epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Як дзедава дачка спамаглася, а бабіна з зайздрасці прапала

Была дзедава дачка і бабіна дачка, раз яны ішлі па воду, ды й то бабіна дзедаву ўтапіла. Ідзе яна нейкаю лёхаю, аж стаіць груша ды й кажа:

— Дзеванька-галубанька, атрасі мяне, абяры мяне — сабе вазьмі палавіну і мне астаў!

Яна так і зрабіла. Ідзе, ідзе, аж стаіць яблына ды й кажа:

— Дзеванька-галубанька, атрасі мяне, абяры мяне — сабе вазьмі палавіну і мне астаў!

Яна так і зрабіла. Ідзе, ідзе, аж стаіць сліўка ды й кажа:

— Дзеванька-галубанька, атрасі мяне, абяры мяне — сабе вазьмі палавіну і мне астаў!

Яна і яе паслухала. Ідзе, ідзе, аж стаяць смаляры ды й кажуць:

— Дзеванька-галубанька, растапі нас — сабе вазьмі палавіну і нам астаў.

Яна і так зрабіла. Ідзе, ідзе, аж пасуцца свінні ды й кажуць:

— Дзеванька-галубанька, пакалі нас, абсмалі нас — сабе вазьмі палавіну і нам пакінь.

Яна так зрабіла. Ідзе, ідзе, аж стаіць дзяжа ды й кажа:

— Дзеванька-галубанька, размясі мяне, упячы мяне — сабе вазьмі палавіну і мне пакінь.

Яна гэтак і зрабіла. Ідзе, яшчэ ідзе, аж стаіць хатка на курачай лапцы. Як увайшла туды, асёж там мухі, прусакі, усяка гадства міскі мыюць, пеўнік з катком меле, а на лаўцы сядзіць ведзьма, а каля яе стаіць мяшок грошай. Так то ведзьма, угледзеўшы дзеўку, кажа:

— Дзеванька-галубанька, мо астанешся ў мяне на службе?

— Добра, цётушко.

— Но, то ўпярод паішчы мяне.

Дзеўка ў галаве шукала, шукала, аж ведзьма скархнула, утэды дзеўка ўзяла смалою вочы заляпіла, да то катку аддала тыя грушы, яблычка, сліўкі, хлеб да сланіну, а сама ўзяла мяшок грошай і ўцекі. Ведзьма спала, спала, аж, прачхнуўшыся, кажа:

— Каток-галубок, аддзяры мне смалу з ачэй.

Так каток:

— Пачакай,— кажа,— цётко, няхай упярод з'ем грушкі.

Так яна зноў:

— Каток-галубок, аддзяры мне смалу з ачэй.

— Пачакай,— кажа,— няхай з'ем яблычка.

Так ведзьма:

— А-ей, каток, аддзяры мне смалу з ачэй.

А кот:

— Пачакай,— кажа,— цётко, няхай з'ем сліўкі.

— Каток-галубок, аддзяры мне смалу з ачэй.

Ну, ужэ як усё з'еў, так ведзьма просіць:

— Каток-галубок, аддзяры мне смалу з ачэй.

Утэды каток узяў пазурамі пааддзіраў смалу з ачэй, ведзьма глянула, асёж німа грошай! Так то ўзяўшы залезныя таўкачы, давай гнаць дзеўку. Гоніць, гоніць, аж стаіць дзяжа. Так ведзьма:

— Дзежанька-галубанька! Не бачыла дзеўкі бегучы, грошай мех несучы?

— Не,— ка[жа],— не бачыла, цётко.

Гоніць, гоніць, асёж пасуцца свінні.

— Свіначкі, свіначкі,— кажа,— не бачылі дзеўкі бегучы, грошай мех несучы?

— Не, не бачылі, цётко.

Так яна вярнулася назад. Асёж тая дзеўка ідзе, ідзе, лёхаю ідзе, аж увайшла ў тую самюсеньку студню. Ішла суседка воду браць, аж [г]лядзіць — дзеўка ў студні сядзіць. Так то бяжыць да дзеда ды й кажа:

— А то ж ваша дачка ў студні сядзіць.

Так то дзед зараз выбег, ухапіў яе, выцягнуў з грашыма. Утэды то дзед скача, а баба плача. Так то баба з за[й]здрасці ўзяла і сваю дачку ўкінула ў студню. Ідзе яна лёхаю, аж стаіць груша ды й кажа:

— Дзеванька-галубанька, атрасі, абяры мяне — сабе вазьмі палавіну і мне астаў!

А яна як ні вызверыцца:

— Няхай,— ка[жа],— цябе трасца трасе! Мне не рана будзе да цёткі іці.

Ды й пайшла. Ідзе далей, асёж просіць яе яблына, а яна таксама на яе вызверылася. Надыходзіць на свінні, так тыя:

— Пакалі нас, падзялі нас.

А яна:

— А няхай вас колка сколе! Мне не рана будзе да цёткі.

Прыйшла да дзяжы, дзяжа просіць:

— Дзеванька-галубанька! Разчыні мяне, спячы мяне — сабе вазьмі палавіну і мне пакінь!

А дзеўка:

— Няхай цябе пячайка пячэ! Мне не рана будзе да цёткі.

Ідзе, ідзе, аж стаіць хатка на курачай лапцы, прусакі і мухі міскі мыюць, каток з пеўнікам мелюць, каля лаўкі мех з грашыма стаіць, а каля яго ведзьма сядзіць. Так ведзьма кажа:

— Дзеванька-галубанька, мо астанешся ў мяне на службе?

А яна:

— То чаму ж, цётушко, астануся.

— Ну, то паішчы мяне.

Ішча яна, ішча, аж ведзьма задрамала, утэды яна за мяшок з грашыма ды й уцекі. Ведзьма прачхнулася, бачыць, што німа мяшка, так то ўхапіла залезныя таўкачы і давай гнацца. Гоніць, гоніць, аж стаіць дзяжа.

— Дзежанька,— кажа,— галубанька, не бачыла дзеўкі бягучы, грошай мех нясучы?

— Бачыла, цётко, бяжы, то дагоніш.

Гоніць, гоніць, асёж пасуцца свінні.

— Свінне, свіначкі! Не бачылі дзеўкі бягучы, грошай мех нясучы?

— Бачылі, цётко, бяжы, то дагоніш.

Гоніць, гоніць, аж стаіць яблына.

— Яблынка-галубачка! Не бачыла дзеўкі бягучы, грошай мех нясучы?

— Бачыла, цётко, бяжы, то дагоніш.

Гоніць, гоніць, аж стаіць груша.

— Грушачка-галубачка! Не бачыла дзеўкі?

— Бачыла, цётко, анно што пабегла.

Так то ведзьма давай бегчы ды й то дагнаўшы, біла, біла тымі таўкачамі, покіль не забіла. Утэды ўзяла мяшок грошай ды й сама вярнулася.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 257-260
Крыніца: скан