ну, я ўвыйду ад цябе.

Пайшоў сабе, ідзець дарогай і страчае чалавека. Той гаворыць:

— Здрастуй,— гаворыць,— Івашка Мядзведжае вушка!

— Добрае здароўе,— гаворыць,— Дуб-Дубавік.

— А куды ты ідзеш? — пытае Дуб-Дубавік у Івашка Мядзведжага вушка.

Ну ён гавора:

— Пайду ў свет!

— Ах, брат, пайду і я з табой!

— Ну, пойдзем.

Колькі яны ўрэмя ішлі — стаіць апяць чалавек. Яны гавораць:

— Здрастуй,— гавораць,— Гара-Гаравік!

— Добрае здароўе, Івашка Мядзведжае вушка і Дуб-Дубавік! Ну, куды вы ідзеце?

— Ідзём у свет.

— Пайду і я з вамі!

— Ну, хадзі, — гаворыць гэты Івашка Мядзведжае вушка.

Ну, яны пайшлі ўтрох. Ішлі, ішлі і нашлі яны сабе дом.

— Вот,— гавора,— братцы, во дзе цяпер будзем жыць.

Тады Івашка Мядзведжае вушка і гаворыць на Гару-Гаравіка:

— Ну, Гара-Гаравік, ты аставайся,— гавора,— абед варыць, а мы пойдзем на ахвоту.

Той січас узяў вала зарэзаў, аблупіў, у кацёл уклаў, цяпло расклаў і давай варыць. Толькі гэта гавядзіна закіпела, січас жа ідзе і стукае ў дзверы і кажа:

— Адчыні, хто ў маём доме ёсць!

[Гэта] Бяссмертны Кашчэй, ён сам з кокаць, барада з локаць. Ён яму адчыніў.

— Уссадзі,— гавора,— мяне на лаўку!

Ён узяў і ўссадзіў яго.

— Ну, дай мне,— гавора,— есць!

Ён яму і даў вала. Ён гэтага вала з’еў, тады ўзяў паласу ў яго выкраіў з плячэй, сам і ўляцеў. Ну, таму некалі дажыдацца, а трэба другога рэзаць вала — абед трэба гатаваць. Прыходжуюць яго таварышы, толькі што ён закіпеў.

— Ну,— гавора,— брат, давай абедаць!

Ён выняў саўсім шчэ сырое мяса. Яны сталі есць.

— Ах,— гавора,— як ты варыў, саўсім яно ў цябе сырое!

— Ах, братцы, пакудава дровы нарубіў, ну, братцы, запазніўся.

Ну, аднача ён таго не сказаў ім, што яму такая штука здзелана. Івашка Мядзведжае вушка гавора:

— Эх, брат, не стое табе! А ну-тка ты, Дуб-Дубавік, аставайся тут, ці не луччы ты згатовіш!

Дуб-Дубавік начаў пашыбчы варочацца. Вала зарэзаў, січас аблупіў, у кацёл уклаў яго, цяпло расклаў і стаў варыць яго і думае — як бы паскарэй. Січас жа і ляціць той самы змей, сам з кокаць, барада з локаць, Кашчэй Бяссмертны, і стучыць у дзверы:

— Хто ў маём доме ёсць, адчыні!

Ён яму адчыніў.

— Перасадзі мяне чэраз парог!

Ён перасадзіў.

— Ну, уссадзі мяне на лаўку!

Ён уссадзіў.

— Дай мне есць!

Ён яму даў есці. Кашчэй вала з'еў і апяць паласу выкраіў з яго і паляцеў. Той думаў: «От гора!» Начаў шчэ пашыбчы варочацца, зарэзаў другога вала, стаў гатаваць. Да січас яны і і прыходжуюць.

— Давай,— гавора,— брат, абедаць!

Ён вынімае — саўсім сырое. Івашка Мядзведжае вушка і гавора:

— Ах, брат ты мой! Я ж думаў, што ты палуччы згатуеш, ажно ты шчэ худжы! Аднак ідзіце вы сабе, братцы, на ахвоту, а я астанусь гатаваць, ці не луччы я вас згатую!

