epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Як па ягадкі сястрычкі хадзілі

Жыў дзедка з бабкаю. Была ў іх дачушка. Бабка памерла, дзедка жаніўся. Узяў сабе жонку, у тэй былі дзве дачушкі.

Прыйшла вясна, стала ўсё расці, параслі ў лесе ягадкі. Дзедка паплёў кошыкі дзевачкам, і яны пайшлі ў лес па ягадкі. Дзедкава дачушка скора збірала ягадкі; прыйшлося к абеду, у яе быў чуць не поўны кошык. Бабчыны дачушкі марудна збіралі. Яны адышліся ўбок і гавораць:

— Давай мы яе зарэжам, а ягадкі падзелім і пойдзем дадому.

— А мы давай будзем часаць ёй галоўку.

Яны ёй і гавораць:

— Ідзі сюды, мы цябе пачэшам.

Яны сталі яе часаць, яна ўзяла і заснула. Узялі яны яе зарэзалі, пад кусцікам пахаранілі, карынкаю вочкі накрылі, а самі ягадкі падзялілі і пайшлі дадому з поўнымі кошыкамі. Прыходзяць дадому. Маці ўжо рада, што яе дочкі прыйшлі, ягадкі назбіралі.

— А дзе ж дзедкава дачушка? — пытаецца яна.

— А яна яшчэ там асталася, у яе няпоўны кошык. Яна дазбірвае кошык.

І дзедка пытае:

— Дзе мая дачушка?

— Кошык дазбірвае ваша дачушка. Яна яшчэ поўнага кошыка не назбірала.

Той дзедка ўжо чакае, на вуліцу выходзіць, у канец вёскі глядзіць, і пройдзе — ніяк не дачакаецца ён яе. Стала цямнець, і сцямнела — нямашака дачушкі. Гукаў ён, гукаў, хадзіў па лесе, і па полі, гукаў, думаў, мо выйшла на якое поле, заблудзілася — няма дачушкі.

Тэй дарогаю ехалі купцэ на базар, якраз была сыбота, а яны ехалі ўжо нанач на нядзелю на базар. Вот адзін злез купец з воза, гаворыць:

— Вось там расце нейкая трасцінка, я пайду яе выражу і зраблю дудачку.

Зрабіў ён дудачку, сеў на воз і зайграў. Дудачка грае:

 

Грай, грай, мой купчык,

Грай, грай, мой галубчык,

Былі ў мяне дзве сястрыцы,

Ды тыя няродныя.

Узялі мяне зарэзалі,

Пад кусцікам пахаранілі,

Карынкаю вочкі накрылі.

 

О! Той купец прыслухаўся, дак вымаўляе словы дудка. Яшчэ ён пайграў раз, другі раз. Ну, ехалі яны і якраз у тую дзярэўню прыехалі.

— Трэба,— гавораць яны,— на начлег дзе-небудзь астацца. Ужо і базар недалёка. Заедзем, пераначуем тут у дзярэўні.

Якраз яны прыехалі к гэтаму дзедку, начаваць просяцца. Селі за стол, павячэралі. Вот яны ўжо сядзелі, гаварылі. Пасля дастаў дудачку адзін купец. Зайграў, тая дудка зайграла зноў:

 

Грай, грай, мой купчык,

Грай, грай, мой галубчык,

Былі ў мяне дзве сястрыцы,

Ды тыя няродныя.

Узялі мяне зарэзалі,

Пад кусцікам пахаранілі,

Карынкаю вочкі накрылі.

 

Той дзедка слухае, слухае, слухае. Слухаў, слухаў:

— Дай жа ж я пайграю на гэтай дудачцы,— кажа дзед на купца.

Купец даў дзедку. Дудачка зайграла:

 

Грай, грай, мой татачка,

Грай, грай, мой родненькі.

Былі ў мяне дзве сястрыцы,

Ды тыя няродныя.

Узялі мяне зарэзалі,

Пад кусцікам пахаранілі,

Карынкаю вочкі накрылі.

 

Раз дзедка прайграў, другі раз прайграў, дык бачыць, што гэта ж яго дачушка праз тую дудачку спявае гэтак. Ён узяў дудачку тую на калена і пераламаў. І перад ім стала яго дачка. А гэтую бабку і бабчыных дачушак ён узяў паразрываў, паразрываў, з хаты павыкідаў. А і сёння з сваёй дачушкаю жыве і хлеб жуе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 434-435
Крыніца: скан