epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Як дурань з кралеўнаю ажаніўся

Быў сабе адзін гаспадар, меў ён трох сыноў: два было разумных, а трэці дурны. Прыйшла пара бацькаві ўміраць; уміраючы, прыказаў ён разумным сыном, каб кажнюсенькі з іх па тры ночы прыходзіў начаваць на яго магілу. Прыйшла перша ноч старшаму сыну, ён вельмі баіцца ісці на могліцы, давай то прасіць сва[й]го дурнога брата:

— Братко,— кажа,— што ты захочаш, усенька таке дам, анно ідзі і пераначуй за мяне.

— Ну, добра,— кажа,— пайду.

Той прыйшоў на бацькаву магілу, лёг ды й спіць, ажно ў глухую поўнач кліча бацька па імені старшага сына. Так то дурны зараз адазваўся, а нябожчык яго па голасе не пазнаў ды й вывеў яму сівага каня з магілы. Так той гэта сеўшы паехаў. Стаяла ў лесе пустая хатка, там ён гэтага каня паставіў, а есці яму не трэба было даваць. Перад светам прыходзіць дахаты знябожыўшыся1, ажно пытаюць у яго браты:

— А што ж ты там чуў? Што бачыў?

— Ой,— кажа,— няхай бог сцеражэ, крые, ратуе, што я там бачыў! Як зачалі,— кажа,— мярцы2 з магілаў вылазіць, і наш бацька з імі, як зачалі біцца, то я мусіў татка бараніць, то яны,— кажа,— мяне чыста сцягалі і стурзалі.

Так браты гавораць самі з сабою:

— А што? Добра, што не мы пайшлі туды, бо ён дурны, то ніц не знае, а мы бы ад страху не вытрывалі б.

Так як прыйшла другая ноч, так зноў ён дакляруе ды й кажа:

— Я табе часць свае гаспадаркі аддам, анно ты ідзі.

Упіраўся дурань доўга, але, наканец, пайшоў, а бацька, зноў думаўшы, што гэта старшы сын, выслаў яму скрыню грошай і на трэцюю ноч таксама даў скрыню адзетку. Ну, як ужэ прыйшла калейка на серадольнага сына, так ён таксама ўмалёгаў3 таго дурнога, а ён нібы ўпіраўся, нібы запіраўся, а, бало, як анно выйдзе з хаты, то ў сабе смяецца з сваіх братоў. Серадольшага таксама бацька не пазнаў ды й таго самага дабра надаваў, што і старшаму, а дурны браў анно ды й насіў у пустую хату.

Было гэта аднаго разу, што пайшла чутка, што дзесь у неякагосьціка караля есць адна толькі дачка і тая нігды не смяецца. Кароль гэта агаласіў, што хто яго дачку рассмешыць, то яго зяцем будзе ды й і кралеўства сваё яму перадасць.

Ну, так усенькія туды з’язджаліся, дзе хто які быў, вычоўпалі, хто што здумаў, а такі яе рассмешыць не маглі. Так, нарэшце, паехалі ўжэ і тыя два браты, пакінуўшы ў хаце на пячы дурнога, бо ўжэ як ім той страх перайшоў, то яны яго зноў, як здохлага сабаку, апусцілі і ніколі ложкі стравы не падкінулі. Як ад’ехаліся яны крышку ад хаты, так дурны, даведаўшыся аб усём, выйшаў гэта на выган, а там хадзіў конь карослівы, паршывы, такі страшны, што на яго было гадка глядзець, да, сеўшы гэта на яго, неякаю другою дарожкаю шмігенуў да кралеўскага палацу.

Ну, так што ён робіць: як пад’ехаў пад той палац, так узяў ды й адвярнуўся да галавы задам, а ўсё далонямі каня па задзе плешча да ўсё паганяе, едучы проста пад ганак. Так кралеўна як глянула на гэта, так і на весь двор зарагатала, а ён завярнуўся ды й паехаў назад.

Покі браты разумныя даехалі, то ўжэ было па ўсём і нікагусенька не было пад ганкам.

Але той кароль зноў пачаў вычвараць, бо не хацелася яму шукаць такога зяця, што на паршывым каню прыехаў. Так давай ён мураваць высокі, высокі стоўп, такі, што і пташцы даляцець туды трудна, і ўсадзіў туды сваю дачку, улажыўшы ёй неякісьціць пярсцёнак на палец, ды й агаласіў:

— Хто так высока выскачыць, што маю дачку пацалуе і жуковіну з пальца зніме, то той будзе маім зяцем.

Так зноў туды, як цёмная хмара, народ з’язджаўся: скакалі, падскаквалі — той варочаўся, скруціўшы карк, той руку, той ногу, а ніхто-такі туды дастацца не мог. Ну, так дачуліся аб том яго браты ды й сталі выбірацца. Ледзьве што яны ад хаты ад’ехалі, дурны гэта з печы да да пустой хаткі, а прыбраўшыся ў бацькоўскі адзетак, сеў то на сівага каня ды й паляцеў, як маланка. Наганіў ён зараз сваіх братоў, яны аж очы ў стоўп паставілі, як глянулі на яго ды й кажуць:

— Куды нам туды даступіцца, калі там гэтакія рыцары з'язджаюцца! Ну, але хацямсе паедзем паўзірацца на тое дзівавіска.

Яшчэ яны туды не даехалі, як ужэ дурны даляцеў ды й, на сівым каню выскачыўшы, кралеўне буські даў ды й тую жуковіну з пальца схапіў, а сам жа так хутка паляцеў, што кароль ледзьве ўспяшыў сказаць:

— Проша своего зяця нарэнчонэго прыехаць на трэці дзень да мне на обяд!

Тыя браты яго, прыехаўшы на кроляў двор, ані следу нічога не засталі, толькі чулі гутарку, што там шчаўплося.

Дурны, прыждаўшы трэцяга дня, злазіць то з печы ды й кажа:

— Ну, браткі, дзякую вам за хлеб і за соль, бо ўжэ я вашае ласкі не патрабую.

Так яны на гэта анно асмяхнуліся, глянуўшы адзін на другога, а ён гэта шабалдых, шабалдых да пустой хаткі, прыбраўся, умыўся, учасаўся ды й прыбраўшыся паехаў на сівым каню да свайго цесця нарачонага. Прыехаў туды, пасадзілі яго на покуце, ён то стаў паказваць усю сваю прыгоду, потым папрасіў, каб цесць паслаў па другога каня і па ўсё яго багацтва, а сам застаўся ўжэ ў палацы. Не доўга ждучы, надышло ўжэ і вяселлечка. А якое гучнае, якое шумяшчае было тое вяселле! Усе аж гвіжалі там! Скаромнага панасмажвалі цабры, кадушкі, ражкі, што аж ложкамі сёрбалі; гарэлкі місамі на сталох стаяла; усяго: пірагоў грэцкіх, пшонных, што і за сабакамі пускалі імі, бо і так іх даволі было. А саломы пананосілі ў пакоі, што па пахі чалавеку было, і ўсе так спалі покатам. А і шаўцы там нямала зарабілі, цёнгле ладуючы госцям чаравікі і боты, бо нямала натапталі скачучы праз цэлы месяц на том вяселлі.

А і я там была, мёд, віно піла, у губе не было, па барадзе цякло.

1 Знябожыцца – знябыцца.

2 Мярцы – нябожчыкі.

3 Умалёгаць – упрасіць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 408-411
Крыніца: скан