Івашка Мядзведжае вушка вала зарэзаў, уклаў у кацёл і начаў гатаваць. Развёў цяпло. Да. Толькі ён згатаваў, січас і ляціць [Кашчэй] і гавора:

— Хто ў маёй хаце ё, адчыні мне!

Ён гавора:

— Рукі не па[а]дсыхалі, калі трэба, дык адчыніш!

Ён адчыніў.

— А ну,— гавора,— перасадзі мяне чэраз парог!

Ён адказуе яму, што ногі не па[а]дсыхаліі, пералезеш і сам.

— Уссадзі,— гавора,— мяне на лаўку!

Ён гавора:

— Ногі не паадсыхалі, сам узлезеш!

— Дай мне,— гавора,— паесць!

— Калі нагатаваў, дык паеш! Я нагатаваў, ды не для цябе.

[Кашчэй] схваціўся да на яго. Тады Івашка Мядзведжае вушка ўхапіў яго за бараду да пацёг яго прама ў лес. Узяў раскалоў дуба да засадзіў яго бараду ў дуба, да й забіў клінам.

— Вот ты,— гавора,— тут пасядзі, пакуль таварышы прыйдуць!

Прыходзяць таварышы.

— Ну, давайце,— кажа,— братцы, абедаць! Вот я зварыў не так, як вы. А хаціце, братцы,— па[а]бедаўшы кажа,— паглядзіце, што я ўсадзіў у дуба — бараду ўшчаміў у дуба!

Прыйшлі яны ў тое места, пасмотраць, ажно яго нету. Вырваўся і паляцеў, барада ў дубе асталась. От яны і пайшлі.

— Пойдзем,— кажа,— братцы, паглядзім, куды ён пайшоў, віць кроў,— гавора,— ё!

От яны ўзялі і пайшлі. Увайшлі ў лес у вагромны. Тады Івашка Мядзведжае вушка гавора:

— Ну, Дуб-Дубавік, давай,— кажа,— дарогу!

Начаў Дуб-Дубавік ірваць дубы, дарогу прабіраць. Да. Прабралі дарогу, прыйшлі к бальшой гарэ.

— А ну, Гара-Гаравік, раска**пуй гару!

Гара-Гаравік раскапаў. Перайшлі яны гару — ляжыць бальшы камень. І пад тэй камень нара. Тады Івашка Мядзведжае вушка гавора:

— Вот, братцы, во ён куды палез. Ну, давай валоў рэзаць і пас сшываць. І ўпусціце мяне туды, я пайду яго шукаць. Ну, вы, братцы, тут даўжны быць круглы год, да гэтага ўрэмя, як мяне ўпусціце туды. Ну, а тады, братцы, як год выйдзе, вы даўжны прыбыць сюды, і я пас гэты скалатну, і вы мяне выцягніце.

Тады яны ўзялі валоў штук пятнаццаць зарэзалі, здзелалі пас, начапілі камень і ўпусцілі туды. І шчэ не хватае.

— Давай, братцы, яшчэ зарэжам штукі тры да пас надвяжам!

Ну вот, нашылі і ўпусцілі яго туды. Дасталі глыбіню.

— Ну вот, цяпер, братцы, пушчайце мяне туды. Толькі глядзіце ж, братцы, цяпер я вас прашу, штоб вы дзе былі, а ў той час, як мяне спушчаеце, чэраз год даўжны сюды прыбыць!

Упусцілі яго туды, ён і пайшоў. Находжуе — стаіць дом медны. Прыходзе ён у тэй дом, сядзіць там дзевушка.

— Ах,— гаворыць,— здрастуй, Івашка Мядзведжае вушка! Слыхом было слыхаць, а цяпер і ў глазы відаць. Зачым ты ходзіш сюды? Мы колькі ўрэмя жывом, мы рускага чалавека не відалі. Ну, аднакава, ты сваю галаву занёс сюды,— мы жывом з Бяссмертным Кашчэем.

