epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Як дзве сястры забілі трэцюю

Жыў сабе бацька і маці. У іх было тры дзевачкі. От бацька ад'язджае ў горад за пакупкаю, за гасцінцамі. Адна дачка просіць:

— Мне, тата, прывязі алае кітайкі ў коскі.

А другая просіць:

— Ты, мне, тата, прывязі кумачу на сарахван.

А трэцяя сядзіць у вугалочку і просіць:

— А мне, папка, прывязі сярэбранае блюдачка, наліўное яблачка.

Яны думаюць: «Што гэта яна гаворыць, што ёй гэта яблачка і блюдачка?»

От прыязджае бацька з горада. Прывозіць, адной падаў падарак адзін, а другой другі падаў. А гэтай падае:

— Вот табе, дочачка, сярэбранае блюдачка, наліўное яблачка.

Яна села ў вугалочку, гаворыць:

— Кацісь, кацісь, маё наліўное яблачка, па сярэбранаму блюдачку, паказвай мне гарада, мара, паля, і з гор высаты, з нябес красаты.

Як засіяла хата! Яны крычаць:

— Ой, дурачка запаліла хату! Што гэта так відно?

Яна барджэй закрыла, і ўсё. От цяпер яны сталі на яе завісць такую мець. Возьмуць яны — у іх не палучаецца, а яна як сядзе сабе ў вугалочку і гаворыць:

— Кацісь, кацісь, наліўное яблачка, па сярэбранаму блюдачку, паказвай мне палкі на палях, караблі на марах, і з гор высаты, з нябес красаты.

Як засіяе ёй усё! Прама як пажар які ў хаце, страшна глядзець. І сонейка свеціць. Яны зазлаваліся на яе і гавораць:

— Ну, даволі,— адна на адну сёстры,— павядзём яе ў лес да ўб'ём. Нашто ж яна нам, гэтакая сястра. Што ёй паказвае, а нам не. Тады мы будам качаць, яно будзе нам паказваць, як яе ўб'ём. Гэта што яна сядзіць.

Надумаліся так.

— Сястрычко, пойдзем у лес, набяром землянічкі ягадак.

— Ну, пойдзем,— кажа,— сястрычкі, калі хочаце, каб я з вамі ішла.

За сваё яблачка наліўное і блюдачка, паставіла на печы ў вугалочку і сама пайшла з імі.

Яны ідуць і ідуць, падходзяць у лес, бачаць заступ, ляжыць жалезны заступ. Схвацілі гэты заступ, самі шэпчуць. Яна ж не знае, ідзе з імі, мой бог, меншанькая.

— Скажам,— кажа так адна,— папе і маме, што ваўкі з'елі. Наша дурачка пабегла ад нас, і яе ваўкі з'елі.

Далі ёй па галоўцы і яе прыбілі. Прыбілі гэта яе, мой божачка, гэту дзевачку. Яна, бедненька, ляжыць, трэба дзе яе заграбці. Січас стаіць бярозка, пад бярозкай бугарочак, гэты бугарочак разграблі кіпцямі трохі і заграблі ў той мох.

І вот толькі ж ляжыць яна ў том імху, а там чараціначка гэтака вырасла бальшая, высоканька і такая харошая. Вот пастушок жа неяк прыгледзеўся, што гэта за такая чараціначка.

Пайшла ўжо гавара ў дзярэўні: дзевачка пабегла, і ваўкі з елі, а сёстры прыйшлі і сястры не прывялі трэцяй, з'елі ваўкі яе. Плача маці і бацька. З'елі дзевачку. Яны яе жалеюць — няма, ну што ж ты.

Цяпер пастушок узяў зрэзаў гэту чараціначку і зрабіў дудачку, начаў іграць.

 

Іграй, іграй, дудачка,

Пацяшай майго бацюшку,

Радзімую матушку

І злых маіх сёстраў.

Мяне бедную згубілі,

Са свету збылі.

Мяне ўбілі за сярэбрана блюдачка,

Наліўное яблачка.

Не ўстану я ад сна цяжкага,

Пака не дастанеце вады

З калодзежа царскага.

 

От, мой божа, дала задачу. Пастушок жане, гэтак іграе, дудачка прыгаварвае. Як увайшоў у сяло, як зайграў, усе:

— Ой, таго й таго гэта дзевачка пагібла.

Січас ён падыходзіць пад іх двор і зайграў. Бацька баржджэй схваціў гэту дудачку, сталі плакаць. Як зайграў, так:

 

Іграй, іграй, дудачка,

Пацяшай майго бацюшку,

Радзімую матушку

І злых маіх сёстраў.

Мяне бедную згубілі,

Са свету зжылі

За сярэбрана блюдачка,

За наліўное яблачка.

Не ўстану я ад сна цяжкага,

Пака не дастанеце вады

З калодзежа царскага.

 

Січас яны за пастушка, запраглі лошадзь і паехалі шукаць дзевачку, бацька і маці, усе. А сёстры ўжо пахаваліся і не ведаюць, што будзе з імі. Паехалі яны, паслалі ў калодзезь царскі той вады жывой дастаць, гэту дзевачку адграблі. Яна ляжыць што й жывая. Шчэ ж, вядома, толькі яны яе прыбілі, трошкі прыгрэблі да й ўсё. Думаюць, мо ваўкі з'ядуць як прабудзе.

Прывезлі яе дадому, вады ўжо дастанавілі, скрапілі яе вадой, дзевачка ўстала.

— Што,— сказалі,— здзелаць з сёстрамі?

— Татка мой дарагі, нічога не дзелайце, няхай. Ну што, сёстры, нагуляліся з маім сярэбраным блюдачкам, з наліўным яблачкам?

Кажуць:

— Нічога нам не паказвае, мы парабіліся старыя, як сталі качаць.

Яна ж села, на стале і пакаціла:

— Кацісь, кацісь, маё наліўное яблачка, па сярэбранаму блюдачку, паказвай мне палкі на палях, караблі на марах, і з гор высаты, з нябес красаты.

Як засіяла хата, яна стала такая харошая — кукла. Яны ўжо, мой божа, сядзяць у вугалочку. Яна сказала:

— Нічога ім не дзелайце, я ж асталася жыва.

От і казка ўся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 436-438
Крыніца: скан