epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Як мароз чалавеку нагарадзіў за пшаніцу

Адзін чалавек пасеяў пшаніцы, надышоў Мароз і змарозіў, так ён што робячы, пайшоў да бога на скаргу. Ідзе так, ідзе, ажно спатыкаецца з неякімсь старэнькім чалавекам:

— Куда ідзеш?

— Да бога на скаргу!

— На каго?

— Пасеяў,— кажа,— пшаніцы, і мне Мароз змарозіў.

А гэта быў Мароз, так давай у яго прасіць:

— А мой братко! А мой родзенькі! Не скарж мяне перад богам, дам ужо,— кажа,— табе, што ты сам схочаш.

— Добра.

— Ну, то хадзі да мае хаты.

Завёў яго ў хату, а там на сцяне вісіць торба. Мароз зняў і кажа:

— Вазьмі яе сабе, што схочаш, яна табе дасць.

— Ого,— кажа,— яшчэ то не давала!

— Лезь за стол!

Чалавек сеў, а Мароз:

— Торбачка, дай есці!

Так зара выскачыла з яе двох хлопцаў з талеркамі, стол заслалі, есць, піць настаўлялі. Той проста выдзівіцца не можа. Як ужо наеўся, напіўся, так то ўсё як га! у торбачку схавалася. Так узяў яе падзякаваў Марозу і пайшоў. Прыходзіць дахаты, а жонка на яго як напусцілася:

— А ты п’яніцо, такі-гэтакі! Я нядужа, мушу на дзела хадзіць, а ты будзеш валачыўся? Яшчэ я з голаду буду здыхаць!

— Не бойся нічога, лезь за стол!

— Ля, то што ж я буду стол грызці?

— Лезь!

Яна ўлезла, а ён:

— Торбачка, накармі маю жонку!

Так у маменці выскачыла двох, яшчэ двох і зноў стол заслалі, тую накармілі, напаілі, і ўсё зноўсь у торбачку схавалася. Ажно едзе намеснік (карбовы), пад’ехаў пад акно і пытае:

— Ці ў дома Пятрук?

— У дома!

— Хадзі, гыцлю, да мяне!

— Ого, яшчэ то я ні ішоў! Ты да мяне ідзі.

Той увайшоў:

— Лезь,— кажа,— за стол!

Той залез.

— Торбачка, накармі яго!

Так зара з торбы чатырох выскачыла, таго накармілі, напаілі і зноўсь усё пахавалася, як бы нічога не было. Намеснік вырачыў очы і выдзівіцца не мог. Прыехаўшы да двара, зара сказаў пану. Так пан выслаў акомана паглядзець, ці ён не махлюе. Акоман сеў на каня ды й на вёску. Пад’ехаў.

— Ці ў дома,— кажа,— Пятрук?

— У дома!

— Хадзь сюды!

— О, няхай пан да мяне лепш прыйдзе!

Акоман увайшоў, а той яго таксама накарміў, напаіў. Той, прыехаўшы, ідзе да пана і кажа:

— Праўда, каб пан ведаў, як трахтуюць: віно, мёд, піва, усялякія закускі.

Так пана цікавасць узяла, паехаў туды, і як Пятрук яго накарміў, напаіў, так кажа:

— Пятрук, дам табе за гэта пару валоў і коней і па бочцы ўсяго збожжа.

А Пятрук быў п’яны, так кажа:

— Добра, няхай пан бярэ.

Пан узяў, сеў і паехаў. Нібавам прывозяць збожжа, коні, валы вядуць. Пятрук такі рад! Ажно як выцверазіўся, паміргаваў: «А, кепска зрабіў!» Так ідзе да пана, але пан і гаварыць не хоча. Так што робячы, пайшоў да Мароза. Як прыйшоў, так Мароз пытае:

— А чаго хочаш?

— Пан,— кажа,— забраў торбу: або дайце другую, або пайду да бога на скаргу!

— А знаешся ты добра з панскім лёкаем?

— Каб не знаўся! То ж то мой кум.

— Ну, то я табе дам другую, але ўжо не з талеркамі, але з бізунамі.

— Добра.

Мароз даў яму зусім такую саму і кажа:

— Папрасі ты лёкая, каб табе тую аддаў, а гэту на тое месца палажыў.

— Добра.

Падзякаваў і пайшоў. Занёс да таго лёкая, дакляраваў даць на барыш, анно каб торбу змяніў. Лёкай так і зрабіў. Ажно вечарам наз'язджалася да таго пана шмат гасцей з усяго света. Так пан кажа:

— Торбо, торбо, накармі іх!

Як бач з торбы выскачыла двох з бізунамі і давай іх акладаць. Паны, дзе каторы мог, праз окна, усюдою ўцякаюць, а яны іх лупяць і лупяць! Нарэшце ўсе ўжо паразбягаліся і кленучы паехалі, а гаспадару такі ўстыд, хоць уцякай!



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 591-593
Крыніца: скан