— Ну, я таго і ішчу.

— Ну, аднакава,— гавора,— давай мы з табой жаніцца!

— Не,— гавора,— я пайду Бяссмертнага Кашча шукаць!

— Эх,— гавора,— ты як пойдзеш, там шчэ красівей мяне ё, ты на мяне забудзеш!

— Не,— гавора,— я й цябе вазьму адсюль!

Ну, ён пераначаваў, назаўтрага ўстаў, памыўся, богу памаліўся і пайшоў. Прыходжуе, аж стаіць другі дом, сярэбраны.

— Здрастуй,— гавора,— дзеўка!

— Здрастуй, здрастуй, Івашка Мядзведжае вушка! Слыхом было слыхаць, а цяпер і ў глазы відаць. Зачым ты ходзіш сюды? Мы колькі ўрэмя жывом, мы рускага чалавека не відалі. Ну, аднакава, ты сваю галаву занёс сюды, мы жывом з Бяссмертным Кашчэем!

— Ну, я таго,— гавора,— і йшчу, я за ім і іду, за Бяссмертным Кашчэем.

— Ах, Івашка Мядзведжае вушка, давай,— гавора,— з табою жаніцца!

— Не,— гавора,— пайду падальш, пайду Бяссмертнага Кашча шукаць!

— Ах,— гавора,— ты як пойдзеш, там шчэ крашы мяне ёсць, ты і на мяне забудзеш?

— Не,— гавора,— я не забуду, я й цябе вазьму.

Да й пайшоў, пераначаваўшы. Стаіць трэці дом — дом залаты. Ён уходжуе ў той дом — сядзіць красівая дзеўка, вышывае.

— А, здрастуй,— гавора,— Івашка Мядзведжае вушка! Ці па волі, ці па няволі зайшоў сюды, буйну галаву,— гавора,— занёс? Здзесь Бяссмертны Кашчэй, дак ён цябе з’есць!

— Ну, я яго ішчу!

— Да ці ішчаш, ці не ішчаш, а ён тут не так, як на тым свеце, на гэтым свеце ён сільней! Ну, на ж ты,— гавора,— паеш, і здзелаю я цябе булаўкай і ўторну ў падушку.

— Ну,— ён гавора,— пажалуста, і распрасі, дзе яго,— кажа,— смерць.

У скорым урэмю прылятае Бяссмертны Кашчэй і гавора:

— Фэ, русь-кось пахне!

Ну, яна яму адказуе:

— Ах,— гавора,— душанька, ты па Русі лятаў, Русі набраўся, так табе бытта аддае тут. Я тут колькі жыву, а рускага чалавека не бачыла!

Унясла яна яму гарачых карцеч, ён наглытаўся. Лёг сабе і ляжыць. Яна гавора:

— Душанька, колькі мы з табой жывом! Ну, крый бог, нас хто пабідзе — крый бог твае смерці.

Ён зарагатаў:

— Ха-ха-ха, дура, мае смерці нету. Мая смерць — у моры скрыня, а ў скрыні заяц, а ў зайцу вутка, да, а ў вутцы яйцо, вот то мая смерць.

Да. Устаў і паляцеў гэты Бяссмертны Кашчэй. Яна тады яго і выпусціла, Івашку Мядзведжае вушка, і гавора:

— Знаеш,— гавора,— друг мой, дзе яго смерць? Яго смерць — у моры скрыня, а ў скрыні заяц, а ў зайцу вутка, а ў вутцы яйцо, штоб яйцо ты тое дастаў да ўдарыў яму ў лоб, от яму і смерць — дак ідзе ты дастанеш?

Ён узяў сабе ружайцо і пайшоў. Сколькі ён урэмя ішоў, што баліць ажно яго шкура, што ён есць хоча. Бягіць воўк. «Ах,— думае,— вазьму ўб’ю, хаця ваўка наемся». Толькі ён злажыўся біць, а воўк і гавора:

— Ах, Івашка Мядзведжае вушка, не бі мяне, я табе пры злой гадзіне знадаблюсь!

Так Івашка Мядзведжае вушка і пайшоў, есць не захацеў. Апяць ішоў, ішоў, аж шкура яго баліць. Думае: «Ну, хто сабе нарвецца, уб’ю да з’ем». Бача, ляціць коршык. Ён склаўся і думае: «Уб’ю». Коршык яму гавора:

— Ах, Івашка Мядзведжае вушка, не бі мяне, я табе знадаблюсь пры злой гадзіне!

Так ён узяў і пайшоў і не захацеў есці. Сколькі ён урэмя ішоў, прыходзе к мору, аж ляжыць рак такі агромны; і ён думае: «Адсяку яго палавіну да з’ем. Вот жа папраўлюсь!»

Рак гавора:

— Ах,— гавора,— Івашка Мядзведжае вушка! Віць ты бачыш, што я гарую — палавіна на берагу, палавіна ў вадзе. Вот ты вазьмі кол да спіхні мяне ў ваду. Я табе ў злой гадзіне знадаблюсь: што табе трэба, то табе ад мяне будзе.

Івашка Мядзведжае вушка ўзяў кол і скаціў яго ў ваду. Ён гавора:

— Ну, благадарыць табе, Івашка Мядзведжае вушка, што табе трэба, сказывай!

— А вот што,— гавора,— мне трэба: я прыйшоў сюды за смерцю Кашча Бяссмертнага. Ёсць у моры скрыня, а ў скрыні заяц, а ў зайцу вутка, а ў вутцы яйцо!

— А вот,— гавора [рак],— я табе яе дастаўлю.

Так ён папоўз і цягне скрыню гэту перад сабою. [Івашка] узяў гэту скрыню, разбіў крышку, толькі адчыніў — заяц выскачыў і пабег.

— Ах, бог мой, дзе тэй воўк дзеўся, што казаў: «Я табе пры злой гадзіне «знадаблюся»,— што каб ён мне ўлавіў гэтага зайца.

Так той жа час воўк і схваціў яго. [Івашка] яго ўзяў разадраў. Вутка з яго пыр — і паляцела. Ён стоючы і гавора:

— Дзе гэта дзеўся тэй коршык, каб ён мне яе ўлавіў.

Толькі ён сказаў — адкуль узяўся коршык, улавіў тую вутку. [Івашка] узяў разадраў тую вутку, узяў яйцо. Ну, яно гразнае. «Ах, панясу ў мора, памыю». Узяў, панёс. Стаў мыць, яйцо гэта пакацілася прама ў мора. Ён стоючы і кажа:

— Ах, божа мой, божа, што як ба тэй рак да мне гэта яйцо падаў!

Так і нясе той рак тое яйцо яму. Ён узяў і пайшоў. «Ну, слава табе, госпадзі». Прыходжуе прама к Бяссмертнаму Кашчу. Так як ішоў, так прама ў дом. Бяссмертны Кашч, як толькі ён увайшоў, ён глядзь на яго.

— А,— гавора,— ты тута, Івашка Мядзведжае вушка!

А ён гавора:

— А ўжо ж тут!

Так [Кашчэй] усхваціўся, прама к яму і кінуўся. [Івашка] яго ўдарыў тым яйцом прама ў лоб. Тады Бяссмертны Кашч кажа:

— Ах, вот мая смерць!

Убіў Бяссмертнага Кашча. Тады гаворыць:

— Ну, красная дзеўка, я цябе вазьму, а дому гэтага жалка, як мы дом забяром?

А яна гавора:

— Эх, я дом,— гавора,— січас забяру.

Узяла яйцо, абкатнула кругом. Так гэты дом увабраўся ўвесь чыста ў яйцо. Тады Івашка Мядзведжае вушка ўзяў яго ў кішэню ўклаў і пайшлі. Прыходжуюць к другому дому. То залаты ўзялі, а шчэ прыхождуюць к сярэбранаму.

— Што ж,— гавора,— красная дзеўка, я цябе забяру, а як жа дом забраць?

— Эх, гавора,— не беспакойся: я дом січас забяру!

Узяла яйцо, абкатнула кругом. Так гэты дом увабраўся ўвесь чыста ў яйцо. Тады Івашка Мядзведжае вушка ўклаў яго ў кішэнь і пайшлі. Прыходжуюць яны к трэцяму дому, к меднаму. Івашка Мядзведжае вушка і гавора:

— Ну вот,— гавора,— я цябе забяру, а як жа ты дом забярэш, дома шкода!

— Эх,— гавора,— я дом січас забяру.

Яна ўзяла яйцо, абкатнула кругом. Так гэты дом увабраўся ўвесь чыста ў яйцо. Тады Івашка Мядзведжае вушка ўклаў яго ў кішэнь, і пайшлі. Прыходжуе на тое места — акурат год. Узяў ён прывёў іх на тое места і пасадзіў гэту, з меднага дому, і таргануў тэй пас. Яны ўзялі і пацягнулі. Выцягнулі і пачалі адзін з адным біцца. Тэй гаворыць:

— Гэта мне.

А тэй:

— Гэта мне.

І началі драцца. А дзеўка гэта гавора:

— Стой,— гавора,— не біцеся, там яшчэ крашы мяне ёсць.

Тады яны ўзялі апусцілі апяць пас. [Івашка] узяў пасадзіў з сярэбранага дому тую дзевушку. Яны патаскалі. Выцягнулі і началі апяць драцца. Тэй гавора:

— Мне.

А тэй:

— Гэта мне.

І началі драцца. А дзеўка гэта гавора:

— Стой,— гавора,— не біцеся, там яшчэ дзевушка крашы мяне ёсць.

Яны ўпусцілі пас, ён пасадзіў і трэцюю, што з залатога дому. Тады выташчылі.

— Ну, брат,— гавора,— гэта нам па адной, а трэцяя будзе нам за чалядку, служыць будзе нам. Ну яго, брат, упусцім пас і ўцягнем упол і пас перарэжам — няхай ён уб'ецца.

Да, упусцілі пас. Ён тады ўзяў, пудоў ля ста зачапіў камень і таргануў пас, і сам адышоў дужа далёка. Яны і патаскалі яго. Толькі ўпол света ўцягнулі — узялі пас перарубілі, так гудзець тэй камень назад. [Івашка] тады гавора:

— Ах, божа мой, вот ба гэта мне было!

Узяў ізбядніўся, што горка стала, зажурыўся і пайшоў адзін. «Ах, божа мой, во што то мне было. Не знаю, як ба мне на той свет дастацца?» Так, находжуе дужа хмара бальшая. Ён і думае:

— Ах, пайду я пад дуба схаваюся, штоба я не замяк.

Прыходжуе пад дуба і стаў і чуе: крычаць пціцы дужа крэпка. Ён тады:

— Ах, божа мой, іць пойдзе хмара, засячэ іх дождж! Узлезу я, іх прыкрыю.

Ён узлез на дуба і распяўся над гняздом і прыкрыў гэтых дзяцей, пакудава хмара не прайшла. Тады распагодзілась, ён узяў і злез, узяў і схараніўся. Нядоўгім урэмем ляціць пціца Палугрыца і спрашае:

— Ах, дзеткі мае, хто вас прыкрыў ад гэтыя хмары? Я ўжо думала, што вы жывы не будзеце.

Яны кажуць:

— Якійся,— гавораць,— чалавек!

Яна і крычыць:

— Ах,— гавора,— чалавек, абвясціся, што ты за гэта хочаш?

Ён адказуе пціцы Палугрыцы, што я нічога з цябе не хочу, толькі штоб ты мяне даставіла на тэй свет!

Во яна яму і гавора, што ідзі набі мне дзве бочкі мяса, дак я цябе дастаўлю!

— Толькі чым жа мне, якім цябе мясам?

— А вот бі лягушак, бі мышэй, бі гадаў, якую звярыну пападзеш, такую бі і складай у бочкі. Тады ка мне прыйдзеш і скажаш. Ну, я цябе панясу.

Пайшоў Івашка Мядзведжае вушка і начаў біць разныя разнасці: і вужоў, і лягушак, і мышэй, разная-разная, што толькі на свеце ёсць, і складаў у бочкі. Набіў і прыходжуе:

— Ну, я ўжо набіў.

Да. Апушчаецца пціца Палугрыца.

— Ну,— гавора,— падвязуй мне пад адно крыло бочку і пад другое, а сам садзісь пасярод. І сматры: управа гляну — з правай бочкі падай, улева гляну — з левай бочкі падай, і як гляну, так і кідай!

Ну і панясла яна. Начала пціца Палугрыца што далей, то вышай угару падымацца. Як яна на бокі пазірае, так ён гавядзіну кідае. Так ён кідаў, не большы ба ўжо сажэнь на пяць яго ўзнесць, ужо гавядзіны не стала. Пціца Палугрыца раз зірнула — няма, у другі бок зірнула — нету; пачала маленька уніз апускацца. Да. Івашка Мядзведжае вушка ўрабеў. Січас узяў, адрэзаў свае ікры. Як яна зірнула, ён ёй і ўкінуў — так яна зразу сажэня на два ўгару ўсхвацілася. Зірнула яна ў другі бок — ён адрэзаў другія ікры і ўкінуў ёй у рот. Ну, яна яго ўжо вынесла. «Ну, слава табе, госпадзі!» Тады пціца Палугрыца гавора:

— Скажы ты мне: што колькі ты мне гавядзіны даваў — ну смашней гэтыя не было. Што гэта за гавядзіна?

А ён гавора, што я адрэзаў свае ікры.

— А ну, пакажы!

Ён узяў выставіў. Яна харкнула, яно зразу прырасло. Ён другую выставіў — яна зноў харкнула, і другая болька загаілась, яно і прырасло.

— Ну, толькі ідзі, пажалуста, паскарэй, ужо твае таварышы скора будуць жаніцца. Ну, яны б даўно жаніліся, ну толькі без цябе нічога не будзе!

Ён пайшоў, прыходжуе ў горад. І здзелаўся ён масцеравым — сапожнікам, шаўцом значыцца. Ну, аднак жа, ён шыць не ўмее — толькі ён стаў у яўрэя хваціраваць. І тая дзевушка, самая паследняя, што была ў залатым доме, гавора:

— Калі ты мне пашыеш такія чаравікі, як у мяне былі ў тым залатым доме, дак я тады ўжо — так таму і быць — што я з табой буду ўжо жаніцца.

Так гэты Дуб-Дубавік выйшаў на вуліцу і пытае:

— Хто во такія-то чаравікі справе, во столькі-то грошы дам.

А [яўрэй] гавора:

— Ах, Іванічка,— а ён здзелаўся Іванічка-п'янічка,— ах,— гавора,— Іванічка-п'янічка, дадзен заказ, штоб чаравікі такія і такія былі, як у гэтыя барыні,— дужа багата грошай дасць!

А ён яму гавора:

— Ідзі бяры задатак і гавары, што я спраўлю.

Ён пайшоў, узяў задатак, даў гэтаму Іванічку. І сказана так: штоб к такому-то ўрэмю былі чаравікі гатовы. А Іванічка напіўся, аб гэта не думае. Гэты яўрэй і гавора:

— Іванічка, што гэта будзе?

— А што?

— А як жа? Саглашаўся. Калі ўмееш шыць, дак і шый! Мне за гэта,— гавора,— голаву знімуць!

Ванька пайшоў, дом раскаціў, чаравікі выняў і аддаў:

— На, нясі! І будуць у цябе спрашваць, хто табе іх шыў — не шыў, а хто табе работаў іх? Ну, ты скажы, што ў мяне е Іванічка-п'янічка!

Жыд і панёс. Узялі гэтыя чаравікі, і дабраў ён сваю астальную плату. Яна гавора:

— Во гэта акурат як мае! Во цяпер я табе шчэ скажу: калі ты справіш мне такое плацце, як у мяне, так таму і быць, што будзем жаніцца з табою.

Ён, Дуб-Дубавік, выйшаў на базар і гавора:

— Эй, вы, партныя-гаспада, ці не можа хто з вас здзелаць такое і такое плацце?

Іванічка-п’янічка і гавора:

— Паднімайся,— гавора,— дзелаць і бяры задатку пабольш.

Да. Ён узяў задатку і прыходзе:

— На табе грошы, ну толькі ці здзелаем, Іванічка?

— Здзелаем, не бойся.

Ужо гэтаму яўрэю трэба несць, а тут плацце не гатова.

— Ах, Іванічка, што будзем рабіць?

— Я не знаю! Што ўмеў, то і здзелаў, ты паднімаўся! Пайшоў Іванічка, раскаціў дом і выняў плацце.

— На, нясі, дабірай астальныя грошы!

Прынёс і аддаў.

— Вот гэта,— гавора,— маё!— яна ўжо.— От цяпер харашо! Толькі каб у мяне такі вянок быў! Калі скуеш, то ўжо пэўна, што мы з табой будзем вянчацца!

Ужо Іванічка перайшоў у кузніцу. Выйшаў Дуб-Дубавік на базар і кліча:

— Гаспада кавалі! Ці не можаце здзелаць вянок от такі-то, як у мае нявесты быў!

А пачом хто знае, які ён быў. Ужо Іванічка перайшоў у кузніцу і гавора:

— Кузнец! Ступай, паднімайся!

— Ох, Іванічка, як жа здзелаем? Мы здзелаем, які хочаш, а толькі як жа не бачыўшы? Ліцо пад ліцо не падвядзеш!

Ён гавора:

— Не бойся, бяры грошай паболі!

— Ну, харашо.

Ён пайшоў і падняўся.

— Я,— гавора,— зработаю.

— А! Зработаеш?

— Зработаю!

— Вот табе грошай столькі-то! Да сматры, штоба здзелаў.

Прыходжуе ў кузніцу.

— Давай, Іванічка, работаць! Я, брат, гэтага не ўмею, што ўмеў, то рабіў, а то я гэтага не знаю!

— Ты ж каваль, дак даўжон на ўсякія атлічыя работаць. Напіўся Ванічка да спіць.

— Што, Ванічка, прачынайся, а то галава далой мне.

Да. Ванічка дамок раскаціў, вянок выняў, адташчыў:

— На,— гавора,— аднясі да астальныя грошы забяры! [Каваль] панёс гэты вянок. І спрашуе ў яго яна:

— Хто ў цябе работае?

— Іванічка-п’янічка!

Запрагае лашадзей, едзе Ванічкі сматрэць. Гэта ўжо яна, яна, чый вянок, і спрашуе ў каваля:

— Дзе Іванічка-п’янічка?

Ванька гэта ўслыхаў, ён узяў січас лёг на стол, ж... выставіў. Пайшла яна ізноў к кавалю і спрашуе ў каваля:

— Скажы праўду, ці іменна гэта ён работаў?

— Я,— гавора,— вам не скажу — работаў ён ці не, толькі ён мне падае!

Яна абратна звярнулася, апяць там к яму. Ён апяць так і ляжыць. От яна на гэта не пасматрэла і прама ў ліцо паглядзела.

— Вот,— гавора,— друг мой любезны, іць я цябе колькі лет ажыдала!

Яны тое шчыталі, думалі, што канец яму там будзе, як ён туды паляцеў. Ну, а яна гэта ведала, што ён як-як да выкруціцца адтуль.

Ну, вот яны і павянчалісь. А Дуб-Дубавік і Гара-Гаравік павянчалісь з тымі меншымі. І сталі жыць да пажываць кожная ў сваём доме.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 156-167
Крыніца: скан